НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАФІ́ЗІКА,

раздзел астрафізікі, які вывучае фіз. працэсы ў касм. аб’ектах, што адбываюцца з удзелам нейтрына.

У Сусвеце адрозніваюць нейтрына: касмалагічныя (рэліктавыя), зоркавыя і касм. нейтрына вял. энергій. Рэліктавыя нейтрына знаходзіліся ў цеплавой раўнавазе з рэчывам на працягу ~I с пасля пачатку расшырэння Сусвету. Гарачы газ рэліктавых нейтрына з таго часу астыў, цяпер яго т-ра 1,9 К і сярэдняя энергія нейтрына ~5∙10​−4эВ. Зоркавыя нейтрына ўзнікаюць ад 2 крыніц. Зоркі ў стацыянарным стане атрымліваюць сваю энергію ад ядз. рэакцый у асноўным т.зв. вадароднага цыкла (гл. Тэрмаядзерныя рэакцыі). Па свяцільнасці Сонца можна вылічыць агульны паток нейтрына, які роўны 1,8∙10​38 нейтрына/с. Зоркі з масай, большай за масу Сонца ў 1,2—8 разоў, трансфармуюцца ў нейтронную зорку альбо чорную дзіру. Асн. механізм выпрамянення энергіі на завяршальных стадыях эвалюцыі такіх зорак — выпрамяненне нейтрына, утвораных у ядз. рэакцыях. Пры гравітацыйным калапсе зоркі з масай, роўнай 2 масам Сонца, каля 15% усёй энергіі зоркі пераходзіць у энергію нейтрына. Энергія асобных нейтрына 10—12 МэВ, працягласць нейтрыннага імпульсу 10—20 с. Касмічныя нейтрына вял. энергій утвараюцца ў касм. аб’ектах у выніку сутыкнення касм. прамянёў з ядрамі атамаў ці з фатонамі малых энергій. Асн. галактычныя крыніцы нейтрына — падвойныя зоркі, маладыя абалонкі звышновых зорак, пульсары і чорныя дзіры.

Літ.:

Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Релятивистская астрофизика. М., 1967;

Астрофизика космических лучей. 2 изд. М., 1990;

Новиков И.Д. Эволюция Вселенной. 3 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕ́ТЫ (ад грэч. planētēs блукаючы),

вялікія нябесныя целы, якія абарачаюцца вакол Сонца (ці інш. зоркі), свецяцца іх адбітым святлом і маюць масы недастаткова вял. для таго, каб стаць зоркай. Паміж П. і Сонцам існуе ўзаемнае прыцягненне (гл. Сусветнага прыцягнення закону рух П. вакол Сонца прыблізна апісваецца Кеплера законамі.

Паводле сучасных даных у Сонечнай сістэме 9 вял. П. Паводле фіз, характарыстык адрозніваюць П. зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс), П.-гіганты (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун) і Плутон, які з 1999 лічыцца вял. П. і астэроідам адначасова. П. зямной групы маюць адносна невял. памеры, значную сярэднюю шчыльнасць, цвёрдыя паверхні, больш ці менш разрэджаныя атмасферы (акрамя Венеры); вярчэнне вакол восі павольнае; знаходзяцца на адносна невял. адлегласцях ад Сонца, таму атрымліваюць ад яго значную колькасць цеплаты. П.-гіганты характарызуюцца значна большымі масамі і памерамі, малой сярэдняй шчыльнасцю (газападобныя, з невял. цвёрдым ядром), хуткім вярчэннем вакол восі, значнай колькасцю спадарожнікаў. У межах Сонечнай сістэмы знаходзіцца вял. колькасць малых планет, ці астэроідаў (асн. частка ў поясе астэроідаў паміж арбітамі Марса і Юпітэра, другая — за арбітай Нептуна, у поясе Койпера). Непасрэдна не выяўлены П., якія б абарачаліся вакол інш. зорак (акрамя Сонца), але атрыманы даныя, якія ўскосна сведчаць пра наяўнасць П. у больш чым 20 зорак. Гл. таксама Касмагонія.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984, Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Хаббард У.Б. Внутреннее строение планет: Пер. с англ. М., 1987.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

легіён

(лац. legio, -onis)

1) асноўная арганізацыйная адзінка старажытнарымскага войска;

2) асобнае вайсковае фарміраванне ў некаторых замежных краінах;

3) перан. вялікая колькасць, мноства каго-н., чаго-н. (напр. л. зорак).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мільён

(фр. million, ад іт. milione)

1) лік і колькасць, роўныя тысячы тысяч; абазначаюцца лічбай 1 з шасцю нулямі;

2) мн. вялікая колькасць каго-н., чаго-н. (напр. мільёны зорак).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Млечны1 ’падобны на малако (пра туман)’ (ТСБМ), ’удойны, малочны’ (Шат.; шальч., Сл. ПЗБ), навагр. ’прыгатаваны на малацэ’ (Сл. ПЗБ). З польск. mleczny ’тс’ (гл. Варш. сл., 2, 1005). Гэтак жа Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10.

Мле́чны2 ’рыба, якая мае семевую вадкасць’ (валож., Сл. ПЗБ). Да млеч (гл.).

Мле́чны3 шлях ’млечная паласа з зорак на начным небе’ (ТСБМ). Калька з рус. Млечный путь, якое, як і польск. droga mleczna, ням. Milchstrasse ’тс’, з лац. via lactea, ст.-грэч. κύκλοσ γαλαξίασ < γάλα ’малако’ (Фасмер, 2, 632).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хамелео́н, ‑а, м.

1. Жывёліна атрада лускаватых, якая мае здольнасць мяняць афарбоўку покрыва ў залежнасці ад змен акаляючага прыроднага асяроддзя.

2. Разм. Пра чалавека, які часта мяняе свае погляды і думкі ў залежнасці ад абставін. — Вы [Карніцкі] расказваеце не пра людзей, а пра нейкіх хамелеонаў, — ціха адказала Лазарэўская. Паслядовіч.

3. Спец. Марганцава-кіслы калій, які рэзка мяняе сваю афарбоўку ў розных растворах.

4. Паўднёвае сузор’е, што складаецца з дзесяці зорак.

[Лац. chameleōn.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЖЫНС ((Jeans) Джэймс Хопвуд) (11.9.1877, Лондан — 16.9.1946),

англійскі фізік і астрафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1906). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900), дзе і працаваў у 1901—04 і 1910—12. У 1905—09 у Прынстанскім ун-це, у 1923—44 у абсерваторыі Маўнт-Вілсан (ЗША). Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, тэорыі цеплавога выпрамянення, будове і эвалюцыі зорак, зорных сістэм і туманнасцей. Незалежна ад Дж.Рэлея вывеў формулу размеркавання энергіі ў спектры выпрамянення абсалютна чорнага цела (гл. Рэлея—Джынса закон выпрамянення). Аўтар адной з касмаганічных гіпотэз. Каралеўскі медаль (1919).

Тв.:

Рус. пер. — Вселенная вокруг нас. М.; Л., 1932;

Движение миров. М., 1933.

Дж.Джынс.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫЯ КРЫШТАЛІ́,

крышталі з вял. амплітудай нулявых ваганняў крышталічнай рашоткі (ваганняў паблізу Т = 0 К), параўнальнай з перыядам рашоткі. Маюць незвычайныя фіз. ўласцівасці, вытлумачальныя толькі ў межах квантавай тэорыі. З вядомых на Зямлі рэчываў толькі ізатопы гелію ​3Не і ​4Не пры ціску больш за 3∙10​4 Па утвараюць К.к. Квантавыя эфекты назіраюцца ў крышталях неону Ne і ў меншай ступені ў крышталях інш. інертных газаў. У нетрах нейтронных зорак, магчыма, існуюць К.к. з нейтронаў. К.к. займаюць прамежкавае становішча паміж квантавымі вадкасцямі і звычайнымі крышталямі. Дэфекты ў К.к. (у прыватнасці вакансіі) не лакалізаваныя, а ў выглядзе квазічасціц распаўсюджваюцца па крышталі.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕ́НЬЧЫКІ (Pectinidae),

сямейства двухстворкавых малюскаў. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх морах і акіянах на пясчаных і глеістых грунтах на розных глыбінях. Найб. вядомыя грабеньчык вялікі (Pecten maximus), грабеньчык ісландскі (Chlamys islandicus), грабеньчык чарнаморскі (Flexopecten ponticus) і інш.

Ракавіна дыям. да 20 см круглаватая, рабрыстая, ярка афарбаваная. У дарослых «нага» рэдукаваная. Добра плаваюць у тоўшчы вады, з сілай выштурхоўваючы ваду з ракавіны. За сезон самка ва ўзросце 5—6 гадоў дае да 30 млн. яец, якія апладняюцца ў вадзе. Дэтрытафагі. Корм марскіх зорак, васьміногаў і інш. Ядомыя. Аб’екты промыслу і аквакультуры.

Грабеньчыкі: 1 — вялікі; 2 — чарнаморскі; 3 — ісландскі; 4 — халаднаводны.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Весажо́р ’сузор’е ў сем зор’, вісажы́р, вісыжа́р ’сузор’е’ (Бяльк.), зах.-палес. высожа́р ’Плеяды’ (Маш., Atlas, 3); рус. кур., дан., тул., калуж. весожа́ры ’сузор’е’, дан. весожа́ры, висожа́ры ’Плеяды’, калуж. висожа́ры, урал. висожа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’, смал. вышеза́р ’сузор’е Малой Мядзведзіцы’. Складанае слова ад віс‑ (параўн. рус. вяц., каз. ви́сы ’валасы’, новасіб. ’апоўзіны’) і ‑жар (усячэнне ад стожар). Гэта слова, як і роднаснае валасажа́р (гл.), узнікла ў выніку налажэння двух слоў з хісткай семантыкай, якая датычыць назваў сузор’яў і зорак; параўн. балг. власи́ ’валасы’, ’сузор’е Цяльца’ і рус. стожары ’Плеяды’; ’Вялікая Мядзведзіца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)