1.(1і2ас.неўжыв.). Адкалоцца, адламацца. Ад кубка адбілася ручка.
2. Даючы адпор, абараніцца ад нападу, ад чыіх‑н. непрыязных, варожых дзеянняў. Неспакой узрастаў. Чорт яго ведае, ісці ці не?.. Падумаў: «Калі правакацыя, адаб’юся. Не так проста ўзяць Галая».Асіпенка.// Абараніцца, вызваліцца. Не паспеў адбіцца ад адной [пчалы], як заразжа цэлая плойма густой сеткай замільгацела ў вачах.Дуброўскі.// Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Нельга адбіцца ад думкі, што гэтыя дзве хаты, нібы тыя заядлыя маладзіцы-суседкі, пасварыліся і паадварочваліся адна ад адной.Сабаленка.
3. Адстаць ад тых, з кім быў разам. Гэта было маленькае дзікае качанятка, якое, відаць, адбілася ад чародкі.Краўчанка.[Эміль Клебер] не мог нікога знайсці з сваіх таварышаў. Ён ведаў, што некаторыя з іх забітыя тут дзесьці ляжаць. А жывыя напэўна адышлі кудысьці, і ён адбіўся ад іх.Чорны.
4. Аддаліцца, парваць сувязь з кім‑, чым‑н. Адбіцца ад дому.// Перастаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. □ Няма яму [Міхалу] нядзелькі, свята — Ідзе ды йдзе ён, як закляты; У шчэпку высах з той хады, Ад сну адбіўся, ад яды.Колас.
5. Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамені і пад.). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал.Маўр.
6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні. Да берага Нёмана прарваўся першы бранявік. Нават нахабна адбіўся ў спакойнай.. вадзе.Брыль.//перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).
7. Выявіцца, атрымаць вонкавае праяўленне (пра пачуцці, стан і пад.). Трывога адбілася ў .. [Аксені] на твары, і рукі ўжо неяк неахвотна гарнуліся да працы.Пестрак.
8. Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё, адчуванне; адазвацца. Потым надыдзе зіма, прыйдзе вясна, вернецца лета і зноў настане восень, залатая і непаўторная, зменяцца далягляды і адаб’юцца навек у душы чалавека.«Маладосць».
9. Зрабіць уплыў, уздзеянне на каго‑, што‑н. Частыя ўзлёты і падзенні адбіліся на здароўі.. Скашынскага.Чарнышэвіч.Адмоўна адбілася на развіцці байкі і іншых сатырычных жанраў блытаніна, якая яшчэ не так даўно мела месца ў поглядах на сатыру.Казека.
10. Астацца пасля каго‑, чаго‑н., пакінуць адбітак. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага.В. Вольскі.//перан. Захавацца ў памяці.
•••
Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, перастаць падпарадкоўвацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лю́дскі, ‑ая, ‑ае.
1. Чалавечны, пачцівы. Людскае абыходжанне.
2. Такі, як трэба; прыстойны. Максіму крыўдна станавілася за сваё жыццё, за тое, што ў яго і касцюма няма людскага, бо ўсе грошы забірае мачыха.Дайліда.[Тварыцкі:] — Каб людская жонка, можна было б разам з ёю рабіць усё, а то туляйся, як ад ворага.Чорны./узнач.наз.лю́дскае, ‑ага, н.[Зіна:] Каб яе перуны высмалілі гэту вайну. Цяпер будзеш чакаць Івася можа тры гады... А колькі таго жыцця ў чалавека, а маладосці яшчэ менш. Ды я яшчэ людскага і не зазнала ў жыцці.Кучар.
3. Добры, прыгодны для чаго‑н. [Колас:] Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі.Лужанін.За кузняй сапраўды дзірванеў пустыр.. Яма на яме і адно каменне з жарствою. Там нават трава людская не расце.Якімовіч.
людскі́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Які мае адносіны да людзей, належыць людзям (у 1 знач.). Дзе-нідзе праснуе людская фігура і заразжа знікне невядома куды.Колас.Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы.В. Вольскі.Знаць не знаў Паўночны полюс Урачыстасці такой. Тут спакон вякоў, ніколі Не было нагі людской.А. Александровіч.// Які складаецца з людзей. Людскі паток. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў.Шамякін.// Які робіцца, ажыццяўляецца чалавекам, людзьмі. Людскія справы. □ Маўчыць усё навокала, не чутна гамонкі людской.Нікановіч.
2. Уласцівы людзям (у 1 знач.); чалавечы. Людскі лёс. Людская памяць. □ Вынікла новае мора, Пакорнае волі людской.Колас.[Салігорцы] шануюць слаўную памяць аб героях партызанах, якія аддалі тут сваё жыццё за шчасце людское.Кулакоўскі.
3. Які мае адносіны да людзей (у 2 знач.); іншы. — Хадзі ў калгас на работу, як людскія жонкі, будзеш мець і грошы і хлеб.Пальчэўскі.
4.Уст. Прызначаны для прыслугі. Запас .. [сухароў] Язэпка рабіў два апошнія дні — па кавалачку ад скупых лустак, што перападалі яму на людской кухні і ў лесарубнай арцелі.Якімовіч.
5.узнач.наз.людска́я, ‑ой, ж.Уст. Памяшканне для прыслугі пры панскім маёнтку. Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі.., а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы: — Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і пюць, як перад пагібеллю.Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сляза́, ‑ы́; мн. слёзы (зліч.2,3,4 слязы́), слёз; ж.
1.толькімн. (слёзы, слёз). Бясколерная, празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі вачэй пры раздражненне болі або моцных перажываннях. Цякуць слёзы. □ І Міколка плакаў. Зашыўшыся ў каноплі, ён праляжаў усю ноч, пакуль не выплакаў усіх слёз.Лынькоў.На вачах у Васіля паказаліся слёзы, твар перасмыкнуўся ад болю.Краўчанка.Сівы глядзеў .. [Міколу] ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма.Брыль.Міхайла Варута ціха ў вус усміхаецца, а Сцёпкава маці ўцірае слёзы радасці і жалю.Колас./адз.узнач.зб.Слязу ўспамінаў сатры, Салдатаў лясных матуля!Барадулін.Гаручая сляза пячэ мне вочы.Зарыцкі.
2. Адна кропля такой вадкасці. Дзве слязы паказаліся з-пад павек, пацяклі па скронях і скацілася на падушку.Арабей.Па левай шчацэ коціцца сляза.Жычка.
3.толькімн. (слёзы, слёз). Плач. Давесці да слёз. □ Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла.Зарэцкі.Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок.Якімовіч.[Антусёк:] — Зараз ясна будзе ўсё, Толькі слёз не трэба.Гілевіч.Я тапчуся на ўскраі пагорка, мяне душаць слёзы, і я пытаюся ў кургана: — Татачка, дзе ты тут?Лось./адз.узнач.зб.Лёгкі на слязу.
4.перан. Кропля соку, вільгаці, якая выдзяляецца на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Сыр са слязой.
5.Разм. Пра гарэлку. [Перагуд:] Падай мне гэту слязу. (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай).Крапіва.[Рыгор:] «З дарогі за сталом бы пасядзелі, па чарачцы на сон божы ўзялі... Эх, і першачок жа там дома ў мяне! Сляза...»Ракітны.
•••
Абліцца слязамігл. абліцца.
Адальюццакамучыеслёзы — хто‑н. паплаціцца за зробленае камусьці зло, крыўду і пад.
Адны слёзы — а) бяда, гора; б) вельмі мала.
Асушыць слёзыгл. асушыць.
Выціснуць слязугл. выціснуць.
Глынуць слёзгл. глынуць.
Глытаць слёзыгл. глытаць.
Да слёз (цяжка, крыўдна, балюча і пад.) — вельмі, надзвычайна. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў стрымаць сябе.Асіпенка.
Заліцца (горкімі) слязамігл. заліцца 1.
Кракадзілавы слёзы — пра няшчырае, прытворнае шкадаванне, спачуванне.
Ліць кракадзілавы слёзыгл. ліць.
Ліць слёзыгл. ліць.
Наліцца слязамігл. наліцца.
Пусціць слязугл. пусціць.
Скрозь (праз) слёзы — са слязамі на вачах, плачучы.
Слёзы падступілі да горла — гатоў расплакацца.
Увесці ў слёзыгл. увесці.
Умыцца слязамігл. умыцца.
Уцерці слёзыкамугл. уцерці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое заразназ.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст. культуры стараж. свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум.-дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
крок, ‑у, м.
1. Адзін рух нагой уперад, назад або ўбок, а таксама рух адной нагой уперад пры хадзьбе, бегу. Ступіць крок уперад. □ Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй.Шамякін.//толькімн. (кро́кі, ‑аў). Гукі, якія ўтвараюцца пры такіх рухах. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры заразжа грукнула крэслаў і пачуліся крокі.Колас.
2.толькіадз. Тэмп руху пры хадзьбе (звычайна ў спалучэннях: «паскорыць крок», «суцешыць крок», «прыпыніць крок» і пад.). Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім.Анісаў.// Пэўны від хадзьбы, руху. Спартыўны крок. Страявы крок.
3.перан.; зазначэннем. Дзеянне, учынак. Рашучы крок. □ [Лютынскі:] Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя.Крапіва.
4.перан. Этап у развіцці чаго‑н. Новы крок у асваенні космасу. □ Вялікія крокі гісторыі складаюцца з асобных чалавечых намаганняў.«Звязда».
5. Адлегласць паміж ступнямі ног пры хадзьбе як мера даўжыні. Змераць крокамі пакой. □ У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць.Лынькоў.
•••
Гіганцкія крокі — прыстасаванне для гімнастычнай гульні ў выглядзе слупа з круцёлкай наверсе, да якой прымацаваны доўгія вяроўкі з лямкамі; седзячы ў лямках, гуляючыя разбягаюцца і, узлятаючы, кружацца вакол слупа.
Адзін крокадчаго — зусім блізка.
За два (тры і пад.) крокіадкаго-чаго — паблізу, побач.
Крок за крокам — а) паступова, няўхільна. Так крок за крокам упарта і настойліва ішоў.. [Серакоўскі] да сваёй запаветнай мэты — панесці сакрушальны ўдар па шпіцрутэну.Якімовіч; б) паслядоўна, адно за другім. Спасылаючыся на запісы ў дзённіку, Максім Лужанін крок за крокам узнавіў гісторыю стварэння «Адплаты».Казека.
Крок наперад — пра тое, што з’явілася дасягненнем, прагрэсам у якой‑н. справе.
Крок у крок — тое, што і нага ў нагу (гл. нага).
Кроку не ступіцьбезкаго-чагогл. ступіць.
На кожным кроку — усюды і пастаянна.
Не даваць кроку ступіцьгл. даваць.
Ні на крок — а) адкаго-чаго нават на самую кароткую адлегласць (не адыходзіць, не адставаць). Антон не адставаў ад.. Амілі ні на крок.Чорны; б) адкаго-чаго нават на самы кароткі час, на маленькі тэрмін (не адпускаць, не адлучацца). — Толькі цяпер цябе ні на крок ад сябе не адпусцім.«Звязда»; в) ніколькі не пасунуцца, не зрушыцца; не пасунуць, не зрушыць і пад. Справа не пасунулася ні на крок.
Першы крок — самы пачатак пачатковы перыяд якіх‑н. дзеянняў або якой‑н. дзейнасці.
Сямімільнымі крокамі — вельмі хутка (развівацца, пасоўвацца і пад.). Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі.Зарэцкі.
Што ні крок — скрозь, усюды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1.(1і2ас.неўжыв.). Сабрацца ў нейкай колькасці. Народу на сход набралася поўная хата.Мурашка.Дачка павячэрала, паправіла фіранкі з гардзінамі на вокнах, цюлевыя накідкі на падушках, павяла далонню па шырокаму лісту фікуса, ці не набраўся за дзень пыл, і села за нейкую кніжку.Ермаловіч.// Назбірацца (аб рабоце, справах і пад.). [Бухгалтар:] — З работай цяпер я, можна сказаць, проста ганарыўся. За час адпачынку набралася безліч рахункаў.Ракітны.
2. Напоўніцца чым‑н. У хаце набралася тытунёвага дыму.Пестрак.//Разм. Наглытацца. Нехта з каманды кацера падхапіў.. [Марылю], але пазнавата, — жанчына ўжо набралася вады і пасінела ў непрытомнасці.Кулакоўскі.
3. Дасягнуць нейкай колькасці, лічбы. Вучняў набралася чалавек пятнаццаць.Маўр.Антон рабіў [залысіны] тапаром. Так набралася дзесяць дрэў.Пальчэўскі.[Васіль Ціханавіч:] — Я не магу зараз сказаць, колькі пасеяна на дзялянках, але думаю, што гектараў з трыццаць па сельсавету набярэцца.Сіўцоў.Восемдзесят пяць гадоў дзеду Паўлу. І калі набралася іх столькі — не агледзеўся дзед.Колас.
4. Насыціцца, прасякнуць чым‑н. Рунь яшчэ не паспела акрыяць, набрацца сокаў.Дамашэвіч.
5. Знайсці ў сабе ўнутраныя сілы, магчымасці, якасці. Набрацца смеласці. Набрацца рашучасці. Набрацца цярплівасці. □ Як набралася моцы Матчына дачушка, Паляцела да сонца Пералётнай птушкай.Купала.Косця не ведае, адкуль у яго набралася столькі сіл.Адамчык.// Стаць, зрабіцца якім‑н., набыць нейкія якасці; развіцца. Бярозка прыжылася, набралася сілы, вясною зазелянела і цягнулася да сонца сваімі трапяткімі галінкамі.Васілеўская.
7. Нацярпецца, перажыць, адчуць. Набрацца гора. Набрацца сораму. □ Агата з Ліпачкай за тую зімовую марозную ноч набраліся такой бяды, якой, можа, яшчэ на сваім вяку не ведалі.Сабаленка.Не мала набраўся.. [Грыша] страху, пакуль дайшоў сюды.Пальчэўскі.
8.Разм. Набыць, атрымаць нешта (звычайна непрыемнае). Набрацца блох. □ Нехта хадзіў тут, хто не ведаў [хадоў] і сцежак, убіўся ў мурашнік, набраўся іголак з мурашкамі.Чорны.// Тое ж аб хваробах. [Маці:] — У [памяшканні] трымаюць хворых цялят, каб іншыя ад іх не маглі набрацца хваробы.Даніленка.
9.Разм.(частазадмоўем). Запасціся, назапасіць, дастаць у патрэбнай колькасці. [Загадчык склада:] — Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае...Лынькоў.[Антось:] «А дзяўчат навырастае! Божа літасцівы, дзе гэта будзе музык набрацца! Кожнай жа прыйдзецца некалі вяселле іграць».Чорны.
10.Разм. Напіцца гарэлкі, віна. [Агрыпіна:] — Выбач[ай], Васіль Пятровіч — гарэлкі ўжо няма, выпілі. Трэба было раней. Ды ты ўжо недзе набраўся.Пестрак.
•••
Набрацца духу — асмеліцца на што‑н.
Набрацца розуму — стаць разумным, паразумнець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спра́віцца, спраўлюся, справішся, справіцца; зак.
1.зчым і без дап. Змагчы зрабіць, выканаць што‑н. (якую‑н. работу, абавязак і пад.). Справіцца з заданнем. □ Зямля была мяккая, і Вова хутка справіўся з гэтай работай.Якімовіч.«Глядзі, якая яна [Усця], — думаў Васіль, — старшынёй калгаса пастаў — справіцца».Кулакоўскі.[Лясніцкі:] — А вось з санітарамі ў нас цяжка. Алена не можа справіцца адна.Шамякін.
2.зкім-чым. Перамагчы, узяць верх у баі, бойцы і пад. [Балук:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна.Колас.Алесь ведаў, што з Федзем яму аднаму не справіцца, і моцна свіснуў у два пальцы.Ваданосаў.Нягледзячы на здвоеныя кантынгенты войска і жандармерыі на заходнебеларускіх землях, акупацыйная ўлада не магла справіцца з партызанскім рухам.Ліс.// Прымусіць слухацца, падпарадкавацца. Брыгада павінна справіцца з тым, хто ёй не падпарадкуецца, хто ідзе супраць яе.Шыцік.А што ж гэта за манера Паддавацца дужа: Не ўламаеш кавалера, Не справішся з мужам!Лойка.// Адолець, асіліць што‑н. Справіцца з агнём. Справіцца з цяжкасцямі. □ Але .. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова.Дуброўскі.// Сумець пакарыстацца чым‑н., гладзіць, саўладаць з чым‑н. Справіцца з машынай. □ Рука ніяк не магла справіцца з гузікамі.Паслядовіч.З клямкай старшыня, нарэшце, справіўся сам і, бразнуўшы дзвярыма, скочыў з высокага ганка.Навуменка.//перан. Перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Справіцца з хваляваннем. □ Абое яны хацелі справіцца са сваёй няёмкасцю, і абаім гэта не ўдавалася.Асіпенка.Голас .. [маці] задрыжаў, але праз хвіліну яна справілася з сабою.Ус.
3. Атрымаць весткі, даведацца пра што‑н. [Гулік] заразжа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар.Колас.— Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося.Гартны.
4. Паспець своечасова зрабіць, завяршыць што‑н. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы.Васілевіч.Згледзеў [Андрэй], што .. [Валюта] справілася змяніць сукенку, была цяпер у зялёнай з гарошкам.Пташнікаў.Пасля работы Васіль прыйшоў у інтэрнат і ўжо справіўся памыцца і пераапрануцца, калі, нарэшце, вярнуўся з завода Саша.Шуцько.//Разм. З’есці, выпіць усё без астатку. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы.Гартны.
5.Разм. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Заўтра субота, паслязаўтра нядзеля, два выхадныя, спраўлюся туды і назад.Арабей.
6.Разм. Зраўняцца з кім‑н. Праўда, .. [Алена] не апошняя работніца ў засценку. І то сказаць, хто можа з ёю справіцца.Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сагна́ць, зганю, згоніш, згоніць; зак.
1.каго-што. Прымусіць пайсці, пабегчы, паляцець і пад. з якога‑н. месца, адкуль‑н. Сагнаць муху. Сагнаць птушку з гнязда. □ Галоўны мінёр Скаварада махнуў рукой, сагнаў Шуру з насыпу.Навуменка.Няёмка неяк узяць вось так сагнаць чалавека і самой усесціся.Васілевіч.Пан Вальвацкі.., вярнуўшыся дадому, заразжа загадаў парабкам сагнаць з лугу кармянецкія каровы.Крапіва.// Прымусіць перасяліцца адкуль‑н. Мог і дзедка Тады ўзбунтавацца, Калі іх сагналі з зямлі.Сіпакоў.
2.каго-што. Прыгнаць з розных месц, прымусіць сабрацца ў адно месца. Эсэсаўцы акружылі вёску, сагналі захопленых жыхароў у стайню, заперлі яе і падпалілі.Хадкевіч./ Пра вецер і пад. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца.Чорны.// Змесці ў адно месца. Зарэцкі пералажыў відэльцы з месца на месца, пальцамі сагнаў крошкі на настольніку ў адну кучку.Скрыган.
3.каго-што. Адагнаць каго-што‑н. на далёкую адлегласць. Цяглавую сілу, якую не паспелі эвакуіраваць, многія калгасы сагналі на далёкія выпасы.Казлоў.Адны могуць пажартаваць, а потым забыцца. Другія — проста па злосці сагнаць лодку.Ваданосаў.// Развеяць ветрам і пад. Сагнаць пыл. □ Ранішні вецер разарваў хмары, сагнаў іх кудысьці на край небасхілу.Шашкоў.Вецер сагнаў апаўшае лісце з паляны ў лес, і пад дубамі зямлю густа ўсцілалі жоўта-зялёныя жалуды.Шамякін.// Змятаючы, ачысціць ад чаго‑н. Сагнаць каласы мятлою з зерня.
4.што. Растапіць (пра снег). А як толькі сонца згоніць снег з высокіх лапінак на лагу, яны становяцца нашымі стадыёнамі.Сіпакоў./убезас.ужыв.Снег сагнала дні за тры, і ўжо жаўрукі ціліўкалі, заходзілася ў блакітнай вышыні неба.Сабаленка.Вясна прыйшла імклівая, хуткая. За які тыдзень снег сагнала нават у лесе.Навуменка.
5.што. Пазбавіцца ад чаго‑н. Сагнаць бародаўку. Сагнаць рабацінне. □ І я [курыца] часамі ўзлятаю — На плот, на хлеў, на сенавал, Каб тлушч сагнаць, крыху размяцца, Але ні воплескаў мне, ні пахвал...Валасевіч.//перан. Аб знікненні якога‑н. пачуцця, ухмылкі і пад. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны.Быкаў.
Сагнаць вагу — палягчэць у выніку пэўнай сістэмы харчавання, фізічных практыкаванняў і пад.
Сагнаць злосцьнакім — даць выхад сваёй зласлівасць. Я са слязьмі на вачах пазіраў, як бедны конь гатоў быў вылузацца са шнуры, мне шкада было яго, але я ведаў, што ніякія просьбы не памогуць: пакуль бацька не згоніць злосці — не адстане.Дамашэвіч.
Сагнаць смагу — задаволіць патрэбнасць у вадзе. [Язэп] пачаў сасмоктваць расу з травы і неўзабаве сагнаў пякучую смагу.Асіпенка.
Сагнаць сто патоўзкаго — прымусіць працаваць да знямогі.
Сагнаць стружкузкаго — прабраць, прапясочыць каго‑н. — Правільна, Валя! Няхай з яго там стружку згоняць. Іш, распусціўся тут, — уставіў Яўген.Савіцкі.
Сагнаць фанабэрыю (пыху)зкаго — асадзіць каго‑н., паставіць на месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МОВАЗНАЎСТВА
Навуковыя даследаванні бел. мовы ўзніклі ў 16 ст., напачатку ў Выглядзе тлумачэнняў незразумелых стараслав. лексем і выразаў «простай», ці тагачаснай старабел. мовай (найперш у выданнях Ф.Скарыны і інш. перакладчыкаў рэліг. тэкстаў — С.Буднага, В.Цяпінскага), а пасля ў выглядзе буквароў, граматык, слоўнікаў стараслав. мовы, дзе метамовай, або мовай апісання, служыла старабел. мова. Незразумелыя царкоўнаславянскія «глосы» (словы) Ф.Скарына тлумачыў бел. лексемамі (напр., «кивотъ — скриня», «риторъ — мовца», «тимпанъ — бубен» і інш.). Аналагічнай бел. метамовай карысталіся С.Будны і В.Цяпінскі (напр., у С.Буднага «благодарение — дякованье», «врач — лекарь», «миръ — покой»; у В.Цяпінскага «верыга — ланцуг», «мучитель — катъ», «зло — лихо» і г.д.).
Першая граматыка ўсх. славян напісана на тэр. тагачаснай Беларусі ў Вільні — «Кграматыка словеньска языка...» (ананімная, 1586). У 1596 там жа надрукавана «Грамматіка Словенска...» Л.Зізанія, дзе ў выглядзе пытанняў і адказаў з дапамогай старабел. мовы апісваліся фанетычныя і марфалагічныя рысы стараслав. мовы. Самай значнай лінгвістычнай працай пач. 17 ст. стала «Грамматіки славенския правилное Синтагма» М.Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 у Еўінскай друкарні (пад Вільняй). Гэтая кніга амаль паўтара стагоддзя лічылася ва ўсх. славян найбольш аўтарытэтнай і глыбокай працай па мовазнаўстве. Паводле яе ўзору створаны першыя навуковыя граматыкі сербскай, балгарскай, рус. моў. «Граматыкі» Л.Зізанія і М.Сматрыцкага, напісаныя на аснове царкоўнаславянскай мовы, адлюстроўвалі некаторыя рысы жывой бел. гаворкі і прызначаліся для ўсяго «грэка-славянскага» свету. Калі ў гэтых лінгвістычных працах старабел мова выкарыстоўвалася пераважна ў якасці метамовы, а аб’ектам апісання служыла стараслав. мова, то створаная ў Сарбоне (Францыя) І.Ужэвічам на лац. мове «Граматыка словенская» (1643) прысвечана апісанню ўласна старабел. і стараўкраінскай літаратурнай мовы Гэтая кніга ў 18—19 ст. была вядома славістам у 2 рукапісных варыянтах (упершыню яна надрукавана ў 1970 у Кіеве, у 1996 выдадзена ў Мінску). З інш. лінгвістычных прац, створаных беларусамі ў 17 ст., вылучаюцца «Азбука» Сімяона Полацкага, напісаная для навучання грамаце будучага расійскага цара Пятра I, і «Граматыка» І.Капіевіча, якой карыстаюцца і цяпер тыя, хто ўжывае кірыліцкае пісьмо (балгары, беларусы, рускія, сербы, украінцы і інш.).
Адначасова з граматычнымі апісаннямі мовы на тэр. Беларусі надрукаваны першыя сярод усх. славян слоўнікі, найбольш вялікім і грунтоўным з якіх быў «Лексис...» Л.Зізанія (1596, Вільня). У гэтым слоўніку змешчаны пераклад на старабел. мову 1061 царкоўнаславянскага слова, а для перакладу выкарыстана больш за 2000 старабел. лексем, многія з якіх захаваліся і ў сучаснай мове без змен свайго значэння («лазня», «нікчэмны», «дзякаваць», «вяселле», «чакаць», «праца», «іншы», «ручнік» і г.д.). Пісьмовы варыянт старабел. літаратурнай мовы фактычна быў выведзены з афіцыйнага ўжытку ў 1696, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля і Рас. імперыі. У пач. 19 ст. збіральнікі бел. фальклору (Я.Чачот, П.Шпілеўскі, А.Кіркор і інш.), зыходзячы з асаблівасцей гаворак, складалі слоўнікі мясцовых слоў. Цікавасць да этнаграфічнага, фальклорнага і гістарычнага матэрыялаў абумовіла з’яўленне напачатку спарадычных, несістэматызаваных навуковых апрацовак бел. мовы ў выглядзе слоўнікаў, нататак, артыкулаў і першых рукапісных граматык П.Шпілеўскага, К.Нядзведскага (не выдадзены). Пра бел. мову і яе асаблівасці згадвалі ў сваіх працах А.Брукнер (Польшча), П.Уладзіміраў, А.Шахматаў, М.Карпінскі (Расія), К.Апель (Германія) і інш. Да ліку асобных прац па фанет. і марфал. адметнасцях бел. мовы належаць працы К.Калайдовіча, Ф.Галатузава, І.Нядзёшава. Значныя навук. здабыткі ў 19 ст. па бел. мовазнаўстве ў лексікаграфічных працах І.Насовіча, Ф.Шымкевіча, М.Гарбачэўскага і інш. У 1840 Ф.Шымкевіч склаў слоўнік «Збор слоў літоўска-рускай (бел.) мовы», які ўключаў каля 3000 намінатыўных адзінак (слоў, устойлівых выразаў); прыведзеныя словы перакладзены на рус., англ., венг., дацкую, лат., літ., ням., польскую, сербскую, славацкую, фін., чэш., швед. і інш. мовы. «Слоўнік беларускай мовы» І.Насовіча (1870) уключаў у сваю рэестравую (левую) частку больш за 30 тыс. слоў, сабраных аўтарам пераважна ў Магілёўскай губ. Акрамя прыведзеных лексікаграфічных прац, захаваўся рукапіс «Апісанне Крычаўскага графства, ці былога староства» А.Меера (1786), дзе побач з гістарычнымі, этнаграфічнымі, геаграфічнымі апісаннямі гэтай мясцовасці змешчана каля 600 бел. слоў, кожнае з якіх мае лац. ці рус. пераклад або тлумачэнне; словы размеркаваны па тэматычных рубрыках, а ўнутры іх па алфавіце. Гэтую працу можна лічыць адной са спроб ідэаграфічнага апісання бел. лексікі. Рукапісны «Слоўнік беларускай гаворкі» П.Шпілеўскага (1845) ахоплівае каля 1,5 тыс.бел. лексем. Лексікаграфічныя матэрыялы прадстаўлены ў працах Я.Чачота, К.Калайдовіча і інш. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. мовазнаўства Я.Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры кнігі гэтай манаграфіі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. Бел. мову ён аналізаваў як самастойную слав. мову, у той час як афіцыйная навука лічыла яе дыялектным адгалінаваннем велікарускай мовы. Першыя навуковыя спробы апісання новай бел. літаратурнай мовы, заснаванай амаль цалкам на народных гаворках, сведчаць пра з’яўленне на лінгвагеаграфічнай карце свету адметнай слав. мовы, якая дзякуючы сваім глыбінным караням захавала ў найбольш чыстым выглядзе адну з самых старажытных і развітых моў Еўропы.
Унутранымі фактарамі развіцця бел. лінгвістыкі сталі з’яўленне ў пач. 20 ст. легальнага перыядычнага бел. друку (газеты «Наша доля», «Наша ніва» і інш.), а таксама літаратурных твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, З.Бядулі, М.Зарэцкага, К.Чорнага і інш. Гэтым было абумоўлена стварэнне прац па апісанні, унармаванні і кадыфікацыі бел. слова, самай значнай з якіх стала «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча (1918, 5-е факс. выд. 1991), дзе сцісла, але навукова і грунтоўна вызначаны асноўныя моўныя нормы, якія і зараз выкарыстоўваюцца бел. дыяспарай і некаторымі сучаснымі недзярж. выданнямі Беларусі пад неафіцыйнай назвай «тарашкевіца».
У 1920-я г. на Беларусі разгарнулася шырокая лексікаграфічная дзейнасць. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, вынікам працы якой стала выданне 24 выпускаў бел. навуковай тэрміналогіі, апублікаваны бел.-рус. і рус.-бел. перакладныя слоўнікі, напр., «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» М.Байкова і С.Некрашэвіча (1926) і інш., а таксама слоўнікі, прысвечаныя вайсковай тэрміналогіі (М.Байкоў і А.Бараноўскі), праву (М.Гуткоўскі), батаніцы (З.Верас), дыялектныя слоўнікі Віцебшчыны (М.Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.Шатэрнік) і інш. Распрацоўваліся тэарэтычныя пытанні вывучэння і апісання бел.нар. гаворак, лінгвагеаграфіі ў публікацыях М.Байкова, І.Ваўка-Левановіча, Я.Карскага, П.Растаргуева і інш. У 1928 П.Бузук надрукаваў манаграфію «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», дзе разгледзеў фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці гаворак цэнтр. і ўсх. Беларусі, а таксама сумежных абласцей Расіі і Украіны. Лексічная база бел. мовы папаўнялася рознымі шляхамі: у выніку стварэння новых слоў і словазлучэнняў на ўласнай моўнай базе, шляхам запазычання, за кошт дыялектнай лексікі.
У 1922 створаны Інстытут бел. культуры, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі і ўключаў у свой склад Інстытут мовазнаўства. З адкрыццём БДУ (1921) і шэрагу пед. ін-таў пашырылася падрыхтоўка лінгвістычных кадраў і вяліся даследаванні ў галіне бел. мовазнаўства. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, дзе акрамя айчынных спецыялістаў прынялі ўдзел замежныя лінгвісты і пісьменнікі (М.Фасмер, Ю.Галомбак, Я.Райніс і інш.). Па выніках працы канферэнцыі ўтворана камісія бел. літаратурнай мовы, якая падрыхтавала і апублікавала ў 1930 праект новага правапісу. У 1933 створана асобная камісія, якая распрацавала новы праект, прыняты СНКБССР пад назвай «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэтым упершыню ў гісторыі бел. літаратурнай мовы заканадаўча замацаваны пэўныя нормы бел. правапісу і граматыкі. Правіламі 1933 карысталіся ў Савецкай Беларусі да 1957, калі СМБССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага бел. правапісу», скарэкціраваўшы тагачасныя моўныя нормы.
У даваенны час падрыхтаваны і выдадзены лінгвістычныя працы Ц.Ломцева, К.Гурскага і інш., прысвечаныя фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісу бел. мовы і скіраваныя на збліжэнне з правіламі і нормамі адпаведных раздзелаў рус. мовы. У 1937 выдадзены самы вялікі на той час перакладны «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.Александровіча, які ўключаў 40 тыс. рэестравых слоў. Методыцы выкладання бел. мовы прысвечаны і працы Я.Коласа. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны буйнейшыя бел. мовазнаўцы М.Байкоў, П.Бузук, І.Воўк-Левановіч, М.Гарэцкі, С.Некрашэвіч, Б.Тарашкевіч і інш., што разам з Вялікай Айчыннай вайной істотна прыпыніла развіццё бел. мовазнаўства, многія пытанні якога ў 1950-я г. пачалі распрацоўваць фактычна на новых навуковых прынцыпах.
У 1952 у АН Беларусі адноўлены Інстытут мовазнаўства (з 1956 імя Я.Коласа), які быў адкрыты ў 1929, але ў 1935 рэфармаваны ў Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. З адкрыццём спецыяльнай лінгвістычнай установы звязана разгорнутае навуковае апісанне бел. мовы на ўсіх яе ўзроўнях і па ўсіх раздзелах лінгвістыкі (фанетыка, марфалогія, словаўтварэнне, лексіка, сінтаксіс, фразеалогія, стылістыка), а таксама ў моўных разнавіднасцях (дыялекталогія, мастацкая літаратура, публіцыстыка, навука і інш.). Значныя вынікі атрыманы ў апісанні дыялектаў, за кошт якіх у вялікай ступені папоўніўся лексічны фонд бел. літаратурнай мовы. Вынікам сумеснай працы акадэмічных работнікаў і выкладчыкаў ВНУ стаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (т. 1—3, 1957—61), падручнікі і навучальныя дапаможнікі М.Булахава, М.Гурскага, М.Жыдовіч, Ц.Ломцева, М.Марчанкі, Ю.Мацкевіч, П.Юргелевіча і інш. Найбольш значныя працы пасляваеннага перыяду — фундаментальныя акадэмічныя «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.Крапівы, М.Булахава, П.Шубы (т. 1—2, 1962—66), «Беларуская граматыка» пад рэд. М.Бірылы і П.Шубы (ч. 1—2, 1985—86), энцыклапедыя «Беларуская мова» пад рэд. А.Міхневіча (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Грунтоўнай працай у галіне лінгвістыкі стаў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963, Дзярж. прэмія СССР 1968) — першае поўнае лінгвагеаграфічнае апісанне адной з усходнеславянскіх моў, дзе налічваецца 338 лінгвістычных карт, паказана тэр. пашырэнне фанетычных (64 карты), акцэнталагічных (15), марфалагічных (115), сінтаксічных (21), лексічных (121) з’яў бел. гаворак. Лагічны працяг гэтай працы — «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. М.Бірылы і Ю.Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98, Дзярж. прэмія Беларусі 2000), які складаецца з 1791 карты з паказаннем геаграфічнага размеркавання дыялектных лексем. У выглядзе рэгіянальных слоўнікаў надрукаваны лексічныя матэрыялы асобных гаворак Беларусі: «Дыялектны слоўнік» Ф.Янкоўскага (в. 1—3, 1959—70), «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» пад рэд. М.Жыдовіч (в. 1—3, 1970—77), «Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), а таксама шматлікія выданні слоўнікаў дыялектнай лексікі М.Абабуркі, І.Бялькевіча, М.Каспяровіча, Я.Камароўскага і Е.Мяцельскай, П.Сцяцко, Л.Шаталавай, М.Шатэрніка, Г.Юрчанкі, Р.Яўсеева і інш. Істотным здабыткам бел. лексікаграфіі сталі кн. «Беларуская антрапанімія» М.Бірылы (т. 1—3, 1966—82), 6 выпускаў слоўніка айконімаў Я.Рапановіча, працы Я.Адамовіча, В.Жучкевіча, В.Лемцюговай, А.Мезенка, М.Судніка, Г.Усціновіч, І.Яшкіна і інш.
У пасляваенны час рознымі выдавецтвамі апублікавана шмат перакладных слоўнікаў, у т. л. «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.Крапівы (1962) з пазнейшымі дапоўненымі і дапрацаванымі перавыданнямі, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.Абрэмбскай-Яблонскай і М.Бірылы (Варшава, 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.Лемцюговай (1980), «Беларуска-расейскі слоўнік» Я.Станкевіча (Нью-Йорк, 1989), «Польска-беларускі слоўнік» пад рэд. Г.Цыхуна (2004) і інш. Выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. М.Судніка і М.Крыўко (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.Бардовіча і Л.Шакуна (1975, 2-е выд. 1989), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» А.Бардовіча, М.Круталевіча і А.Лукашанца (2000), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.Клышкі (1976, 2-е выд. 1993), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік іншамоўных слоў» А.Булыкі (т. 1—2, 1999), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.Грабчыкава (1994), «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.Мажэйкі і Я.Супруна (т. 1—5, 1976—92), а таксама «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Скарыны» У.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.Пазнякова (1988), Н.Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы «Нашай нівы» (у 5 т.; т. 1, 2003). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—21, 1982—2002), «Слоўнікам мовы Янкі Купалы» (т. 1—4, 1997—2002). У працы В.Кіпеля і З.Саўкі «Беларускія слоўнікі...» (2002) змешчаны звесткі пра больш як 2000 бел. лексікаграфічных выданняў. Важнае месца займаюць тэрміналагічныя слоўнікі (больш як 260 найменняў), большасць з якіх надрукаваны ў 1992—95 (каля 150). Самыя вялікія тэрміналагічныя выданні — «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік» (у 2 т.; 1997—98, каля 157 000 рэестравых слоў), «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994, каля 75 000 паняццяў), «Руска-беларускі слоўнік для вайскоўцаў» (1996, каля 30 000 загаловачных слоў).
Асобныя манаграфіі прысвечаны апісанню фанетыкі бел. мовы (М.Бірыла, Л.Вардамацкі, Л.Выгонная, Я.Івашуціч, А.Крывіцкі, А.Падлужны, Э.Смулкова, В.Чэкман, Ф.Янкоўскі і інш.), сярод якіх вылучаецца грунтоўная калектыўная акадэмічная праца «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989, пад рэд. А.Падлужнага). Даследаванне прыватных марфалагічных катэгорый прадстаўлена ў манаграфіях М.Жыдовіч і А.Наркевіча (назоўнік), М.Булахава (прыметнік), Ю.Мацкевіч (дзеяслоў), Т.Сцяшковіч (займеннік), П.Вярхова (лічэбнік), П.Шубы (прыназоўнік, прыслоўе, дзеяслоў) і інш. Характарыстыка сінтаксісу бел. мовы выкладзена ў працах Л.Бурака, А.Міхневіча, А.Наркевіча, Л.Падгайскага, В.Протчанкі, П.Сцяцко, М.Яўневіча і інш. Пытанні словаўтварэння разглядаюцца ў кнігах А.Лукашанца, М.Паўленкі, М.Прыгодзіча, Л.Шакуна і інш. Лексіка бел. мовы з дыяхранічнага пункту гледжання асветлена ў калектыўнай працы «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), а таксама ў кнігах А.Баханькова, М.Булахава. Стан сучаснай бел. лексікі даследаваны ў кнізе «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994, пад рэд. А.Баханькова). Пэўныя перыяды развіцця і функцыянавання лексікі бел. мовы адлюстраваны ў даследаваннях М.Абабуркі, А.Булыкі, В.Краснея, М.Крукоўскага і інш. Фразеалагічны матэрыял прадстаўлены ў шматлікіх слоўніках дыялектнага тыпу (М.Даніловіч, Я.Камароўскі і Е.Мяцельская, Г.Юрчанка, Ф.Янкоўскі і інш.) і літаратурнага, у т.л перакладных (І.Кісялёў, І.Лепешаў, З.Санько і інш.). Тэарэтычнай распрацоўцы праблем бел. фразеалогіі прысвечаны манаграфічныя даследаванні А.Аксамітава, М.Даніловіча, У.Коваля, І.Лепешава, Г.Параскевіч, Ф.Янкоўскага і інш.
Гісторыя бел. мовы, пачатак вывучэння якой звязаны з дзейнасцю Я.Карскага, В.Ластоўскага, Я.Ваўка-Левановіча, якія асвятлялі пераважна перыяд старабел. пісьменства, даследавалася і замежнымі славістамі А.Мартэлем, Х.Стангам і інш. У 2-й пал. 20 ст. гісторыя бел. мовы разглядалася ў спецыяльных працах М.Булахава, М.Булыкі, Н.Вайтовіч, А.Груцы, А.Жураўскага, І.Крамко, У.Свяжынскага і інш. З фундаментальных прац па гісторыі бел. літаратурнай мовы вылучаюцца кн. Л.Шакуна «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1963, 2-е выд. 1984, Дзярж. прэмія Беларусі 1986) і калектыўная «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» А.Жураўскага, І.Крамко, А.Юрэвіч, А.Яновіч (т. 1—2, 1967—68). Параўнальнаму і тыпалагічнаму даследаванню бел. мовы прысвечаны працы У.Анічэнкі, К.Гурскага, А.Лукашанец, Б.Плотнікава, А.Супруна і інш.
У 1980—2000-я г.бел. лінгвісты даследуюць практычна ўсе значныя аспекты і раздзелы сучаснага мовазнаўства; вял. значэнне надаецца пытанням культуры мовы і стылістыкі, агульнага і слав. мовазнаўства. У галіне матэматычнай і прыкладной лінгвістыкі даследуюцца праблемы лінгвастатыстыкі (М.Лясохін, К.Лук’яненкаў, В.Нешытой, Б.Плотнікаў), семіялагічных аспектаў мовы (В.Грыб, В.Мартынаў, Б.Плотнікаў), камп’ютэрнай апрацоўкі моўнай інфармацыі (А.Зубаў, В.Мартынаў, А.Соўпель), камп’ютэрны аналіз і сінтэз вуснага маўлення (Б.Лабанаў). Даследаванні бел. мовы ў камп’ютэрнай лінгвістыцы прывялі да стварэння практычна дзейных сістэм праграмавання па аўтаматычным перакладзе дзелавых тэкстаў з рус. мовы на бел. (Б.Плотнікаў, А.Соўпель) і інш. відаў электроннай апрацоўкі тэкстаў, да складання праграм праверкі бел. арфаграфіі (У.Вараб’ёў), напісання электронных слоўнікаў бел. мовы (А.Дабралюбаў), распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій па стварэнні машыннага корпуса сучаснай бел. мовы (У.Кошчанка), энцыклапедый і падручнікаў бел. мовы (М.А.Ярмаш) і інш.
У наш час лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.пед. універсітэце, Мінскім лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах і інш. Дзейнічае Бел. асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навуковы штогоднік Інстытута мовазнаўства Нац.АН Беларусі «Беларуская лінгвістыка», навуковыя «Веснікі» універсітэтаў і інш.Бел. мовазнаўцы ўдзельнічаюць у міжнар. навуковых канферэнцыях і з’ездах славістаў, у рэалізацыі міжнар. праекта па стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» і г.д.
Літ.:
Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;
Плотнікаў Б.А. Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства. Мн., 2002;
Беларуская мова: Інтэрнет і камп’ютэр. Мн., 2002;
Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова: Лінгв. кампендыум. Мн., 2003;
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр.давед.Т. 1—3. Мн., 1967—93.