ЛАПЧЫ́НСКІ Леанід Васілевіч (17.3.1936, Мінск — 16.9.1994),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). З 1962 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах партрэта і пейзажа, ствараў абстрактныя кампазіцыі. Зазнаў уплывы мадэрнісцкага мастацтва пач. 20 ст. Творчасць вызначаецца імкненнем да перадачы ўнутр. свету чалавека сродкамі каларыту, танальнай атмасферы, праз характар пейзажа. Сярод твораў: «Пільніца» (1956), «Веснавая раніца» (1957—58), «Зваршчык» (1961), «Мірскі замак» (1963), «Партрэт жанчыны» (1964), «Жыровічы», «Наваградак» (абодва 1965), партрэт А.​Кашкурэвіча (1973), «Пейзаж з ратондай», «Раніца» (абодва 1975), «Верхні горад», «Вуліца Старавіленская» (абодва 1979), «Вечар» (1980), «Дарога праз Баяры» (1987), «Веснавы дзень» (1991), «Прывакзальная плошча» (1994), цыкл «Дойлідства Беларусі» (1970-я г.) і інш.

Г.​Г.​Сакалоў-Кубай.

Л.Лапчынскі. Партрэт жанчыны 1964.

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЎСКІ Канстанцін Ягоравіч (2.7. 1839, Масква — 30.9.1915),

расійскі жывапісец. Брат У.Я.Макоўскага. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (з 1898). З 1851 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў С.Заранкі, з 1858 у Пецярбургскай АМ. У 1863 пакінуў АМ, адзін з членаў Арцелі мастакоў, член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Зазнаў уплыў салоннага мастацтва. У канцы 1860 — пач. 1870-х г. звяртаўся да сюжэтаў з нар. жыцця («Балаганы на Адміралцейскай плошчы», 1869), партрэтаў. З сярэдзіны 1870-х г. схіляўся да акадэмізму («Вяртанне свяшчэннага дывана з Меккі ў Каір», 1876; «Балгарскія пакутніцы», 1877). У 1883 парваў з перасоўнікамі і пісаў знешне эфектныя партрэты і жанрава-гіст. сцэны: «Пацалункавы абрад» (1895), «Мінін на Ніжагародскай плошчы» (1896) і інш.

К.Макоўскі. Балгарскія пакутніцы. 1877.

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ Аляксандр Цярэнцьевіч (25.8.1878, г. Саратаў, Расія — 22.10. 1960),

расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Расіі (1931). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1902). У 1906—07 працаваў у Парыжы. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», Т-ва рус. скульптараў. У 1918—48 выкладаў у Ленінградскай АМ (у 1932—34 дырэктар), у Маскоўскім маст. ін-це (1940—48). У 1900—10-я г. звяртаўся да аголенай чалавечай фігуры, прадстаўленай у стане прасветленага спакою, гармоніі духоўных і фіз. сіл (надмагілле В.​Барысава-Мусатава, 1910). Пошукі яснасці вобраза, архітэктанічнай абагульненай формы ў партрэтах Барысава-Мусатава (1900), А.​Герцэна (1912), А.​Чэхава (1945), аўтапартрэце (1939), групе «Кастрычнік» (1927). Працаваў у галіне дробнай пластыкі.

А.Мацвееў. В.​Э.​Барысаў-Мусатаў. 1900.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН Яўхім Сямёнавіч (8.10.1894 або 21.10.1897, г. Віцебск — 29.12.1937),

бел. графік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Петраградзе (1916—18), Віцебскай школе-майстэрні Ю.​Пэна (1920—21). Выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы (1920—37). У 1937 рэпрэсіраваны, у 1958 рэабілітаваны. Працаваў пераважна ў тэхніцы дрэварыта. Стварыў шмат краявідаў Віцебска, жанравых сцэн, партрэтаў, экслібрысаў. Творы вызначаюцца дасканаласцю штрыхоўкі, дакладнасцю форм, багатай танальнасцю, эмацыянальнасцю маст. вобразаў. Сярод твораў: серыі дрэварытаў «Стары Віцебск» (1926—28), «Помнікі драўлянага дойлідства Беларусі» (1927—28), «Вайна» (1932), партрэты старога (1928), Гамера (1935), серыя акварэлей «Віцебск» (1932), жывапіснае палатно «Цэх Віцебскай фабрыкі акуляраў» (1935), экслібрысы і інш.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975.

П.​М.​Герасімовіч.

Я.С.Мінін Успенскі сабор у Віцебску. 1927.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШКО́Ў Васіль Васілевіч (7.4.1893, Масква — 6.8.1963),

расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Сын В.М.Мяшкова. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Нар. мастак Расіі (1963). Правадз. член АМ СССР (1958). Вучыўся ў бацькі і ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1909—17). Член Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Разані (1919—21). Афармляў спектаклі Разанскага драм. т-ра (1919—21), Новасібірскага опернага т-ра (1926—29). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «На заводзе «Серп і молат» (1923), «Шэры дзень» (1927), «Роздум» (1939) і інш. У манум. эпічных палотнах «Сказанне пра Урал» (1949), «Кама», «Прасторы Камы» (абодва 1950), «Восень у Карэліі» (1951) і інш. перадаў велічны вобраз прыроды рас. Поўначы і Урала. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.​Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.​Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.

Т.​І.​Чарняўская, М.​М.​Яніцкая.

Паланэчкаўскі Юр’еўскі касцёл.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗНЯК Вячаслаў Аляксандравіч (н. 30.4.1940, Мінск),

бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967), выкладаў у ім у 1968—69. Сярод твораў вітражы: «Музы» для Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі (1976), «Помнікі старажытнага беларускага дойлідства» для Галоўпаштамта (1980), у вестыбюлі корпуса Мінскага лінгвістычнага ун-та (1982), чыг. вакзала (1983), вітраж з размалёўкай Дамавой царквы (1987, усе ў Мінску), «Нарачанскія матывы» для гасцініцы «Нарач» (1983), для Палаца піянераў у Брэсце (1990—91), санаторыя «Радон» Гродзенскай вобл. (1993—94). Выканаў Вянок Славы і дэкар. афармленне столі ў Зале цырыманіялаў плошчы Перамогі ў Мінску (1985). Творы П. вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнасцю колеравых і пластычных суадносін.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Позняк. Вітраж у будынку Галоўпаштамта ў Мінску. 1980.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМА́ ДЭ ТАМО́Н (Thomas de Thomon) Жан (12.4.1760, Берн — 4.9.1813),

расійскі архітэктар. Па паходжанні француз. Акад. Пецярбургскай АМ (1800). Вучыўся ў Парыжскай АМ і ў Рыме (1780-я г.). Творча перапрацоўваў прыёмы ант. дойлідства на аснове традыцый рус. класіцызму. Творы адметныя падкрэслена буйнымі формамі, прастатой аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў, лаканізмам дэкар. апрацоўкі: Біржа (1805—10) у Пецярбургу, маўзалей у г. Паўлаўск (Ленінградская вобл.; 1805—08), шпіталь у г. Адэса (1806—21), Калона Славы ў г. Палтава (абодва Украіна; 1811, скульпт. Ф.​Шчадрын), узорныя (тыпавыя) праекты казённых і жылых будынкаў для гарадоў Расіі (1806—07). Аўтар альбомаў графікі «Успаміны пра Італію».

Літ.:

Шуйский В. Тома де Томон. Л., 1981.

Ж.Тама дэ Тамон. Калона Славы ў г. Палтава (Украіна).

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЦІ́СЛАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Хаціслаў Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1799. Царква трохзрубная. Асн. зруб, прамавугольны ў плане са зрэзанымі ў зах. ч. вугламі, і вузкі 3-гранны бабінец накрыты агульным 2-схільным дахам з гранёным барочным купалам у цэнтры. Такія ж купалкі ў цэнтры больш нізкага шматсхільнага даху над 5-граннай апсідай і над 3-яруснымі вежамі, якія фланкіруюць гал. фасад. Сярэдняя ч. гал. 3-яруснага фасада завершана 3-вугольным франтонам, пакатыя бакавыя ч. нагадваюць валюты мураваных храмаў позняга барока і ракако. У 1867 да царквы прыбудавана 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная шатровым дахам з дэкар. какошнікамі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Хаціслаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 16, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЛЕЎ Васіль Мікалаевіч (14.1.1893, Масква — 29.6.1953),

расійскі жывапісец. Нар. маст. Расіі (1943). Чл. АМ СССР (1947). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1917). Выкладаў у Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1918—22), Арх. ін-це (1934—36), Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава (1948—50). У 1926—31 заг. рэстаўрацыйнай майстэрні Музея выяўл. мастацтваў імя А.​Пушкіна, у 1938—39, 1949—50 гал. мастак Усесаюзнай с.-г. выстаўкі. Чл. асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Жывапісная манера, засн. на вывучэнні мастацтва 17 ст., вылучаецца важкасцю форм, вытанчанасцю каларыту: «Рыбы Баранцава мора» (1931), «Старацель» (1937), «Партызан» (1941—42), «Калгасны статак» (1948) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949.

Тв.:

О живописи. М., 1951;

Мое призвание. М., 1963.

В.Якаўлеў. Старацель. 1937.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)