маршчы́на, ‑ы, ж.
Складка, згіб на скуры твару, цела. Мінуў яшчэ адзін суровы год, Яшчэ гусцей укрылі твар маршчыны — Сляды выпрабаванняў і нягод Маіх уласных і маёй краіны. Глебка. Калі горад быў толькі закладзены, стары ледзь не штодня выходзіў за агароды, прыкладваў да ілба перавітую маршчынамі далонь і глядзеў у той бок, дзе пачыналася гэтае незвычайнае будаўніцтва. Кулакоўскі. // перан. Складка, упадзіна, якая ўтварылася на паверхні чаго‑н. Вароны гладзяць ворыва маршчыны, Клубіцца пара ад пластоў зямных... Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невясёлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумуе; сумны. [Сярго:] Вы што ж такі пануры, невясёлы? [Бэсман:] У нас вясёлага не вельмі шмат. Глебка. Убачыўшы свайго сябра невясёлым, Ціма запытаў: — Чаго такі кіслы? Шчарбатаў. // Які выражае смутак, журбу. Невясёлая ўсмешка. Невясёлыя вочы.
2. Які выклікае смутак, журбу; непрыемны. Невясёлы мой лёс, невясёлы... Пакідаю я родныя сёлы. Куляшоў. Покут голы, невясёлы, Як у той павеці. Крапіва. Ноччу Мікола не спаў. Сядзеў каля папялішча пад уцалелай яблыняй і думаў невясёлую думу. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́перак, прысл. і прыназ.
Разм.
1. прысл. Па шырыні чаго‑н., у шырыню; упоперак. Луг напоперак перасякала вузкая пратока, берагі якой пазарасталі вербалозыкам, чаротам і аерам. Сяргейчык.
2. прысл. Тое, што і наперакор (у 1 знач.).
3. прыназ. з Д. Тое, што і наперакор (у 2 знач.). Я лічыў бы за жарт гэтай прыкрасці выраз, Каб, напоперак думкам і волі самой, Аж спадыспаду дзён у вяліз[ар]ны вобраз не вырас Дзень маленства майго і вясновых самот. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кішэ́ць, ‑шыць; незак.
1. Мітусліва рухацца ў розных напрамках (пра мноства жывёлін, людзей). Незлічоныя мільёны мошак Аж кішаць у скошанай траве. Глебка. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры. Хомчанка.
2. кім. Быць перапоўненым мноствам жывых рухавых істот. Поле кішэла людзьмі, як мурашнік мурашкамі. Дуброўскі.
•••
Аж кішыць каго — вельмі многа. Аж кішыць рыбы, — пажартаваў Васіль. — А паспрабуй злаві каторую ўдзень, дык наседзішся... Савіцкі.
Кішма кішэць — тое, што і кішэць (у 1 знач.), толькі з адценнем узмацнення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разнаста́йны, ‑ая, ‑ае.
Неаднолькавы з другім (другімі) па якіх‑н. прыкметах. Вільготная зямля і начная цішыня даносілі разнастайныя гукі неўгамоннага жыцця. Колас. Разнастайныя па форме, па велічыні сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Шамякін. // Які складаецца з неаднолькавых, непадобных асоб, прадметаў, элементаў і пад. Разнастайны жывёльны свет. □ Жыве разнастайны ў мястэчку народ: Рамеснікі, цеслі, сяляне. Глебка. Павестка дня вялікая і разнастайная. Крапіва. Вельмі багатыя і разнастайныя па тэматыцы, па вобразах, лірычных пачуццях перш за ўсё песні любоўныя. Саламевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старада́ўні, ‑яя, ‑яе.
1. Які існуе з далёкіх часоў, захаваўся ад далёкага мінулага. Старадаўні звычай. Старадаўні гатычны сабор. Старадаўняя манета. □ Нам асвятлялі Шлях да перамогі Пяць зорак Старадаўняга Крамля. Астрэйка. // Які існаваў у далёкія, старыя часы, быў характэрны для мінуўшчыны. Паміж шафай і сцяной стаяў нізкі, старадаўняй работы стэлаж, на дзвюх паліцах якога блішчалі фальгой і золатам кнігі. Чыгрынаў.
2. Вельмі стары. Старадаўнія ліпы. □ Вузкаю палоскаю На краі нябёс Лёг за нашай вёскаю Старадаўні лес. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужы́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Разм. Тое, што і чужы (у 1 знач.). Парабчанка Кацярына Жне чужынскае дабро. Броўка.
2. Які мае адносіны да чужынца, належыць яму. Над Паставамі хмарай качаецца дым, ад матораў чужынскіх аж стогне абшар. Дубоўка. Толькі той у баях пераможа, Зломіць люты чужынскі рух, Хто пад націскам зграі варожай Захавае свой цвёрды дух. Глебка. // Такі, як у чужынца; халодны, суровы. — А дзе мая шапка? — спытаў [Панця] сурова і ўстрывожана. — Га? — І апёк бацьку бязлітасным, чужынскім позіркам. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́ньба, ‑ы, ж.
1. Бясслаўнае становішча, якое выклікае крайняе асуджэнне, пагарду. — Вялікі гонар быць на чырвонай дошцы. Вялікая ганьба — на чорнай. Бядуля. Лепш са славаю памерці, Як жыць у ганьбе пад ярмом. Глебка. // Пра дзеянні, учынкі, якія выклікаюць пагарду, асуджэнне. Лічылася ганьбай, калі хто выдасць паліцыі зборшчыка. Машара. // Тое, што знеслаўляе, прыніжае чыю‑н. годнасць. — П’янства — гэта ганьба, і з ім мы змагацца будзем, — спакойна прамовіў Дзімін. Карпаў.
2. Загана, недахоп. Адна ганьба, што аблезлы, А так добры лапс[а]рдак. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балага́н, ‑а, м.
1. Часовы будынак (з дошак, фанеры, парусіны) для тэатральных, эстрадных, цыркавых паказаў на кірмашах, народных гуляннях. // Разм. Лёгкае збудаванне, звычайна з дошак, для гандлёвых патрэб, пад жыллё і пад.
2. Старадаўні народны вандроўны тэатр; тэатральнае відовішча з прымітыўным сцэнічным афармленнем. Пачынаецца прадстаўленне інтэрмедыі вандроўнага балагана пад назвай «Казак». В. Вольскі. // Пра што‑н. несур’ёзнае, непрымальнае; камедыянства. Дачасна цешыцеся, гады... Саюз рабочых і сялян Змяце, як логавішча здрады, Увесь часовы балаган. Глебка. // перан. Разм. зневаж. Пра што‑н. бязладнае, шумнае, грубае.
[Перс. bālāhānä.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёгкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць лёгкага (у 1–5 знач.). Светлая абліцоўка надавала .. [дому] лёгкасць. Шахавец. Я ведаю вашу [пілотаў] паходку: Разлічаны крок і размах І лёгкасць у жэстах кароткіх, Якой не ўладае і птах. Глебка. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.
2. Пра стан унутранай свабоды, радасці, спакою. Таццяна слухала маладога чалавека, і незвычайная лёгкасць апаноўвала яе. Васілёнак. Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)