Вялікадня востраў (палінезійская Rapa Nui, ісп. Pascua, англ. Easter Island),
вулканічны востраў ва ўсх.ч. Ціхага ак.Пл. 165,5 км². Належыць Чылі. Нас. каля 2 тыс.чал. (1999). Каля 40% карэнных жыхароў палінезійцы (рапануйцы), моцна метысаваныя, гавораць на рапануйскай мове, якая ўваходзіць у групу палінезійскіх моў; астатнія пераважна чылійцы. Звязаны авіялініяй з г. Сант’яга (Чылі) і в-вам Таіці. Востраў мае форму трохвугольніка, па баках якога ўзвышаюцца вулканы: Рана-Ароі 539 м (вышэйшы пункт в-ва), Катыкі (377 м), Рана-Као (324 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна, складзеная з вулканічных туфаў і базальтаў і ўкрытая травяністай расліннасцю. Берагі скалістыя, цяжкадаступныя. Клімат трапічны. Сярэднія месячныя т-ры 16—23 °C. Ападкаў больш за 1400 мм за год. Расліннасць: пераважна травы, нешматлікія эўкаліпты. Трапічнае земляробства (бататы, цукр. трыснёг, бананы). Рыбалоўства, авечкагадоўля. Адм. цэнтр — пас. Анга-Роа (Ханга-Роа). Рэшткі зніклай культуры палінезійцаў (скульптура, дошчачкі з пісьмёнамі). Адкрыты галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам у 1722 у Вялікдзень (адсюль адна з назваў). Нац. парк Рапануі, які займае 1/3 вострава, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРО́ТНІК»,
бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁКЛІН ((Böcklin) Арнольд) (16.10.1827, г. Базель, Швейцарыя — 16.1.1901),
швейцарскі жывапісец, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Дзюсельдорфе, Бруселі, Жэневе, Парыжы (1845—48). У 1850—57 жыў у Італіі. Аўтар карцін на міфал. і гіст. сюжэты, пейзажаў, партрэтаў. Сярод твораў: «Трытон і Нерэіда» (1873—74), «Востраў мёртвых» (1880), «Паляванне Дыяны» (1863), «Віла каля мора» (1864), «Кентаўр і Німфа» (1865), «Гульня хваляў» (1883), «Вайна» (1896) і інш. Зрабіў уплыў на фарміраванне ням. сімвалізму і «югендстылю».