пылі́цца, пылюся, пылішся, пыліцца; незак.

1. Пакрывацца пылам. — Гэта ў вашым сельмагу пылілася столькі маіх кніг? — пажартаваў аўтар. Шамякін.

2. Вылучаць са сваёй паверхні пыл (пра дарогу). Пыліцца вузкая дарога, А мы ідзём на ускрай сяла. Прыходзька. // Узнімацца ў паветра, утвараючы пыл. — Дык жа снег растаў, — пясок На шляху пыліцца. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́ха, ‑і, ДМ пысе, ж.

Фанабэрыстасць, ганарыстасць. За гэтыя гады Юрага памужнеў, а на яго твары.. з’явілася пыха і самазадаволенасць, хоць у кішэні было па-ранейшаму пуста. С. Александровіч. Мне было відаць, што Піліп Сямёнавіч адразу разгадаў таго фанабэрыстага, гультаяватага дзецюка. Хацеў збіць з яго пыху, трапным жартам падкасіць. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́йбіт, ‑а, М ‑біце, м.

Той, хто сее зерне, засявае зямлю насеннем. Прыйшла вясна, глушцы такуюць, Гукае сейбітаў зямля. Бялевіч. У глебу цёплую і мяккую, як пух, Насенне сейбіт радасна раскідаў. Пушча. // перан.; чаго. Той, хто распаўсюджвае сярод людзей веды і пад. Месца [Нявіднага] зоймуць тысячы новых сейбітаў буры і змагання. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спёка, ‑і, ДМ спёцы, ж.

Моцная гарачыня ў паветры, нагрэтым сонцам; спякота. Спёка стаіць тыдзень, месяц, а на небе ні хмурынкі. Бялевіч. Бяру і я з рукі тваёй, Памір, Смарагд жывы аб спёцы на ўспамін. Калачынскі. // Цеплыня, якая выдзяляецца чым‑н. гарачым, нагрэтым. Жалеза холад ды спёка печаў. Летка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́ўтнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.

1. Кінуцца, упасці ў ваду, нырнуць; плюхнуцца. Чуваць, як боўтнуўся бабёр Каля карчоў у раску. Бялевіч. Раптам нешта доўгае і чорнае шпарка слізганула.. і боўтнулася ў ваду. Ляўданскі.

2. чым. Разм. Боўтнуць (у 1 знач.). [Анісім] боўтнуўся лыжкай у місе баршчу і на гэтым загавеў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ласны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сіласу, з’яўляецца сіласам. Сіласны корм. □ З элеватара густа сыпалася ў.. кузаў сіласная маса. Паслядовіч. // Які ідзе на прыгатаванне сіласу. Сіласныя культуры. Сіласная кукуруза. // Які мае адносіны да прыгатавання сіласу, яго захоўвання. Ад цямна да цямна многа дзён вазамі, машынамі вазілі.. кукурузу ў сіласныя ямы. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяго́лета, і сёлета, прысл.

У гэтым годзе. А большаму хлопчыку восем Якраз паслязаўтра міне, І ў школу ён пойдзе сяголета ўвосень. Зарыцкі. [Іван Антонавіч:] — Сёлета журавін хоць граблямі заграбай. Кірэйчык. // Гэты год; цяпер. Пчаляр кажа. — Слухайце, людзі, Пчаліны сяголета год. Бялевіч. А калі апомніўся, Ён [бацька] прамовіў так: «Ну і лета сёлета, Ну і спеката!..» Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Паглыбіцца ў чытанне, унікнуць у змест, сэнс напісанага. Дастала [Ганна] газету з сумкі, але ўчытацца не паспела: пачула знаёмую назву — Есяновікі... Аж сэрца замерла.. Хто тут яе зямляк. Лось. Учытаўся я [у кніжку баек Кандрата Крапівы] і ўсцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё, што адбываецца ў жыцці людзей, у жыцці вёскі. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зглумі́цца, зглуміцца; зак.

Разм. Папсавацца, страціцца без карысці. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні, такі быў доўгі. І зерне ў ім было буйное, жоўтае. Колькі ж хлеба зглуміцца тут, калі не сажнеш жыта! Асіпенка. Зразумела, не кажу Пра сваё тут гора, Што мука мая ў дзяжы Зглуміцца, вядома... Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Зак. да нітаваць.

2. Пераплесці, злучыць чым‑н. Ломяць галіны. Эх, быў бы тапор — Работа пайшла б весялей і спарней. Плюшчом знітавалі насілкі з галін. А. Вольскі. Сані знітаваў вязамі [Мядзведзіч]. Бялевіч.

3. перан. Звязаць, з’яднаць. Для ўсіх брыгада — так знітаваў Пётр Блахін падначаленых — была родным домам. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)