БЕРНА́Р (Bernard) Клод (12.7.1813, Сен-Жульен, каля г. Вільфранш-сюр-Сон, Францыя — 10.2.1878),
французскі фізіёлаг і патолаг; адзін з заснавальнікаў эксперым. медыцыны і эндакрыналогіі. Чл. Парыжскай АН (1854). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1860). Скончыў Парыжскі ун-т (1839). Віцэ-прэзідэнт (1868) і прэзідэнт (1869) Парыжскай АН. Навук. працы па інервацыі сасудаў, эндакрынных залозаў, вугляводным абмене, электрафізіялогіі, даследаванні функцыі падстраўнікавай залозы і яе ролі ў страваванні. Адкрыў утварэнне глікагену ў печані. Увёў паняцце пра ўнутр. асяроддзе арганізма.
т. 3, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
фактары вонкавага асяроддзя, у аснове дзеяння якіх ляжаць уплывы жыццядзейнасці адных арганізмаў на другія і на нежывое асяроддзе. Разам з абіятычнымі фактарамі і антрапагенным уздзеяннем на прыроду фарміруюць умовы жыцця мікраарганізмаў, раслін, жывёл, уплываюць на колькасць жывых арганізмаў і іх дынаміку. Дзеянне біятычных фактараў выяўляецца ўзаемаўплывам жывых арганізмаў, напр. узаемадзеянне драпежніка і ахвяры, паразіта і гаспадара, унутры- і міжвідавая канкурэнцыя, насякомае-апыляльнік і кветкавая расліна і інш. Сувязі паміж біятычнымі фактарамі ляжаць у аснове фарміравання трафічных ланцугоў.
т. 3, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНАБІЁТЫКІ (ад грэч. xenos чужы + ...біёз),
злучэнні, чужародныя для арганізмаў і біясферы: пестыцыды, прэпараты быт. хіміі, лек. сродкі, пластмасы і інш. Пры пападанні ў навакольнае асяроддзе ў значных колькасцях могуць выклікаць гібель арганізмаў, парушаць нармальны ход прыродных працэсаў у біясферы. Ператварэнні К. шляхам іх дэтаксікацыі і дэградацыі ў арганізмах і ў знешнім асяроддзі вывучаюць і выкарыстоўваюць для арганізацыі сан.-гігіенічных мерапрыемстваў, мер па ахове прыроды. Гл. таксама Забруджвальнікі, Забруджванне антрапагеннае, Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб, Забруджванне навакольнага асяроддзя.
т. 8, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ ДЗЕНЬ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ Адзначаецца штогод 5 чэрв. з мэтай прыцягнення ўвагі сусв. грамадскасці да праблем аховы навакольнага асяроддзя. Устаноўлены Канферэнцыяй ААН па навакольным асяроддзі (Стакгольм, 1972). На Беларусі адзначаецца з 1973. У гэты дзень пры ўдзеле членаў Беларускага таварыства аховы прыроды арганізуюцца кангрэсы, навук.-практычныя канферэнцыі, кінафестывалі і інш. мерапрыемствы па выхаванні ашчадных адносін да прыроды, па далучэнні насельніцтва да практычнай работы па прадухіленні неспрыяльнага ўздзеяння вытв. і гасп. дзейнасці чалавека на навакольнае асяроддзе.
т. 15, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вытвара́ць ’вырабляць штукі, свавольнічаць’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Янк. III, Мядзв.). Рус. вытворя́ть, укр. витворя́ти ’тс’. Утворан як форма незакончанага трывання дзеяслова вы́тварыць, які ад тварыць (параўн. польск. wytworzyć ’зрабіць, стварыць’) (гл. Шанскі, 1, В, 235). Семантычны зрух ’тварыць’ > ’рабіць што-небудзь незвычайнае’ атрымаўся, відавочна, не пры пераходзе ў прастамоўна-аргатычнае асяроддзе ўжывання (Шанскі, там жа), а з’явіўся вынікам эліпса словазлучэння вытвараць штукі, свавольства, дзе дзеяслоў выступае ў сваім прамым значэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
эжэ́кцыя, ‑і, ж.
Спец.
1. Працэс змешвання двух якіх‑н. асяроддзяў (вады і пяску, пары і вады і інш.), пры якім адно асяроддзе, будучы пад ціскам, уздзейнічае на другое і, цягнучы за сабой, выштурхвае яго ў неабходным напрамку.
2. Штучнае аднаўленне напору вады ў перыяд паводкі для нармальнай работы турбін.
[Фр. éjection.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АМІДАСТО́МЫ (Amidostomum),
род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.
Даўж. самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.
т. 1, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
хімічныя злучэнні, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Бываюць аналагамі прыродных злучэнняў, лёгка ўключаюцца ў натуральны кругаварот і утылізуюцца ў экасістэмах або чужароднымі для прыроднага асяроддзя і з цяжкасцю разбураюцца пад уплывам біятычных фактараў. Да чужародных належаць многія т.зв. ўстойлівыя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя, якія нярэдка аказваюцца небяспечнымі для існавання жывых арганізмаў (напр., радыеактыўныя ізатопы з працяглым перыядам паўраспаду). Усяго вядома каля 100 тыс. відаў антрапагенных рэчываў, сярод іх шмат сінтэтычных, якія ніколі не існавалі ў прыродным асяроддзі.
т. 1, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ КВА́НТАВЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,
узмацняльнік электрамагнітных хваляў аптычнага дыяпазону спектра, дзеянне якога заснавана на вымушаным выпрамяненні ўзбуджаных атамаў, малекул або іонаў. Першасная эл.-магн. хваля пры распаўсюджванні ў актыўным асяроддзі стымулюе вымушанае выпрамяненне, тоеснае з ёй па частаце, фазе, напрамку распаўсюджвання і характары палярызацыі. Для павелічэння каэфіцыента ўзмацнення актыўнае асяроддзе змяшчаюць у аб’ёмны рэзанатар. Аптычны квантавы ўзмацняльнік мае малы ўзровень шумаў і высокую адчувальнасць. Выкарыстоўваецца ў выхадных каскадах магутных лазераў, сістэмах аптычнай і далёкай касм. сувязі, радыёастраноміі і інш.
В.В.Валяўка.
т. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАРАЗМЕРКАВА́ННЕ,
планавы забор вады з водных аб’ектаў, транспарціроўка яе ў вузлы выдачы і размеркаванне паміж спажыўцамі. Улічваюцца рэжым крыніц вады, аб’ём зарэгуляванага сцёку, страты вады на фільтрацыю, выпарэнне, сан. попускі і інш. Памеры, тэрміны і парадак падачы вады водакарыстальнікам вызначаюцца паводле планаў водакарыстання (унутрыгаспадарчых, басейнавых і інш.). Водаразмеркаванне праводзіцца ў першую чаргу для задавальнення патрэб насельніцтва ў пітной і быт. вадзе, рацыянальнага і эканомнага выкарыстання водных рэсурсаў, забеспячэнне неабходнай колькасці і якасці вады, прадухілення шкоднага ўплыву яе на навакольнае асяроддзе.
А.А.Макарэвіч.
т. 4, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)