БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧА ПАХО́Д 1920,
ваенная акцыя Рус. нар. добраахвотніцкай арміі (з рус. і бел. вайсковых часцей) на чале з ген. С.Н.Булак-Балаховічам у ліст. 1920 на Палессі. Паліт. кіраўнік акцыі — старшыня Рус. паліт. к-та ў Польшчы Б.В.Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Бел. дзяржавы і саюзнай з ёй Рас. дэмакр. рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім.
Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне Лунінец—Мікашэвічы—Тураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс. чал.) 6.11.1920 пачала наступленне ўздоўж р. Прыпяць. Разбіўшы часці Чырв. Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзбр. сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраванне бел. войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П.П.Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Бел. Нар. Рэспублікі. 16 ліст. Чырв. Армія пачала контрнаступленне і 20.11.1920 узяла Мазыр. Асн. сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польск. ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922.
Літ.:
Историко-стратегический очерк XVI-й армии. Могилев, 1921. С. 148—160;
Simanskij P. Kampanja białorusko-rosyjskiej armji ludowo-ochotniczej gen. Bułak-Bułachowicza w r. 1920 // Bellona. Warszawa, 1931. Т. 37, z. 2.
А.П.Грыцкевіч.
т. 3, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ НАСТУПЛЕ́ННЕ 1916,
Брусілаўскі прарыў 1916, наступальная аперацыя рас. армій Паўд.-Зах. фронту (каманд. А.А.Брусілаў) супраць аўстра-венг. войск 4.6—13.8.1916 у 1-ю сусв. вайну. У адпаведнасці з рашэннем канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (Францыя, сак. 1916) рас. камандаванне планавала ў сярэдзіне чэрв. 1916 пачаць наступленне на ўсіх франтах. Паводле дырэктывы Стаўкі ад 24.4.1916 гал. ўдар павінны былі нанесці войскі Зах. фронту з раёна Маладзечна на Вільню, а дапаможныя ўдары — Паўн. фронт з раёна Дзвінска (Даўгаўпілса) на ПдЗ і Паўд.-Зах. фронт з раёна Роўна на Луцк. У сувязі з паражэннем італьян. войск у раёне Трэнціна саюзнікі папрасілі рас. бок паскорыць наступленне, якое пачалося на 2 тыдні раней запланаванага. Маючы перавагу (573 тыс. чал., 1770 гармат) рас. войскі прарвалі абарону праціўніка (448 тыс. чал., 1301 гармата) на фронце больш за 500 км і на глыбіню да 60—150 км. Наступалі 8-я, 11, 7 і 9-я арміі. З мэтай маскіроўкі напрамку гал. ўдару, які наносіла 8-я армія ген. А.М.Каледзіна на Луцкім напрамку, прарыў ажыццяўляўся ў некалькіх месцах фронту. На напрамках прарыву была створана перавага над праціўнікам: у пяхоце — у 2—2,5, у артылерыі — у 1,5—1,7 раза. У выніку аўстра-венг. арміі нанесена цяжкае паражэнне. Праціўнік страціў да 1,5 млн. чал., у т. л. 400 тыс. палоннымі (рас. войскі страцілі каля 0,5 млн. чал.); трафеі рас. арміі склалі: 581 гармата, каля 1800 кулямётаў, каля 450 бамбамётаў і мінамётаў і інш. У выніку аўстра-венг. армія да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні; была выратавана італьян. армія, бо праціўнік прыпыніў наступленне на Трэнціна; аказана значная дапамога саюзнікам (з Зах. і Італьян. франтоў перакінуты на У больш як 33 дывізіі); у вайну на баку Антанты ўступіла Румынія. Аднак Паўд.-Зах. фронт своечасова не падтрымалі інш. франты, не было дакладнага ўзаемадзеяння паміж імі. Праціўнік узмацніў абарону. Вычарпаўшы рэзервы, рас. войскі перайшлі да абароны. Гэта наступленне стала пачаткам пералому ў 1-й сусв. вайне на карысць Антанты.
Літ.:
Брусилов А.А. Мои воспоминания. М., 1963;
История первой мировой войны, 1914—1918. Т. 2. М., 1975.
т. 12, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ВЕ́НГРЫІ адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, накіраваная на ліквідацыю феадалізму і дасягненне нац. незалежнасці Венгрыі. Пачалася з паўстання 15.3.1848 ў Пешце пад кіраўніцтвам Ш.Пецёфі. 17 сак створаны ўрад Венгрыі, адказны перад парламентам — Дзярж. сходам, на чале з адным з лідэраў апазіцыі графам Л.Бацяні. Пачаліся аграрныя рэформы: скасаваны паншчына і царк. дзесяціна, ва ўласнасць сялянам перададзена 1/3 с.-г. зямель, прыгонныя (40% сялянскага саслоўя) атрымалі свабоду. Дзярж. сход Венгрыі абвясціў незалежнасць краіны ў фін. і ваен. галінах, пры захаванні на венг. прастоле аўстр. Габсбургаў. 11 ліп Дзярж. сход прыняў рашэнне пра стварэнне венг. нац. арміі. імкненне венг. ўрада стварыць унітарную дзяржаву, адмова прызнаць аўтаномію Харватыі, Славоніі, сербаў Ваяводзіны, румын Трансільваніі выклікалі незадаволенасць нац. меншасцей. 11.9.1848 у Венгрыю ўварваліся войскі харвацкага бана (правіцеля) І.Ялачыча, якія былі разбіты каля Пакозда і адкінуты ў Аўстрыю. Пасля адстаўкі ўрада Бацяні ў кастр. 1848 улада перайшла да К-та абароны радзімы (КАР) на чале з Л.Кошутам. Аўстр. ўрад выдаў дэкрэт аб роспуску венг. парламента і ўвядзенні ў Венгрыі ваен. становішча. Пасля задушэння кастр, паўстання ў Вене (гл. Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі), у Венгрыю накіраваны аўстр. войскі, якія 5.1.1849 занялі Пешт. КАР і Дзярж. сход пераехалі ў Дэбрэцэн. Вясной венг. армія на чале з ген. А.Гёргеем перайшла ў наступленне і да канца сак. ўсталявала кантроль над б.ч. тэр. Венгрыі. У Трансільваніі паспяхова дзейнічала армія Ю.Бема. 14.4.1849 Дзярж. сход прыняў «Дэкларацыю незалежнасці», паводле якой Венгрыя абвяшчалася незалежнай рэспублікай, правіцелем яе абраны Кошут. У гэтых умовах па закліку аўстр. імператара Франца Іосіфа І, рас. цар. Мікалай І накіраваў у Венгрыю ў чэрв. 1849 200-тысячную армію на чале з фельдмаршалам І.Ф.Паскевічам. 13 ліп. яна заняла Пешт. 13 жн. венг. армія капітулявала. У Венгрыі ўсталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена аўстр. праўленне. Многія венг. дзярж. і ваен. дзеячы пакараны смерцю або вымушаны былі пакінуць краіну. Аднак рэвалюцыя нанесла рашучы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе, што пацвердзілі законы, прынятыя ў 1850-х г.
Літ.:
Авербух Р.А. Революция и национально-освободительная борьба в Венгрии 1848—1849. М., 1965;
Яго ж. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970.
П.А.Тупік.
т. 13, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНЫ СТАТУ́Т КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАГА 1832 («Органический статут»),
прававы акт, уведзены рас. ўладамі пасля задушэння паўстання 1830—31 у Каралеўстве Польскім замест скасаванай канстытуцыі 1815. Выдадзены 26.2.1832 у Пецярбургу царом Мікалаем I. Паводле статута тэр. Каралеўства ўключалася ў склад Рас. імперыі, скасоўваліся асобны акт каранацыі цара ў Варшаве, сейм і частка ўрадавых камісій, польск. армія, але захоўваліся аўтаномныя польскія ўстановы (намесніцтва, адм. і дзярж. саветы і інш.), польск. мова ва ўстановах і ў школах і інш. Дэклараваныя статутам элементы польск. аўтаноміі па меры ўвядзення ў Каралеўстве адм. нормаў Рас. імерыі былі ліквідаваны (напр., Дзярж. савет у 1841).
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.
т. 1, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЫН (Іван Ціханавіч) (16.12.1901, в. Унукавічы Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.6.1951),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. камандныя курсы (1922), пях. школу (1928), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1963). У Чырв. Арміі з 1920. З чэрв. 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах: камандзір стралк. дывізіі, нач. штаба армій. Удзельнік Смаленскай, Бел., Усх.-Прускай і Берлінскай аперацый. 49-я армія пад яго камандаваннем вызначылася ў баях за вызваленне Магілёва, пры фарсіраванні Дняпра, Друці, Бярэзіны, у ліквідацыі мінскага «катла». Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.
т. 5, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕ́НА-АЎЭРШТЭ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1806,
дзве ўзаемазвязаныя бітвы паміж французскай і пруска-саксонскай арміямі 14 кастр. каля г. Іена і в. Аўэрштэт у Германіі ў час руска-пруска-французскай вайны 1806—07. У бітве франц. армія Напалеона I (больш за 150 тыс. чал.) разграміла пруска-саксонскую армію (больш як 100 тыс. чал.) і заняла амаль усю Прусію. Вырашальную ролю ў зыходзе бітвы адыгралі новыя франц. прынцыпы ваен. майстэрства, а таксама нізкая баяздольнасць прускай арміі з яе састарэлай тактыкай. Гэта перамога Напалеона I прывяла да поўнага разгрому Прусіі, садзейнічала паражэнню 4-й антыфранц. кааліцыі і падпісанню Тыльзіцкага міру 1807.
т. 7, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕАМЕ́Н III (Kleomenēs; каля 260—219 да н.э.),
цар Спарты [235—221 да н.э.]. З дынастыі Агіядаў. Пасля смерці Агіса IV прадоўжыў пачатыя ім рэформы, імкнуўся аднавіць магутнасць Спарты і яе гегемонію ў Стараж. Грэцыі. Пры ім скасаваны даўгі, рэарганізаваны армія і сістэма дзярж. выхавання, вырасла колькасць паўнапраўных грамадзян, скасаваны герусія і пасады эфораў, уся зямля аб’яўлена дзярж. уласнасцю. У вайне з Ахейскім саюзам захапіў Фліунт, Трэзен, Клеоны, Аргас і інш. гарады. Пасля паражэння ў бітве каля Селасіі (221 да н.э.) з аб’яднанымі войскамі Арата і Антыгона III Досана ўцёк у Егіпет, дзе скончыў самагубствам.
т. 8, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗРЭНСКАЯ ЛІ́ГА, Албанская ліга,
албанская нац. арг-цыя ў 1878—81. Створана 10.6.1878 у г. Прызрэн на сходзе прадстаўнікоў алб. знаці, гандляроў і чыноўніцтва ў знак пратэсту супраць рашэння Берлінскага кангрэса 1878 перадаць землі з алб. насельніцтвам у склад Грэцыі і Чарнагорыі. Напачатку карысталася падтрымкай тур. улад. У ліст. 1878 патрабавала аўтаноміі Албаніі ў складзе Асманскай імперыі. У жн. 1880 стварыла алб. адміністрацыю, ў студз. 1881 — Цэнтр. савет П.Л., (старшыня са жн. 1880 — Абдуль-бей Фрашэры), які абвясціў сябе часовым алб. урадам. У крас. 1881 тур. армія разбіла войскі П.л., і яна спыніла існаванне.
т. 13, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
retreat1 [rɪˈtri:t] n.
1. адступле́нне; адыхо́д;
The army was in full retreat. Армія адступала па ўсім фронце.
2. (from/into) адасабле́нне; само́та;
a retreat from public life адыхо́д ад грама́дскага жыцця́
3. прыста́нішча, прыту́лак;
a country retreat ле́цішча, да́чны до́мік
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)