АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.
Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаўСССР на тэр. Беларусі.
Выбраў ЦВКБССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР абраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — М.М.Галадзед.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІ КАРО́ТКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл.Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.М.Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас.дзярж. архіве стараж.актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,
назва заканад.актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст.Найб. значныя — Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т. л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл.Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т. л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.
Літ.:
Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),
збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.Фіялкам (1864—1936) і У.Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж.актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, І.М.Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.
Публ.:
Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.
Літ.:
Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;
Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫ́НКТ (ад лац. instinctus намер, натхненне),
сукупнасць складаных наследаваных актаў паводзін, характэрных для асобін дадзенага віду пры пэўных умовах. Навукова абгрунтаваны рус. фізіёлагам І.П.Паўлавым. Звычайна І. называюць складаныя безумоўныя рэфлексы (харч., ахоўны і інш.) у адрозненне ад простых (міганне, чханне). Уяўляе сабой комплекс паслядоўных рэакцый, у якіх канец аднаго звяна з’яўляецца пачаткам другога. Адрозніваюць палавыя, бацькоўскія, дзіцячыя і іншыя. Ёсць спецыфічныя, уласцівыя некат. відам жывёл (міграцыя пералётных птушак, будаўніцтва ў баброў), групавыя, якія складаюць аснову ўзаемаадносін членаў статка, зграі, рою, сям’і (будаўніцтва гнязда, сумесная абарона ад ворагаў, агульны клопат пра патомства). У чалавека І. пераважна падпарадкоўваюцца яго свядомай дзейнасці, але апіраюцца на біял. фундамент найгалоўнейшых І., на аснове якіх развіваюцца важныя функцыі арганізма (палавая цяга, мацярынскі І. і інш.). Сучасныя даследчыкі ўжываюць тэрмін «інстынктыўнае» як сінонім паняццяў: «генетычна фіксаваныя», «спадчынна замацаваныя», «прыроджаныя» паводзіны, дзеянні і г.д.
Літ.:
Павлов И.П. Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973;
Анохин П.К. Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ Я́ДЗЕРНАЯ РЭА́КЦЫЯ,
ядзерная рэакцыя, у якой часціцы, што выклікаюць яе, утвараюцца як прадукты гэтай рэакцыі. Звязана з вял. энергавыдзяленнем (каля 200 МэВ на кожны акт дзялення ядра урану ці плутонію) і праходзіць з удзелам павольных ці хуткіх нейтронаў. Выкарыстоўваецца як крыніца энергіі (гл.Ядзерны рэактар), на ёй заснаваны прынцып работы ядзернай зброі.
Адзіная вядомая Л.я.р. — рэакцыя дзялення урану і некаторых трансуранавых элементаў пад уздзеяннем нейтронаў — здзейснена Э.Фермі (1942) з дапамогай уран-графітавага рэактара. Суправаджаецца выдзяленнем некалькіх нейтронаў, якія ў сваю чаргу могуць захоплівацца нераздзеленымі ядрамі і выклікаць іх дзяленне. Характарыстычная велічыня Л.я.р — каэфіцыент размнажэння k, які вызначаецца ўсярэдненымі лікамі актаў дзялення ў паслядоўных звёнах ланцуга. Самападтрымная рэакцыя магчыма толькі пры к>1; маса дзялільнага рэчыва для здзяйснення такой рэакцыі наз. крытычнай; яе велічыня залежыць ад формы і ізатопнага складу гэтага рэчыва і вагаецца ад соцень грамаў да соцень тон. Рухомыя стрыжні з матэрыялу, які добра паглынае павольныя нейтроны, дазваляюць зрабіць Л.я.р. кіравальнай.
Э.А.Рудак.
Першыя пакаленні нейтронаў, якія ўтвараюцца пры ланцуговай ядзернай рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ЎСКІ (Антон) (10.7.1781, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.1.1855),
выдавец, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ун-т (1807). Адзін з арганізатараў і актыўны член т-вашубраўцаў, Віленскага друкарскага т-ва (1818—22). У 1816—22 рэдактар сатыр.час. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»), у 1817—39 рэдактар-выдавец газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»), у 1819—30 — першага на Беларусі і ў Літве навук.-літ.час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). У 1817 заснаваў у Вільні друкарню, дзе выдаў каля 400 назваў кніг па розных галінах ведаў, у т. л. «Летапісец Літвы і руская хроніка» ў апрацоўцы І.Даніловіча (1827), «Гісторыю літоўскага народа» Т.Нарбута (т. 1—9, 1835—41), творы І.Красіцкага, Ф.Князьніна, І.Легатовіча і інш. Аўтар прац па педагогіцы, антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця хлопаў» (пад псеўд. Патэлё, 1817), мемуараў (зберагаліся ў Р.Зямкевіча, загінулі ў 2-ю сусв. вайну). Адзін са складальнікаў «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў: Вільні, Коўна, Трок...» (ч. 1—2, 1843). Мяркуюць, што ў 1812 пісаў на бел. мове адозвы да сялян супраць памешчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯАнглійская
(англ. East India Company),
прыватная кампанія (1600—1858) для гандлю з Ост-Індыяй, Паўд.-Усх. Азіяй і Кітаем. У 1-й пал. 17 ст. гэта аморфная арг-цыя лонданскіх купцоў, якія перыядычна аб’ядноўвалі капіталы для гандл. экспедыцый у Ост-Індыю. З 1657 акц. кампанія з пастаянным капіталам. Пасля працяглай барацьбы з канкурэнтамі (Партугаліяй, галандскай і франц. Ост-Індскімі кампаніямі) і інд. правіцелямі ў 17 ст. стварыла ў Індыі 7 факторый і некалькі ўмацаваных пунктаў. Атрымала ад англ. ўрада права абвяшчаць вайну і заключаць мір у Ост-Індыі (1661), чаканіць манету, ствараць ваенна-палявыя суды, распараджацца сваёй арміяй і флотам (1686), манапольнае права на гандаль з Ост-Індыяй (1708). Пасля 1757 захапіла Бенгалію і шэраг інш. тэрыторый, да 1849 падпарадкавала ўсю Індыю, да 1852 — Ніжнюю Бірму. Англ. парламент, незадаволены бескантрольнасцю кампаніі, прыняў шэраг актаў (1773, 1784, 1813, 1833, 1853), якімі падначаліў яе каралеўскаму Кантрольнаму савету. У 1813 адменена манаполія О.-І.к. на гандаль з Індыяй, з 1833 яе гандл. дзейнасць забаронена. У 1858 у час Індыйскага народнага паўстання 1857—59 кампанія ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́НЦЛЕР,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн. Б.Глінскі — П. вял.кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш. гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш.дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ГРО́ДЗЕНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»
(«Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»),
комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гродзенскай эканоміі сярэдзіны 16 — сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археаграфічнай камісіяй у 2 ч. Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж.актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У ч. 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гродзенскай воласці...» (1558), дзе зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ч. 2 змешчана інвентарнае апісанне гродзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніцы (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гродзенскага замка» (1550—60-я г.), «Генеральная ўстава Гродзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гродна, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст. і інш. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе апісаны гродзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці.