запусці́ць¹, -ушчу́, -у́сціш, -у́сціць; -у́шчаны; зак.

1. што і чым у каго-што. З размаху кінуць (разм.).

З. камень або каменем у сцяну.

2. што. Прывесці ў дзеянне, у рух, пачаць работу над чым-н.

З. матор.

З. новую мадэль у вытворчасць (пачаць масава вырабляць што-н.). З. сцэнарый у вытворчасць (пачаць працу над фільмам). З. змея (прымусіць узляцець). З. ракету.

3. што. Засунуць куды-н. унутр (разм.).

З. руку ў чыю-н. кішэню (таксама перан.: узяць чужое). З. кіпцюры ў што-н.

4. каго (што). Змясціць, упусціць куды-н. з пэўнай мэтай.

З. малькоў карпа ў сажалку.

|| незак. запуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. запуска́нне, -я, н. і за́пуск, -у, м. (да 2 знач.).

|| прым. запускны́, -а́я, -о́е (да 2 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ву́ліца, -ы, мн. -ы, -ліц, ж.

1. У населеных пунктах: два рады дамоў і прастора паміж імі для праходу і праезду, а таксама сама гэта прастора.

Шырокая в.

Галоўная в. горада.

Апынуцца на вуліцы (таксама перан.: без жылля). Выкінуць на вуліцу (таксама перан.:

1) выселіўшы, пазбавіць жылля;

2) звольніць з работы, пазбавіць сродкаў існавання).

На пажар збеглася ўся в. (перан.: усе жыхары вуліцы; разм.). Будзе і на нашай вуліцы свята (прыказка: і для нас наступіць радасць, урачыстасць).

2. Месца пад адкрытым небам у процілегласць памяшканню.

На вуліцы такая відната.

3. перан. Асяроддзе, якое сваёй некультурнасцю, нявыхаванасцю дрэнна ўплывае на каго-н.

Дрэнны ўплыў вуліцы.

|| памянш. ву́лачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. ву́лічны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

В. рух (на вуліцах).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

знак, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Метка, прадмет, якім абазначаецца, выражаецца што-н.

Знакі адрознення (умоўныя абазначэнні на форменным адзенні, якія паказваюць род войск, званне і пад.). Знакі ўзнагароды (пра ордэны, медалі). Грашовы з. (крэдытны білет). З. паштовай аплаты (марка).

2. Знешняе сведчанне, прымета чаго-н.

Знакі ўвагі.

Нядобры з.

Маўчанне — з. згоды.

3. Жэст, рух, якім сігналізуюць, паведамляюць што-н.

Падаць з. галавой.

◊

Пад знакам чаго (высок.) — кіруючыся якой-н. ідэяй, якім-н. імкненнем.

Пад знакам барацьбы за міжнародную бяспеку.

У знак чаго — як сведчанне, доказ чаго-н., выяўляючы, паказваючы што-н.

У знак памяці.

У знак пратэсту.

|| прым. зна́кавы, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.; спец.).

Знакавая сістэма (сістэма знакаў як сродак камунікацыі ў 2 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

movement [ˈmu:vmənt] n.

1. pyx (палітычны, грамадскі і да т.п.);

the civil rights movement рух за грамадзя́нскія правы́

2. pyx, жэст;

the dancer’s movements ру́хі танцо́ра

3. перамяшчэ́нне;

troop movement перамяшчэ́нне войск

4. развіццё, прагрэ́с;

There is no movement in arms control. Няма прагрэсу ў пытанні кантролю за ўзбраеннем.

5. ча́стка (музычнага твора, асабліва сімфоніі);

The first movements of Beethoven’s Third symphony. Першая частка Трэцяй сімфоніі Бетховена.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),

рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Дж.​Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв. рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш. дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.

Літ.:

Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

1980;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТАМІ́МА (ад грэч. pantomimos які усё пераймае, імітуе),

від сцэн. мастацтва, у якім маст. вобраз раскрываецца праз пластыку чалавечага цела, жэст, міміку. Можа мець форму эстраднай мініяцюры, якая выконваецца адным акцёрам (часам выконвае некалькі роляў і разыгрывае цэлую п’есу), т.зв. мастацтва «міма», і шматактавага спектакля з разгорнутым драм. сюжэтам, вял. колькасцю ўдзельнікаў, музыкай, дэкарацыямі і інш. Як закончаны эпізод П. сустракаецца ў драме, оперы, часцей у балеце і цырку. Сродкамі пластычнай выразнасці акцёр П. можа адлюстроўваць элементы жывой і нежывой прыроды.

П. бярэ пачатак у стараж. гульнях і абрадах многіх народаў свету. У адзін з асн. відаў тэатр. паказу вылучылася ў стараж. Кітаі, Індыі, Японіі, Грэцыі, Рыме і інш. Традыцыі П. выкарыстоўвалі гістрыёны, жанглёры, мімы, скамарохі і інш. Пашырылася ў 16—18 ст. у італьян. камедыі дэль артэ. Найб. вядомыя майстры П. 19 ст. — Дж.​Грымальдзі (Вялікабрытанія) і стваральнік маскі П’еро Ж.Б.​Г.​Дэбюро (Францыя). У канцы 19 ст. развівалася пераважна на сцэнах мюзік-холаў (Л.​Руф, Францыя; Д.​Лейна і Л.​Тыч, Вялікабрытанія). У пач. 20 ст. значнае месца П. адводзілі ў сваёй творчасці акцёры і рэжысёры Г.​Фукс, М.​Райнгарт, Э.​Жак-Далькроз, М.​Вігман і інш. У Расіі П. ўваходзіла ў склад нар. гульняў, абрадаў, займала значнае месца ў балаганных тэатрах і цырках. У пач. 20 ст. ўзнікла форма драм. П., якую распрацоўвалі рэжысёры К.​Марджанішвілі, М.​Еўраінаў, У.​Меерхольд, А.​Таіраў і інш. Вял. ролю ў развіцці сучаснага мастацтва П. адыграла творчасць Ж.​Баро і М.​Марсо (Францыя), Л.​Фіялкі (Чэхаславакія), Г.​Тамашэўскага (Польшча), А.​Румнева, В.​Палуніна (Расія) і інш.

На Беларусі элементы П. вядомы са старажытнасці ў нар. гульнях (масленічных і інш.) і абрадах (сватанне, вяселле і інш.), выкарыстоўваліся скамарохамі. Сюжэтныя спектаклі-П. на бел. сцэне ставілі розныя сав. цыркавыя калектывы: «Бахчысарайская легенда» (1963), «Партызанская балада» (1967), «Кастрычніцкая паэма» (1977), «Маладосць мая, Беларусь» (1978), «Беларускія ўзоры» (1982) і інш. Нумары П. ставяць нар. цыркавыя калектывы Беларусі. Сцэны П. і яе элементы выкарыстоўваюцца ў пастаноўках Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы, Нац. рус. акад. т-ра імя М.​Горкага і інш. Мастацтва драм. П. развіваецца з 1970-х г. Працуюць т-ры П.: мінскія нар. т-р П. «Рух» (з 1971), нар. ансамбль П. (з 1976), «Рух» пад кіраўніцтвам У.​Колесава (з 1980), тэатр-студыя П. «Жэст» пад кіраўніцтвам В.​Іназемцава (1986), Незалежны т-р П. пад кіраўніцтвам І.​Глушакова (1991) і інш.

Літ.:

Румнев А. О пантомиме. М., 1964;

Рутберг И.Г. Пантомима: Опыты в мимодраме. М., 1977;

Маркова Е.В. Современная зарубежная пантомима: La mime. M., 1985.

Р.​І.​Баравік.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вір 1 ’глыбокае месца ў рацэ ці возеры, дзе вада завівае, закручваецца’ (БРС, КТС; барыс., гродз., Нас.; Мал., Яруш., Нас. Сб., Мядзв., Грыг., Шат., Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк.; бых., Янк. Мат.; слаўг., лёзн., Яшк.; КЭС, лаг.); ’любое небяспечнае і невядомае месца’ (Нас., гродз., Шн., 2); ’акно ў дрыгве’ (КЭС); ’хуткі ручай’ (Нас., віц.; Яшк.); ’рух, плынь ракі’ (Яруш., Нас.); ’невялікая травяная яма з вадой на сухім месцы’ (палес., Яшк.). Укр. вир ’вір’, паўн., зах., с.-рус. вир ’вір, яма’; ’дрыгва, вакно ў дрыгве’, перм., калін. ’месца на млыне, куды падае вада з плаціны’, цвяр. выр ’хуткая плынь’; ’яма з вірам’, алан. ’лінія (пры гульні ў лункі)’, польск. wir ’віхор, вір’; ’юрок для матання нітак’, чэш. vír ’вір, віхар, рух’; ’зарубка на дрэве сякерай ці пілой пры вырубцы’; ’касмык шэрсці на персях каня, які служыць характарыстыкай пароды каня’, славац. vír ’вір, віхор’, славен. vȋr ’крыніца, вір’, серб.-харв. ви̑р ’тс’, макед. вир ’лужына, сажалка, вадаём’, балг. вир ’глыбокае месца ў рацэ’; ’затока, сажалка’; ’небяспечнае месца ў рацэ’, ст.-слав. виръ ’вір’. Прасл. virъ. Утворана ад дзеяслова vьrěti (як і жыр, мір і інш.). Параўн. яшчэ літ. vỹrius ’вір’, лат. virags ’вір, віхар’, грэч. βιρός ’дрыгва’, арам. viró ’глыбокае месца ў вадзе’ (Фасмер, 1, 318; Махэк₂, 690; Брукнер, 623, БЕР, 1, 150; Рудніцкі, 1, 393; Мартынаў, Зб. Аванесаву, 189–190).

Вір 2 ’вір вадзяніка’ (барыс., Шн., 2), віры́ ’д’яблы’ (Нас. Сб.); ’нячысцікі, што жывуць у вадзяных прорвах, бяздонні’ (Нас.). Бел. лексема ўзнікла шляхам пераносу значэння.

Вір 3 ’вірок, прылада для звівання нітак у клубок’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑rъ ад vi‑ti. Гл. яшчэ вірак, вірок, юрок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́хлы ’порысты, рассыпісты, мяккі’ (Нас., ТСБМ), ры́хлы, ру́хлы ’рассыпісты’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ’шпаркі, хуткі’ (Нас.), ’спрытны, увішны, хуткі ва ўсім чалавек’ (Пан.), ’хуткі ў рабоце’ (ушац., ЛА), ст.-бел. рыхлый, рихлый ’хуткі’, ’шпаркі’ (XVI ст.), рус. рыхлый, польск. rychły ’хуткі, паспешны’, славац. rýchly ’хуткі’, ’жвавы’, чэш. rychlý ’тс’, в.-луж. і н.-луж. rychły ’хуткі’. Лексема адсутнічае ў паўднёва-славянскіх мовах. Прасл. *rychlъ. Звязана з рух, ру́шыць, параўн. лат. rusenis ’вельмі рыхлы снег’, rūsa ’смецце’, літ. ruošù (лат. roušs) ’клапатлівы’, ’мітуслівы’, ’дзейны’, ruõšti ’рыхтаваць’, ’збіраць’, с.-н.-ням. rusch, ст.-ісл. rúst ’разваліны’, нідэрл. rul ’рыхлы і сухі пясок’ (Голуб-Копечны, 2, 320; Фасмер, 5, 532; Брукнер, 471; Чарных, 2, 131). Прасл. *rychlъ (да *rychnǫti, *rysăti, роднасных да *ruchnǫti, *rušiti) (Варбат, Морфонол., 88–89). Польск. rychle, rykle, rytle ’сып, кароста, гнайнікі’ з’яўляецца нямецкім запазычаннем, параўн., с.-в.-ням. rücheln, ням. Röteln ’краснуха’, Rütteln ’трэсці, устрэсваць’ (Брукнер, 471). Сюды ж ры́хленько ’скоранька’ (Нас.). Два значэнні гэтага прыметніка (’хуткі’ і ’рассыпісты, няшчыльны, мяккі’) тлумачацца з асноўных значэнняў зыходных дзеясловаў з коранем *ruch‑: *rъch‑ ’рыць, капаць’ > ’пасоўваць’, ’ссоўваць з месца’, ’разбураць’. Кожнае са значэнняў прыметніка прадстаўлена ў варыянтах з рознай агаласоўкай. Таму варта казаць пра адзінае ўтварэнне з суф. ‑l‑ і двума значэннямі, часткова размеркаванымі па дыялектах: у заходнеславянскіх прадстаўлена толькі ’хуткі’, у паўднёва-славянскіх — толькі ’няшчыльны, мяккі’ (Варбат, Морфонол., 88). Махэк адрознівае заходне- і ўсходнеславянскія лексемы. Ён сцвярджае, што ўсходнеславянскія трэба звязваць з рух, рушыць. Заходнеславянскія лічыць роднаснымі да літ. rušėti ’быць поўным’, ’варушыцца’, ’быць жвавым, актыўным, дзейным’. З доляй імавернасці лічыць, што існаваў дзеяслоў *rych‑ati і лексема рыхлы з’яўляецца скарочанай формай ад *rychaly (якое ўтварылася як dbaly ад dbati) (Махэк₂, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

rége a

1) жва́вы, дзе́йны

2) ажыўлены (рух);

er ist noch sehr ~ ён яшчэ́ ве́льмі [на́дта] бадзёры;

in den Stráßen herrscht ~s Lében на ву́ліцах вялі́кае ажыўле́нне;

ein ~r Geist све́тлы ро́зум

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

travel

[ˈtrævəl]

1.

v.i.

1) падаро́жнічаць, вандрава́ць

2) ру́хацца, разыхо́дзіцца

Light and sound travel in waves — Сьвятло́ й гук разыхо́дзяцца хва́лямі

3) прахо́дзіць, прабяга́ць

A deer travels many miles in a day — Казу́ля за дзень прабяга́е шмат мі́ляў

2.

n.

1) падаро́жжа n.

2) рух -у m., перамяшчэ́ньне n.

•

- travels

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)