мірны дагавор паміж удзельнікамі 6-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй і Прусіяй) з аднаго боку і пераможанай Францыяй з другога, падпісаны 30 мая ў Парыжы. Пазней да дагавора далучыліся Швецыя, Іспанія і Партугалія. Дагавор захоўваў за Францыяй тэрыторыю ў межах на 1.1.1792. Лёс тэрыторый, якія адыходзілі ад Францыі, падлягаў вырашэнню на міжнар. кангрэсе (гл.Венскі кангрэс 1814—15). Дагавор прадугледжваў аднаўленне незалежнасці Галандыі, Швейцарыі, герм. княстваў і італьян. дзяржаў (акрамя зямель, што адыходзілі да Аўстрыі). Абвяшчалася свабода суднаходства па рэках Рэйн і Шэльда. Францыі вярталася б.ч.калан. уладанняў, страчаных ёю ў час Напалеонаўскіх войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Г,
у беларусаў старадаўні звычай даваць некаторую маёмасць маладой яе бацькамі або родзічамі. Рыхтаваць П. пачыналі з самага маленства дзяўчыны. Першапачаткова складаўся толькі з хатніх рэчаў (адзенне для нявесты і жаніха, пасцельныя рэчы, дываны, посуд, прылады працы і інш.), пазней (пераважна ў заможных сем’ях) яго гал. часткай стала хатняя жывёла, лён, з 2-йпал. 19 ст. — нерухомая маёмасць, грошы. З’яўляўся пажыццёвай уласнасцю нявесткі. Пра П. дамаўляліся ў час сватання, а канчаткова — на заручынах. У канцы вяселля П. урачыста (часам у суправаджэнні жартоўных песень) перавозіўся гасцямі з боку маладой у дом маладога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Ж (франц. passage літар. праход, пераход),
1)у музыцы — паслядоўнасць гукаў у хуткім тэмпе (з 16 ст.), характэрная для віртуознай музыкі і цяжкая для выканання. Бываюць гамападобныя, акордавыя і мяшаныя. У віртуозных творах буйнейшых кампазітараў напоўнены значным меладычным зместам (фп. эцюды Ф.Ліста, Ф.Шапэна).
2) У архітэктуры — тып гандл. ці дзелавога будынка, у якім магазіны, канторскія памяшканні размешчаны ярусамі па баках шырокага праходу з зашклёным пакрыццем. Будавалі ў 2-йпал. 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Еўропе.
3) Адзін з відаў верхавой язды — высокая рытмічная рысь.
4) У пераносным сэнсе — нечаканае здарэнне, дзіўны паварот справы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІР (Pire) Дамінік Жорж (10.2.1910, г. Дынан, Бельгія — 30.1.1969),
бельгійскі каталіцкі святар (дамініканец). Д-р тэалогіі (1936). Скончыў Дамініканскі ун-т у Рыме (1936). З 1937 выкладаў у дамініканскім калежы Ла Сарт (Бельгія), быў святаром, набыў вядомасць гуманітарнай дзейнасцю. Напярэдадні 2-йсусв. вайны стварыў у Бельгіі лагеры для дзяцей бедных бацькоў, дзе ў перыяд ням.-фаш. акупацыі краіны (1940—44) знайшлі прытулак тысячы дзяцей.
Удзельнік руху Супраціўлення. У пасляваен. час арганізоўваў дапамогу бежанцам і перамешчаным асобам праз стварэнне спец. лагераў, т.зв. «Еўрап. вёсак» і міжнар.гуманіт. арг-цый. Нобелеўская прэмія міру 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРС (Pearse) Патрык Генры (10.11.1879, Дублін — 3.5.1916),
ірландскі грамадскі дзеяч, паэт і асветнік. Адзін з кіраўнікоў Гэльскай лігі. Аўтар паэм і драматычных твораў на гэльскай (ірландскай) мове. Удзельнічаў у стварэнні Ірландскага нац. ун-та. З ліст. 1913 чл. выканаўчага к-та ірландскіх валанцёраў, з ліп. 1914 — Вярх.к-та Ірландскага рэспубліканскага брацтва (ІРБ). Пасля пач. 1-йсусв. вайны чл. крыла ІРБ, якое выступала супраць удзелу ірландцаў у вайне на баку Вялікабрытаніі. У час Ірландскага паўстання 1916 прызначаны 24.4.1916 прэзідэнтам часовага ўрада Ірландскай Рэспублікі. Быў узяты ў палон брыт. войскамі і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАК (Pollack) Міхай (1773, Вена — 5.1.1855),
венгерскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Венскай АМ. З 1799 працаваў у Пешце. Пабудовы П. ў значнай ступені ствараюць класіцыстычнае аблічча левабярэжнай ч. Будапешта 18—1-йпал. 19 ст. Ім уласцівы манументальнасць і прастата форм, стрыманая пластыка фасадаў, выразнасць архітэктанічнага дэкору: у Будапешце — лютэранская царква (1799), уласны дом (1822), будынкі Ваен. акадэміі (б. ліцэй Людовіка; 1829—35), Нац. музея (1837—47); Дом абл. савета ў Секешфехервары (1807—12, з Я.Тэглем), замак у Алчуце (1819—27, не захаваўся), дом камітацкай управы ў Сексардзе (1827—53).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 1-йпал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫВІ́ЗМ (ад прымітыў),
кірунак у выяўл. мастацтве канца 19—1-йпал. 20 ст., які характарызуецца праграмным свядомым спрашчэннем маст. вобразаў і сродкаў выяўлення арыентацыяй на формы прымітыву, інсітнага мастацтва, народнай творчасці, дзіцячай творчасці. Узнікненне і развіццё П. звязана з непрыняццем урбанізацыі жыцця, уніфікаванасці масавай культуры і элітарнасці сучаснага мастацтва. Мастакі імкнуліся да эмацыянальнай чысціні і яснасці нар. ці дзіцячага светаўспрымання, пошуку першакрыніц творчасці. Рысы П. ўласцівы творчасці П.Гагена, групы «Набі», ранніх прадстаўнікоў кубізму, фавізму, дадаізму ў Францыі, П.Клее ў Швейцарыі, Ю.Л.Макоўскага ў Польшчы, удзельнікаў маст. аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Блакітная ружа» (М.Крымаў, М.Сар’ян) у Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́НЦЫП Гаўрыла (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),
удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл.Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-йсусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСВІТЭРЫЯ́НЕ (ад прэсвітэр),
1) прыхільнікі прэсвітэрыянства.
2) Паліт. партыя ў Англіі ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Узнікла на базе абшчын прыхільнікаў прэсвітэрыянства (памяркоўных пурытан), якія існавалі з 1570-х г., прадстаўляла інтарэсы гандл.прамысл. буржуазіі і часткі «новага» (схільнага да капіталіст. гаспадарання) дваранства. У 1640—48 П. мелі большасць у парламенце і дамагліся ў 1644 абвяшчэння прэсвітэрыянства дзярж. царквой. У час 2-йграмадз. вайны (1648) схіляліся да пагаднення з каралём, за што выгнаны з парламента праціўнікамі манархіі — індэпендэнтамі (гл.Кангрэгацыяналісты). Актывізаваліся пасля смерці О.Кромвеля (1658).
У 1660 спрыялі рэстаўрацыі манархіі Сцюартаў, пасля чаго зышлі з паліт. арэны.