КАТЭ́ГОРЫІ (ад грэч. katēgoria выказванне, вызначэнне),

найбольш агульныя і фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць самыя істотныя і заканамерныя сувязі, адносіны рэчаіснасці і працэсу пазнання ў філасофіі і навуцы. Існуюць К. агульнанавук. (інфармацыя, сіметрыя), прыродазнаўчыя (напр., від, арганізм у біялогіі), філас. (адлюстроўваюць фарміраванне і гіст. развіццё структуры чалавечага мыслення). Пачынальнікам філас. вучэння пра К. лічаць Арыстоцеля, хаця ўжо ў Платона сустракаюцца К. ідэнтычнасці, адрознення, пастаянства, зменлівасці. Арыстоцель адрозніваў 10 К. (сутнасць, колькасць, якасць, час, дзея і інш.). І.​Кант, які разумеў пад К. апрыёрныя формы розуму, выявіў 12 К., звёў іх у 4 групы: К. колькасці (адзінства, мноства, цэльнасць); якасць (рэальнасць, адмаўленне, абмежаванне); стаўлення (прыналежнасць, прычыннасць, узаемадзеянне); мадальнасці (магчымасць, рэчаіснасць, неабходнасць). Г.​Гегель распрацаваў больш складаную сістэму К. у дыялект. трактоўцы: быццё (якасць, колькасць, мера), сутнасць (аснова, з’ява, рэчаіснасць, у якую ўваходзяць субстанцыя, прычына і ўзаемадзеянне), паняцце (суб’ект, абсалютная ідэя, аб’ект). У далейшым К. ў філас. трактоўцы інтэрпрэтаваліся як духоўныя трансцэндэнтныя сутнасці (неатамізм, персаналізм), або як вынік практычнага чалавечага вопыту (пазітывізм, неапазітывізм), ці як вынік прадметнай дзейнасці чалавека (марксізм). Філас. метадалогія садзейнічала з’яўленню ў навуцы 20 ст. катэгарыяльнага аналізу (вучэнне аб К.).

Літ.:

Категории диалектики как ступени познания. М., 1971;

Сагатовский В.Н. Основы систематизации всеобщих категорий. Томск, 1973;

Тузов Н.В. Философия теории Единой идеи. М., 1994;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

В.​А.​Салееў.

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІ́ЧНАЯ НЯМЕ́ЦКАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,

этап развіцця філасофіі (канец 18—1-я пал. 19 ст.), прадстаўлены вучэннямі І.Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінга, Г.В.Ф.Гегеля (ідэаліст. кірунак) і Л.А.Феербаха (матэрыяліст. кірунак). Сфарміравалася ва ўмовах разбурэння феад. адносін у Германіі. Асн. яе тэарэт. вытокамі былі рацыяналізм Р.​Дэкарта і Б.​Спінозы, філасофія англ. і франц. Асветніцтва 17—18 ст., прыродазнаўства канца 18 — пач. 19 ст., англ. палітэканомія. Гал. дасягненні К.н.ф. ў сферы тэорыі пазнання. Напр., Кант адзначаў супярэчлівы характар пазнання, лічыў, што чалавеку даступны толькі свет з’яў, які не мае нічога агульнага з «рэчамі ў сабе» (гл. Агнастыцызм). Фіхтэ ў межах пабудаванай ім сістэмы суб’ектыўнага ідэалізму імкнуўся раскрыць дыялектыку суб’екта і аб’екта, свядомага і несвядомага, ролю практыкі ў пазнанні, адзінства тэарэт. і практычнага, асобаснага і грамадскага (эмпірычнага і абсалютнага Я). Пераход да аб’ектыўнага ідэалізму (гл. Ідэалізм) быў зроблены ў філасофіі Шэлінга, які зыходзіў з прызнання абсалютнай тоеснасці суб’екта і аб’екта, рэальнага і ідэальнага, што прывяло яго да ірацыяналізму і містыкі. Гегель развіў вучэнне Шэлінга, вылучыў ідэі аб тоеснасці законаў прыроды, грамадства і мыслення, залежнасці дзейнасці чалавека ад развіцця ўсёй гісторыі чалавецтва. Ідэаліст. дыялектыку Гегеля з пазіцый матэрыялізму крытыкаваў Феербах, які разглядаў чалавека як вышэйшае тварэнне прыроды, як істоту, неаддзельную ад яе, а мысленне — як чалавечую ўласцівасць, непарыўна звязаную з пачуццёвым адлюстраваннем знешняга, матэрыяльнага свету, з эмацыянальным жыццём чалавека (гл. Антрапалагізм). К.н.ф. з’явілася адным з асн. тэарэт. вытокаў філасофіі марксізму.

т. 8, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́ШТАР (ад лац. claustrum замак, закрытае месца),

каталіцкі манастыр. Належыць да пэўных ордэнаў манаскіх. На тэр. Беларусі адзінкавыя К. вядомы з сярэдзіны 13 ст., сістэматычнае будаўніцтва пачалося пасля хрышчэння Літвы (1387). Найб. стараж. К.: францысканцаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505), аўгусцінцаў у в. Быстрыца (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.), Брэсце і Гродне (засн. Вітаўтам), бернардзінцаў у Вільні (1471), Гродне і Полацку (1498). У канцы 18 ст. на бел. землях ВКЛ (без Вільні) дзейнічалі больш за 160 мужчынскіх і жаночых К. Пры многіх К. працавалі невял. шпіталі, школы. Большасць К. закрыта ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з абвінавачваннем у нелаяльнасці манахаў уладам.

Класічны тып К. выпрацаваны ордэнам бенедыкцінцаў. Гэта быў замкнёны ансамбль будынкаў або памяшканняў для жыцця манаскай суполкі. Цэнтрам ансамбля быў касцёл. Каля яго рабілі абкружаны крытай галерэяй (клуатрам) чатырохвугольны двор, сад. З усходу да клуатра прымыкала зала капітула, з захаду — келлі, або дарміторый. Насупраць касцёла будавалі трапезную залу (рэфекторый). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гасп. пабудовы) размяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бенедыкцінскі тып К. быў запазычаны большасцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасці.

А.​А.​Ярашэвіч (гісторыя), С.​А.​Сергачоў (архітэктура).

Тыповы план кляштара: 1 — касцёл; 2 — сакрысція; 3 — клуатр; 4 — студня; 5 — зала капітула; 6 — трапезная зала (рэфекторый); 7 — кухня; 8 — дом абата; 9 — шпіталь.

т. 8, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» ў Кітаі,

«Вялікая пралетарская культурная рэвалюцыя», палітычная кампанія 1966—76, якая праводзілася пад кіраўніцтвам старшыні ЦК Камуністычнай партыі Кітая (КПК) Мао Цзэдуна для ўмацавання сваёй асабістай улады ў партыі і краіне. У 1964—65 Мао абвінаваціў парт. кіраўніцтва ў карупцыі і бурж. перараджэнні і заклікаў да «рэвалюцыянізацыі» кіт. грамадства. У пач. 1966 ім створана «Група па справах культурнай рэвалюцыі» на чале з Чэнь Бада і Цзянь Цын (жонкай Мао Цзэдуна). Пад шыльдай рэформы сістэмы адукацыі былі зачынены школы і ВНУ. З моладзі былі створаны групы хунвэйбінаў («чырвоных ахоўнікаў») і цзыафаней («бунтаўшчыкоў»), якія з вясны 1966 пад заклікам «скінуць аўтарытэты» разгарнулі кампанію тэрору і пагроз супраць інтэлігенцыі і парт. кіраўніцтва. 11-ы пленум ЦК КПК (жн. 1966) абвясціў К.р. «новым, яшчэ больш шырокім этапам развіцця сацыялістычнай рэвалюцыі». Парт. і дзярж. органы былі падменены рэўкомамі. Рэпрэсіям падвергліся мільёны кітайцаў, у т. л. большасць парт. і дзярж. дзеячаў (Дэн Сяапін, Лю Шаоцы, Пэн Дэхуай і інш.). Адносіны паміж Кітаем і СССР у час К.р. пагоршыліся (гл. Савецка-кітайскі канфлікт 1968—69). 9-ы з’езд КПК (крас. 1969) зацвердзіў вынікі К.р. і абвясціў «ідэі Мао Цзэдуна» асновай дзейнасці партыі. У 1977 11-ы з’езд КПК абвясціў К.р. завершанай, але фактычна яна скончылася са смерцю Мао Цзэдуна ў вер. 1976. У 1981 12-ы з’езд КПК прызнаў правядзенне К.р. памылкай.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),

філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л. «Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ВЫ КО́МПЛЕКС,

1) спалучэнне заканамерна размешчаных ледавіковых адкладаў і форм рэльефу, якія сфарміраваліся ў выніку геал. і геамарфал. дзейнасці ледавікоў. У рэльефе выражаны градамі канцовых марэн, дугападобна выгнутых у напрамку руху ледавіка, з унутр. боку па ходу ледавіка размешчаны ўзгорыста-марэнныя ці азёрна-ледавіковыя раўніны, камы, озы, друмліны, з вонкавага — маргінальныя озы, флювіягляцыяльныя тэрасы і дэльты, конусы вынасу, лагчыны сцёку, зандравыя раўніны, іншы раз ледавіковыя азёры Перад краявымі градамі пры нахіле паверхні ў іх бок могуць быць роўныя ўчасткі донных адкладаў (алеўрытавы матэрыял і стужачныя гліны) стараж. азёрна-ледавіковых вадаёмаў. Ў кожнае са стараж. зледзяненняў асобнай ледавіковай лопасці адпавядае асобны Л.к. На Беларусі ў межах паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў вылучаюць больш за 70 Л.к. Ледавіковыя адклады складаюць да 88% аб’ёму чацвярцічнага покрыва Беларусі. Звычайна ў іх аснове ляжаць водна-ледавіковыя адклады, потым марэнны гарызонт, флювіягляцыяльныя адклады, якія пераходзяць у міжледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і інш. Адклады Л.к. часцей утвараліся ледавіком, які наступаў. Характэрны павелічэнне матэрыялу ўверх па разрэзе, частая і рэзкая змена саставу, пакамечанасць і дыслацыраванасць слаёў, наяўнасць блокаў і лінзаў іншага саставу, адорвеняў. Для адкладаў ледавіка, які адступаў, характэрна памяншэнне буйнасці ўверх па разрэзе.

2) Адзінае ледавіковае цела, якое складаецца з ледавікоў розных марфал. тыпаў. У гэтым сэнсе вылучаюць Л.к. мацерыковыя, астраўныя, горна-покрыўныя, горных хрыбтоў і канічных вяршынь, плато, схілаў і перадгор’яў.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА НАВУ́КІ,

філасофская дысцыпліна, якая выкарыстоўвае паняцці і тэхн. апарат сучаснай фармальнай логікі (дэдуктыўнай, індуктыўнай) для аналізу сістэм навук. ведаў. Даследуе асаблівасці лагічных падстаў ключавых момантаў у навук. пазнанні (логіка развіцця навукі, логіка навук. адкрыццяў і інш.). Як спец. дысцыпліна Л.н. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. і сфарміравалася ў 1-й чвэрці 20 ст. (Г.​Фрэге, Б.​Расел, Л.​Вітгенштэйн). Прадмет Л.н. складаюць агульныя і найб. істотныя рысы функцыянавання ўсіх галін і кірункаў навукі: спосабы пабудовы навук. тэорый; класіфікацыя навук. тэорый і інш. форм абагульнення, сістэматызацыі і арганізацыі навук. ведаў; вывучэнне штучных (фармалізаваных) моў навукі; аналіз комплексу фармальных структур навук. паняццяў і акрэсленняў, высноў, даследчых працэдур і аперацый, распрацоўка крытэрыяў іх эфектыўнасці; разгляд логіка-гнасеалагічнага і логіка-метадалагічнага зместу працэсаў абстрагавання, тлумачэння, экстрапаляцыі, прадбачання і інш., якія выступаюць ва ўсіх сферах навук. дзейнасці. У 2-й пал. 20 ст. пэўны ўплыў атрымаў лагічны аналіз сістэм навук. ведаў з дапамогай метаду фармалізацыі, напр., у форме мадэліравання і пабудовы логіка-матэм. мадэлей аб’ектаў, што вывучаюцца ў прыродазнаўчых і грамадскіх навуках. Значную цікавасць маюць даследаванні па лагічнай семантыцы і праблемах, звязаных з эмпірычным абгрунтаваннем і праверкай навук. тэорый і гіпотэз ва ўсёй сукупнасці прыродазнаўчых і грамадскіх навук.

Літ.:

Копнин П.В. Логические основы науки. Киев, 1968;

Зиновьев А.А. Логика науки. М., 1971;

Логические проблемы исследования научного познания;

Семантич. анализ языка. М., 1980.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць працэсаў ужывання, усмоктвання, размеркавання і выдзялення неарганічных рэчываў з арганізма жывёл і чалавека. Разам з водным абменам М.а. забяспечвае пастаянства асматычнай канцэнтрацыі, іоннага складу, кіслотна-шчолачнай раўнавагі, аб’ёму вадкасцей унутр. асяроддзя арганізма (гл. Гамеастаз). Характар фіз.-хім. працэсаў у тканках вызначаюць іоны (Na​+, K​+, Ca​2+, Mg​2+, Cl​, SO42−, HCO3 і інш.) і мікраэлементы. Пазаклетачная вадкасць мае шмат Na​+, Ca​2+, Cl​, унутрыклетачная — K​+, Mg​2+, фасфаты. Іонная асіметрыя забяспечваецца дзейнасцю плазматычных мембран, звязваннем некат. іонаў хім. кампанентамі клетак, назапашваннем у органах (напр., у касцявой тканцы дэпаніруецца Ca​2+, Mg​2+, Sr​2+). У млекакормячых жывёл і чалавека солі выводзяцца праз кішэчнік і ныркі (экскрэцыя ўзмацняецца пры іх лішку і памяншаецца пры недахопе). Сутачная патрэба чалавека ў асобных хім. элементах залежыць ад узросту, полу, клімату, роду дзейнасці, рацыёну харчавання. Канцэнтрацыя асобных іонаў падтрымліваецца спец. сістэмамі рэгуляцыі (напр., Na​+ і K​+ — гармонамі кары наднырачнікаў, Ca​2+ — гармонамі шчытападобнай і каляшчытападобнай залоз) і каардынуецца ц. н. с. Парушэнне М.а. прыводзіць да паталаг. з’яў (напр., павышэнне канцэнтрацыі K​+ у плазме крыві парушае сардэчную дзейнасць, паніжэнне — выклікае мышачную слабасць, парушэнне функцый нырак і страўнікава-кішачнага тракту).

Літ.:

Гинецинский А.Г. Физиологические механизмы водно-солевого равновесия. М.; Л., 1963;

Кравчинский Б.Д. Физиология водно-солевого обмена жидкостей тела. Л., 1963.

С.​С.​Ермакова.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́Л-ФАШЫ́ЗМ,

спалучэнне крайніх форм нацыяналізму з фашызмам і расізмам. Для Н.-ф. характэрна ідэя перавагі над інш. народамі, падзел людзей на групы вышэйшага і ніжэйшага гатунку (карэннай нацыянальнасці і іншамоўных). Вынікам крайняга Н.-ф. з’яўляюцца «этнічныя часткі», тэр. прэтэнзіі да суседзяў, захопніцкія войны. Агульнымі крытэрыямі Н.-ф. служаць: афіцыйна ўстаноўлены ін-т «правадыра нацыі і дзяржавы» (фюрэра), які канцэнтруе ў сваіх руках гал. рычагі заканад., выканаўчай, суд. улады, дзейнічае ў інтарэсах вузкай групы буйных уласнікаў прадпрыемстваў і капіталаў; адсутнасць форм дэмакр. арганізацыі і самаарганізацыі грамадства, а таксама яго ўдзелу ў прыняцці паліт. рашэнняў; разгалінаваны апарат насілля над грамадствам. На глебе Н.-ф. нацыяналіст. нецярпімасць да інш. народаў перарастае ў адкрытую нянавісць і ўвасабляецца ў форме расавай тэорыі, паводле якой грамадскае становішча чалавека вызначаецца толькі нац. і расавымі прыкметамі. Крызіс улады, якая абапіраецца на нацыяналіст. і фаш. сілы або цярпіма ставяцца да іх дзейнасці, прыводзіць да зліцця нацыяналізму з фашызмам у адзіны ідэалагічны і паліт. комплекс у выглядзе Н.-ф. Гэты працэс не адбываецца стыхійна, а з’яўляецца мэтанакіраваным і залежыць ад паліт., фін. і інш. падтрымкі кіруючых эліт. Разам з тым ваяўнічы нацызм, фашызм або схільнасць да іх сінтэзу патэнцыяльна не закладзены ў сістэме духоўных каштоўнасцей ніводнага народа, але ў пэўных гіст. умовах могуць быць навязаны любому з іх па сац. і паліт. матывах.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАФАШЫ́ЗМ,

ідэалогія і дзейнасць паліт. рухаў і партый, якія пасля 2-й сусв. вайны выступаюць з пазіцыі мадэрнізаванага фашызму, рэакцыя крайніх паліт. плыней на актыўнае ўключэнне народаў у сац.-паліт. працэсы, на паскарэнне навук.-тэхн. рэвалюцыі з мэтай падпарадкавання гэтых працэсаў і выкарыстання энергіі нар. мас для дасягнення (або ўтрымання) паліт. улады ў асобнай дзяржаве. Не адмаўляецца і ідэя сусв. панавання. Выяўляецца ў паліт. жыцці асобных краін і ў міжнар. маштабе. У сац.-паліт. плане Н. выконвае функцыю запаснога, рэзервовага варыянта ўтрымання дзярж. ўлады, якая ў крытычнай сітуацыі (унутрыпаліт. або знешнепаліт. крызіс) можа страціць апору ў грамадстве. Таму неафаш. групоўкі, аб’яднанні, партыі дзейнічаюць у многіх дэмакр. краінах Еўропы і Амерыкі, дзе карыстаюцца падтрымкай фін. капіталу, прамысл. буржуазіі і буйных землеўладальнікаў. Н. ў форме яўных і тайных «цэнтраў» і «інтэрнацыяналаў» функцыянуе таксама па-за нац. межамі. Ідэалогія Н. будуецца на сац. дэмагогіі і эклектыцы: сцвярджэнні аб вернасці канстытуцыі, парламенцкім ін-там, дэмакр. правам у ёй пераплятаюцца з нацыяналіст. ідэямі і элементамі расавай тэорыі (варожасць да «каляровых» імігрантаў, выхадцаў з азіяцкіх і слав. краін, спасылкі на цывілізацыйна-культ. еўропа- ці амерыканацэнтрызм і г.д.). Асаблівасць Н. — імкненне перахапіць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах некаторыя папулярныя лозунгі дэмакр. ідэйна-паліт. плыней (барацьба з карупцыяй, злачыннасцю, беспрацоўем, спекуляцыяй, амаральнасцю). У сваёй практычнай дзейнасці неафашысты маюць прыхільнасць да выкарыстання тэрору для дасягнення паліт. мэт.

Літ.:

Гл. пры арт. Фашызм.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)