КАПУ́СЦІН (Аляксандр Пятровіч) (12.2.1924, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 16.10.1996),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955), Вышэйшыя юрыд. курсы ў Маскве (1959). Працаваў у органах юстыцыі, у газ. «Гомельская праўда», у БелТА, з 1973 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1974—96 нам.гал. рэдактара). Друкаваўся з 1943. Першы зб. прозы «Суд ідзе» (1959). У творах узнімаў маральна-этычную і прававую праблематыку сучаснасці: зб-кі аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Суд вырашыў...» (1975), «Покліч сэрца», «Белыя гусі лета прарочаць» (абодва 1976), «Размова ў дарозе» (1977), «Скажу праўду» (1979), «Быць чалавекам» (1981), «Дружба вывела да зорак» (1985) іінш. Пісаў гумарэскі, гумарыст. апавяданні, публіцыст. артыкулы. Перакладаў з рус.і польск. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛЬЧАНКА (Пётр Міхайлавіч) (18.10.1914, г. Краснадар, Расія — 20.9.1997),
бел. альтыст, педагог, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1938). З 1938 артыст сімф. аркестраў у Маскве і Горкім. У 1944—62 саліст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, удзельнік струннага квартэта Бел. філармоніі. У 1970—73 гал. дырыжор Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі, у 1980—90 — Мінскай нар. опернай студыі Рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў. Выкладаў у Бел. кансерваторыі (1945—79). Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены спектаклі «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Халопка» М.Стрэльнікава, «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.Сандлера, «Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра» І.Кальмана ў т-ры муз. камедыі; «Справа гонару» С.Манюшкі, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «Джані Скікі», «Плашч» Дж.Пучыні іінш. ў нар. опернай студыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СБЕРГ (Сямён Арыевіч) (14.10.1903, г. Слуцк Мінскай вобл. — 3.1.1965),
сав. канструктар авіяц.і ракетных рухавікоў. Д-ртэхн.н. (1959). Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1931). Працаваў у праектных арг-цыях авіяц. прам-сці. З 1941 гал. канструктар КБ. Адзін са стваральнікаў авіяц. рухавікоў, устаноўленых на знішчальніках Ла-5, Ла-7 іінш. самалётах ваен. часу. Пад яго кіраўніцтвам створаны доследныя ўзоры рэактыўных рухавікоў для самалётаў канструкцыі А.І.Мікаяна і А.С.Якаўлева, першы сав. кіслародна-газавы вадкасны ракетны рухавік (ВРР), які запускаецца ва ўмовах бязважкасці, серыйныя ВРР апошніх ступеняў ракет-носьбітаў касм. апаратаў. Ленінская прэмія 1960. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Літ.:
Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБО́ВІЧ (Арсень Аляксандравіч) (н. 28.9.1923, в. Студзянкі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Бел.тэатр.ін-т (1949). Працаваў у культасветустановах Гродна, Стоўбцаў, Навагрудка. З 1959 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1971 у Гал. рэдакцыі БелСЭ, з 1979 у Рэсп. ін-це павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры, з 1988 у Мінскім ін-це культуры, з 1991 у Музеі гісторыі тэатр.імуз. культуры Беларусі. Даследуе бел.-польскія тэатр. сувязі, тэатр. жыццё Зах. Беларусі, творчасць нар. т-раў, праблемы ўвасаблення твораў А.Астроўскага і М.Горкага на бел. сцэне, выступае ў друку па пытаннях сучаснага тэатр. жыцця.
Тв.:
Героі Горкага на сцэне тэатра імя Янкі Купалы // Максім Горкі і Беларусь. Мн., 1968;
Тэатр змагання. Мн., 1969;
Пьесы А.Н.Островского на белорусской сцене. Мн.,1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫФУ́НДЫІ (лац. latifundium ад latus вялізны + fundus маёнтак),
вялікія прыватнаўласніцкія зямельныя ўладанні. У Стараж. Рыме — вял. маёнткі з рысамі натуральнай гаспадаркі, дзе асн. рабочую сілу складалі рабы і калоны. У перыяд феадалізму Л. былі гал. формай вядзення сельскай гаспадаркі з залежнымі сялянамі. У новы час (17 — пач. 20 ст.) старыя і зноў утвораныя Л. як буйныя вытворцы с.-г. прадукцыі былі ўключаны ў сістэму рыначнай эканомікі, але захоўвалі пераважна паўфеадальныя формы эксплуатацыі. Былі пашыраны ў Германіі, Расіі, Іспаніі, Паўд. Італіі, краінах Лац. Амерыкі. У Беларусі з сярэдніх вякоў да пач. 20 ст. існавалі Л. ў выглядзе магнацкіх маёнткаў Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх, Лацаў, Вішнявецкіх, Агінскіхіінш. Л. захоўваюцца ў наш час у шэрагу краін Лац. Амерыкі (Бразілія, Эквадор), Афрыкі (Паўд.-Афр. Рэспубліка) іінш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ ПІЯ́РАЎ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Узведзены ў 1797—1825. На пабудову храма 5 тыс.руб. ахвяраваў Павел I. Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны 8-гранным ліхтаром. Да асн. круглага ў плане аб’ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб’ёмы: прытвор з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе і 2-павярховая сакрысція па восі ўсход—захад, невял. рызаліты з ПдіПн. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам мураваныя 1-павярховы корпус кляштара (зачынены ў 1832) і 1-ярусная званіца. Касцёл у 1842 пацярпеў ад пажару, у 1863 пераабсталяваны пад правасл. царкву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗДАКІ́ЦКІ РУХ,
народны рух у дзяржаве Сасанідаў у 490 — канцы 520-х г. Ідэалогіяй М.р. было рэліг.-філас. вучэнне маздакізм, якое ўзнікла ў канцы 3 ст. Гал. змест вучэння — ідэі барацьбы Святла (Дабра) і Цемры (Зла), усеагульнай роўнасці, падзелу маёмасці. Рух узнік ва ўмовах эканам.іпаліт. крызісу, росту ўплыву арыстакратыі і аслаблення царскай улады, разарэння іранскіх сялян, многія з якіх з-за жорсткага шлюбнага заканадаўства не маглі стварыць сям’ю. Быў падтрыманы царом Кавадам I [488—496, 499—531]. Прыхільнікі маздакізму занялі важныя дзярж. пасады, кіраўнік М.р. Маздак стаў адной з першых асоб дзяржавы. Маздакісты захоплівалі маёмасць знаці і аддавалі яе бедным, было палегчана шлюбнае заканадаўства. Аслабіўшы арыстакратыю, Кавад I у канцы 520-х г. парваў з маздакізмам, а яго сын Хасроў задушыў М.р. Маздак быў пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ (Мікалай Андрэевіч) (4.5.1883, г.п. Браілаў Вінніцкай вобл., Украіна — 23.6.1961),
расійскі дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1909) па класах кампазіцыі (у М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання іфп. З 1909 дырыжор Марыінскага т-ра. У 1918—21 узначальваў Віцебскую нар. кансерваторыю ісімф. аркестр. З 1925 гал. дырыжор філармоніі іпраф. кансерваторыі ў Ленінградзе. З 1928 за мяжою, выступаў як прапагандыст рус.ісав. музыкі, працаваў дырыжорам Радыё ў Капенгагене (1928—32). З 1938 у ЗША, заснаваў дырыжорскія курсы ў Чыкага. З 1957 узначальваў створаны ім сімф. аркестр у Сіднеі (носіць яго імя). Аўтар кн. «Асновы тэхнікі дырыжыравання» (1950). Сярод яго вучняў: Л.Гінзбург, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Б.Хайкін. З 1963 у Капенгагене праводзіцца Міжнар. конкурс дырыжораў імя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),
бел.нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» іінш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.
Тв.:
Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].
Літ.:
Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛ (ад франц. maréchal),
1) у сярэдневяковай Францыі каралеўскі слуга; з 12 ст. — прыдворны саноўнік, які кіраваў целаахоўнікамі, коннай стражай, каралеўскімі стайнямі (гл. таксама Маршалак). У 13—15 ст. камандуючы часткай каралеўскіх войск.
2) Вышэйшае воінскае званне ў Францыі (з 16 ст.) іінш. краінах у 19—20 ст. У Расіі званню М. адпавядаў чын ген.-фельдмаршала. У 1894 гэтага звання ўдастоены І.У.Гурка (гл. ў арт.Гуркі). У СССР з 1935 існавала вышэйшае воінскае званне М. Сав. Саюза, з 1943 — М. родаў войск іГал. М. родаў войск, якое адпавядала званню генерала арміі (адмірала флоту). У ліку М. Сав. Саюза былі А.М.Васілеўскі, Г.К.Жукаў, К.К.Ракасоўскі, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскііінш. Ва Узбр. сілах Беларусі званне М. не існуе.
3) У Польшчы — званне некаторых службовых асоб (М. сейма, віцэ-М. сейма).