кара́лі, ‑яў; адз. караля, ‑і, ж.

Упрыгожанне з каралавых або іншых каштоўных камянёў, якое надзяваецца на шыю. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі Зіна была вельмі прыгожая. Шыцік. // перан. Пра ўсё, што нагадвае такое ўпрыгожанне. Рабіна надзела каралі І ўстала ля самай дарогі. Буйло. На полымя апалі Дзве расінкі — дзве каралі З цёмна-сіняга галля. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да друкарскага набору. Наборны цэх. □ Друкарня была на першым паверсе. Паўз сцены ў адным пакоі стаялі наборныя касы. Гаўрылкін. // у знач. наз. набо́рная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе робяць набор (у 3 знач.). Працаваць у наборнай. Увайсці ў наборную.

2. З аздабленнямі, з наборам (у 4 знач.). Наборная вупраж.

3. Які складаецца з асобных частак. Наборны паркет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца на дзяснах (пра зубы). У дзіцяці нарэзаліся зубы.

2. Разм. Напіцца дап’яна. [Мужчына:] — Толькі ў бутэльку [старшыня] і глядзіць: сёння п’яны, учора нарэзаўся, дык аж вуліца яму вузкая была. Сергіевіч. У абедзенны перапынак Гушча сустрэў .. [Генадзя Курсевіча] ля магазіна. — Нарэзаўся.. Эх ты, — сказаў ён, крануўшы Генадзя за плячо. — І напіўся... А што... Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насе́ннік, ‑а, м.

1. Расліна або яе плод, пакінуты на насенне. Тытунь-насеннік. Агурок-насеннік. □ [Дзяўчына] была на дзялянцы, прарывала бурачкі, даглядала насеннікі. Сабаленка. // Дрэва, якое пакідаецца для абсемянення высечанага ўчастка лесу. Дуб-насеннік.

2. Спец. Участак, прызначаны для вырошчвання раслін на насенне. — Паважаны Аксён Верамеевіч, не ўсякая трава ідзе на насенне. Вунь у нас насеннікі, — паказаў Варанецкі за канаву. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неаргані́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не належыць да расліннага або жывёльнага свету, характарызуецца адсутнасцю жыццёвых працэсаў; нежывы. Неарганічныя рэчывы. Неарганічная прырода. // Які складаецца з рэчываў, што не належаць да расліннага або жывёльнага свету. Неарганічныя ўгнаенні.

2. перан. Які не ўваходзіць натуральна ў стыль, твор і інш. Разбіўка нашых вершаў на сечаныя радкі ішла сілком, была неарганічнай. Скрыган.

•••

Неарганічная хімія гл. хімія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непара́дак, ‑дку, м.

Адсутнасць або парушэнне парадку; беспарадак. Тут быў страшэнны непарадак — На тое час быў перабору. Была адчынена камора І сені насцеж. Як папала Надоба розная стаяла. Колас. У пакоі панаваў непарадак: ложкі былі незасланы, на стале стаяў непамыты посуд, усюды было параскідана адзенне. Бяганская. Узлезшы на воз, Сімон знайшоў непарадкі: мяхі ляжалл не так, як трэба, няёмка было сядзець. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрывы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога не прывыклі; які з’яўляецца новым для каго‑н. Здзіўлены і моцна ўражаны Пракоп нясмела сеў за стол у гэтай непрывычнай для сябе абстаноўцы. Колас. У вестыбюлі была цішыня. Непрывычная, нейкая застыглая. Васілёнак.

2. Які не мае прывычкі, звычкі да чаго‑н. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нерэа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не існуе ў рэчаіснасці; фантастычны. Дрэвы, ахутаныя ў казачна бялюткія адзенні, стаялі нерухома, быццам зачараваныя. Усё здавалася нерэальным, таямнічым. Новікаў. У Косцевым уяўленні кожная дзяўчына была занадта паэтычная і нерэальная. Карпюк.

2. Немагчымы для выканання, здзяйснення; неажыццявімы. Нерэальныя патрабаванні. □ І ўсе іх планы былі нерэальнымі, бо не было ў хлопцаў зброі, ды і ўдвух не многае зробіш. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

Падсцерагаючы, дачакацца з’яўлення каго‑, чаго‑н. Неяк цёмнай ноччу камсамольцы падпільнавалі на вуліцы двух нямецкіх патрулёў і знішчылі. Пятніцкі. — Не! — крыкнуў Віктар. — Хоць сам загіну, а падпільную, як .. [бабры] будуць валіць гэтае дрэва! Маўр. // Дачакацца зручнага моманту, каб ажыццявіць што‑н. [Міхаліна:] Роза Абрамаўна падпільнавала, калі я была адна, у баку ад людзей, падбегла са спалоханымі вачыма. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Спяваць, падцягваючы, памагаючы каму‑, чаму‑н.; уторыць. Спявала цётка, і ледзь чутна падпявалі ёй госць і дзядзька. Вышынскі. Чуваць была толькі скрыпка, усе іншыя інструмент толькі падпявалі ёй, толькі памагалі. Дамашэвіч.

2. перан. Разм. Падтрымліваць каго‑н., памагаць каму‑н. з карыслівых меркаванняў. Шукаюць многія, як і заўжды шукалі, Сабе сяброў такіх, каб падпявалі. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)