расплю́шчыць 1, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.
Раскрыць, адкрыць (пра вочы). Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся. Колас. Колькі ляцеў я — не памятаю, А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Лынькоў. // Разамкнуць (пра павекі). [Кот] нехаця расплюшчыў павекі і ўбачыў перад сабой Мышку. Шуцько. Апанаска расплюшчыў павекі: адчуў — нехта тармошыць яго, катурхае, штосьці незразумелае гаворыць. Даніленка.
расплю́шчыць 2, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Моцна націснуўшы, ударыўшы чым‑н., зрабіць плоскім. Расплюшчыць манету. // Расціснуць, раструшчыць сваім цяжарам, ударам. Ні на шлюпцы не выратуешся, ні з коркавым поясам. Расплюшчыць аб гэту каменную сцяну. Б. Стральцоў. Пакуль снарад намацае на целе волата слабае месца, колькі фашыстаў змяце танк знішчальным агнём, расплюшчыць сваім шматтонным цяжарам. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассу́нуцца, ‑нецца; зак.
1. Пасунуўшыся, аддаліцца адзін ад аднаго, вызваліўшы паміж сабой месца, прастору. Хто сядзеў, дык тыя рассунуліся на лаўцы, і .. [баец] прысеў. Брыль. // Раз’яднацца, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Некалькі хвілін ніхто не паказваўся з вагонаў, а пасля ў адным з іх дзверы рассунуліся і на платформу саскочыў салдат. Арабей. У гэты час заслона рассунулася, і .. [Віцю] здалося, што проста на яго паплыла ўся зала. Нядзведскі. // Расступіцца, расхіліцца ў бакі. Раптам чарот рассунуўся, і з яго вынырнула невялікая лодка. Гамолка. / у перан. ужыв. Ноч разам пасвятлела, мрок рассунуўся, стала светла, як.. перад усходам сонца. Колас.
2. Разм. Разваліцца, разбурыцца. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.
1. Кудахтаць, утвараць сокат (пра курэй). У сенцах спакойна, непалохана ходзяць белыя куры — кудахчуць, сакочуць. Сіпакоў. Ходзіць курачка ля току і сакоча: — Ко-ку! Ко-ку! Шушкевіч. // Стракатаць, утвараць строкат (пра насякомых, птушак). Бясконцым, здаецца, на ўсю зямлю, хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі. Толькі сарока, пералятаючы з дрэва на дрэва, трывожна сакатала. Бажко.
2. Часта стукаць, страляць, трашчаць. Раўлі гарматы, трывожна сакаталі кулямёты на Валакаламскай шашы. Няхай. Калёсы часта і дробна сакаталі па мёрзлай зямлі. Мележ. За сцяною плаўна.. сакатала швейная машына. Ракітны.
3. перан. Разм. Хутка, не сціхаючы, гаварыць; балбатаць. Сам.. [Бабіч] гаворыць мала, а толькі слухае, як другія сакочуць, прычым на яго твары ўвесь час красуе найдабрэйшая ўсмешка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сакрата́р, ‑а, м.
1. Асоба, якая вядзе справаводства, канцылярыю якой‑н. арганізацыі або перапіску і справы прыватнай асобы. Сакратар канцылярыі. Асабісты сакратар. □ Дзядзька Рыгор сказаў сакратару, каб напісаў дзеду даведку. Якімовіч.
2. Асоба, якая піша пратакол сходу, пасяджэння і пад. Сакратар сходу, заслухаўшыся, нічога не пісаў. Шахавец.
3. Выбарны кіраўнік якой‑н. арганізацыі, якога‑н. органа. Сакратар райкома партыі. Сакратар Саюза пісьменнікаў. □ Камсамольска сакратар гаварыў маладым, звонкім голасам. Кавалёў. Сёння запрашаць на сход прыйшоў сам сакратар калгаснага партбюро Глеб Званец. Дуброўскі.
4. Асоба, якая загадвае арганізацыйна-выканаўчым аддзелам якой‑н. установы. Вучоны сакратар інстытута. □ Рэдактара яшчэ не было. Лабановіча прыняў сакратар рэдакцыі, малады, бялявы, прылізаны чалавек. Колас.
5. Драпежная птушка афрыканскага кантынента з доўгімі нагамі і чубам на галаве ў выглядзе гусінага пяра.
[Фр. secrétaire.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самкну́цца, ‑нецца; зак.
1. Зблізіўшыся, даткнуцца; злучыцца. Кантакты самкнуліся. // Згусціцца, стаць шчыльным. Краска змоўкла, а ў разоры Мрок гусцей самкнуўся. Колас. Неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Быкаў.
2. перан. Злучыцца, згуртавацца, стварыць адно цэлае. Рады пралетарыяту павінны самкнуцца яшчэ цясней і даць у гэтай барацьбе ўзор арганізаванасці і дысцыпліны. Ленін. У сваіх мэтанакіраваных адносінах да фальклору Купала і Багдановіч самкнуліся, хоць пачыналі з тыпалагічна розных сувязей з ім. Лойка. // Акружыўшы з усіх бакоў, злучыцца. Ракеты егерам рассыпаліся наўкол. Па іх мы бачылі, як самкнулася кола вакол нас. Няхай.
3. Заплюшчыцца, стуліцца (пра вочы, губы і пад.). Вочы мне з часам самкнуцца, Жвір мяне ўхутае цвёрды, Жыць між людзей застануцца Песня і Леніна ордэн. Купала. [Алена] адразу задумалася. Твар стаў строгі, прыпухлыя вусны самкнуліся. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сарако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.
Разм.
1. Сорак гадоў. Ездзіў Картуль шпарка, затое хадзіў паволі-паволі, нібыта баючыся растрэсці сябе, хоць не меў яшчэ і саракоўкі за плячыма. Пташнікаў. [Яўхім:] — Бачу, што нібыта прайшоў Усцін, а ты і ёсць Усцін!.. Значыць, яшчэ ходзіш? Колькі табе... пад дзве саракоўкі ўжо ёсць? Ракітны.
2. Уст. Манета вартасцю ў 20 капеек. Калі на стале зазвінела грыўні, залатоўкі, саракоўкі і паўрублі, Садовіч ціха сказаў Лабановічу: — Давай, брат, папрабуем. Лабановіч першы раз бачыў такую ўрачыстую, такую паважную гульню. Колас. Хлопцы яшчэ сабралі па саракоўцы, і капельмайстар паабяцаў іграць усю ноч. С. Александровіч.
3. Уст. Бутэлька гарэлкі ёмістасцю ў 1/40 частку вядра.
4. Тое, што мае таўшчыню ў 40 міліметраў (сантыметраў). Дошка-саракоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Прадмет, які складаецца з чатырох сценак і днішча, зробленых з дошак, фанеры, металу і інш. (звычайна з вечкам), і служыць для захоўвання, укладвання і пераносу чаго‑н. Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. Знайшоўшы ў скрынцы стала кавалак хлеба, падаў усё гэта [ваду і хлеб] матцы. Якімовіч. [Павел:] — Я знайшоў у возеры жалезную скрынку. Там грошы... Ваданосаў. Старанна ў скрынкі Іх [дубкі] зноў пасадзілі, Вадой палілі І ад спёкі прыкрылі. Нядзведскі. // Такі ж прадмет, прызначаны для якой‑н. пэўнай мэты. Грашовая скрынка. Снарадная скрынка. □ Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. Колас. Каб стрымаць сябе,.. [Лясніцкі] сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі. Шамякін. / Разм. Пра кузаў аўтамашыны, калёс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сляпі́ць, сляплю, слепіш, слепіць; незак., каго-што.
1. Пазбаўляць зроку, рабіць сляпым. // Пагаршаць зрок, псаваць вочы. Твая дзяўчына пры кудзелі Сляпіць не будзе ясных вочак. Купала. Эх, жэўжык! Замарыўся ўчора, ходзячы за каровамі, а ўсё роўна ўвечары сляпіў вочы: штосьці пісаў. С. Александровіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асляпляць яркім, моцным святлом. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Колас. Святочныя ілюмінацыі на вуліцы сляпілі вочы. Карпюк.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перашкаджаць глядзець, бачыць, засыпаючы ці залепліваючы, засцілаючы чым‑н. вочы. Слёзы сляпілі вочы. □ Паваліў густы мокры снег, сляпіў вочы, слізкімі палякамі спаўзаў за каўнер. Грахоўскі.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Пазбаўляць здольнасці разумна разважаць. Гнеў пачынаў сляпіць. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́рці 1, сапру, сапрэш, сапрэ; сапром, сапраце; пр. спёр, сперла; заг. сапры; зак., каго-што.
Разм.
1. Знесці, ссунуць з месца што‑н. [Сёмка:] — Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе. Колас.
2. перан. Прагнаць з пасады, службы. [Вальдамар:] — Ну, ад жонкі адаб’ешся... Але цяпер не сапрэш Купчына з брыгадзірства. Мыслівец.
3. Украсці. Круціўся хітрым лісам ён [Мікіхвер], Хапаў — І гэта факт! Сапрэ. — і тут жа спісана — І, калі ласка, акт! «Вожык».
спе́рці 2, сапрэ; безас. зак.
Разм. (звычайна ў пр. сперла). Сціснуць, здушыць. У Андрэя сперла ў грудзях, здрадніцкі горкі камяк падпёр пад горла. Асіпенка. Ад хвалявання і крыўды ў Змітрака нешта сперла ў горле. Ваданосаў. Лёнька загрузаў па пахі ў снезе, але бег і бег, пакуль у грудзях не сперла дых. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)