АГАМІРЗЯ́Н (Рубен Сяргеевіч) (20.12.1911, Тбілісі — 26.10.1991),

рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1983). Засл. дз. маст. Расіі (1969) і Грузіі (1972). Праф. (1975). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т імя А.​М.​Астроўскага (1953). З 1966 гал. рэжысёр Ленінградскага драм. т-ра імя В.​Ф.​Камісаржэўскай. Сярод пастановак драм. трылогія «Смерць Іаана Грознага», «Цар Фёдар Іванавіч», «Цар Барыс» А.​К.​Талстога (Дзярж. прэмія СССР 1984). У Бел. т-ры імя Я.​Купалы паставіў спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Г.​Лордкіпанідзе (1965) і «...Забыць Герастрата!» Р.​Горына (1974), якія вылучаліся цікавай рэжысёрскай задумай, яркай формай і выдатнымі акцёрскімі работамі.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЫПЛА́НА (Altiplano),

заходняя частка ўнутр. пласкагор’я Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі, у Перу і Балівіі. Займае катлавіны (днішчы) вял. азёраў, якія існавалі ў плейстацэне. Ляжыць на выш. 3300—3800 м. Алювіяльныя раўніны, азёры — Тытыкака і Паапо, саланчакі Уюні і Кайпаса (рэшткі стараж. азёраў), вулканічныя плато і асобныя масівы (да 5300 м). Клімат высакагорны, трапічны. Сярэднямесячныя т-ры ад 6 да 11 °C. Альтыплана — вобласць унутр. сцёку, гал. р. Дэсагуадэра. На Пн, дзе выпадае 500—700 мм ападкаў за год, — горны злакавы стэп, на З і Пд (ападкаў да 300 мм) — пустынная і паўпустынная расліннасць. Альтыплана — найб. заселеная ч. Балівіі.

Альтыплана. Паўпустынны ландшафт.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МТМАН-БРЫ́ЕДЫТ (Amtmanis-Brieditis, сапр. Амтманіс) Альфрэд Фрыцавіч (5.8.1885, сядзіба Званітаю Букас, Латвія — 15.5.1966), латышскі акцёр, рэжысёр, педагог; адзін з буйнейшых майстроў рэаліст. акцёрскага мастацтва Латвіі. Нар. арт. СССР (1953). Праф. (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1903. З 1919 у Латв. т-ры драмы імя А.​Упіта, з 1944 маст. кіраўнік, з 1949 гал. рэжысёр. Сярод роляў: Улдыс («Ветрык, вей!» Я.​Райніса), Атвасар («Гліна і фарфор» А.​Грыгуліса, Дзярж. прэмія СССР 1948). Яго пастаноўкі вызначаліся яркасцю карцін нар. побыту, эмацыянальна насычанымі характарамі: «Сын рыбака» В.​Лаціса (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Зямля зялёная» Упіта (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш.

т. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЦЭ́ВІЧ (Ігнат Сымонавіч) (псеўд. Жэгота з Малой Бераставіцы; 1780, в. Малая Бераставіца Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 18.2.1845),

гісторык, археограф, архівіст. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це (1803—05), скончыў Віленскі ун-т (1811). У 1813—17 выкладчык у Беластоцкай гімназіі, з 1818 у Віленскім ун-це, з 1827 прафесар. У 1828 абвінавачаны ва ўдзеле ў студэнцкай арг-цыі «Плямёны сарматаў» і высланы на радзіму. З 1834 у Пецярбургу, супрацоўнік Археаграфічнай камісіі, Румянцаўскага музея. Даследаваў архівы і б-кі Пецярбурга, Дэрпта, Рыгі, Кёнігсберга, Варшавы, рукапісныя зборы прыватных асоб у Гродзенскай губ. Аўтар артыкулаў па гісторыі ВКЛ, гал. праца «Гісторыя Літвы» не надрукавана.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́СІК (Мікалай Мікалаевіч) (н. 8.1.1945, в. Каменка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай мікрабіялогіі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-р вет. н. (1989). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1970). З 1972 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​Н.​Вышалескага, з 1994 нач. Гал. ўпраўлення аграрнай адукацыі Мінсельгасхарча Беларусі. Навук. працы па дыягностыцы, спец. прафілактыцы і мерах барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл.

Тв.:

Профилактика пневмоний свиней. Мн., 1989;

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.);

Справочник по болезням молодняка животных. Мн., 1995 (разам з М.​В.​Якубоўскім, Я.​А.​Панкаўцом).

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНАНАРЫ́ВУ (Antananarivo),

Тананарыве, горад, сталіца, гал. эканам. і культ. цэнтр Мадагаскара. Адм. ц. правінцыі Антананарыву. 802 тыс. ж. (1990). Размешчаны на плато ў цэнтр. ч. в-ва Мадагаскар, на выш. 1200—1400 м над узр. мора. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Івату. Харчасмакавая, гарбарная, абутковая, хім., дрэваапр., тэкст., паліграф. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў, аўтазборачны з-д і інш. Ун-т.

Засн. ў 1-й пал. 17 ст. каралём дзяржавы Імерына Андрыянзакам. У 17—19 ст. рэзідэнцыя каралёў Мадагаскара. У 1895 захоплены французамі, з 1896 адм. цэнтр франц. калоніі, з 1960 сталіца Мадагаскара. Музеі (у т. л. малагасійскага мастацтва).

Верхняя частка г. Антананарыву.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАЦЫ́Т (ад грэч. anthrakitis від вугалю),

выкапнёвы вугаль найвышэйшай ступені вуглефікацыі. Колер шаравата-чорны і чорна-шэры. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1500—1700 кг/м³. Не спякаецца. Мае вугляроду 94—97%, вадароду 1—3%. Удзельная цеплыня згарання 33,8—35,2 МДж/кг. У гаручай масе да 9% лятучых рэчываў. Найб. колькасць антрацыту ўтварылася ў выніку рэгіянальнага метамарфізму пры апусканні вугляносных тоўшчаў у вобласць павышаных тэмператур (350—550 °C) і ціскаў. Высакаякаснае бяздымнае энергет. паліва, тэхнал. сыравіна ў горнай і каляровай металургіі, хім., электратэхн. прам-сці (вытв-сць карбідаў, электродаў і інш.). Гал. радовішчы антрацыту ў Расіі, на Украіне, у ЗША, Кітаі.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць бюджэтнае ўпарадкаванне дзяржавы і рэгламентуюць пытанні стварэння і выкарыстання грашовых сродкаў; асноўны раздзел фінансавага права. На Беларусі гал. крыніцамі бюджэтнага права з’яўляюцца Канстытуцыя, законы «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 (з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь» ад 4.6.1993, законы аб дзярж. бюджэтах і рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў на адпаведны год, якія прымаюцца штогод. Бюджэтнае права мае на мэце забяспечыць кожнаму органу дзярж. улады самастойную і ўстойлівую матэрыяльную базу для ажыццяўлення дзярж., паліт. і культ. будаўніцтва краіны, яе эканам.-гасп. дзейнасці, абароны правоў і свабод грамадзян.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ГРУЗІ́НСКАЯ ДАРО́ГА,

гістарычная назва дарогі цераз гал. Каўказскі хр. (Крыжовы перавал, 2384 м), якая злучае г. Уладзікаўказ і Тбілісі. Даўж. 208 км. Пракладзена рус. войскамі (рух адкрыты ў 1799). Пасля далучэння Грузіі да Расіі (1801) пачата буд-ва палепшанай дарогі (у 1863 яе палатно забрукавана). Дарога праходзіць па даліне р. Церак, Дар’яльскай цясніне, затым па цясніне р. Байдаркай да перавалу, адкуль спускаецца ў даліну р. Белая Арагві і па правабярэжжы р. Кура падыходзіць да Тбілісі. На Ваенна-Грузінскай дарозе — г. Мцхета (у старажытнасці сталіца Грузіі), Зема-Аўчальская ГЭС, помнікі даўніны (саборы, крэпасці, вартавыя вежы і інш.), што ў сукупнасці з жывапіснымі краявідамі спрыяе развіццю турызму.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФСО́Н (Мірон Барысавіч) (сапр. Меер Шмера Бенцыянавіч; кастр. 1880, г. Гомель — 22.5.1932),

рэвалюцыянер, грамадскі дзеяч, вучоны-эканаміст. У 1899—1901 чл. Гомельскага к-та сацыял-дэмакратаў, у 1901 арыштаваны і засуджаны да 4 гадоў высылкі ў Якуцію. У 1906 адышоў ад бальшавікоў і далучыўся да меншавікоў. У 1917 меншавік-інтэрнацыяналіст, падтрымліваў Л.​Мартава. У кастр. 1917 накіраваны ЦК РСДРП меншавікоў у Гомель для каардынацыі выбарчай кампаніі меншавікоў і бундаўцаў ва Устаноўчы сход. У 1918 выйшаў з радоў меншавікоў, з 1920 чл. РКП(б). У 1920—30-я г. займаўся навук. працай у галіне паліт. Эканоміі; нам. гал. рэдактара 1-га выдання Малой савецкай энцыклапедыі.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)