ІЗАМАРФІ́ЗМ (ад іза... +грэч. morphe форма) у матэматыцы, узаемна адназначнае адлюстраванне аднаго матэм. аб’екта з зададзенымі на ім аперацыямі і суадносінамі (напр., групы, структуры, поля) на другі, якое захоўвае гэтыя аперацыі і суадносіны; адно з асн. паняццяў сучаснай матэматыкі. І. алг. сістэмы на сябе наз. аўтамарфізмам.
Паняцце І. ўзнікла ў пач. 19 ст. ў тэорыі груп, дзе Р.Дэкарт заўважыў, што вывучэнне ўнутранай будовы двух ізаморфных аб’ектаў уяўляе сабой адну і тую ж задачу; сучасную тэрміналогію распрацавала ням. матэматык Э.Нётэр. І. выяўляе ўласцівасці аперацый і суадносін, якія не залежаць ад элементаў даследаваных аб’ектаў і аднолькавыя для ўсіх ізаморфных аб’ектаў (абстрактныя ўласцівасці). Напр., мноству X сапраўдных лікаў з зададзенай аперацыяй множання ізаморфнае мноства Y сапраўдных лікаў з зададзенай аперацыяй складання, калі ліку x з X паставіць у адпаведнасць лік y=logax з Y (адваротнае адлюстраванне x=ay). Тады здабытку x=x1x2 адпавядае сума y=y1+y2=logax1+logax2, узвядзенню ў n-ю ступень — множанне на n, здабыванню кораня ступені n — дзяленне на n і інш., што закладзена ў аснову выкарыстання лагарыфмаў у арыфм. вылічэннях, прынцыпу работылагарыфмічнай лінейкі і інш.Гл. таксама Гомамарфізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСА́ВА (Акіра) (23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),
японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц.яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш. Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́ЦКІ (Фёдар Мікалаевіч) (н. 10.1.1930, в. Селівонаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989), д-рхім.н. (1984), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1954), дзе і працаваў з 1956 (у 1964—65 у Дзярж. к-це СМБССР па каардынацыі н.-д.работы). З 1973 нам., з 1977 першы нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі БССР. З 1989 прарэктар, з 1990 рэктар БДУ. З 1996 у НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па структурнай і хім. мадыфікацыі цэлюлозы і яе вытворных. Распрацаваў фіз.-хім. асновы атрымання матэрыялаў тэхн. прызначэння на аснове вытворных цэлюлозы (аксіды металаў, высокатэмпературныя звышправаднікі); тэхналогію вытв-сці лек. прэпаратаў пралангаванага дзеяння, лакафарбавых матэрыялаў з адходаў нафтаперапрацоўкі; метады атрымання сумесных раствораў цэлюлозы з сінт. палімерамі і ўмовы іх перапрацоўкі ў валокны і плёнкі.
Тв.:
Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989 (разам з Т.Л.Юркштовіч);
Катионный олигомер пиперилена: синтез, свойства и применение. Мн., 1997 (разам з В.П.Мардыкіным).
Літ.:
Ф.Н.Капуцкий // Вестн. БГУ. Сер. 2. Химия. Биология. География. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТНІ САДу Санкт-Пецярбургу,
самы стары сад горада. Размешчаны паміж Марсавым полем і рэкамі Фантанка, Нява і Мойка. Закладзены ў 1704 (арх. Ж.Б.Леблон, М.Р.Зямцоў, І.Матвееў, садаводы Я.Розен, І.Сурмін і інш.). Прызначаўся для правядзення свят, асамблей, прыёмаў; цяпер месца адпачынку. Пл. 11,5 га. Мае строга геам. планіроўку. У 1710—14 пабудаваны Летні палац Пятра I (арх. Д.Трэзіні, з удзелам А.Шлютэра, Н.Мікеці, Зямцова; з 1925 гісторыка-быт. музей). Л.с. упрыгожаны мармуровай скульптурай (пераважна пач. 18 ст.; алегарычныя, міфалагічныя і партрэтныя статуі і бюсты работы П.Бараты, Д. і П.Грапелі, А.Тарсіі, Дж.Банацы і інш.). У 19 ст. пабудаваны павільёны — Кававы (1826, арх. К.І.Росі) і Чайны (1827, арх. Л.І.Шарлемань) домікі, пастаўлены помнік І.А.Крылову (1855, скульпт. П.К.Клот) з рэльефамі на тэмы яго баек (па малюнках А.А.Агіна). Ад Нявы Л.с. аддзяляе металічная агароджа (1771—84, арх. Ю.М.Фельтэн, П.Ягораў).
Літ.:
Семенникова Н.В. Летний сад. Л., 1978.
Скульптурная кампазіцыя ў Летнім садзе ў Санкт-Пецярбургу.Кававы домік у Летнім садзе ў Санкт-Пецярбургу. 1826. Арх. К.Росі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЯ СПРА́ВА,
галіна навукі і тэхнікі, звязаная з дабычай з нетраў зямлі карысных выкапняў. Пошук радовішчаў, вызначэнне колькасці, якасці і ўмоў залягання выкапняў робіцца пры правядзенні геолагаразведачных работ (уключаюць геал. здымку, пошукавыя работы, папярэднюю, дэталёвую, эксплуатацыйную разведку і інш.). Цвёрдыя карысныя выкапні здабываюць адкрытай распрацоўкай радовішчаў і падземнай распрацоўкай радовішчаў на прадпрыемствах-рудніках (шахтах), аснашчаных горнымі камбайнамі, інш. машынамі і механізмамі.
Пры адкрытым спосабе здабычы будуюць прадпрыемствы-кар’еры (разрэзы) і выкарыстоўваюць розныя горныя вырабаткі (траншэі, рудаспускі, катлаваны, дрэнажныя шахты і інш.). Укараняюцца сродкі і метады геатэхналогіі. Вадкія і газападобныя карысныя выкапні (нафта, мінер. вада, прыродны газ і інш.) здабываюць з дапамогай буравых свідравін (гл.Нафтаздабыча), газіфікацыяй паліва, вышчалочваннем і інш. Удасканальваюцца спосабы падводнай здабычы (пераважна нафты). Завяршальны працэс горнай тэхналогіі — абагачэнне карысных выкапняў. Радовішчы распрацоўваюць паводле праекта, які вызначае тэхналогію горных работ і сістэму распрацоўкі пакладу. Вял. ўвага аддаецца выбухованебяспечнасці, горнавыратавальнай справе, горнаму нагляду. Фіз.-мех. ўласцівасці горных парод, з’явы, што адбываюцца пры здабычы карысных выкапняў, спосабы здабычы, арганізацыі вытв-сці і інш. вывучаюцца горнай навукай. Адносіны, звязаныя з выкарыстаннем і аховай нетраў рэгулююцца горным заканадаўствам. Гл. таксама Горнахімічная прамысловасць.
французскі фізік і грамадскі дзеяч; заснавальнік сусв. Руху прыхільнікаў міру. Чл. Парыжскай АН (1943), замежны чл.АНСССР (1949). Скончыў Школу фізікі і дастасавальнай хіміі ў Парыжы (1923). Працаваў у Ін-це радыю (1925—30 і з 1956), у Нац. цэнтры навук. даследаванняў (у 1944—45 дырэктар), у Камісарыяце па атамнай энергіі (заснавальнік і кіраўнік у 1946—50), адначасова выкладаў у Сарбоне і Калежы дэ Франс. Навук. працы па ядз. фізіцы, радыяхіміі і ядз. тэхніцы. Разам з жонкай І.Жаліо-Кюры адкрыў штучную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правёў даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Прадказаў прынцыповую магчымасць ланцуговай ядз. рэакцыі (1939). Пад яго кіраўніцтвам пачаты (1839) і завершаны (1948) работы па стварэнні першага франц. атамнага рэактара. Першы старшыня Сусв. Савета Міру (з 1950), выступаў супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. Яго імем названы Залаты медаль Міру (1959). Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з І.Жаліо-Кюры), Міжнар. Ленінская прэмія 1951.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. тр. — Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.
Літ.:
Бикар П. Фредерик Жолио-Кюри и атомная энергия: Пер. с фр.М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ,
найбольш цяжкія злачынствы, якія пасягаюць на важнейшыя інтарэсы дзяржавы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь падзяляюцца на асабліва небяспечныя і іншыя. Асабліва небяспечнымі закон прызнае дзеянні (або бяздзеянні), якія накіраваны на звяржэнне, падрыў або паслабленне дзярж. ладу Рэспублікі Беларусь, на шкоду яе суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Да іх адносяцца здрада дзяржаве, змова з мэтай захопу дзярж. улады, шпіянаж, тэрарыстычныя акты, дыверсія, заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу дзяржавы або на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., прапаганда вайны, арганізацыйная дзейнасць, накіраваная на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., а таксама ўдзел у антыдзярж. арг-цыі. Да інш. З.дз. адносяцца парушэнне нац. і расавага раўнапраўя, выдаванне дзярж. тайны, страта дакументаў, якія змяшчаюць дзярж. тайну, перадача замежным арг-цыям звестак, якія складаюць службовую тайну, бандытызм, кантрабанда, масавыя беспарадкі, ухіленне ад прызыву на ваен. службу, мабілізацыі, выканання ў ваен. час павіннасцей ці выплаты падаткаў, незаконнае перасячэнне дзярж. граніцы, парушэнне правіл міжнар. палётаў, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, пашкоджанне шляхоў зносін і трансп. сродкаў, валютныя злачынствы і інш. За асабліва небяспечныя З.дз. (здрада, шпіянаж, дыверсія, бандытызм і інш.) суд можа назначыць смяротную кару. За некаторыя З.дз. прадугледжана пазбаўленне волі на непрацяглыя тэрміны, а ў некаторых выпадках — папраўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛО́ТНІЦТВА,
выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы 15—18 ст. На Беларусі вядома з часоў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э.). Найб. пашырана як гар. рамяство ў 12—18 ст.Бел. майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр З. часоў сярэдневякоўя — крыж Ефрасінні Полацкайработы Лазара Богшы (1161). У 16—17 ст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У 2-й пал. 17 ст. больш за 50 бел. злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т. л. П.Заборскі, В.Карпаў, М.Логінаў, Я.Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю. Пашырэнне мех. апрацоўкі металаў у сярэдзіне 19 ст. прывяло да заняпаду 3.
Я.М.Сахута.
Да арт.Злотніцтва. Абклад абраза. Пач. 17 ст.Да арт.Злотніцтва. Пацір з Навагрудка. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАРЭ́ЛАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн.работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр.н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫ ЗА́ПІС,
спосаб запісу інфармацыі, пры якім эл. сігналы, што нясуць інфармацыю, пераўтвараюцца ў прасторавыя змены астаткавай намагнічанасці магн. пакрыцця носьбіта інфармацыі. Пры М.з. выкарыстоўваюць магнітныя стужкі, магнітныя дыскі, магнітныя барабаны. Ужываюць для запісу гуку (у магнітафонах, дыктафонах), відарысу і яго гукавога суправаджэння (у відэамагнітафонах), запісу тэлевізійных сігналаў, сігналаў вымярэння, кіравання, вылічэння і інш. (у запамінальных прыстасаваннях).
Сістэма М.з. звычайна ўключае канал запісу (узмацняльнік эл. сігналаў, запісвальная магнітная галоўка), носьбіт даных, канал узнаўлення (узнаўляльная магн. галоўка, узмацняльнік эл. сігналаў), механізм перамяшчэння носьбіта і галовах. Пры запісе эл. сігналы ўзмацняюцца, пераўтвараюцца запісвальнай магн. галоўкай у пераменнае магн. поле рассеяння, якое ўздзейнічае на магн. пакрыццё носьбіта, што рухаецца адносна галоўкі, і намагнічваннем яго асобных участкаў стварае дарожку запісу. Пры ўзнаўленні носьбіт рухаецца адносна ўзнаўляльнай магн. галоўкі, яго астаткавы магн. паток наводзіць у абмотцы галоўкі эрс — сігналы, што ўтрымліваюць запісаную інфармацыю. Перавагі М.з. — імгненная гатоўнасць да работы, магчымасць шматразовага выкарыстання носьбіта.
Схема магнітнага запісу: 1 — узмацняльнік сігналаў, што запісваюцца; 2, 4, 5 — магнітныя галоўкі запісу, сцірання і ўзнаўлення; 3 — крыніца падмагнічвальных сігналаў; 6 — узмацняльнік сігналаў, што ўзнаўляюцца (счытваюцца); 7 — носьбіт запісу (магнітная стужка).