ФЛЯНДРО́ЎКА,

спосаб аздаблення драўляных і керамічных вырабаў, заснаваны на расчэсванні свежага фарбаванага слоя ў выглядзе зігзагаў, хваль, палос. На Беларусі, у Польшчы і Літве вядома з канца 19 ст. Шафы, камоды, куфры, скрыні, ложкі, зробленыя з хвоі ці бярозы, фарбавалі алейнымі фарбамі жоўта-карычневых адценняў, потым гумавым ці скураным грабеньчыкам наводзілі хвалевыя палосы, якія імітавалі фактуру каштоўнай драўніны. З часам Ф. выпрацавала ўласныя арнаментальна-дэкар. прыёмы, найб. ярка выяўленыя ў аздабленні куфраў.

Паверхню іх фарбавалі ў светлы колер (звычайна белы) і высушвалі, потым наносілі слой фарбы больш цёмнага колеру (блакітны, зялёны, малінавы) і грабеньчыкам наносілі палосы, высвечваючы ніжні светлы фон. Такім спосабам пярэднюю сценку і века куфра дзялілі на квадраты і прамавугольнікі, іх контуры служылі аблямоўкай для маляваных сюжэтаў; бакавыя і заднюю сценкі наводзілі Хвалістымі палосамі ў выглядзе касой сеткі (гл. Агоўскія куфры). Керамічны посуд пакрывалі паясамі белага ці карычневага ангобу. якія расчэсвалі ў выглядзе густых хваль. Найб. ярка Ф. праявілася ў аздабленні івянецкай керамікі 20 ст. Каляровыя палосы робяць упрытык, зубчастыя густыя хвалі, нанесеныя на лініі іх судакранання, утвараюць узаемныя зацёкі колераў.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Фляндроўка. В.​Кулікоўскі. Ганчарны посуд. 1962.
Да арт. Фляндроўка. Л.​Доўгер. Фрагмент дэкору куфра. Вёска Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1959.

т. 16, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́ННІКІ, лічынкавахордавыя (Tunicata, Urochorda),

падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.

Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.

Да арт. Абалоннікі: 1 — бочачнік; 2 — пірасома; 3 — калонія сальпаў; 4 — асцыдыя халацынтыя гузакаватая.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́НІС,

грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.​Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.

Да арт. Адоніс. Венера і Адоніс. Маст. П.​П.​Рубенс. Каля 1614.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРСА́Н Міхаіл Іванавіч (н. 19.11.1948, с. Старая Задава Чарнавіцкай вобл., Украіна),

дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). Працаваў дырыжорам у розных вайск. падраздзяленнях. З 1978 на Беларусі. З 1980 у аркестры штаба БВА, з 1989 нач. ваенна-арк. службы, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Ваеннага аркестра Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Аўтар шматлікіх аранжыровак твораў бел. кампазітараў, у т. л. Я.​Глебава, Э.​Зарыцкага, А.​Захлеўнага, В.​Іванова, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага, Э.​Ханка і інш.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ Аляксандр Іванавіч (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НЦАЎ Аляксандр Аляксандравіч (14.4.1883, С.-Пецярбург — 30.9.1961),

рускі рэжысёр, дзеяч т-ра для дзяцей. Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1908). Заснавальнік і кіраўнік Ленінградскага тэатра юных гледачоў (з 1921). Здзейсніў 48 пастановак, у т. л. «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова, «Выкрадальнік агню» П.​Горлава, «Беднасць не загана» А.​Астроўскага, «Цімошкаў руднік» Л.​Макар’ева, «Сын палка» паводле В.​Катаева. Аўтар кніг і артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі тэатра для дзяцей. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІСТАХРО́НА (ад грэч. brachistos самы кароткі + chronos час),

крывая самага хуткага спуску. Напр., калі пункты A і B ляжаць не на адной вертыкалі ў полі сілы цяжару, то шарык пры руху ўздоўж брахістахроны за самы кароткі час прыйдзе з пункта A у пункт B. Калі няма сіл супраціўлення, брахістахрона — цыклоіда з гарыз. асновай і пунктам звароту, які супадае з пунктам A. Рашэнне задачы аб брахістахроне (І.​Бернулі, 1696) — зыходны пункт для развіцця варыяцыйнага злічэння.

Да арт. Брахістахрона.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ВСРП),

палітычная партыя левага кірунку ў Венгрыі ў 1918—89. Засн. 24.11.1918 як Камуніст. партыя Венгрыі (сярод арганізатараў Б.Кун, Т.Самуэлі). З вер. 1944 наз. Венг. Камуніст. партыя (ВКП). Пасля аб’яднання ў чэрв. 1948 ВКП з С.-д. партыяй Венгрыі наз. Венг. партыя працоўных, у ліст. 1956 — пач. 1957 рэарганізавана ў ВСРП. Дзейнічала да кастр. 1989. У снеж. 1989 частка членаў б. ВСРП стварыла новую аднайм. партыю. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШЫ́НСКІ Аркадзь Яўгенавіч (29.7.1920, г. Мелітопаль, Украіна),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1945). У 1945—48 ва Укр. драм. т-ры, з 1948 ва Укр. драм. т-ры імя І.​Франко (абодва ў Кіеве). Сярод роляў: Лаўрын Запарожац («Незабыўнае» паводле твораў А.​Даўжэнкі), Граза («Старонка дзённіка» А.​Карнейчука), Мастакоў («Стары» М.​Горкага), Дэрвіш («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Крэонт («Антыгона» Сафокла), Макбет, Глостэр («Макбет», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра).

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСТАТЫ́ЧНЫ ПАРАДО́КС,

несупадзенне вагі вадкасці, налітай у пасудзіну, з сілай ціску на дно гэтай пасудзіны. Выяўлены Б.Паскалем (1654). У пасудзіне, пашыранай зверху, вага вадкасці меншая за сілу ціску; у звужанай зверху — большая; у цыліндрычнай — аднолькавая. Калі адну і тую ж вадкасць наліць да аднаго і таго ж узроўню ў пасудзіны рознай формы, але з аднолькавай плошчай дна, сіла ціску на дно будзе аднолькавая для ўсіх пасудзін і роўная вазе вадкасці ў цыліндрычнай пасудзіне.

Да арт. Гідрастатычны парадокс.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)