ЛАТЫШО́НАК (Алег Юр’евіч) (н. 27.5.1957, г. Эльбланг, Польшча),
бел. гісторык у Польшчы, грамадска-паліт. дзеяч. Д-ргіст.н. (1996). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1980). Супрацоўнік гіст. музея Кракава, навук. супрацоўнік Ягелонскага ун-та, з 1991 у Музеі войска ў Беластоку. Са студз. 1992 старшыня Гал. рады Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, з 1993 у тыднёвіку «Ніва», з 1996 старшыня Бел.гіст.т-ва ў Польшчы. Член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Даследуе гісторыю бел.нац. адраджэння, бел. войска, эміграцыі.
Тв.:
Беларуская эміграцыя // Беларускі каляндар на 1990 г. Беласток, 1990;
Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1992. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІНА (Эла Пятроўна) (н. 7.11.1927, Кіеў),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла Кіеўскі інж.буд.ін-т (1950). З 1953 працавала ў ін-це «Белдзяржпраект», з 1961 у ін-це «Мінскпраект» (гал. архітэктар праектаў). Асн. работы ў Мінску: серыі цагляных і буйнаблочных жылых дамоў; шматпавярховыя жылыя дамы на пр. Машэрава (1962—67), Лагойскім тракце (ад вул. Валгаградскай да вул. Гамарніка), па вул. Казінца, Рэспубліканскай, М.Багдановіча; гандл.-грамадскія цэнтры «Вільнюс» (1975), «Зялёны Луг 5» (1978), «Зялёны Луг 7» (1983); планіроўка, праектаванне і забудова мікрараёнаў Зялёны Луг 1, 2, 3, 5, 7 (1962—80-я г.), шляхаправоды на праспектах Ф.Скарыны і Машэрава (усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДРУ́-РАЛЕ́Н ((Ledru-Rollin) Александр Агюст) (2.2.1807, Парыж — 31.12.1874),
французскі паліт. дзеяч, журналіст. У 1834—35 як адвакат абараняў на паліт. працэсах радыкальных левых. З 1841 у палаце дэпутатаў. Адзін з заснавальнікаў (1843) і гал. рэдактар апазіц.газ. «La Réforme» («Рэформа»). Пасля рэвалюцыі 1848 міністр унутр. спраў часовага рэсп. ўрада. У чэрв. 1849 узначаліў дэманстрацыю супраць урада Луі Банапарга (гл.Напалеон III), потым эмігрыраваў у Вялікабрытанію, дзе разам з Дж.Мадзіні і Л.Кошутам заснаваў рэсп. Еўрапейскі дэмакр.к-т. У 1870 вярнуўся на радзіму. З 1871 дэп.Нац. сходу Францыі ад радыкальных рэспубліканцаў, выступаў за ўсеагульнае выбарчае права. Пратэстуючы супраць падпісання Франкфурцкага міру 1871, адмовіўся ад дэпутацкага мандата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лотэ) (27.2.1888, г. Перлеберг, Германія — 26.8.1976),
нямецкая спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася ў Берлінскай вышэйшай школе музыкі. З 1910 салістка Гамбургскай, з 1914 — Венскай дзярж. опер. У 1924—38 у т-ры «Ковент-Гардэн» у Лондане. З 1930 выступала ў ЗША як оперная (у 1934—45 у т-ры «Метраполітэн-опера») і камерная спявачка. Адна з буйнейшых выканальніц гал. партый у операх Р.Вагнера («Золата Рэйна», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер») і Р.Штрауса («Арабела», прысвечана Л.; «Арыядна на Наксосе», «Жанчына без ценю», «Інтэрмецца», «Кавалер ружы»). З інш. партый: Ганна («Віндзорскія свавольніцы» О.Нікалаі), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена). З 1951 выкладала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры сталага барока ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1765 ці 1747—70 (арх. І.К.Глаўбіц). Храм з прамавугольнай алтарнай часткай, якая прадаўжае цэнтр. неф, і 2 квадратнымі ў плане сакрысціямі. Гал. фасад завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам, расчлянёны слаістымі пілястрамі. Бакавыя фасады апяразаны прафіляваным карнізам і рытмічна члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай і арнаментальнай лепкай. У ім 3 мураваныя алтары, цэнтральны раскрапаваны 4 калонамі карынфскага ордэра, размаляванымі пад мармур, і спаранымі пілястрамі гэтага ж ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМПО́ПА (Limpopo),
Кракадзілавая, рака ў Паўд. Афрыцы, Паўд.Афр. Рэспубліцы і Мазамбіку. У сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж ПАР і Батсванай, ПАР і Зімбабве. Даўж. 1600 км, пл.бас. 440 тыс.км². Бярэ пачатак на паўн. схілах хр. Вітватэрсранд, у вузкай цясніне перасякае ўсх. ўскраіну Паўд.-Афрыканскага нагор’я, цячэ па Мазамбікскай нізіне, упадае ў Індыйскі ак.Гал. жыўленне ад прытокаў, што сцякаюць з вільготнага плато Матабеле і ад р. Уліфантс (справа). Сярэдні расход вады каля 800 м³/сек. У сезон летніх дажджоў (снеж.—лют.) узровень вады ў ніжнім цячэнні павышаецца на 5—7 м. Суднаходная на 160 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для арашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НДЭ ((Linde) Самуэль Багуміл) (24.4. 1771, г. Торунь, Польшча — 18.8.1847),
польскі лексікограф. Чл. многіх замежных акадэмій. З 1791 выкладчык польскай мовы ў Лейпцыгскім ун-це, з 1804 дырэктар Варшаўскага ліцэя. У перыяд Варшаўскага княства чл. Палаты грамадскай адукацыі, кіраўнік Дырэкцыі нар. адукацыі. Адзін з арганізатараў і дырэктар публічнай б-кі пры Варшаўскім ун-це. Чл. Варшаўскага т-ва сяброў навук, многіх навук. т-ваў. Гал. праца Л. — «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—6, 1807—14). Аўтар працы «Пра статут літоўскі...» (1816). Даследаваў стараж. прускую мову.
Літ.:
Michalski J. Spór o koncepcję «Słownika» Lindego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. Warszawa, 1954. T. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВІЦ (Товій Ягоравіч) (25.4.1757, г. Гётынген, Германія — 7.12.1804),
расійскі хімік і фармацэўт. Акад. Пецярбургскай АН (1793). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1780—82). У 1784—97 працаваў у Гал. аптэцы ў Пецярбургу, выкладаў хімію і фармацэўтыку ў Мед. школе і Медыка-хірург. акадэміі. Навук. працы па агульнай хіміі. Адкрыў адсорбцыю раствораных рэчываў драўняным вугалем (1785) і прапанаваў выкарыстоўваць яго для ачысткі спірту і гарэлкі, фармацэўтычных прэпаратаў. Атрымаў ледзяную воцатную к-ту (1789), бязводныя дыэтылавы эфір і этылавы спірт (1796).
Тв.:
Избр. труды по химии и химической технологии. М., 1955.
Літ.:
Балезин С.А., Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОЗ, Лоас (Loos) Адольф (10.12.1870, г. Брно, Чэхія — 22.8.1933), аўстрыйскі архітэктар. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Дрэздэне (Германія, 1893). Працаваў пераважна ў Вене (у 1920—22 гал. архітэктар), а таксама ў ЗША (1893—96), Парыжы (1923—28). Зазнаў уплыў Л.Салівена. З канца 1890-х г. выступаў супраць стылю мадэрн. У пабудовах (інтэр’ер бара Кернтнера, 1907; дом Штайнера, 1910; праект квартала Хойберг, 1922, усе ў Вене) рысы рацыяналізму, аскетызм форм, выяўленне спецыфікі буд. матэрыялаў. З сярэдзіны 1920-х г. у яго работах з’явіліся тэндэнцыі класіцызму, уплыў кубізму, элементы традыц.нар. дойлідства (дамы Трыстана Тцара ў Парыжы, 1926; Кунера ў Паербаху, Аўстрыя, 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖКО́ЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры ракако ў в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1744—56 з цэглы пры Лужкоўскім піярскім калегіуме па фундацыі полацкага кашталяна В.Жабы, у 1843 перабудаваны пад правасл. царкву. Аднанефавы 2-вежавы храм з акруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. 4-ярусныя чацверыковыя вежы пастаўлены вуглом да плоскасці гал. фасада, які ўвагнуты па акруглым абрысе, расчлянёны на 3 ярусы карнізнымі паясамі і крапаваны пілястрамі. Фасады прарэзаны разнастайнымі па канфігурацыі і памерах аконнымі праёмамі. Алтары былі ўпрыгожаны круглай драўлянай пазалочанай скульптурай у стылі ракако (скульптура св. Пятра захоўваецца ў Полацкім гісторыка-археал. запаведніку).