незвыча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вылучаецца сярод іншых; выключны. Незвычайная навіна. Незвычайны чалавек. □ Незвычайная падзея настолькі ўразіла Івана Новіка, што ён і сёння расказвае аб гэтым з радасным здзіўленнем. Дадзіёмаў. // Дзівосны, неверагодны. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Вельмі моцны па сіле праяўлення; надзвычайны. Незвычайная краса. □ Кожны прыезд дачкі быў для Аляксандры Пятроўны незвычайным шчасцем. Каршукоў.
2. Не такі, як звычайна, як заўсёды; асаблівы. Сход адбыўся праз два дні. Гэта быў крыху незвычайны сход. Шахавец.
3. Такі, да якога яшчэ не прывыклі; непрывычны. Незвычайныя абставіны. □ [Сык] першы раз завітаў у лес, і ўсё тут яму незвычайнае, невядомае. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.
1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.
2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазні́цца, пазнюся, познішся, позніцца; незак.
1. З’яўляцца пазней вызначанага часу. Пазніцца на заняткі. □ [Ядзя:] — Заўтра новы дом пачынаем будаваць. Вось ранічкай і прыходзь сюды. Ды глядзі не пазніся. Асіпенка. Была ўжо глыбокая восень, але снег па нейкіх прычынах пазніўся. Ігнаценка.
2. Выконваць што‑н. пазней, чым трэба, чым прызначана. Пазніцца з выкананнем плана. Пазніцца з сяўбой. □ Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу. Шамякін.
3. Затрымлівацца дзе‑н. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара. — Збегай, — згадзіўся Міканор, — толькі не пазніся, завідна прыходзь. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакрыва́ла, ‑а, н.
1. Выраб з узорыстай тканіны, цюлю для пакрывання ложкаў. Ложкі каля сцен, дбайна прыбраныя, накрытыя светлымі пакрываламі, стол каля акна. Мележ. // Род жаночай адзежы ў выглядзе накідкі (у некаторых народнасцей). Вось едзе на шэрым восліку жанчына з адкрытым тварам, захутаная ў белыя пакрывалы. В. Вольскі. // Кавалак якой‑н. матэрыі, якім пакрываюць што‑н. Закруткін знік, закрыўшы люк бліндажа брызентавым пакрывалам. М. Ткачоў.
2. перан. Пра ўсё тое, што атуляе, ахутвае, усцілае сабой што‑н. Беласнежным пакрывалам заслала зіма наваколле. Шыловіч. [Пеця] радаваўся ўсяму: і ночы, што чорным пакрывалам ахінула зямлю, і полю, якое не раз удоўж і ўпоперак мералі яго ногі, і нават дажджу. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́свацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Карміць коней у дарозе ў час адпачынку; рабіць папаску. Выберам які-небудзь лясок па дарозе і спынімся папасвацца. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасвіцца дзе‑н. час ад часу. Метраў на дзвесце хвасты ў канюшыне аб’едзены: відаць, не раз гэтыя кароўкі тут папасваліся. Лобан.
3. перан. Разм. Мець пажыву, карысць. [Ціток:] — Чужыя [людзі] каля мяне папасваюцца, а свой чалавек, мой божа, з голаду памірае. Лобан.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і пасвіцца. На лугавінв папасвалася чарада калгасных кароў. Бялевіч. Крокаў за дзесяць ад агню, у негустым зарасніку, папасвалася рыжая, з белымі падпалінамі на баку карова. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. патух, ‑ла; зак.
1. Перастаць гарэць, свяціць. Агонь у будынку бліснуў яшчэ раз і патух. Чорны. Знікла палоска вячэрняй зары на небасхіле — ці то яна патухла зусім, ці хмаркі закрылі яе. Хадкевіч. // Перастаць дзейнічаць, функцыяніраваць (пра вулкан, домну і пад.).
2. перан. Перастаць блішчаць; стаць цьмяным, бляклым (пра вочы). Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. Толькі вочы не патухлі — Зіхацяць жаданнем жыць. А. Александровіч. Загадчык аблана пазяхнуў, і вочы яго зноў патухлі і прыплюшчыліся. Шамякін. // перан. Знікнуць, прапасці, спыніцца. Але мая радасць хутка патухла, бо я ўспомніў, што Грыша вельмі скупы і не дачакаешся ад яго ніякай папругі. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разважа́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разважаць 1.
2. Думкі, меркаванні, вывады, якія з’явіліся ў выніку роздуму над чым‑н. — Справа Карпавіча закончана, нават суд адбыўся. Звычайна яны падсаджваюць правакатараў да такіх палітвязняў, над якімі яшчэ ідзе следства. — Наіўнае разважанне! Хто ім забароніць узнавіць справу, калі з’явяцца новыя матэрыялы? Машара.
3. звычайна мн. (разважа́нні, ‑яў). Выказванні, размовы. Прося ў сваіх разважаннях ніколі не вызначалася лагічнай паслядоўнасцю — так было і на гэты раз. Васілевіч. — Верас! А-а-а!.. — здзівілася Юзя, але траціць часу на разважанні не стала. Бажко. Цяпер нярэдка можна пачуць разважанні аб тым, што байка, нібыта, аджыла ўжо свой век. Казека.
•••
Без разважання — адразу, доўга не думаючы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Агаляць, паказваць зубы (звычайна пра жывёлу). Сытыя коні то нагінаюцца раз-поразу да высокай травы, то гуляць вушы, скаляць зубы і паіўкваюць адзін па аднаго. Брыль. Падаляка качаргою падварушваў дровы ў печцы і скаліў зубы, крывячыся ад гарачыні. Пестрак.
•••
Скаліць (шчэрыць) зубы — смяяцца, рагатаць; насміхацца. Хлопцы пырснулі ад смеху. [Інструктар райкома:] — Ну, хопіць... Справа сур’ёзная, а вы зубы скаліце. Новікаў. Усе засмяяліся, а Рыгор зазлаваў: — Я сур’ёзна кажу, а ты зубы скаліш! Шашкоў. [Леснічыха:] Ат, што мне зубы з табой скаліць! Няма ў мяне часу на гэта. Козел. [Левановіч:] — Ну, ты, Фарафонаў, з мяне зубы не скаль. Я старэй за цябе... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тост, ‑у, М ‑сце, м.
Застольная прапанова выпіць віно ў гонар каго‑н., за што‑н.; здравіца. [Будыка:] — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. [Пракоп] раз-пораз абвяшчае тосты, цалуе старшыню калгаса Якуба Таўкача, цягнецца цераз стол, каб чокнуцца поўнай чаркай з Аленай Антонаўнай. Жычка. // Бакал віна, які выпіваецца ў гонар каго‑н., за што‑н. Калі прыгатаванне было скончана, .. [Анатоль] падняў сваю чарку і сказаў: — Першы тост я падымаю за цудоўных гаспадынь гэтага райскага кутка на зямлі! Ваданосаў. Паходны дом, Салдацкі дом ты наш — ..У сэрцах ты жывеш І не памрэш, І за цябе мы п’ём свой тост да дна. Астрэйка.
[Англ. tost.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ужо́, прысл. і часціца.
1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.
2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.
3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.
4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. □ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)