ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),

дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м. Пл. 803,9 тыс. км². Нас. 138,1 млн. чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г. Ісламабад, найб. гарады, гал. эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).

Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.

Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс. м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.

У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.

Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн. чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн. чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн. чал., паўд. ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн. чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км² Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн. ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.

Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э.ч. Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст. н.э.Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст.Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч. Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.

15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл. ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.

У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.

Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд. дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн. га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн. га, пад пашай — каля 40 млн. га. Арашаецца 17,1 млн. га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн. т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс. т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд. т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд. кВт гадз (1997).

Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст. прам-сць найб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч. прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сціг. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс. км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс. км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс. км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд. дол., імпарт — 10,1 млрд. дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал. гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд. дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн. дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс. чал., у т. л. 185 тыс. чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс. чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс. чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс. чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс. чал., у т. л. 1,2 тыс. чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс. чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс. чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.

Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах,еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц. арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж. інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.

Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.

З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), А.М.Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Пакістана.
У гарах на Пн Пакістана.
Сталіца Пакістана г. Ісламабад.
Да арт. Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.
Да арт. Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПР (грэч. Kypros, тур. Kibris),

Рэспубліка Кіпр (грэч. Kypriakē Dēmokratia, тур. Kibris Cumhuriyeti), дзяржава ў Зах. Азіі на аднайм. востраве ва ўсх. ч. Міжземнага м. Пл. 9251 км². Нас. 752,8 тыс. чал. (1997), у т. л. ў тур. частцы на Пн вострава каля 180 тыс. чал. (разам з 80 тыс. перасяленцамі з Турцыі). Дзярж. мовы — грэч. і турэцкая. Сталіца — г. Нікасія Падзяляецца на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.). Паўн. ч. вострава (3355 км²) кантралюецца Турцыяй. На Пд вострава пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі 2 ваен. базы пл. 280 км².

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1960. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Пасаду прэзідэнта займае прадстаўнік грэчаскай, віцэ-прэзідэнта — прадстаўнік турэцкай часткі насельніцтва. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт ствараюць урад, падсправаздачны ім. Вышэйшы орган заканад. улады — Палата прадстаўнікоў, якую выбірае насельніцтва на 5 гадоў (у яе складзе 70% прадстаўнікоў ад грэкаў і 30% — ад туркаў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, віцэ-прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Уздоўж вострава цягнуцца 2 горныя ланцугі: паўночны — горы Кірэнія (да 1023 м) і Карпас, паўднёвы — горы Траодас (да 1951 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна. З карысных выкапняў ёсць медныя і жал. руды, азбест, буд. матэрыялы і інш. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэднія т-ры на раўніне і ўзбярэжжах у лют. каля 12 °C, у жн. да 28 °C. Ападкаў да 600 мм на ўзбярэжжах, да 1000—1300 мм у гарах (выпадаюць пераважна зімой). Рэчышчы запаўняюцца вадой толькі пасля зімовых дажджоў. Расліннасць: да выш. 500 м вечназялёныя хмызнякі (маквіс, фрыгана), вышэй — лясы (займаюць 18% тэрыторыі) з дубу, кіпарысу, алепскай хвоі. Некалькі рэзерватаў і ахоўных тэрыторый.

Насельніцтва 78% складаюць грэкі, 18% — туркі. Жывуць таксама армяне, арабы і інш. Вернікі — праваслаўныя (грэкі) і мусульмане (туркі). Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 81 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы. У гарадах 55% насельніцтва (1997). У г. Нікасія 186,4 тыс. ж. (1994). Значныя гарады — Лімасол (больш за 100 тыс. ж.), Фамагуста, Ларнака. У прам-сці занята 26% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 12,5, у абслуговых галінах — 61,5%.

Гісторыя. На тэр. К. выяўлены рэшткі неалітычных пасяленняў (6-е тыс. да н.э.). У канцы 15—11 ст. да н.э. востраў каланізаваны ахейцамі, у 9 ст. да н.э. — фінікійцамі; быў адным з цэнтраў мікенскай культуры. У канцы 8 ст. да н.э. падпарадкаваны Асірыяй, каля 560 да н.э. Егіптам, у сярэдзіне 6 ст. — дзяржавай Ахеменідаў. У 333—323 да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага, у 294—58 — дзяржавы Пталамеяў, у 58 да н.э. заваяваны Стараж. Рымам У канцы 4 ст. н.э. адышоў да Візантыі, у 648 заваяваны арабамі, у 965 — Візантыяй. У 1191 востраў захапілі крыжакі і стварылі Кіпрскае каралеўства, якім у 1192—1297 валодала дынастыя Лузіньянаў, потым Антыёхаў-Лузіньянаў. З 1485 К. належаў Венецыі, у 1571 заваяваны Асманскай імперыяй. У 19 ст. тут зарадзіўся рух грэкаў-кіпрыётаў за аб’яднанне К. з Грэцыяй (энозіс). У час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 туркі абвінавацілі правасл. духавенства ў падтрымцы паўстанцаў і арганізавалі разню хрысц. насельніцтва ў г. Нікасія, канфіскавалі ўласнасць манастыроў. У 1878 Вялікабрытанія на падставе падпісанай з Турцыяй сакрэтнай канвенцыі акупіравала К., а ў пач. 1-й сусв. вайны (1914) анексіравала яго, што паводле Лазанскага дагавора 1923 прызнана Турцыяй. У 1925 К. атрымаў статус брыт калоніі. У 1930-я г. тут адбываліся антыбрыт хваляванні, папулярнасць набыла ідэя ўз’яднання К. з Грэцыяй У 1950 архіепіскап Макарыяс III стаў кіраўніком кіпрскай правасл. царквы і ўзначаліў рух за энозіс. У 1955 створана Кіпрская арг-цыя нац. вызвалення (ЭОКА), мэтай якой была ўзбр. барацьба за вызваленне К. з-пад брыт. улады і далучэнне да Грэцыі. У сваёй дзейнасці яна выкарыстоўвала тэрарыст. метады, што прывяло да ўвядзення на К. надзвычайнага становішча. Адначасова абвастрыўся канфлікт паміж грэч. і тур. абшчынамі вострава, у якім актыўна ўдзельнічалі Грэцыя і Турцыя. Барацьба кіпрыётаў завяршылася падпісаннем Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959, якія прадугледжвалі прадастаўленне дзярж. незалежнасці К., вызначылі асновы яго дзярж. ладу, але абмежавалі суверэнітэт: Грэцыя і Турцыя атрымалі права трымаць на востраве свае войскі, Вялікабрытанія — 2 вайск. базы.

16.8.1960 К. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Першым прэзідэнтам абраны архіепіскап Макарыяс III, віцэ-прэзідэнтам — прадстаўнік тур. абшчыны Ф.Кучук. Канстытуцыя 1960 вызначыла прынцыпы сумеснага пражывання на востраве грэч. і тур. абшчын, але ў 1963 паміж імі пачаліся адкрытыя сутычкі. У 1964 ААН увяла на К. свае войскі. З вяртаннем у 1971 на востраў лідэра ЭОКА ген. Г.Грываса ўзмацніўся паліт. націск грэч. ўрада з мэтай далучэння К. да Грэцыі. У 1974 адбылася спроба дзярж. перавароту, падтрыманага грэч. ваен. хунтай. У адказ Турцыя пад выглядам аднаўлення канстытуцыйнага ладу і абароны туркаў-кіпрыётаў увяла на востраў свае войскі, акупіравала 37% яго тэр.. што прывяло да фактычнага расколу К. на 2 адасобленыя часткі. У 1975 на акупіраванай Турцыяй тэр. абвешчана Федэратыўная тур. дзяржава Рэспубліка К. У 1977 прэзідэнтам К. абраны С.Кіпрыяну. У 1983 ААН заклікала Турцыю вывесці свае войскі з К. У адказ тур. бок ператварыў акупіраваную частку К. ў Тур. рэспубліку Паўночнага К. на чале з прэзідэнтам Р.Дэнкташам. Абвяшчэнне сепаратысцкай дзяржавы туркаў-кіпрыётаў асудзіў Савет Бяспекі ААН. У 1984 туркі-кіпрыёты ўвялі ўласную валюту і пашпарты. Прэзідэнт Рэспублікі К. з 1993 Г.Клірыдыс. К. — чл. ААН (з 1960), Садружнасці (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 9.4.1992. Дзейнічаюць партыі: Дэмакр. збор, Партыя лібералаў, Прагрэс. партыя працоўнага народа К., Дэмакр. партыя, Адзіны дэмакр. саюз цэнтра і інш.

Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна з моцна развітой сферай міжнар. турызму і адпачынку. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7,8 млрд. дол., больш за 10 тыс. дол. на 1 чал. Палітыка кіраўніцтва краіны накіравана на ператварэнне К. ў гандл., фін. і турыстычны цэнтр Усх. Міжземнамор’я з прыцягненнем замежных капіталаўкладанняў. Апрацоўчая прам-сць дае каля 17% даходаў, сельская гаспадарка — каля 8, сфера паслуг (у т. л. замежны турызм) — каля 47%. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча медных, жал. і хромавых руд, азбесту, кухоннай солі, гіпсу, вохры, мармуру. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд. кВтгадз (1995). ЦЭС працуюць на імпартнай нафце. Развіта харчасмакавая (віны, аліўкавы алей, кансерваваныя фрукты, агародніна, тытунёвыя вырабы) і лёгкая (тэкст., швейная, дрэваапр., парфумерная, гарбарна-абутковая) прам-сць. Асобныя прадпрыемствы машынабудавання. Вытв-сць буд. матэрыялаў, хімікатаў. У г. Ларнака нафтаперапр. з-д. У г. Лімасол выраб він і каньякоў. Саматужна-рамесніцкія промыслы (кераміка, метызы), вытв-сць сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 600 тыс. га зямель, у т. л. пад ворывам каля 350 тыс. га (каля 100 тыс. га арашаецца). Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (2/3 пасяўных зямель). Існуюць збытавыя, крэдытныя і спажывецкія кааператывы. Некаторыя з іх маюць невял. прамысл. прадпрыемствы. На свае патрэбы вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, авёс), бабовыя, агародніну. Экспартныя культуры: цытрусавыя (апельсіны, лімоны, грэйпфруты), вінаград, ранняя бульба. Тэхн. культуры: тытунь, бавоўна, лён. Садоўніцтва: вырошчваюць яблыкі, грушы, міндаль, персікі, грэцкія арэхі, ражкі (плады ражковага дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба (авечкі, козы, свінні). Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Марскія промыслы. Пчалярства і шаўкаводства. Вял. роля ў эканоміцы належыць замежнаму турызму і адпачынку. К. прываблівае турыстаў мяккім кліматам, выдатнымі пляжамі, цёплым морам, горнымі курортамі, шматлікімі помнікамі гісторыі і культуры, развітой сеткай пансіянатаў і атэляў. Штогод краіну наведвае каля 2,5 млн. замежных грамадзян. У 1994 замежны турызм і адпачынак прынеслі краіне 1,7 млрд. дол. даходу. Найб. турыстаў бывае з Вялікабрытаніі, Германіі, рэспублік б. СССР, арабскіх краін. На К. дзейнічаюць 17 тыс. афшорных кампаній, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і прыносяць краіне штогадовы даход каля 200 млн. долараў. Транспарт аўтамабільны, марскі, паветраны. Працягласць аўтадарог каля 12 тыс. км. У краіне 220 тыс. легкавых аўтамабіляў, 104 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). К. належыць да краін адкрытай рэгістрацыі марскога флоту. Замежным мараходным кампаніям выгадна рэгістраваць свае судны ў К. (абкладаюцца нізкім падаткам), таму фармальна К. мае гандл. флот у 18 млн. рэг. т. Гал. парты: Ларнака, Фамагуста, Лімасол. К. — вузел міжнар. авіяц. шляхоў. У міжнар. аэрапорце Ларнака перакрыжоўваюцца паветр. лініі, якія злучаюць блізкаўсх., паўн.-афр. і еўрап. краіны. У 1995 экспарт склаў 1,23 млрд. дол., імпарт — 3,69 млрд. долараў. К. экспартуе цытрусавыя, прадукцыю вінаробства, горназдабыўной і лёгкай прам-сці; імпартуе нафтапрадукты, спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Расія, Італія, Японія, Ліван. Грашовая адзінка — кіпрскі фунт. Для тур. часткі вострава характэрна скарачэнне прамысл. вытв-сці і аб’ёмаў капіталаўкладанняў, рост бюджэтнага дэфіцыту. Асн. ролю ў эканоміцы адыгрывае сфера паслуг — 70% ВУП, доля сельскай гаспадаркі складае 7,5, прам-сці — 13,5, турызму — 5%. Узровень жыцця значна ніжэйшы, чым на Пд. У 1984 тур. ліра аб’яўлена афіц. грашовай адзінкай на тур. ч. вострава.

Літ.:

Шпаро О.Б. Захват Кипра Англией. М., 1974;

Анисимов Л.Н. Проблема Кипра: Ист. и междунар.-правовой аспекты. М., 1986.

Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кіпра.
Да арт. Кіпр. Ландшафт у цэнтральнай частцы вострава.

т. 8, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАРА́ГУА (Nicaragua),

Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак. Пл. 129,5 тыс. км². Нас. 4717,1 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал. прамысл. і трансп. цэнтр — г. Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.

Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах. ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.

Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс. ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг. буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.

Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц. нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.

Н. — чл. ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер. эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.

Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыя-налістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш. Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.

Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд. дол. (каля 2,5 тыс. дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн. га, у т. л. 1,3 млн. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн. га пад пашай. Каля 100 тыс. га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс. т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс. т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч. прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд. кВтгадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш. Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм. з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр. з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс. км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс. км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс. км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн. дол., імпарт — 1,45 млрд. дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал. гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.

Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд. дол. Грашовая адзінка — кордаба.

Літ.:

Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;

Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;

Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).

Герб і сцяг Нікарагуа.
Да арт. Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.
Да арт. Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.
Нікарагуа. Горад Манагуа.

т. 11, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАЛО́ІДЫ (ад позналац. alcali шчолач + грэч. eidos від),

група прыродных азотазмяшчальных злучэнняў, пераважна расліннага паходжання. Адкрыты ў пач. 19 ст.

Першы выдзелены морфій (марфін) з опію (1806), потым стрыхнін і бруцын, хінін і цынханін, кафеін, нікацін, атрапін і інш. У аснове будовы малекул алкалоідаў ляжыць гетэрацыкл ядра пірыдзіну, піралідзіну, імідазолу, аўрыну і інш. У залежнасці ад будовы алкалоіды класіфікуюць на групы: пірыдзіну (лабелін, нікацін, каніін), трапану (атрапін, какаін), хіналізідзіну (лупінін, цытызін) і інш.

Вядома некалькі тысяч алкалоідаў, з іх у жывёл толькі каля 50. Найб. багатыя алкалоідамі расліны з сям. бабовых, макавых, паслёнавых, казяльцовых, астравых, лебядовых. Колькасць алкалоідаў у тканках раслін звычайна вымяраецца долямі працэнта, рэдка дасягае 10—15% (кара хіннага дрэва). Асобныя алкалоіды спецыфічныя для пэўных родаў і сямействаў раслін, што з’яўляецца іх дадатковай сістэматычнай прыкметай. Лакалізуюцца алкалоіды ў органах раслін, напр., у хіннага дрэва ў кары, у аканіта ў клубнях, у какаінавага дрэва ў лісці. Многія з алкалоідаў у вял. дозах — моцныя яды, у малых — лек. рэчывы (шырока выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці, напр., атрапін, новакаін, кадэін, папаверын, хінін і інш.). Арганізм чалавека і жывёл яны ўзбуджаюць (кафеін, стрыхнін) або паралізуюць (марфін, рэзерпін). Некаторыя алкалоіды выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы супраць шкоднікаў раслін (напр., анабазін, нікацін і іх сернакіслыя солі) і ў эксперым. біялогіі для вывядзення новых формаў с.-г. раслін (напр., калхіцын).

Літ.:

Орехов А.П. Химия алкалоидов растений СССР. М., 1965;

Мироненко А.В. Метады определения алкалоидов. Мн., 1966;

Лукнер М. Вторичный метаболизм у микроорганизмов, растений и животных: Пер. с англ. М., 1979.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́»

(«БНГ»),

назва арганізацыі, прыдуманай следчымі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу ў барацьбе з іншадумствам нац. інтэлігенцыі ў лют.жн. 1933; працяг паліт. працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У арг-цыю было ўключана 68 чал., пераважна бел. пісьменнікаў (З.Астапенка, У.Жылка, Л.Калюга, М.Лужанін, Ю.Таўбін), настаўнікаў, студэнтаў, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі АДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і інш. раёны БССР, а таксама бел. зямляцтвы ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Ідэйнае кіраўніцтва арг-цый прыпісвалася К.Б.Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе. Асн. мэтай арг-цыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыяліст. форм у сельскай гаспадарцы і ў прам-сці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзярж. ўтварэнне павінна было ажыццяўляцца «ў блоку Літва—Латвія—Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г. Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва—Украіна—Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арг-цыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі. «Кіраўнікі» і «члены» арг-цыі атрымалі ад 2 да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, частка выслана на Урал, у Казахстан. Вінаватымі сябе прызналі 20 чал. У 1956 Судовая калегія па крымінальных справах Вярх. суда БССР спыніла справу ў адносінах 44 чал. за адсутнасцю складу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х г.

Т.С.Процька.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКІ РАЁН,

на У Мінскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 34,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Беразіно, 218 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Багушэвіцкі, Брадзецкі, Бярэзінскі, Высакагорскі, Дзмітравіцкі, Каменнаборскі, Капланецкі, Ляжынскі, Мачаскі, Пагосцкі, Паплаўскі, Сялібскі, Ушанскі, Якшыцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая і раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,3 м (каля в. Мікулічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Бярэзіна з прытокамі Уша, Жорнаўка, Уса, Манча, Брусята, Клява. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 50% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя лясы.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 76 тыс. га, з іх асушана 19,9 тыс. га. У раёне 20 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (ячмень, авёс, жыта, пшаніцу) і кармавыя культуры, грэчку, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), харч. (сыр, спірт, пладова-агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), ільноапр. і дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Магілёў, а таксама з Беразіно на Барысаў, Клічаў, Новалукомль. Суднаходства на Бярэзіне. У раёне 21 сярэдняя, 7 базавых, 2 пач. школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 22 клубы, 33 б-кі, 5 бальніц, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — касцёл сярэдзіны 19 ст. ў в. Багушэвічы. Выдаецца газ. «Сцяг Леніна».

т. 3, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́Д,

гідраген (лац. Hydrogenium), H, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 1, ат. м. 1,00794. Прыродны вадарод складаецца з 2 ізатопаў ​1H (протый, 99,98% па масе) і ​2H ці Д (дэйтэрый, 0,02%), атрыманы штучныя радыеактыўныя ​3H ці Т (трытый) і вельмі няўстойлівы ​4H. У паветры колькасць вадароду 3,5·10​−6% па масе, у літасферы і гідрасферы — 1%, у вадзе — 11,19%, у складзе арганічных злучэнняў вадароду маюць усе раслінныя і жывёльныя арганізмы. Самы пашыраны элемент у космасе, складае каля палавіны масы Сонца, большасці зорак. Газ без колеру і паху, tпл -259,1 °C, tкіп -252,6 °C, шчыльн. вадкага 70,8 кг/м³ (-235 °C). Вадарод і яго сумесі з паветрам і кіслародам (гл. Грымучы газ) пажара- і выбухованебяспечныя.

Малекула вадароду двухатамная. Пры звычайных умовах узаемадзейнічае толькі з фторам і хлорам (на святле), пры павышаных т-рах у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Вада), галагенамі (гл. Галагенавадароды), азотам (гл. Аміяк). Са шчолачнымі і шчолачназямельнымі металамі, элементамі III—IV груп перыяд. сістэмы ўтварае гідрыды. Аднаўляе аксіды і галагеніды металаў да металаў, ненасычаныя вуглевадароды (гл. Гідрагенізацыя). Лёгка аддае электрон, у водных растворах пратон H​+ існуе ў выглядзе іона гідраксонію, утварае вадародную сувязь. У прам-сці атрымліваюць канверсіяй метану: CH4 + 2H2O = 4H2 + CO2; пры газіфікацыі вадкага і цвёрдага паліва (гл. Вадзяны газ).

Газападобны вадарод выкарыстоўваюць для сінтэзу аміяку, хлорыстага вадароду, метылавага і вышэйшых спіртоў, вуглевадародаў, для гідрагенізацыі тлушчу, таксама для зваркі і рэзкі металаў вадародна-кіслародным полымем, вадкі — як гаручае ў ракетнай і касм. тэхніцы, ізатопы — у атамнай энергетыцы.

І.В.Боднар.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,

тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення ваенных дзеянняў на сушы, моры і ў паветры; асн. частка ваеннай навукі. Уключае стратэгію ваенную, аператыўнае майстэрства, тактыку. Стратэгія ўключае тэорыю і практыку падрыхтоўкі ўзбр. сіл да ваен. дзеянняў, планаванне і вядзенне вайны, стратэг. аперацый, выкарыстанне відаў узбр. сіл і кіраванне імі. Яна абумоўлена палітыкай дзяржавы і падпарадкавана ёй. Аператыўнае майстэрства вырашае пытанні падрыхтоўкі і правядзення аперацый. Тактыка — гэта тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою, яго сутнасць і характар, спосабы арг-цыі і вядзення розных яго відаў: наступлення, абароны, сустрэчнага бою. У залежнасці ад відаў узбр. сіл вылучаюць ваеннае майстэрства сухап. войск, ракетных войскаў ППА, ВПС і ВМС. Ваеннае майстэрства некалькіх родаў войск, якія ўваходзяць у некалькі відаў узбр. сіл, аб’ядноўваюць агульным паняццем, напр., ваенна-інж. майстэрства.

Ваеннае майстэрства зарадзілася разам з узнікненнем войнаў і армій, развівалася ў залежнасці ад узроўню вытв-сці, эканомікі і характару грамадскага ладу. На яго ўплываюць таксама асаблівасці гіст. развіцця краіны, геагр. ўмовы, нац. традыцыі і інш. фактары. Важнымі этапамі развіцця ваеннага майстэрства былі войны, асабліва 1-я і 2-я сусветныя.

Ваеннае майстэрства ў сучасных умовах развіваецца ў кірунку павелічэння ролі стратэгіі, якая пры наяўнасці ядзерных сіл можа ўплываць на ход і вынік вайны. У аператыўным майстэрстве асн. ўвага аддаецца распрацоўцы эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі і ажыццяўлення сумесных аперацый і баявых дзеянняў усіх відаў узбр. сіл. У тактыцы распрацоўваюцца спосабы вядзення агульнавайск. бою з максімальным выкарыстаннем новых сродкаў узбр. барацьбы. У ваен. тэорыі многіх краін Ваеннае майстэрства складаецца са стратэгіі і тактыкі; тэрмін «аператыўнае майстэрства» замяняюць тэрмінамі «вялікая тактыка» або «малая стратэгія».

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),

абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).

І.Дз.Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛГАГРА́Д,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Валгаградскай вобл. 1024,3 тыс. ж. (1994). Порт на р. Волга. Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Аэрапорт. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, буравая тэхніка, вымяральная апаратура, суднабудаванне і інш.), чорная (трубы, стальны дрот) і каляровая (вытв-сць алюмінію) металургія, хім. (каўстычная сода), нафтахім., дрэваапр. (мэбля), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, гіпс, кераміка), лёгкая (абутковая, трыкат., гарбарная), харч. (мясная, кансервавая, маргарынавая, малочная) прам-сць. Паблізу Валгаграда Волжская ГЭС. 7 ВНУ, у т. л. ун-т, 4 т-ры, 4 музеі, у т. л. музей-панарама «Сталінградская бітва», Музей абароны і інш., помнік-ансамбль «Героям Сталінградскай бітвы» на Мамаевым кургане.

Упершыню ўпамінаецца ў гіст. мемуарах у 1589 як Царыцын (назва ад р. Царыца, якая ўпадае ў Волгу; тат. Сарысу — жоўтая вада). На пач. 17 ст. згарэў, адбудаваны ў 1615 на правым беразе Волгі. У 1727 зноў згарэў. З 1708 у Казанскай, з 1719 у Астраханскай губ., з 1773 у Саратаўскім намесніцтве. З 1782 павятовы горад Саратаўскай губ. Да канца 18 ст. ваен. крэпасць. Цэнтр антыфеад. паўстання ў час Сялянскай вайны 1670—71, Булавінскага паўстання 1707—09, Сялянскай вайны 1773—75. З 2-й пал. 19 ст. чыг., партовы і прамысл. цэнтр. З 1920 цэнтр Царыцынскай губ. У 1925 перайменаваны ў Сталінград; цэнтр акругі Ніжняволжскай вобл., з 1932 цэнтр Ніжняволжскага краю, з 1934 Сталінградскага краю, з 1936 — вобласці. У Вял. Айч. вайну ў Сталінградскай бітве 1942—43 горад амаль поўнасцю разбураны. Адноўлены паводле ген. плана 1945. З 1961 сучасная назва.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)