НО́РМА (лац. norma правіла, узор),
межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.
т. 11, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯРХА́Т (ад грэч. pater бацька + archē улада),
1) форма родавай арганізацыі першабытнаабшчыннага ладу, якая характарызуецца вяршэнствам мужчыны ў грамадскай вытв-сці і сац. жыцці. П. ўласцівы патрылакальнасць (прыход жанчын у сем’і родавых абшчын) і патрылінейнасць (адлік роднасці па бацькоўскай лініі). Адрозніваюць ранні П., заснаваны на парнай сям’і, і позні П., які з’явіўся ў канцы першабытнаабшчыннага ладу ў выглядзе манагамных патрыярхальных сем’яў. Як і матрыярхат, П. існаваў не ва ўсіх народаў і не быў стадыяй развіцця першабытнаабшчыннага ладу. Прыхільнікамі тэорыі першапачатковай патрыярхальнасці грамадства ў ант. часы былі Платон, Арыстоцель. У сярэднія вякі гэты погляд быў пануючым, у 19 ст. яго абараняў Г.Мэн. У 1860—80-я г. І.Бахафен і Л.Морган абверглі гэту ідэю. На тэр. Беларусі першыя адзнакі патрыярхальных адносін выяўлены пры даследаванні помнікаў эпохі бронзы: на паселішчах Падзвіння скульпт. і графічныя выявы мужчын-духаў, што сведчыць пра большую ролю мужчын у рэліг. вераваннях; на калект. могілках сярэднедняпроўскай культуры пахаванні мужчын часцей займаюць цэнтр. месца.
2) У хрысціянстве П., патрыярхія — кіруемая патрыярхам царква ў сукупнасці яе элементаў: веравучэння, культу, падання і традыцыі, іерархічнай сістэмы кіравання.
т. 12, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЙМА́ННЕ ў псіхалогіі,
узнаўленне індывідамі і сац. групамі паводзін інш. індывідаў і груп. Арыстоцель прыпісваў П. важную ролю ў фарміраванні чалавека. У біялагізатарска-інстынктывісцкіх канцэпцыях (У.Мак-Дугал і інш.) падкрэсліваецца прыроджаны характар П. У рамках асацыятыўнай псіхалогіі (гл. Асацыянізм) П. разглядаецца як асаблівы від уздзеяння, пры якім рэакцыя аб’екта П. становіцца ўмоўным стымулам для ўласнай рэакцыі суб’екта П. на стымул. У біхевіярызме П. тлумачыцца з пазіцый тэорыі навучання і разглядаецца як вынік падмацавання адпаведных паводзін з дапамогай прамых і ўскосных відаў заахвочвання і пакарання. Спалучэнне асацыянісцкіх і біхевіярысцкіх уплываў у даследаваннях П., заснаваных на канцэпцыях «замяшчальнага навучання» (А.Бандура і інш.). Пры сац.-псіхал. вывучэнні П. даследуецца гал. чынам узаемадзеянне сац.-тыповых суб’ектаў і аб’ектаў П.; яно разглядаецца, з аднаго боку, як вынік сац. ўздзеяння (напр., уплыў рэферэнтных груп, канфармізм), з другога — як разнавіднасць і сродак сац. ўздзеяння, як адзін са шляхоў далучэння індывіда да сац. і культурнага вопыту. Узор, годны П., з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў выхавання. П. сустракаецца на розных узроставых этапах індывід. развіцця чалавека.
т. 12, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДАНІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, тэарэт. асновай якога з’яўляецца філас.-сацыялагічная канцэпцыя франц. філосафа П.Прудона. Для П. характэрны вульгарная інтэрпрэтацыя гегелеўскай дыялектыкі і звядзенне яе да тэзы аб наяўнасці ў кожным прадмеце ці з’яве добрага і дрэннага; тлумачэнне развіцця грамадства барацьбой ідэй; сцвярджэнне магчымасці вырашэння грамадскіх супярэчнасцей шляхам ураўнаважання дзеючых у грамадстве сац. сіл. Эканам. пасылкі П. ўключаюць; асуджэнне буйной капіталіст. уласнасці, абарону дробнай прыватнай уласнасці, адмаўленне грашовай сістэмы, ідэю аб арганізацыі «справядлівага абмену» паміж асобнымі таваравытворцамі. Для П. характэрны некат. анархісцкія тэндэнцыі: адмаўленне дэмакратыі, нігілістычныя адносіны да паліт. партый, пропаведзь ліквідацыі дзяржавы і замены яе федэрацыяй супольнасцей вытворцаў. Паліт. праграма П грунтавалася на палажэннях аб ажыццяўленні сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам і паступовым рэфармаванні грамадства, неабходнасці рэалізацыі ідэі сац. справядлівасці і маральнага ўдасканалення асобы. Прадстаўнікі П. адмоўна ставіліся да ўдзелу жанчын у прамысл. працы і грамадскім жыцці. Некаторыя палажэнні П. выкарыстаны прадстаўнікамі анархізму (М.А.Бакунін), сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн), а яго антыдэмакр. ідэі знайшлі адбітак у ідэалогіі фаш. рухаў у Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Лац. Амерыцы.
В.І.Боўш.
т. 13, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + геалогія),
ядзерная геалогія, навука, якая вывучае радыеактыўныя працэсы (радыеактыўны распад, рэакцыі актывацыі, дзялення і сінтэзу ядзер) у прыродзе і адлюстраванне эвалюцыі атамных ядзер у развіцці Зямлі і касм. цел. Тэрмін «Р.» увёў У.І.Вярнадскі ў 1937. Садзейнічае вырашэнню праблем глыбіннай будовы Зямлі, вулканізму і тэктагенезу, эвалюцыі зямных абалонак, развіцця жывога рэчыва, сувязі касм. і геахім. працэсаў. З дапамогай радыеметрычных метадаў разведкі вядуцца пошукі карысных выкапняў. Цесна звязана з радыегеахіміяй, радыегідрагеалогіяй, ядзернай геафізікай, ядзернай геатэрмікай, касмахіміяй. Падзяляецца на ўласна Р., ізатопную геалогію і абсалютную геахраналогію. Даследуе прыродныя радыеізатопы (напр., урану 238U, 235U, торыю232Th, калію 40K, кальцыю 48Ca, рубідыю 87Rb і інш.), касмагенныя (метэарытаў, першаснага касм. выпрамянення і інш.), радыеізатопы, якія распаліся ў геал. мінулым, стабільныя ізатопы — канчатковыя прадукты распаду (напр., гелій 4He, ксенон 136Xe, свінец 204, 206, 208Pb, вісмут 210Bi і інш.), таксама абс. ўзрост горных парод (уран-свінцовы, калій-аргонавы, радыевугляродны і інш. метады), крыніцы і патокі цеплавой энергіі, радыяцыйна-хім. з’явы (радыёліз вады, ізатопны абмен і інш.). На Беларусі праблемамі Р. займаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН.
У.А.Кузняцоў.
т. 13, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́ЛАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 9.10.1948, в. Кручполле Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
рускі пісьменнік, вучоны. Акад. Рас. акадэміі славеснасці (1998). Д-р юрыд. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1972).
З 1978 працаваў у Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, з 1981 у Бабушкінскім райкоме КПСС Масквы, з 1986 у Ін-це марксізму-ленінізму, з 1988 у ЦК КПСС, Вярх. Савеце СССР, ва ўрадзе Расіі, у 1993—98 нам. старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Расіі, адначасова з 1992 заг. кафедры Маскоўскай юрыд. акадэміі. У раманах «Выканаўца» (1994), «Цяжкае раздарожжа» (1996), «Жнівеньскі зарапад» (1998), «На зямлі белых рос» (1999), «Сімвал маці» (2000) асэнсаванне некат. аспектаў гіст. развіцця сучаснай Расіі, падрабязнасці распаду СССР. Аўтар зб-каў прозы, паэзіі, драматургіі «Не забі» (1993), «Вершы і апавяданні» (1995), «Дрэва дабра і зла» (1996), «Мне прыснілася канюшына» (1997), «Граф Александрэ» (1999) і інш. Ініцыятар многіх гуманітарных акцый, у т. л. па адкрыцці карціннай галерэі ў г. Рагачоў, уклаў асабістыя сродкі ў буд-ва царквы ў в. Ціхінічы.
С.С.Лаўшук.
т. 13, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых ун-таў Расіі, вядучы цэнтр развіцця адукацыі, навукі, культуры. Засн. на базе імператарскага Варшаўскага ун-та (з 1869), які ў 1915 эвакуіраваны ў г. Растоў-на-Доне. Паводле Пастановы Часовага ўрада ад 5.5.1917 імператарскі Варшаўскі ун-т скасаваны, а на яго базе створаны новы, які наз. Данскі, з 1925 Паўночна-Каўказскі, з 1931 Растоўскі-на-Доне, з 1957 сучасная назва.
У 2000/01 навуч. г. больш за 14 тыс. студэнтаў; ф-ты: біёлага-глебавы; геолага-геагр.; гіст.; механіка-матэм.; хім.; фіз.; псіхалогіі; сацыялогіі і паліталогіі; філалогіі і журналістыкі; філасофіі і культуралогіі; эканам.; юрыд.; ваеннага навучання. Вядзецца падрыхтоўка па 35 спецыяльнасцях. Аспірантура і дактарантура з 1957. У складзе ун-та класічны, эканам. і юрыд. ліцэі; ін-т перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманіт. і сац. навук, 2 ін-ты — права і кіравання, эканомікі і знешнеэканам. сувязей, даюць 2-ю вышэйшую адукацыю. Пры ун-це працуюць 10 НДІ, навукова-канструктарска-тэхнал. бюро «П’езапрыбор», Паўн.-Рас. рэгіянальны цэнтр інфарматызацыі вышэйшай школы, Занальная навук. б-ка (2,9 млн. экз. кніг), Бат. сад і інш.
т. 13, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перадавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які ідзе, знаходзіцца наперадзе астатніх. Перадавая пазіцыя. Перадавая лінія. □ [Аляксей і Барыс] удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы трохі, рушылі далей. Васілёнак.
2. перан. Які стаіць вышэй за іншых па ўзроўню развіцця. Перадавыя метады працы. Перадавая тэхніка. Перадавая навука. // Які дасягнуў найлепшых паказчыкаў, поспехаў у працы. Перадавыя калгасы. □ Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых. Грахоўскі. // Прагрэсіўны. Перадавыя ідэі. Перадавая літаратура. Перадавы друк. // Найбольш свядомы, ініцыятыўны. Перадавая моладзь вёскі.
3. у знач. наз. перадава́я, ‑ой, ж. Разм. Пярэдняя лінія абароны перад фронтам праціўніка; раён баявых дзеянняў. Падрыўнікі, раней чым з’явіцца ў штаб і далажыць аб выкананы задання, вырашылі завітаць па дарозе на перадавую. Шахавец. Чарняхоўскі разам з камдывам накіраваўся ў бок перадавой. Мележ.
•••
Перадавы артыкул гл. артыкул.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
працэ́с, ‑у, м.
1. Паслядоўная змена якіх‑н. з’яў, ход развіцця чаго‑н. Літаратура — заўсёды працэс, і на яе развіццё ўплывае нават тое, што супярэчыць яе асноўнаму напрамку... Навуменка. Хацелася мець здымкі такія, якія адлюстроўвалі б увесь працэс працы на агародзе і ў садзе. Сабаленка. // Сукупнасць паслядоўных дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнага выніку. Тэхналагічны працэс. □ Цярпліва тлумачыў дзед Петрыку працэс рамонтных работ. Шынклер.
2. Актыўнае развіццё хваробы. Запаленчы працэс. □ Кансіліум выявіў у Давіда адкрыты працэс сухотаў. Машара.
3. Спец. Парадак разбору судовых спраў. Грамадзянскі працэс. // Разбор справы судом. Паказальны судовы працэс. □ Працэс пачаўся з апытання абвінавачаных. Ліс. У перапоўненай вялізнай зале Ідзе працэс над бандаю забойцаў. Гілевіч.
•••
Спаборны судовы працэс (спец.) — парадак разгляду судовых спраў, пры якім разбор справы адбываецца пры ўзаемным удзеле бакоў.
У працэсе чаго — у ходзе, у час здзяйснення чаго‑н.
[Ад лац. processus — цячэнне, ход.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разві́цца, разаўюся, разаўешся, разаўецца; пр. развіўся, ‑лася, ‑лося; заг. развіся; зак.
1. Раскруціцца, расплесціся. Вяроўка развілася. // Разгарнуцца, расправіцца. Збыліся думкі чорнай ночы, Развіўся вольны сцяг. Чарот.
2. Распусціцца (пра пупышкі, кветкі і пад.). У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра развіўся, хоць і з пэўным спазненнем. Лужанін. Тады каза разжывецца, як куст разаўецца. Прыказка.
3. Відазмяняючыся, знаходзячыся ў працэсе росту, дасягнуць вышэйшай або пэўнай стадыі развіцця. Усходы добра развіліся з восені. □ За такое нядоўгае і халоднае лета драўняныя расліны не паспяваюць развіцца. Гавеман. // Скласціся, узнікнуць. За доўгую практыку ў .. [Эміліі] развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр.
4. Прыняць шырокі размах, набыць вялікае значэнне. Торфабрыкетны завод «Лукскае» узнік, развіўся на вачах Гаўрылкіна. «Звязда». // Паступова ўзмацняючыся, павялічваючыся, дайсці да значнай ступені.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)