ЛІТАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

група хім. элементаў у геахім. класіфікацыі, якія маюць вонкавую 8-электронную абалонку (паводле тыпу інертных газаў) і размяшчаюцца на ўчастках змяншэння крывой атамных аб’ёмаў. Складаюць 93% асноўнай масы мінералаў зямной кары і 97% масы солевага саставу акіянічнай вады. Да Л.э. адносяцца 55 элементаў перыядычнай сістэмы: кісларод O, крэмній Si, алюміній Al, тытан Ti, бор B, вуглярод C і інш., шчолачныя і шчолачназямельныя металы, галагены і многія рэдкія элементы. Л.э. пераважна парамагнітныя. Уваходзяць у асноўным у састаў сілікатаў, пашыраны таксама іх аксіды, галагеніды, карбанаты, сульфаты, фасфаты. Шчыльнасць злучэння Л.э. ад 2 10​3 да 4 10​3 кг/м³. Групу Л.э. вылучыў у сваёй геахім. класіфікацыі ў 1924 В.М.Гольдшміт. Дапоўніў у 1952 Э.Садэцкі-Кардаш. Па класіфікацыі А.П.Вінаградава да Л.э. адносяцца таксама атмафільныя элементы.

У.Я.Бардон.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАЧКАЛА́,

горад, сталіца Дагестана, у Расійскай Федэрацыі. Размешчаны на зах. беразе Каспійскага м. на вузкай Прыморскай нізіне, каля падножжа г. Таркітау. Засн. ў 1844 як рас. ваен. ўмацаванне Пятроўскае. 394,5 тыс. ж (1996). Марскі порт. Чыг. станцыя. Аўтамагістраль. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць электразварачнага абсталявання, сепаратараў, шматкаўшовых экскаватараў, прыбораў, абсталявання для харч. прам-сці і інш.), хім., лёгкая (трыкатаж і інш.), харчовая, у т. л. рыбная, кансервавая, вінаробная. Вытв-сць буд. матэрыялаў (шкловалакно, сілікатная цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). У М. навуковы цэнтр Рас. АН. 5 ВНУ, у т. л. Дагестанскі ун-т, мед. акадэмія. 5 тэатраў. Музеі: рэсп. краязнаўчы і выяўл. мастацтваў. Бальнеагразевы і прыморскі кліматычны курорт. За 18 км на ПдЗ ад М. бальнеалагічны курорт Талгі.

Да арт. Махачкала. Панарама горада.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАТЭРМІ́Я (ад металы + грэч. thermē цяпло),

адна з галін металургіі па вытв-сці чыстых металаў, сплаваў, ферасплаваў, лігатур, металідаў і інш. хім. злучэнняў металаў. Прынцып М. (аднаўленне металаў з іх аксідаў алюмініем і інш. элементамі) адкрыты ў 1865 М.М.Бякетавым.

М. заснавана на аднаўленні аксідаў і інш. злучэнняў металаў элементамі, здольнымі ўтвараць аксіды тэрмадынамічна больш трывалыя, чым аксіды металаў, што аднаўляюцца; адбываецца з вылучэннем цяпла. У якасці аднаўляльнікаў звычайна выкарыстоўваюць магній (магніетэрмія), кальцый (кальцыетэрмія), алюміній (алюмінатэрмія; найб. пашырана ў прам-сці), крэмній (сілікатэрмія), бор (боратэрмія).

На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца з 1965 у БПА. Распрацаваны асновы новага кірунку ў М. — металатэрмічнага метаду стварэння сінт. парашковых асяроддзяў для хіміка-тэрмічнай апрацоўкі металаў і сплаваў.

Літ.:

Самсонов Г.В., Перминов В.П. Магниетермия. М., 1971;

Алюминотермия. М., 1978.

Л.Р.Варашнін.

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,

прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.Б.Дзюма і Э.Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.

Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл. Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя А.Дз.Сахарава. Засн. ў 1992 у Мінску як Міжнар. каледж па радыеэкалогіі імя А.Дз.Сахарава. З 1994 Міжнар. ін-т па радыеэкалогіі, з 1999 сучасная назва. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: радыеэкалогіі; радыебіялогіі і экалаг. медыцыны; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1995. Савет па абароне дысертацый па экалогіі з 1999. З 1994 працуе кафедра ЮНЕСКА. Мае: цэнтры Нац. па выпрабаванні біял. актыўнасці хім. злучэнняў, 2 рэсп. па радыяцыйнай і экалаг. бяспецы (інфармавання насельніцтва і навукова-навуч.), лінгвістычны; спец. аддзелы (інфарм.-выдавецкі, тэхн. сродкаў навучання, новых адукац. тэхналогій); н.-д. сектар, у складзе якога 12 лабараторый, у т. л. лабараторыя гістэхналогій; лакальную камп’ютэрную сетку з выхадам у Інтэрнет; навукова-навучальную палявую станцыю ў Хойніках.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙРО́БІ (Nairobi),

горад, сталіца Кеніі. Размяшчаецца на пласкагор’і, на выш. 1,7 тыс. м. З прылеглай тэрыторыяй утварае сталічную акругу Найробі. 2 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая, хім., папяровая, шкляная, металург., металаапр., цэм., шынная. Нац. ун-т. Музеі, у т. л. Нацыянальны (уключае буйнейшую ў свеце калекцыю афр. матылёў). Тэатры. Макміланаўская б-ка. Нац. цэнтр дагіст. і палеанталагічных даследаванняў. Шпіталь імя Дж.Кеніяты. Штаб-кватэра Сакратарыята ААН па праграме навакольнага асяроддзя. За 8 км на Пднац. парк Найробі.

Засн. ў 1899 у сувязі з буд-вам чыгункі. У 1907—63 адм. цэнтр брыт. калоніі Кенія. У 1920—40-я г. ў Н. размяшчалася англ. ваен. база. З 1963 сталіца незалежнай Кеніі (з 1964 Рэспублікі Кенія).

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБМЕЖАВА́НАСЦІ ЭВАЛЮ́ЦЫІ ПРА́ВІЛА, неабмежаванага прагрэсу заканамернасць. Яго сутнасць: развіццё ад простага да складанага неабмежавана — ад найпрасцейшых форм руху матэрыі да біял. і сац. яго форм. У межах біял. формы руху матэрыі Н.э.п. можа быць сфармулявана як максімальнае (вечнае, безупыннае і абсалютна неабходнае) імкненне жывога да адноснай незалежнасці ад умоў асяроддзя існавання і максімальнага прыстасавання да іх.

Аднак Н.э.п. не трэба разумець літаральна, таму што арганізм ніколі не можа поўнасцю вызваліцца ад уздзеяння асяроддзя, і кожная новая, больш эвалюцыйна-гістарычна высокая форма руху матэрыі толькі затушоўвае (у філасофіі — «адымае») дзеянне законаў больш нізкіх форм руху матэрыі (для біял. формы — фіз. і хім. яго формы), але не «адмяняе» іх. Тое ж назіраецца ў рамках сац. формы руху матэрыі. Паводле Н.э.п. заўсёды можна знайсці новыя шляхі развіцця, у прыватнасці, калі праблемы вырашаюцца метадам альтэрнатывы.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЧАРКА́СК,

горад у Расіі, у Растоўскай вобл., на рэках Тузлаў і Аксай (правы прыток р. Дона). 189 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд. (электравозы, станкі), хім., харчасмакавая. 2 ВНУ. Тэатр. Музей Данскога казацтва. Каля Н. — Новачаркаская ГРЭС.

Засн. ў 1805 атаманам М.І.Платавым як новы адм. цэнтр Зямлі (з 1870 вобласці) Войска Данскога замест Чаркаска (цяпер станіца Старачаркаская). У 19 ст. паліт. цэнтр данскога казацтва. У 1870-я г. злучаны чыгункай з Растовам-на-Доне і пачаў хутка развівацца. У пач. 20 ст. важны цэнтр адукацыі і культуры Дона. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі (1942—43), моцна пашкоджаны. У Н. адбыліся Новачаркаскія падзеі 1962.

Літ.:

Молчанов П.И., Репников И.Г. Новочеркасск: Ист.-краевед. очерк. 3 изд. Ростов н/Д., 1985.

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕАЗІ́ДЫ,

злучэнні, якія складаюцца з астаткаў азоцістай асновы і вугляводу рыбозы (рыбануклеазіды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеазіды); N-гліказіды пурынавых або пірамідзінавых асноў. Найб. значэнне маюць Н., што ўваходзяць у склад нуклеінавых кіслот: адэназін, гуаназін, урыдзін, цытыдзін, цымідзін. Свабодныя Н. ўтвараюцца пры гідролізе нуклеінавых к-т і нуклеатыдаў. Абарачальнае фасфат-залежнае расшчапленне Н. да рыбоза-1-фасфату і свабоднай асновы адбываецца пад уздзеяннем ферментаў нуклеазідфасфарылаз. Спецыфічныя нуклеазідазы каталізуюць гідроліз Н. і разрываюць сувязі паміж цукрам і асновай. Фасфарыліраванне Н. кіназамі выклікае ўтварэнне нуклеатыдаў. Некат. пурынавыя і пірымідзінавыя Н. з хім. мадыфікаванай вугляводнай ч. малекулы і (або) асновай валодаюць антыбіятычнай актыўнасцю і блакіруюць абмен пурынаў, пірамідзінаў і бялкоў як антыметабаліты натуральных субстратаў. Яны знаходзяцца ў клетцы ў свабодным стане і не ўваходзяць у склад нуклеінавых к-т.

С.С.Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕАТЫ́ДЫ, нуклеазідфасфаты,

фосфарныя эфіры нуклеазідаў. Складаюцца з азоцістай асновы (звычайна пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу рыбозы (рыбануклеатыды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеатыды) і аднаго або некалькіх астаткаў фосфарнай к-ты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот, найважнейшых каферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нуклеазідтрыфасфаты — Н., што маюць 3 астаткі фосфарнай к-ты, з’яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі, крыніцамі і пераносчыкамі хім. энергіі фасфатнай сувязі. Асобую ролю адыгрывае адэназінтрыфосфарная кіслата — універсальны акумулятар энергіі, які забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці (сінтэз бялкоў, поліцукрыдаў, ліпідаў і інш.). Нуклеазідтрыфасфаты з’яўляюцца таксама субстратамі для сінтэзу нуклеінавых к-т. Да важнейшых рэгулятарных Н. адносяцца і іх цыклічныя формы. Свабодныя нуклеазідмонафасфаты ўтвараюцца шляхам сінтэзу або пры гідролізе нуклеінавых к-т, далейшае іх фасфарыліраванне прыводзіць да ўтварэння адпаведных нуклеазідды- і нуклеазідтрыфасфатаў. Распад Н. адбываецца пад уздзеяннем нуклеатыдаз і нуклеатыдпірафасфарылаз.

С.С.Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)