моц, ‑ы, ж.
1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.
2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.
3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.
4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.
5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.
6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.
•••
Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўда́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які канчаецца няўдачай; непаспяховы. Хоць рыбалка ў нас была няўдалая, хоць мы і не злавілі ніводнага язя, аднак дзед Мацей быў у добрым гуморы. Ляўданскі. А назаўтра па ўсёй вёсцы было толькі гаворкі, што пра няўдалыя заручыны. Ермаловіч.
2. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Ліля расказала пра сваё няўдалае жыццё спаважна і грунтоўна. Асіпенка. [Рудзін:] — Дзякаваць богу, жыць можна і дзецям што-небудзь будзе... Толькі за сына баюся я. Нейкі няўдалы ён у мяне, усё з кніжкамі, а да справы зусім не прыглядаецца... Галавач.
3. Які дрэнна ўдаўся; нездавальняючы. Няўдалы малюнак. Няўдалы адказ.
4. Які не адпавядае свайму прызначэнню; няўмелы. Няўдалы ваяка. □ Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся.. ды не папаў. Вось няўдалы стралец... Бядуля.
5. Нікуды не варты; дрэнны. [Гальвас] дажыў да старасці, няўдалае гаспадаранне год за годам усё больш уганяла яго ў беднасць. Чорны. І вось цяпер палыхае сонца на прасторы і ходзяць людзі, якіх ніяк не адарвеш ад гэтай няўдалай зямлі, ад непраходных нетраў, дзе толькі плодзіцца і звонам звініць адна непалоханая заедзь. Пестрак. // З фізічнымі недахопамі, непрыгожы (пра чалавека). Ці рабіць не ўмею, Ці сама няўдала, Ці цябе, хлапчына, Я не так кахала? Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасве́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прасвяціцца.
2. Свяціцца, віднецца ў прамежках паміж чым‑н., праз што‑н. Праз лісце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае. Шамякін. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле. Колас. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі. Хадкевіч.
3. Прапускаючы праз сябе святло, рабіцца, здавацца празрыстым. Сакавіцкае сонца свеціць Янку ў патыліцу, і Даніку відаць, як вушы Лычыка, нейкія круглыя і адтапыраныя, прасвечваюцца, нібы яны з ружовай паперы. Брыль. / Пра схуднелага, хваравітага, бледнага чалавека, яго цела і пад. Хлопчык тады быў шчупленькі, невысокі ростам, бялявы твар яго з густым рабаціннем, здаецца, прасвечваўся. С. Александровіч. Чалавек той быў такі худы, што ажно рукі прасвечваліся наскрозь. Хомчанка. / Пра што‑н. старое, вынашанае. [Кюблер] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацёрліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.
4. перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра які‑н. ўнутраны стан, якасць, уласцівасць і пад.). З маленькіх шчылінак-вачэй хлопца прасвечваўся смутак і сорам за сваю нязграбнасць. Дуброўскі.
5. Асвятляцца (сонцам, праменямі святла). — Стаім на ўзлеску .. бору, а ён высока на ўзгорку і .. ўвесь сонцам прасвечваецца. Ракітны.
6. Зал. да прасвечваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.
1. Адметная рыса, па якой можна пазнаць каго‑, што‑н., вызначыць што‑н. Па слядах, па безлічы толькі яму [егеру] вядомых адзнак і прыкмет ён мог беспамылкова вызначыць дакладную колькасць кожнага віду дзікіх жывёл на сваім участку. В. Вольскі. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы. Брыль. [Нася:] — Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкмету: у маіх валасах будзе белая кветачка. Якімовіч. // Тое, што ўказвае на з’яўленне, наступленне чаго‑н. Сённяшняй раніцай у яго з’явіў ся апетыт — верная прыкмета выздараўлення. Шахавец. Яшчэ з поўдня надвор’е гразілася дажджом. На тое былі ўсе неабходныя прыкметы: душнае сонца, парнасць зямлі, смуга ў паветры. Скрыган.
2. У забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, якая прадвяшчае што‑н. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе тут, нібы даў селяніну ён для шчасця прыкмету. Дубоўка. Павук па промню спускаецца ўніз, верыць хачу я ў старую прыкмету: спускаецца — значыць будзе мне ліст. Барадулін. — Добрая прыкмета! — сказаў стары Банэдык. — Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.
•••
Мець на прыкмеце гл. мець.
На прыкмеце (быць) у каго — аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам чыёй‑н. увагі, цікавасці і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пячы́, пяку, пячэш, пячэ; пячом, печаце, пякуць; пр. пёк, пякла, пякло; заг. пячы; незак., каго-што.
1. Гатаваць ежу сухім награваннем, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (хлеб, яечню, сала і пад.). Пячы пірагі. □ Пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае шыпучае полымя, пяклі ў прыску.. бульбу. Брыль. Ля печы клапоціцца маці І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.
2. і без дап. Моцна прыпякаць, абдаваць гарачынёю; паліць. Сонца пякло так неміласэрна, што нават гаманлівы заўсёды пляж прыціх. Лынькоў. // Выклікаць адчуванне апёку, вострага болю. Крапіва пячэ. Сівер пячэ твар. □ Мароз пёк агнём, а ніколі так не былі ў партызан расхрыстаны грудзі. Карпюк. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры, пяклі цела камары. Хомчанка. // Прычыняць востры нясцерпны боль, гарэць агнём. Тузала ногі, нылі плечы, на далонях пяклі мазалі. Дамашэвіч. // безас. Пра адчуванне гарачыні, пякоткі. У горле пячэ. □ [Тэлефаніст] зразу стаў адчуваць, як у грудзях стала смактаць і пячы, як агнём. Чорны.
3. перан.; і без дап. Не даваць спакою, трывожыць, мучыць. Адно пякло душу — не мог атрымаць ліста з Беларусі. Няхай. Руіны білі ва ўпор, пяклі фашыстаў агнём лістовак, ірвалі мінамі. Новікаў.
•••
Як бліны пячы — вельмі хутка і ў вялікай колькасці (рабіць, выпускаць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пячы́ся, пякуся, пячэшся, пячэцца; пячомся, печацеся, пякуцца; пр. пёкся, пяклася, няклося; заг. пячыся; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гатавацца сухім награваннем, без вады, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (пра ежу). Пячэцца бульба. □ Дзень быў святы. Яшчэ ад рання Блінцы пякліся на сняданне, І ўжо пры печы з чапялою Стаяла маці... Колас. Вось гэтую хату і ўсё, што рабілася, гаварылася і пяклося ў ёй, я любіў шчыра і даўно. Сіпакоў.
2. Разм. Грэцца на сонцы, быць доўгі час пад праменямі сонца, у гарачым месцы. Пячыся ля печы. □ Дзеці цэлымі днямі пякліся на сонцы, з іх ужо разы тры злазіла скура. Хомчанка. Ясь пачаў сам «зарабляць хлеб»: летам і ўвосень ганяў на пашу вербаўскую жывёлу, пёкся цэлымі днямі на сонцы, мок на дажджы. Мележ.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець здольнасць, уласцівасць паліць, абпальваць, жыгацца. Гарачая скаварада пячэцца. Крапіва пячэцца. □ Дзяўчаты працягваюць рукі, некаторыя ледзь не загортваюць агонь прыгаршчамі і раптам ускрыкваюць: пячэцца ўсё-такі! Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Я бяру, абкруціўшы травою, каб не пяклося ў рукі, кацялок і бягу у буданчык. Сачанка.
4. Зал. да пячы (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і разглядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Уважліва, пільна агледзець каго‑, што‑н. Пасажыраў у вагоне было нямнога, і Лабановіч пераходзіў ад аднаго акна да другога, каб разгледзець гэтую мясцовасць і хоць прыблізна адгадаць, дзе яго новая школа. Колас. Добра разгледзеў Толя ўсю красу раніцы позняй восені толькі за горадам. Якімовіч. Вечарам Шура з Сяргеем вылезлі на бераг, разглядзелі мішэнь. Навуменка. // Пільна ўглядаючыся, заўважыць, убачыць, распазнаць каго‑, што‑н. Асенняя ноч была такая цёмная і над ракой павіс такі густы туман, што твары людзей ніяк нельга было разглядзець. Кулакоўскі. Спыніліся [мужчыны] і ў тумане разгледзелі хату. Пальчэўскі. // перан. Прыгледзеўшыся, заўважыць, разабрацца ў кім‑, чым‑н. [Якаў:] — Дарэмна ты так падумаў. Людзі ёсць, толькі іх разгледзець трэба. Чарнышэвіч. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае, своечасова падхапіць, выпеставаць. Шыцік.
2. Разабраць, абмеркаваць (звычайна з мэтай ацэнкі або прыняцця рашэння). Разгледзець справу ў судзе. □ З надыходам заакіянскай восені на парадку дня Генеральнай Асамблеі ўсё менш застаецца пытанняў, якія трэба разгледзець. Філімонаў. Вярнулася .. [Кавалёва] пад вечар, пакуль разгледзела пошту дома, то ўжо сонца паспела апусціцца за лес. Дуброўскі. [Малюга:] — У мяне тут яшчэ многа заяў, і мы павінны іх разглядзець. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.
2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смала́, ‑ы; мн. смо́лы, смол; ж.
1. Ліпкі пахучы сок, які выдзяляецца хваёвымі і некаторымі іншымі раслінамі. Свеціць сонца. Смала Пацякла дзе-нідзе Па хваёвых ствалах. Бядуля. У пакойчыку было цёпла, ціха, утульна. Пахла смалою свежага дрэва. Колас.
2. Цёмнае вязкае з непрыемным пахам арганічнае рэчыва, якое ўтвараецца пры сухой перагонцы дрэва. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. [Максім:] «Бацькава чайка — старая: смалы і часу на канапачанне спатрэбіцца больш, чым уся яна варта». Брыль. Дзям’ян Хрысцюк і Тодар Касцецкі з другімі мужчынамі тоўстай «бабай» з бярозавага камля заганялі чорныя, вымазаныя смалою палі. Дуброўскі.
3. Разм. Пра назойлівага, надакучлівага чалавека. Не хацелася .. [Сідараву] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Чыгрынаў. — Ну і смала ж ты, — пакруціў галавой стары. — Я ж сказаў, што і табе не варта ведаць. Ляўданскі.
4. Спец. (пераважна мн. смо́лы, смол). Спец. Назва некаторых арганічных рэчываў, якія атрымліваюцца сінтэтычным шляхам і выкарыстоўваюцца ў вытворчасці лапу, пластмасы і для іншых мэт. Сінтэтычныя смолы. Каменнавугальная смала. Тарфяныя смолы.
•••
Шавецкая смала — цёмнае вязкае рэчыва для прасмолкі дратвы.
Ліпнуць смалой гл. ліпнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. узнёс, ‑несла; заг. узнясі; зак.
1. каго-што. Падняўшы, занесці куды‑н. наверх. Узнесці цэглу на другі паверх. Узнесці вёдры з вадой на ганак. □ Па лесвіцы, што стаяла прыслоненая да ўтрамбаванага сена, [дзяўчынкі] ўзнеслі дзіця наверх, аж пад дах, раскудлачылі трохі сена, выскублі ямачку і паклалі Валю. Ус.
2. перан.; што. Падняць, узняць увысь, угору; ускінуць. На ўсход, на поўнач гетман глянуў, Уладарна ўзнёсшы булаву. Жычка. І ўзнёс ён [музыка] смык рукою, і павёў яго па струнах... Дубоўка. // Накіраваць угору, у вышыню. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба. Лынькоў. Аж да самых нябёс, аж да сонца ты [горад] узнёс свае мачты — пад’ёмныя краны. А. Вольскі. / Пра вочы, позірк і пад. Калі ж часам і крадзецца сум (Я сумую, раўную, кахаю), Вочы смела на змрок узнясу, заспяваю, назло заспяваю. Хведаровіч.
3. што. Збудаваць, пабудаваць. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчы палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва.
4. перан.; каго-што. Узвялічыць, узвысіць; усхваліць. Другі ўрывак [«Слова аб палку Ігаравым»], у якім апавядаецца пра князя Усяслава, .. паэт узнёс як узор паэзіі. Лойка.
•••
Узнесці да неба — непамерна расхваліць каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)