СЛО́ЎНІК ПСЕЎДАНІ́МАЎ,

літаратуразнаўча-бібліяграфічны даведнік, дзе раскрываюцца псеўданімы і крыптанімы пісьменнікаў, артыстаў і інш., пад якімі яны выступаюць у друку, на сцэне і г.д. Часта ўключае плагіяты, дзявочыя прозвішчы аўтараў жанчын мае паказальнік аўтараў, дзе пералічваюцца іх псеўданімы і крыптанімы. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў у іх найчасцей наступныя: псеўданім і яго раскрыццё (прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара); месца выкарыстання псеўданіма (перыяд. выданне, творы ці агульнае ўказанне на час і месца яго паяўлення); крыніца, паводле якой псеўданім расшыфраваны (друкаваная, архіўная, вусная).

Першыя С.п. з’явіліся ў 16 ст. («Багаслоўскія тлумачэнні» Г.​Геснера, 1549). У 17 ст. пачалося сістэматычнае збіранне і выданне псеўданімаў («Пра пісьмовыя сімвалы, што захоўваюць імёны» І.​Саўэрса, 1652; «Пра змененыя імёны аўтараў і ананімы» Ф.​Гейслера, 1669). У 1806—09 А.​Барб’е выдаў 4-томны слоўнік франц. псеўданімаў. Найб. вядомыя С.п.: англ. Д.​Кенэдзі, А.​Сміта, А.​Джонсана (т. 1—4, 1926—30), літоўскія В.​Біржышкі (1943), Ю.​Буценаса (1981), франц. Г.​Костана (1961), груз. Т.​Мікадзе (1966, 1969), азерб. Г.​Мамедлі, Н.​Макеева (абодва 1977), эст. М.​Каху (1978), узб. Т.​Караева і Р.​Вахідава (1978, 1979) і інш. На слав. землях працы з пералічэннем псеўданімаў з’явіліся ў 18 ст. («Бібліятэка польскіх паэтаў, што пішуць роднаю моваю» Ю.​А.​Залускага, 1754), у Расіі — у пач. 19 ст. («Сістэматычны агляд літаратуры ў Расіі на працягу пяцігоддзя з 1801 да 1806 г.» А.​Шторха і Ф.​Адэлунга, 1810—11). Першы С.п. у Расіі — «Вопыт слоўніка псеўданімаў рускіх пісьменнікаў» В.​Карцава і М.​Мазаева (1891). Найб. грунтоўныя слав. С.п.: чэш. і славацкія А.​Даленскага (1934), І.​Орміса (1944), І.​Кунца (1958), І.​Воправіла (1973), польскія А.​Бара (т. 1—3, 1936—38), калект. «Слоўнік псеўданімаў польскіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1994—96), рус. «Слоўнік псеўданімаў рускіх пісьменнікаў, вучоных і грамадскіх дзеячаў» І.​Масанава (т. 1—3, 1941—49, т. 1—4, 2-е выд. 1956—60, больш за 80 тыс. псеўданімаў і крыптанімаў), венг. Пала Гуяша (1956), балг. І.​Багданава (1961), укр. А.​Дэя (1969).

На Беларусі першая публікацыя бел. псеўданімаў — «Літаратурныя працы Ц.​Гартнага» Ю.​Бібілы (у кн. «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928). У «Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.)» Я.​Саламевіча (1983) расшыфраваны 3992 псеўданімы і крыптанімы 1231 аўтара.

Літ.: Гл. да арт. Псеўданім.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПА́РТА (Spartē), Лакедэмон,

старажытнагрэчаскі поліс у даліне р. Эўрот (вобл. Лаканія), у 6—1 ст. да н.э. — дзяржава ў паўд. частцы п-ва Пелапанес. Да 13 ст. да н.э. на тэр. С. знаходзіліся мікенскія паселішчы. Паводле паэмы «Іліяда» С. была адной з 12 ахейскіх абшчын Лаканіі, якімі валодаў цар Менелай. У час уварвання дарыйцаў (каля 12 ст. да н.э.) мікенскія гарады, у т. л. і С., разбураны. Новая, дарыйская, С. ўзнікла ў 10—9 ст. да н.э., верагодна, у выніку зліцця (сінайкізму) ахейскай і дарыйскай абшчын. С. належала да аграрных полісаў — паселішчаў без гарадскіх муроў. Уся зямля была падзелена на 9—10 тыс. клераў (надзелаў) і перадавалася ў спадчыннае карыстанне сем’ям спартыятаў (паўнапраўных грамадзян). Зямлю апрацоўвалі бяспраўныя ілоты. Гандлем і рамяством у С. займаліся перыэкі (асабіста свабодныя, але пазбаўленыя паліт. правоў).

Спартыяты займаліся толькі ваен. справай, выхоўвалі дзяцей ва ўмовах суровага быту і жорсткай ваен. дысцыпліны (гл. Спартанскае выхаванне). Выезд па-за межы С. быў магчымы толькі па спец. дазволе. На чале дзяржавы стаялі 2 цары, уладу якіх абмяжоўвалі герусія (рада старэйшын) і калегія эфораў (выбіраліся штогод на нар. сходзе — апэле). У грэч. каланізацыі С. практычна не ўдзельнічала. У 8—6 ст. да н.э. пасля працяглай барацьбы С. захапіла суседнія вобласці Месенію і Кінурыю. У выніку барацьбы з Аргасам, Тэгеяй і інш. полісамі ў 2-й пал. 6 ст. да н.э.

С. ўзначаліла Пелапанескі саюз. У пачатку грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. яна фармальна стаяла на чале абарончага саюза грэч. дзяржаў, але паступова выйшла з вайны. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. С. дамаглася гегемоніі над усёй Грэцыяй. Падтрымка алігархічных рэжымаў, умяшанне ва ўнутр. справы грэч. полісаў прывялі да Карынфскай вайны 395—387 да н.э. У вайне з Фівамі і іх саюзнікамі С. была пераможана і страціла Месенію. У 362 да н.э. Пелапанескі саюз распаўся. Спробы цароў Агіса IV і Клеамена III у 3 ст. да н.э. правесці сац. рэформы і аднавіць магутнасць С. скончыліся беспаспяхова. У 146 да н.э. С. трапіла пад уладу Рыма, з 27 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Ахая. У 395 н.э. разбурана готамі.

Літ.:

Андреев Ю.В. Спарта как тип полиса // Античная Греция: Пробл. развития полиса. М., 1983. Т. 1;

Корзун М.С. Гісторыя старажытнай Грэцыі. Мн., 1999;

Печатнова Л.Г. История Спарты: (Период архаики и классики). СПб., 2001.

А.​Г.​Зельскі.

Да арт. Спарта. Спартанскі гапліт у 500 да н.э. Рэканструкцыя.
Да арт. Спарта. Бронзавая статуэтка спартанскага воіна. Канец 6 ст. да н.э.

т. 15, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, якая займаецца атрыманнем ядзернай энергіі і выкарыстаннем яе ў розных галінах нар. гаспадаркі. Асн. прызначэнне — атрыманне вял. колькасці энергіі ў адносна невял. аб’ёме ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (у асн. урану, плутонію, торыю). Навук. аснова — ядзерная фізіка.

Я.т. ўзнікла ў пач. 20 ст. як тэхніка ядзерна-фіз. эксперыментаў. У сярэдзіне 20 ст. пачала выкарыстоўвацца ў ваен. справе, на транспарце, у энергетыцы. Адрозніваюць Я.т. грамадзянскага (мірнага) і ваен. прызначэння. У грамадз. Я.т. энергія вылучаецца ў кіравальным ядз. устройстве — ядзерным рэактары, у ваен. — у некіравальным ядзерным выбуху атамнай бомбы, снарада і інш. (гл. Ядзерная зброя). Я.т. аб’ядноўвае: метады і сродкі разведкі, здабычы. раздзялення ізатопаў, атрымання ядзернага паліва для ядз. рэактараў; абагачэнне ядзернага паліва; рэактарабудаванне; захоўванне адпрацаванага ядз. паліва і яго хім. перапрацоўку, захоўванне і пахаванне радыеактыўных адходаў; сродкі транспарціроўкі свежага і адпрацаванага ядз. паліва; тэхналогію атрымання новых канструкцыйных і падзельных матэрыялаў, здольных працяглы час працаваць у розных асяроддзях пад уздзеяннем патокаў хуткіх і цеплавых нейтронаў; метады і сродкі аховы персаналу ад выпрамянення. З Я.т. цесна звязаны стварэнне надзейных сістэм аўтам. рэгулявання і кіравання рэактарамі і ядз. сілавымі ўстаноўкамі, распрацоўка рацыянальных сістэм адводу і выкарыстання цяпла, што выдзяляецца ў рэактары. тэорыі і метадаў разліку ядз.-фіз. і цеплавых працэсаў і інш. навукова-тэхн. праблем.

На Беларусі Я.т. пачала развівацца з 1958 (прынята рашэнне Прэзідыума АН БССР пра буд-ва атамнага рэактара ІРТ-2000 цеплавой магутнасцю 2000 кВт). Рэактар запушчаны ў 1962 г. На ім вяліся даследаванні па ядз. фізіцы, радыяцыйнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, біялогіі і інш. У 1968 запушчана шматкамерная універсальная гама-ўстаноўка на 420 тыс. грам-эквіваленту радыю (УГУ-420). Работы па Я.т. і падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай галіне вяліся ў асн. у створаным у 1965 Ін-це ядз. энергетыкі і Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ. У гэты перыяд праведзены даследаванні па выкарыстанні дысацыіруючага цепланосьбіта для ахаладжэння атамнага рэактара і як рабочага цела. У 1985 пачаты выпрабаванні першай у свеце перасоўнай АЭС з рэактарам, які ахаладжаецца чатырохвокісам азоту (ПАЭС «Памір»). У 1995 уведзены ў эксплуатацыю найб. ў Еўропе нейтронны генератар НГ-12-1 з патокам 10​12c​−1. Ёсць некалькі гама-ўстановак і паскаральнікаў электронаў рознага прызначэння.

Літ.:

Петросьянц А.М. Атомная наука и техника — народному хозяйству. М., 1981;

Кащеев В.П., Левадный В.А. Атомная энергия: Прошлое, настоящее и будущее. Мн., 1984.

В.​Ц.​Казазян.

т. 18, кн. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫБАЛОГІЯ І ТРЫБАТЭХНІКА

Трыбалогія — навука аб працэсах узаемадзеяння цел пры іх адносным руху, а трыбатэхніка — сукупнасць інжынерных дысцыплін, што вырашаюць праблемы трэння, змазкі і зносу. Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам У.​А.​Белага ў Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (цяпер Бел. ун-т транспарту), а таксама ў Аддзеле механікі палімераў (цяпер Ін-т механікі металапалімерных сістэм), Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі і надзейнасці машын Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, гомельскіх тэхн. ун-це і ун-це імя Ф.​Скарыны і інш.

Трыбалагічныя даследаванні вядуцца ў наступных кірунках: трыбааналіз — фізіка, хімія і механіка паверхневых з’яў на кантакце цвёрдых цел (тэндэнцыя да мініяцюрызацыі вузлоў трэння ў прэцызійных механізмах, прыладах апрацоўкі інфармацыі і мікраэлектрамех. сістэмах узняла праблемы адгезіі, трэння і змазкі, а з’яўленне тунэльнай і атамна-сілавой мікраскапіі дазволіла перавесці даследаванні на нанаметровы атамна-малекулярны ўзровень); трыбаматэрыялазнаўства — даследаванне ўласцівасцей і стварэнне новых матэрыялаў для вузлоў трэння (распрацоўваюцца нанакампазіты на аснове ўсіх вядомых класаў матэрыялаў — металаў, керамікі, палімераў, інтэлектуальныя матэрыялы — магніта- і электракіраваныя кампазіты, самаарганізавальныя монаслаі, біяарган. сістэмы); трыбатэхналогія — распрацоўка сродкаў і метадаў атрымання кампанентаў трыбасістэм з прынцыпова новымі характарыстыкамі; трыбаманіторынг — інтэграваны падыход да дыягностыкі і бесперапыннага кантролю рабочых рэжымаў трыбасістэм. У галіне трыбатэхнікі ажыццяўляецца дзярж. падтрымка ў рамках праграм фундаментальных даследаванняў «Паверхня», «Матэрыял», навукова-тэхн. праграм «Трыбатэхніка», «Абарона паверхні», «Новыя матэрыялы і тэхналогіі». На Беларусі рэгулярна праводзяцца міжнар. канферэнцыі, з 1980 выдаецца міжнар. навуковы час. «Трэнне і знос», створана трыбалагічнае т-ва.

Літ.:

Макушок Е.М. Механика трения. Мн., 1974;

Трение и износ материалов на основе полимеров Мн., 1976;

Макушок Е.М., Калиновская Т.В., Белый А.В. Массоперенос в процессах трения. Мн., 1978;

Свириденок А.И., Чижик С.А., Петроковец М.И. Механика дискретного фрикционного контакта. Мн., 1990;

Белый А.В., Карпенко Г.Д., Мышкин Н.К. Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991;

Купчино в Б.И., Родненков В.Г., Ермаков С.Ф. Введение в трибологию жидких кристаллов. Гомель, 1993;

Гольдаде В.А., Струк В.А., Песецкий С.С. Ингибиторы изнашивания металлополимерных материалов. М., 1993;

Жарин А.Л. Метод контактной разности потенциалов и его применение в триботехнике. Мн., 1996;

Ковтун В.А., Плескачевский Ю.М. Триботехнические покрытия на основе порошковых медно-графитовых систем. Гомель, 1998;

Богданович П.Н., Прушак В.Я. Трение и износ в машинах. Мн., 1999;

Мышкин Н.К., Петроковец М.И. Трибология: Принципы и положения. Гомель, 2002.

А.​І.​Свірыдзёнак, М.​К.​Мышкін.

т. 18, кн. 2, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХІЯТРЫЯ

З канца 19 ст. ўрачэбную псіхіятрычную дапамогу аказвалі ў бальніцах губернскіх цэнтраў (Віцебск, Гродна, Мінск, Магілёў), з 1903 і ў міжгубернскай псіхіятрычнай бальніцы ў Новай Вілейцы (пад Вільняй). Развіццё псіхіятрыі як навукі на Беларусі пачалося пасля арганізацыі кафедры псіхіятрыі (1925) на мед. факультэце БДУ (з 1930 у складзе Мінскага мед. ін-та). Яе заснавальнік і першы заг. кафедры (у 1925—34) А.​К.​Ленц распрацаваў фізіялагічны кірунак у вывучэнні псіхозаў (паслядоўнікі М.​У.​Вінаградаў, А.​А.​Кірпічэнка, А.​А.​Смірноў), з 1930 узначальваў Ін-т псіханеўралогіі пры АН БССР, садзейнічаў станаўленню пакалення псіхіятраў.

У пасляваенны час у псіхіятрыі Беларусі найб. актыўна развіваліся клініка-біяхімічны кірунак (Ф.​М.​Гайдук, Т.​Ц.​Сарокіна, А.​Ф.​Скугарэўскі, М.​А.​Чалісаў), вывучэнне псіхапаталагічных феноменаў, ваен. і судовая псіхіятрыя (В.​І.​Альшэўская, Г.​П.​Лагуновіч, Е.​І.​Саўчанка), герантапсіхіятрыя (А.​Р.​Каралёва); арганізоўвалася дзіцячая псіхіятрычная дапамога, вяліся даследаванні ў галіне алігафрэніі і затрымкі псіхічнага развіцця (Ф.​М.​Гайдук, Н.​К.​Грыгор’ева), клініка-біяхімічных узаемаадносін у сістэме ацэнкі прагрэдыентнасці алкагольнай залежнасці (А.​І.​Скугарэўская). Вяліся клініка-генетычныя даследаванні (Р.​А.​Еўсягнееў, Т.​Ц.​Сарокіна і інш.), распрацоўваўся сістэмны падыход да ацэнкі псіхічных расстройстваў і іх тэрапіі (П.​П.​Волкаў, А.​Ф.​Скугарэўскі). У апошнія дзесяцігоддзі створаны псіхіятрычная і псіхатэрапеўтычная асацыяцыі, кафедры псіхіятрыі і наркалогіі ў мед. ун-тах у Мінску, Гродне, Гомелі (курс), у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кафедры мед. псіхалогіі і псіхатэрапіі ў Гродзенскім мед. ун-це і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Функцыянуюць псіханеўралагічныя, у т. л. дзіцяча-падлеткавы, наркалагічныя дыспансеры, пашыраецца сетка дзённых стацыянараў і рэабілітацыйных цэнтраў. Вехай у развіцці псіхіятрыі стала прыняцце законаў Рэспублікі Беларусь «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні» (1999) і «Аб ахове здароўя» (2002, у новай рэдакцыі). Сучасны стан псіхіятрыі на Беларусі вызначаецца інтэграцыяй у міжнар. супольніцтва, прыняццем міжнар. класіфікацыі хвароб, устанаўленнем больш цесных узаемаадносін з саматычнай медыцынай, даследаваннем псіхічных наступстваў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Гайдук, С.​А.​Ігумнаў, С.​Г.​Абухаў). Вывучаюцца праблемы залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў, сацыяльнай псіхіятрыі (суіцыдальныя паводзіны і інш.), распрацоўваюцца лячэбныя і рэабілітацыйныя мерапрыемствы пры псіхічных расстройствах з улікам фармакаэканамічнага кірунку.

Літ.:

Системный подход и психиатрия. Мн., 1976;

Змачинская Н.Ф., Мальковец М.В., Пересада А.Н. Кафедра психиатрии с медицинской психологией // Заведующие кафедрами и профессора Минского медицинского института. Мн., 1999;

Скугаревская Е.И., Скугаревский О.А. Состояние и перспективы развития психиатрии в Республике Беларусь // Бел. мед. журн. 2003. №3.

А.​І.​Скугарэўская.

т. 18, кн. 2, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей). Гуляць з цацкамі. □ Дзеці пабеглі гуляць, і Святлана засталася ў хаце са Сцепанідай Андрэеўнай. Шахавец. Аднойчы Гошка прапанаваў сябрам сабраць усіх малых дзяцей у адно месца і гуляць з імі. Даніленка. // у што. Праводзіць час за якім‑н. заняткам з мэтай адпачынку, забавы. Гуляць у жмуркі. Гуляць у шахматы. Гуляць у карты. □ Перад выхадам на дэманстрацыю група дзяўчат і хлопцаў гуляла ў валейбол. Лынькоў. // перан.; у што. Займацца якой‑н. справай несур’ёзна, для выгляду; прыкідвацца занятым чым‑н. Гуляць у дэмакратыю. □ [Лютынскі:] Я не з’яўляюся непраціўленцам злу: міндальнічаць і гуляць у шляхетнасць не буду. Крапіва.

2. Хадзіць паціху для адпачынку, задавальнення; прагульвацца. Гуляць па парку. Гуляць па калідоры. □ Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку. Колас. // перан. Раз’язджаць, расхаджваць усюды, адчуваючы сябе гаспадаром становішча; гаспадарыць. — Лубян з гранатамі па вёсках гуляе, машыны нямецкія па шашы падрывае. Шамякін. // перан. Перамяшчацца ў розных напрамках, прыводзіць што‑н. у рух (пра з’явы прыроды). Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя вятры. Шчарбатаў. Па саламяных стрэхах гуляў агонь. Бядуля. // перан. Біць, сячы (пра плётку, бізун і пад.). Цень мінуўшчыны праклятай, Дзе бізун гуляў з нагайкай, Змецяцё вы, арляняты, сваёй новай сілай, байкай. Купала. // перан. Шырока распаўсюджвацца (пра хваробу, чутку і пад.). Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.

3. на чым, у чым. Пералівацца рознымі колерамі. Па небе гулялі паўночныя сполахі. Шамякін. // Быць у руху, змяняцца (пра ўсмешку і пад.). У мельніка гуляла па твары сытая ўсмешка. Чорны.

4. Быць свабодным ад работы, не працаваць. Гуляць увесь выхадны дзень. □ [Стары:] — Цэлае лета, кажаш, гуляеш? Гм, дык чым жа табе нядобра? Дзівак чалавек... Хе-хе! Галавач. // Быць свабодным, незанятым, нявыкарыстаным (пра зямлю, рэчы і пад.). — Нам можна і на падлозе пераспаць, — прапанавала Галя. — Дык чаго гэта на падлозе, калі ложак гуляе. Ён жа ў мяне толькі для красы і стаіць. Сабаленка. Хто часта мяняе, у таго хамут гуляе. Прыказка.

5. Весяліцца (з песнямі, танцамі і пад.). Збірайцеся, людзі, Заходзьце, сябры. Сягоння мы будзем Гуляць да зары. А. Александровіч. // Быць удзельнікам якога‑н. свята, урачыстасці. Гуляць вяселле. Гуляць дажынкі. // што. Абл. Танцаваць, скакаць. — Умею адну толькі польку, дык тут жа яе не гуляюць. Арабей. // перан. Хутка рухацца; весяліцца (пра рыбу, жывёл). На сярэдзіне [азярца] час ад часу разыходзяцца кругі, чуваць усплёск — гуляе рыба. Навуменка.

6. з кім. Разм. Знаходзіцца ў любоўных адносінах; любіцца. У Васіля была дзяўчына, з якою, як казалі на сяле, ён гуляў ужо каля двух гадоў. Васілевіч. Колькі год я з ім гуляю, А не прыйдзе ў сваты, Толькі ўвечары ад гаю Давядзе да хаты. Дзеружынскі.

•••

Вецер (гуляе) у галаве гл. вецер.

Гульма гуляць — зусім нічога не рабіць; лодарнічаць. — Чаго ты там молішся? — азвалася мачыха. — Вазьмі ды карове вынесі, а то прывык гульма гуляць, дык работа яму і не рупіць. Сабаленка.

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць па руках — перадавацца ад аднаго чалавека да другога, пераходзіць з рук у рукі.

Гуляць у бірулькі — займацца пустымі справамі, дарма траціць час.

Гуляць у жмуркі (хованкі) — хітраваць, утойваць што‑н. ад каго‑н. — А кінь ты, Астап, у жмуркі гуляць, не дзеці мы. Падпілавалі мост Шведавы хлопцы. Лынькоў. — Нешта ты ў хованкі пачаў гуляць? Круціш-круціш. Не чакаў я ад цябе. Кандрусевіч.

Гуляць у ката і мышку (мыш) — хітраваць, імкнуцца абмануць каго‑н.

Гуляць у маўчанку — ухіляцца ад размовы, адмоўчвацца.

Хоць у жмуркі гуляй — цёмна, нічога не відаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. перавёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. перавядзі; зак.

1. каго. Ведучы, пераправіць на другі бок чаго‑н., памагчы перайсці цераз што‑н. куды‑н. Перавесці дзяцей цераз вуліцу. Перавесці сляпога цераз дарогу.

2. каго-што. Перамясціць з аднаго месца на другое, размясціць у іншым месцы. Перавесці хворага ў другую палату. Перавесці чыгуначныя саставы на запасныя пуці. □ Язэпа ўвесь час непакоіла думка, як жа сюды перавесці ўвесь лагер. Асіпенка. // каго. Накіраваць, назначыць на другое месца працы, вучобы, на іншую пасаду. Перавесці студэнта ў другі інстытут. □ Прыехаў з работы бацька, які працаваў у сельскагаспадарчай інспекцыі пры выканкоме, куды яго перавялі пасля ліквідацыі МТС. Ермаловіч. // Перамясціць, залічыць у іншую групу, змену, катэгорыю і пад. Перавесці на працу ў начную змену. // Дапусціць у наступны клас, на паступны курс і пад. Перавесці вучня ў сёмы клас. Перавесці студэнтаў на трэці курс. □ Пасля кароткай гутаркі, адказаў на запытанні настаўнікаў, адказаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу. Колас. // што. Пераставіць, пераключыць які‑н. рычаг, прыстасаванне, рэгулюючы што‑н. Перавесці стрэлкі гадзінніка. Перавесці пас на другі шкіў.

3. што. Змяніць напрамак чаго‑н., пераключыць што‑н. на другі прадмет. Віця сачыў за.. [Бурмаковым] па тэлеэкране.. Лябёдка закруцілася спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру. Шыцік. [Вахман] перавёў святло ліхтарыка з нашых вачэй убок... Брыль. [Хворы] строга паглядзеў ёй у вочы, перавёў позірк на беласнежную прасціну, нацягнутую яму да падбародка, потым паглядзеў зноў на сястру — і ў вачах яго адбілася жахлівае пытанне... Васілевіч. Ён коратка зірнуў на мяне, а пасля перавёў вочы на смалячок. Скрыган. // перан.; Пераключыць (гутарку, размову і пад.) на што‑н. іншае. Праз хвіліну Ладынін непрыкметна перавёў размову на іншую тэму. Шамякін. Заўважыўшы, што словы яе не спадабаліся сыну, яна перавяла гаворку на іншае. Карпаў.

4. каго-што. Паставіць у іншыя ўмовы, змяніць спосаб, характар чыёй‑н. дзейнасці, існавання; прымусіць дзейнічаць іначай. Перавесці маладняк на зімоўку. Перавесці чыгуначную магістраль на электрычную цягу. Перавесці калгасныя брыгады на гаспадарчы разлік. // што. Змяніць якасць, уласцівасць чаго‑н.; ператварыць у што‑н. іншае. Перавесці рэчыва ў растваральны стан. □ Сіманёнак, які ўвесь гэты час еў і маўчаў, нарэшце выцер аб далонь сваю лыжку, палажыў на край стала і ўсміхнуўся: — Пагуляй, цётка. Карове таксама патрэбен час, каб перавесці тваю бульбу на малако. Чыгрынаў.

5. што. Зрабіць, ажыццявіць перадачу чаго‑н. каму‑н. (якіх‑н. абавязацельстваў, правоў і пад.). Перавесці грашовыя ўклады на імя жонкі. □ Маці па пошце ўсе бацькавы грошы перавяла на будаўніцтва танкавай калоны. Гроднеў. // Пераслаць па пошце, тэлеграфам, праз банк.

6. што. Падаць што‑н. у іншых велічынях, знаках. Перавесці аршыны ў метры. Перавесці маркі ў рублі.

7. што. Перанесці, перарысаваць на што‑н. (малюнак, пераводную карцінку і пад.). Перавесці выкрайку. Перавесці рысунак на кальку.

8. каго. Знішчыць, вынішчыць, вывесці. Перавесці мышэй. □ Ад дзяцей Кірыла даведаўся, што на ўсю вёску.. было толькі тры каровы і сем коней, астатнюю жывёлу немцы перавялі. Гурскі.

9. што. Разм. Патраціць, расходаваць без асаблівай карысці або марна. Фашысты шалелі ад злосці, шмат перавялі куль і снарадаў, але збіць.. [сцяг] не маглі. Гурскі.

•••

Перавесці дух (дыханне) — а) глыбока ўздыхнуць, аддыхацца. На трэці паверх.. [Слава] узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне. Хомчанка; б) зрабіць кароткі перапынак, перадышку ў чым‑н. Чырвонаармейцы ледзь паспелі дух перавесці, як на іх рушыла зноў лавіна фашыстаў. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАЦОЎНАЕ ПРАВА

Навук. даследаванні ў галіне прац. права Беларусі ў сав. час развіваліся ў цеснай сувязі з развіццём рас. навукі прац. права. Пашырэнне заканатворчых правоў саюзных рэспублік, аднаўленне і фарміраванне асн. навук. цэнтраў — БДУ, АН Беларусі — дало магчымасць стварыць у 1960-я г. перадумовы для падрыхтоўкі навук. кадраў і даследаванняў у галіне прац. права Беларусі. Фарміраванне бел. школы прац. права звязана з імёнамі Л.​Я.​Астроўскага і В.​І.​Семянкова, якія былі пачынальнікамі даследаванняў у галіне прац. часу, аховы працы ў Беларусі. Вывучаліся роля прафсаюзаў у галіне аховы працы, праблемы прац. часу ў прамысловасці, прававыя праблемы аховы працы (Ю.​П.​Смірноў). У 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар прац. і гаспадарчага права. У 1970—80-я г на кафедрах грамадз. працэсаў і прац. права юрыд. ф-та БДУ праводзіліся навук. і метадычныя даследаванні па пытаннях выкарыстання прац. часу, адпачынку, прац. дысцыпліны, атэстацыі працоўных і служачых (Я.​М.​Ануфрыеў, В.​П.​Дуюн, Х.​Т.​Мялешка), прац. спрэчак (В.​Г.​Ціхіня, М.​Р.​Юркевіч), віны ў сав. прац. праве, матэрыяльнай адказнасці работнікаў (А.​М.​Хвастоў), сумяшчэння прафесій і пасад, рэгулявання працы работнікаў аўтатранспарту, прац. дагавора (В.​А.​Глозман) і інш. Падрыхтаваны навук. і навукова-метадычныя працы, у т. л. «Практыкум па савецкаму працоўнаму праву» (1984). Падрыхтоўкай праектаў нарматыўных актаў, сістэматызацыяй заканадаўства аб працы і яго тлумачэннем займаўся Б.​А.​Волкаў, праблемамі прафес. падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў у Рэспубліцы Беларусь — В.​М.​Арцёмава.

Завяршэнне фарміравання бел. школы прац. права звязана з арганізацыяй і правядзеннем комплексных даследаванняў па праблемах калект. дагавору (Г.​І.​Лях), прававога рэгулявання размеркавання прац. рэсурсаў (М.​А.​Гарбаток), прававога стану вытворчай адзінкі і вытворчага аб’яднання ў сістэме прац. адносін (Л.​І.​Ліпень), прац. дагавору (Дз.​А.​Калбасін), матэрыяльнай адказнасці работнікаў сістэмы дзярж. гандлю (Р.​А.​Васілевіч), судовай практыкі і ўдасканалення прац. заканадаўства (В.​С.​Курылёва) і інш. Вывучаліся таксама пытанні ўжывання норм прац. права аб заахвочваннях і спагнаннях, прававыя праблемы ўзгаднення інтарэсаў уласніка і прац. калектыву ў сферы кіравання працай, прававога становішча жанчын у сувязі з мацярынствам, нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы (А.​А.​Войцік, Т.​М.​Петачэнка, М.​М.​Сатоліна, Н.​І.​Красоўская). Тэарэтычныя праблемы кадыфікацыі заканадаўства аб працы вывучаў В.​І.​Крывы, пад кіраўніцтвам якога аўтарскія калектывы ў 1993 падрыхтавалі каментарыі да Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, у 2000 — паартыкульнага каментарыя да Працоўнага кодэкса Беларусі. Вучоныя-юрысты БДУ даследуюць асаблівасці прававога рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў (А.​А.​Войцік, К.​Л.​Тамашэўскі), пытанні забеспячэння законнасці і дысцыпліны працы (А.​П.​Дубавец), прынцыпы і крыніцы прац. права (Х.​Т.​Мялешка, Т.​М.​Петачэнка), супярэчнасці ў заканатворчасці і правапрымяненні прац. права (В.​С.​Курылёва), калект. і параўнаўчага прац. права (В.​У.​Часаліна). У аддзеле прац. і грамадз. права Ін-та дзяржавы і права Нац. АН Беларусі аналізуюцца асаблівасці прац. статуса наймальніка (Н.​М.​Чарнаруцкая), прац. адносін асоб, якія працуюць па сумяшчальніцтве (Т.​В.​Каробкіна), пытанні прававога рэгулявання прац. дагавора (Н.​І.​Тарасевіч), кампенсацыі маральнай шкоды ў прац. праве (Я.​У.​Моціна), права на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (В.​І.​Семянкоў) і інш. Навукова-даследчай і выкладчыцкай дзейнасцю ў сферы прац. права займаюцца супрацоўнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Т.​Н.​Важанкова, К.​І.​Кенік, Г.​Б.​Шышко), Акадэміі МУС (М.​А.​Гарбаток, А.​А.​Грачанкоў, Дз.​А.​Калбасін). Даследаванні ў галіне прававога рэгулявання працы вядуць таксама Т.​К.​Брытава, К.​К.​Уржынскі і прадстаўнікі Гродзенскай школы права сац. забеспячэння Л.​Я.​Абрамчык, С.​У.​Агіявец, Л.​Р.​Беразоўская, І.​А.​Бялова, І.​В.​Гушчын, В.​С.​Елісееў, Я.​А.​Пажога.

Апублікаваны «Каментарый да Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (пад рэдакцыяй Р.​А.​Васілевіча, 1999, 2-е выд. 2003). Падрыхтаваны і выдадзены першыя падручнікі для студэнтаў: «Працоўнае права» (пад рэдакцыяй В.​І.​Семянкова; 1997, 2002). У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнага ажыццяўлення і абароны прац. правоў як гарантый стварэння прававой дзяржавы, удасканалення арганізац.-прававых форм узаемадзеяння прац., грамадзянскага і гасп. права, тэндэнцыі іх развіцця. Працягваюцца даследаванні тэарэт. і практычных праблем рэалізацыі прац. права.

Літ.:

Семенков В.И. Надзор и контроль за охраной труда в СССР. Мн., 1963;

Яго ж. Охрана труда в СССР. Мн., 1976;

Островский Л.Я. Рабочее время по советскому трудовому законодательству. Мн., 1963;

Яго ж. Нормы затрат труда рабочих и служащих. Мн., 1970;

Хвостов А.М. Вина в советском трудовом праве. Мн., 1970;

Дуюн В.П. Рабочее время и время отдыха. Мн., 1985;

Кривой В.И. Вахтовый метод: правовые вопросы. М., 1989;

Яго ж. Кодификация законодательства о труде Беларуси. Мн., 1997;

Курылева О.С. Судебная практика и совершенствование трудового законодательства. Мн., 1989;

Мелешко Х.Т. Правовые проблемы аттестации рабочих и служащих. Мн., 1990;

Кеник К.И. Судебная практика по трудовым делам. Мн., 2000;

Шишко Г.Б. Трудовая дисциплина. Мн., 2000;

Важенкова Т.Н. Трудовое право Республики Беларусь. Мн., 2003.

В.​С.​Курылёва, В.​У.​Часаліна.

т. 18, кн. 2, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАРЭТЫЧНАЯ МЕХАНІКА

Даследаванні па розных кірунках сучаснай механікі пачаліся на Беларусі ў пасляваенны час і вяліся пераважна на кафедрах тэарэт. механікі БДУ, БПІ, Бел. тэхнал. ін-та, Гомельскага ун-та і інш. Найб. значны ўклад у станаўленне і развіццё айч. цэнтраў і школ па механіцы зрабілі У.​А.​Белы, А.​В.​Бераснеў, М.​С.​Высоцкі, Б.​А.​Калавандзін, А.​Х.​Кім, А.​Я.​Крушэўскі, М.​Дз.​Мартыненка, Ю.​М.​Плескачэўскі, І.​А.​Прусаў, Л.​А.​Рот, М.​А.​Сталяроў, В.​П.​Стаўроў, Г.​К.​Татур, М.​М.​Чапінога, А.​У.​Чыгараў, А.​А.​Яблонскі і інш.

Кірункі прыярытэтных фундаментальных даследаванняў па механіцы абумоўлены пераважна вядучымі галінамі эканомікі краіны — машынабудаваннем, горназдабыўной прам-сцю, буд-вам. У БДУ вядуцца даследаванні ў галіне механікі дэфармуемага цвёрдага цела (МДЦЦ), механікі вадкасці і газу — развіццё метадаў інтэгральных ураўненняў рашэння краявых задач МДЦЦ; пабудова ўдакладненых тэорый дэфармавання абалонак і развіццё метадаў рашэння краявых задач тэорыі пласцін і абалонак; развіццё метадаў рашэння кантактных задач МДЦЦ, аналітычных метадаў і тэорый рашэння розных класаў задач геамеханікі і механікі горных парод і масіваў; тэарэт. асновы камп’ютэрнай механікі; развіццё тэорый руху і стану вязкіх вадкасцей; апісанне фільтрацыйных працэсаў у сітаватым асяроддзі і працэсаў нафтаздабычы (М.​А.​Жураўкоў, М.​Дз.​Мартыненка, В.​Б.​Таранчук). Асн. кірункі, што развіваюцца ў Бел. нац. тэхн. ун-це і Бел. аграрным тэхн. ун-це: дынаміка і трываласць неаднародных дэфармуемых цел пры складаным сілавым і кінематычным нагружэнні; прамыя і адваротныя задачы распаўсюджвання хваль у неаднародных асяроддзях; мадэліраванне намнажэння пашкоджанняў у цвёрдых целах; механіка кампазіцыйных матэрыялаў; аптымізацыя кампазіцыйных матэрыялаў, што валодаюць зададзенымі ўласцівасцямі; варыяцыйныя метады ў МДЦЦ; механіка грануляваных асяроддзяў, біямеханіка; аналітычныя метады ў буд. механіцы, пабудова тэорый стану і руху магн. вадкасцей (А.​А.​Барысевіч, В.​Р.​Баштавой, Ю.​У.​Васілевіч, А.​Я.​Крушэўскі, І.​С.​Кулікоў, А.​Т.​Скойбеда, А.​У.​Чыгараў, Ю.​У.​Чыгараў).

Асн. навук. кірункі кафедры тэарэт. механікі Бел. тэхнал. ун-та — стат. механіка кандэнсаванага стану рэчыва, даследаванне дынамічных працэсаў у мікрамеханіцы, статыстыка-мех. абгрунтаванне мадэлей механікі суцэльных асяроддзяў, фрактальная механіка матэрыялаў (В.​С.​Віхрэнка, М.​І.​Кулак, В.​Б.​Нямцоў). У Бел. ун-це транспарту створаны 2 навук. школы па праблемах механікі. Пад кіраўніцтвам Э.​І.​Старавойтава вывучаецца механіка слаістых элементаў канструкцый. Распрацаваны матэм. мадэлі і метады рашэння краявых задач аб дэфармаванні трохслойных стрыжняў, пласцін і абалонак пры комплексных сілавых, цеплавых і радыяцыйных нагрузках. Пад кіраўніцтвам Л.​А.​Сасноўскага вывучаюцца пытанні трыбафатыкі — навукі аб комплексным зносастомленасным пашкоджанні найб. адказных мех. сістэм, машын і абсталявання. Вывучаюцца ўмовы дасягнення мех. сістэмамі гранічных станаў пры дзеянні сілавых, фрыкцыйных, тэрмадынамічных і электрахім. нагрузак. У Гомельскім тэхн. ун-це пад кіраўніцтвам А.​К.​Шаблоўскага даследуецца дынаміка вязкіх вадкасцей і газаў. Вывучаюцца ўласцівасці, структура і заканамернасці развіцця ламінарных і турбулентных плыней у гідрадынамічных сістэмах з моцнымі разрывамі. Распрацоўваюцца метады рашэння задач віхравой дынамікі і цеплапераносу ў вадкасцях з рэлаксуючымі вязкімі напружаннямі. Даследуюцца прасторавыя кантактныя задачы тэорыі пругкасці ў дастасаванні да элементаў вышэйшых кінематычных пар (Г.​П.​Тарыкаў).

Даследаванні ў галіне механікі праводзяцца таксама ў Ін-це механікі і надзейнасці машын, Ін-це механікі металапалімерных сістэм, Ін-це цепла- і масаабмену, Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі Нац. АН Беларусі па наступных кірунках: распрацоўка падыходаў да імавернаснай пабудовы разлікаў рэсурсаў працаздольнасці высоканагружаных дэталей па стомленасці, метадаў дыягностыкі і мадэліравання; распрацоўка мех. мадэлей стану алмазазмяшчальных кампазіцыйных матэрыялаў, мадэлей работы цяжканагружаных ціхаходных вузлоў слізгання; развіццё метадаў аналізу надзейнасці сістэм шляхам сумеснага выкарыстання аналітычнага, стат. і фіз. мадэліравання на ЭВМ і спец. стахастычных устаноўках; распрацоўка мадэлей узаемадзеяння неаднародных матэрыялаў на нанаўзроўні, у т. л. для шматузроўневага дыскрэтнага кантакту; стварэнне мадэлей працэсаў аналізу мех. уласцівасцей матэрыялаў на нанаўзроўні з дапамогай дынамічнай і стат. сілавой спектраскапіі ў сканіруючай сілавой мікраскапіі; распрацоўка метаду аналізу пераходных працэсаў кантактнага ўзаемадзеяння з трэннем і адгезійнага разбурэння пры сцісканні, зруху і адрыве (У.​Б.​Альгін, А.​В.​Бераснеў, П.​А.​Віцязь, М.​С.​Высоцкі, А.​І.​Дабралюбаў, Л.​Р.​Краснеўскі, У.​В.​Мажароўскі, У.​І.​Махнач, С.​В.​Мядзведзеў, М.​І.​Петракавец, Ю.​М.​Плескачэўскі, І.​С.​Цітовіч, С.​А.​Чыжык).

Літ.:

Цитович И.С., Берестнев О.В. Пути повышения надежности машин. Мн., 1979;

Берестнев О.В., Гоман А.М., Ишин Н.Н. Аналитические методы механики в динамике проводов. Мн., 1992;

Высоцкий М.С., Гилелес Л.Х., Херсонский Н.Г. Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. М., 1995;

Журавков М.А., Мартыненко М.Д. Теоретические основы деформационной механики блочно-слоистого массива соляных горных пород. Мн., 1995;

Іх жа. Сингулярные решения и интегральные уравнения в механике деформируемых сред. Мн., 1999;

Журавков М.А., Козловский Н.И. Механика: сегодня и завтра. Мн., 2000;

Старовойт о в Э.И. Основы теории упругости, пластичности и вязкоупругости. Гомель, 2001;

Кулак М.И. Фрактальная механика материалов. Мн., 2002;

Чигарев А.В., Михасев Г.И. Биомеханика. Мн., 2003;

Сосновский Л.А. Основы трибофатики. Гомель, 2003.

М.​А.​Жураўкоў.

т. 18, кн. 2, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)