асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.
2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.
3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заця́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацяць (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Упарты, настойлівы, які патрабуе вытрымкі, сілы. Зацятая барацьба. Зацяты бой. Зацятая спрэчка. □ Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Шамякін. // Упарты, працяглы. Зацятая варожасць. Зацяты боль.
3. у знач. прым. Які тоіць, захоўвае ў сабе свае думкі, пачуцці; скрытны. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Колас. Веньяміну хацелася б быць гордым і зацятым. Навуменка. // Напружаны, насцярожаны, затоены. У зацятай маўклівасці замерла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Асіпенка.
4. у знач. прым. Вельмі адданы, верны чаму‑н.; заўзяты. Зацяты балельшчык. □ Барташэвіч злосна бліскаў на мяне вачыма, быццам я быў яго даўні і зацяты вораг. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыжава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. скрыжаваць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. скрыжавацца (у 1, 3 знач.).
2. Месца, дзе скрыжоўваюцца дарогі, вуліцы і пад. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. На скрыжаванні вуліц Наташа спынілася, пачакала, пакуль пройдуць машыны. Гамолка. Развітання хвіліна На скрыжаванні лясным... Куляшоў. // Наогул месца, дзе перасякаецца што‑н. чым‑н. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган. У скрыжаванні нааконных крат — нябёсаў родных зрэзаны квадрат. А. Вольскі. / у перан. ужыв. Вёска ў Заходняй Беларусі стаяла на скрыжаванні нацыянальных і сацыяльных супярэчнасцей. У. Калеснік.
3. Спарванне жывёлін або апыленне раслін розных відаў, гатункаў, народ для атрымання новай пароды, новага віду ці гатунку.
4. Узаемадзеянне дзвюх або некалькіх моў. Скрыжаванне моў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Націскаць на што‑н. шмат разоў. Смагул ціскаў пяткамі вярблюджую шыю і ўскрыкваў: — І-па! І-па! Беразняк. // Разм. Іграць на гармоніку, баяне і пад. У яе [Агаты], бач, грышча сёння, Дык сышлася вёска ўся; Сцёпка ціскае гармонік, Той пішчыць, як парася. Крапіва. // перан. Уздзейнічаць прымусова на каго‑н.; прымушаць. [Старац:] Калісь і мяне ціскалі няшчасці з усіх бакоў. Купала.
2. Разм. Сціскаць у абнімках, моцна абнімаць. Не, [Антанюк] не праслязіўся. Але ціскаў хлопцаў у абдымках, тоўк кулакамі ў плечы, у жывот, без прычыны смяяўся. Шамякін. // Сціскаць рукой, рукамі, пальцамі; камячыць. Бацюшка ўвесь час ціскаў у руках пугу і капялюш. Чарот.
3. Спец. Друкаваць з дапамогай друкарскага прэса.
4. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, органе друку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
т. 2, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНЬ,
вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).
У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз. в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.
У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.
т. 3, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Аляксандр Фаміч) (студз. 1900, в. Васюлькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1937),
парт. і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў пач. вучылішча ў Радашковічах (1915). У 1916—19 у Адэсе, уваходзіў у бел. культ.-асв. арг-цыю «Беларускі гай». З 1918 чл. Бел. сацыяліст. грамады, у 1919 чл. Камуніст. партыі. З 1926 чл. ЦК КП(б)Б. З 1922 інструктар, заг. аддзела Бабруйскага пав. к-та КП(б)Б, інтруктар ЦК КП(б)Б, сакратар Калінінскага акр. к-та КП(б)Б (г. Клімавічы), сакратар Полацкага акр. к-та КП(б)Б, заг. аддзела друку ЦК КП(б)Б, рэдактар газ. «Беларуская вёска». У 1928—29 нам. наркома земляробства БССР. У вер. 1929 выключаны з партыі, звольнены з пасады. У ліп. 1930 арыштаваны органамі АДПУ і зняволены на 10 гадоў. У 1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.
т. 1, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не, на паўд. беразе воз. Белае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Азёры». За 25 км на У ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Жытомля. 4306 ж., 1768 двароў (1994).
Упершыню згадваюцца ў 1398 як «двор Вітаўта». У 15—17 ст. велікакняжацкае ўладанне, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1518 упамінаецца як мястэчка. У пач. 19 ст. засн. Азёрская папярова-кардонная фабрыка і Азёрская суконная мануфактура, у 1895 — гарбарнае прадпрыемства. У 1897 — 3283 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—62 у Скідзельскім р-не. У 1940—55 гар. пасёлак.
Акц. т-ва «Гродзенская зверагаспадарка». Сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква і касцёл. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту, неаліту (нёманская культура) і бронзавага веку.
т. 1, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІ́ДАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав. Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст. н.э.).
т. 1, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 17 км ад Талачына, 140 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Талачын. 301 ж., 114 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
Вядомы з 15 ст., належалі кн. Друцкім-Пуцяцічам. З канца 15 — пач. 16 ст. яе ўладальнікамі былі Іллінічы, Кішкі, Радзівілы, Сапегі, Нарушэвічы, Пацы, Воўкі і інш. З 1559 цэнтр воласці. На карце ВКЛ Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка, цэнтр аднайм. маёнтка, уваходзілі ў Аршанскі пав. З 1772 у Рас. імперыі, сяло. Уваходзілі ў Копыскі, з 1861 у Аршанскі пав. Магілёўскай губ. У 1897 складаліся з 4 паселішчаў: панскага двара, 2 сёл (71 і 39 ж.), вёскі (185 ж). З 1924 у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на. У 1970 — 235 ж.
т. 4, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)