шу́стры, ‑ая, ‑ае.

Жвавы, імклівы, рухавы. Малога росту і надзвычай шустры, .. [Гаўрыла] не ходзіць, а лётае. Навуменка. Быстрая, не па гадах шустрая бабка Кацярынка прашнуравала да стала і ўціснулася паміж людзей на ўслон. Палтаран. [Альжбета:] — Харошы хлопчык, жвавы такі, шустры. Пальчэўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Адны вочы пад трошкі прыпухлымі павекамі былі па-ранейшаму жывыя, шустрыя і нагадвалі пра Насту маладую, прыгожую. Хадкевіч. На адну дарогу патрэбна мець у запасе добрую чвэртку гадзіны! Гэта, вядома, калі мераць яе шустрымі крокамі першага ў атрадзе бегуна Колі Пінчука. Якімовіч. / Пра жывёл, птушак і пад. Перасталі мітусіцца Нават шустрыя сініцы. Бачыла. Закружыла ў рэчцы кругі Плойма шустрых плотак. Бядуля. Па леташніх лісцях і траве прабеглі шустрыя, заклапочаныя мурашкі. Сачанка. // Які мае быструю плынь, павёў, рух; хуткі. Падышла да рэчкі шустрай, Месяц кружыцца ў вадзе. А. Александровіч. Ветрык шустры змоўк, заціх. Барадулін. // Быстраходны. Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозік. Купала. З уловам багатым, збаўляючы ход, Да берага шустры ідзе параход. Гаўрусёў. // Бойкі, кемлівы; разбітны. Шустрая, задаволеная жыццём, .. [маці] ўсю энергію і сілу аддавала сям’і, парадку ў хаце. Ваданосаў. Разгубіўся шустры перакладчык: захліснуў пытаннямі натоўп. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Пу́ця 1, дзіц. пу́тя ’курыца’ (Клім.), пу́тачка ’курачка’ (барыс., LKK, 17, 187), пу́ценькі ’кураняткі’ (Сцяц.), в.-луж., н.-луж. дзіц. puta ’курыца’, польск. вілен. putʼa ’курыца’, славен. pùta ’тс’. Паводле Турскай (Powstanie, 106), польскае слова ўтворана ад выгуку puť‑puť, якім клічуць курэй, тое ж датычыць беларускага (гл. пуць-пуць), лужыцкага і славенскага слоў (ад put‑put), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1194; Сной, 517. Грынавяцкене і інш. (LKK, 17, 187) выводзіць пу́тачка з літ. putùtė ’курачка’, што сумнеўна.

*Пу́ця 2, пу́тя ’cunnus’ (драг., БЛ, 17, 67), польск. сейн. putʼa, putʼka ’pudmen muliebre’, дыял. puta, putka ’penis; cunnus’. Меркаванне пра балтыйскае паходжанне, параўн. літ. pùtė ’pudmen muliebre’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 83; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 67), якое грунтуецца на фармальным атаясамліванні пу́ця 1 і пуця 2, недастаткова абгрунтаванае, бо табуізаванне назваў геніталій праз назвы хатніх птушак вядомае значна шырэй, параўн. ку́рыца 2, пятух (гл.), балг. кур ’penis’, пу́тка ’cunnus’ і пад.; спасылка на вакалізм пачатку слова pu‑, прысутны ў літ. putýtis ’птушка’, лат. putns ’тс’ пры прасл. *pъta (Лучыц-Федарэц, там жа), не пераконвае, бо ў аснове назвы пуця 1 ляжыць гукаперайманне; палаталізаваны варыянт канца слова характэрны для т. зв. дзіцячых слоў, параўн. ко́ця ад кот, ву́ця ад вутка і пад. Да пуця 1 ў выніку табуізацыі ці эўфемізацыі зыходнай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́пець ’ціпун, нарасць на языку ў курэй’ (Шымк. Собр.), пыпец ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), лыпаць (пыпоць) ’тс’ (Нас.), pypeć ’любая нарасць, вырастак на целе чалавека; чырвоныя вырасты на дзюбе індыка; хвароба языка ў хатніх птушак’ (Чан.), пы́пыць ’птушыны страўнік’ (іван., Жыв. НС), пипуть ’ціпун’ (Растарг.), памянш. пыпцік ’выступ’ (Лёсік), ст.-бел. пыпеть ’кудахтанне курэй’, укр. пипоть ’хваравіты нарост на языку курэй, ціпун’, памянш. пиптик, рус. смал. пыпить ’попел’: ссохнуць на пылить ’схуднець’, польск. pypeć ’засохлыя соплі ў носе; ціпун’, ст.-польск. pipeć (з XV ст.) ’ціпун’, чэш. мар. pipec, pípec ’тс’, славац. pipet’, pipet, pipec ’тс’, балг. пи́пка ’тс’, макед. пипка ’тс’. Прасл. *pitъt’ь ад і.-е. pītu‑ ’слізь, смала’, роднаснае лац. pltulta ’слізь, насмарк’, пазней у асобых славянскіх мовах асіміляванае ў *pīpъ або з метатэзай у tīpъ‑, гл. ціпун (Махэк₂, 643; паводле яго, насуперак Фасмеру, 4, 60, фармальна блізкія ням. Pips, англ. pip ’ціпун’ запазычаны са славянскіх); Банькоўскі (2, 969) пярэчыць запазычанню з захаду, прапануючы рэканструкцыю tipъtь, параўн. літ. piepūtỹs ’ціпун’, piẽpti ’пішчаць’. Урэшце, нельга выключыць другасную сувязь з паткаць ’заікацца’, пуп, пупец ’выраст’ (гл.). Шырокая семантыка (’кудахтанне’, ’курыны страўнік’ і пад.) не выключае магчымай сувязі з гукаперайманнем *pipati ’ціўкаць’, літ. pỹpti ’тс’, параўн. славен. pîpec ’сцізорык’, якое Бязлай (3, 38) лічыць метафарычным утварэннем ад pipa ’кураня’ (< pî-pî ’падзыўныя словы для курэй’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЧАД (Tchad), Рэспубліка Чад (République du Tchad),

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Лівіяй, на Пд з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай, на У з Суданам, на З з Камерунам, Нігерыяй, Нігерам. Пл. 1284 тыс. км². Нас. 8997 тыс. чал. (2002). Сталіца — г. Нджамена. Афіц. мовы — французская і арабская. Падзяляецца на 14 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (11 жніўня).

Дзяржаўны лад. Ч. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996, ухваленая на рэферэндуме. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў, ён жа з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. орган — Нац. сход (125 дэпутатаў, іх тэрмін паўнамоцтваў 4 гады).

Прырода. Паверхня — плоская раўніна выш. 250—400 м. На Пн нагор’е Тыбесты (выш. да 3415 м, г. Эмі-Кусі), на ПнУ плато Эрды і Энеды (выш. да 1450 м), на ПдУ масіў Вадаі (выш. да 1666 м), на З раўніна Канем. Карысныя выкапні: баксіты (запасы — 14 млн. т), сода, соль, дыятаміты, вапнякі, каалін, нафта, уран, берыл, волава, медзь, золата. Клімат трапічны пустынны на Пн, экватарыяльна-мусонны на Пд. Сярэдняя т-ра студз. ад 15 °C на Пн да 21 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 °C і 33 °C. Ападкаў ад 100—250 мм на Пн да 1000 мм на Пд. Бываюць пясчаныя буры. Асн. водныя рэсурсы на Пд краіны. Гал. рэкі Шары з прытокам Лагоне (бас. воз. Чад) і Батха (бас. воз. Фітры). Расліннасць на Пн прадстаўлена пустыннымі відамі (тамарыск, нізкарослая акацыя, вярблюджая калючка), у зоне Сахель — апустыненыя саванны з зараснікамі хмызнякоў на чырвона-бурых глебах, на Пд — тыповыя саванны з баабабамі і пальмамі на чырвоных глебах. З жывёл ва ўнутр. раёнах пераважаюць траваедныя млекакормячыя (слон, жырафа, буйвал, насарогі, антылопы) і драпежнікі (леў, леапард, шакал, гіена). У рэках і азёрах — кракадзілы і бегемоты. Шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі Закума і Манда, запаведнікі Абу-Тэльфан і Сініянка-Мінія.

Насельніцтва. Этнічны склад Ч. прадстаўлены народамі, якія размаўляюць на шары-нільскіх (сара — 28%, багірмі, тама, даго, тубу, кануры, мілі), чадскіх (мубі, хаўса, маса) і нігера-кангалезскіх (мбум) мовах. Каля 30% насельніцтва — арабы, у т. л. суданскія (12%). Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (50%), ёсць хрысціяне (католікі і пратэстанты 25%), прыхільнікі традыц. рэліг. культаў (25%). Сярэднегадавы прырост 3,3% (2000). Сярэдняя шчыльн. 7 чал. на 1 км². Каля 20% насельніцтва — качэўнікі. У гарадах жыве 23% насельніцтва. Найб. горад — Нджамена (735 тыс. ж., 2002). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Мунду і Сарх. 85% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.

Гаспадарка. Ч. — эканамічна слабаразвітая краіна, адна з найбяднейшых у Афрыцы. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 8,1 млрд. дол. (каля 1 тыс. дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (64% ВУП). Апрацоўваецца каля 3% тэр. Захавалася абшчыннае землекарыстанне. Гал. галіны — баваўнаводства і жывёлагадоўля. Асн. экспартная культура бавоўнік (збор — 161 тыс. т бавоўны-сырцу, 1999); пашырана на Пд краіны. Сорга (514 тыс. т) і проса (367 тыс. т) Вырошчваюць паўсюдна, рыс (100 тыс. т) — каля гарадоў, арахіс (511 тыс. т) — у цэнтр. і ўсх. раёнах, фінікавую пальму — у аазісах на Пн краіны. На ўласныя патрэбы вырошчваюць фасолю (72 тыс. т), гарох (55 тыс. т), кунжут (29 тыс. т), фаніо, пшаніцу. Жывёлагадоўля (16% ВУП) — традыц. занятак 40% насельніцтва. Краіна займае адно з першых месцаў у Афрыцы па колькасці пагалоўя жывёл. Гадуюць (млн. галоў, 2001) буйн. раг. жывёлу (5,9), коз (5,3), авечак (2,4), вярблюдаў (1,1), птушак (5), аслоў (0,35), коней (0,2), свіней (0,02). Рыбалоўства. Улоў рыбы ў 1999 склаў 85 тыс. т, частка ўлову экспартуецца ў суседнія краіны. Прам-сць развіта слаба (12% ВУП). Асн. галіна — тэкст., уключае каля 20 дробных прадпрыемстваў кампаніі «КАТОНЧАД» у г. Сарх. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў гарадах на Пд краіны. Вытв-сць бавоўны 87,7 тыс. т (1997). Прадпрыемствы па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі (найб. бойні-халадзільнікі ў г. Нджамена), вытв-сці цукру-рафінаду (26,7 тыс. т, 1997), піва (123,2 тыс. Дл), цыгарэт (39,3 млн. шт.), мукі. Вытв-сць электраэнергіі (100 млн. кВт∙гадз, 1998) на электрастанцыях у Нджамене. Здабыча соды і солі (на паўн. узбярэжжы воз. Чад і саланчаках Энеды), вапняку і гліны для цагельнага з-да ў Нджамене.

Транспарт аўтамаб., водны, паветраны. Чыгунак няма. Даўж. аўтадарог 32 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7 тыс. км. Водныя шляхі для грузаперавозак па рэках Шары і Лагоне выкарыстоўваюцца 3 мес за год. Міжнар. аэрапорт у Нджамене. Экспарт (172 млн.дол., 2000) бавоўны, жывой жывёлы (20% кошту экспарту), прадукцыі жывёлагадоўлі. Імпарт (223 млн. дол., 2000) машын і абсталявання, спажывецкіх тавараў, харч. прадукцыі, нафтапрадуктаў. Асн. гандл. партнёры: Францыя, Партугалія, Германія, Камерун. Грашовая адзінка — франк КФА.

Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. Ч. з найстараж. часоў. Да 9 ст. ў бас. воз. Чад склалася дзяржава Канем-Борну, якая ў 12—13 ст. уключала значную ч. тэр. сучаснага Ч. З 11 ст. тут пашырыўся іслам, які стаў рэлігіяй пануючых вярхоў. У 16 ст. на У Ч. склалася дзяржава Вадаі, на ПдЗ — Багірмі; у канцы 19 ст. значная ч. іх уладанняў увайшла ў склад Рабаха дзяржавы. У 1890-я г. на тэр. Ч. з’явіліся франц. войскі, якія ў 1900 знішчылі дзяржаву Рабаха, да 1914 падпарадкавалі ўсю тэр. Ч., і як асобную калонію ўключылі яе ў склад Франц. Экватарыяльнай Афрыкі; з 1946 — «заморская тэрыторыя» Францыі. У 1947 створана Прагрэс. партыя Ч. (ППЧ), прадстаўнікі якой у 1957 узначалілі першы афр. ўрад Ч. З 1958 Ч. — аўт. дзяржава ў складзе Франц. Супольніцтва, з 11.8.1960 — незалежная дзяржава. У 1962 уведзены аднапарт. рэжым ППЧ на чале з прэзідэнтам Ф.​Тамбалбаем. Супраць яго вялі ўзбр. барацьбу мусульм. народы Паўн. Ч. У крас. 1975 Тамбалбай забіты, уладу захапіў Вышэйшы ваен. савет на чале з ген. Ф.​Малумам. Пад націскам паўн. паўстанцаў Малум у жн. 1978 стварыў кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам Узбр. сіл Поўначы (УСП) Х.​Хабрэ. У выніку ўзбр. барацьбы паміж рознымі паўн. групоўкамі ў ліст. 1979 створаны Пераходны ўрад нац. адзінства (ПУНА) на чале з лідэрам Фронту нац. вызвалення Ч. (ФНВЧ) Г.​Уэдэем; Хабрэ стаў міністрам абароны. З сак. 1980 разгарнулася грамадз. вайна паміж ФНВЧ, якому дапамагалі Лівія, і УСП, што апіраліся на Францыю. У чэрв. 1982 УСП захапілі сталіцу. Хабрэ ў вер. 1982 абвешчаны прэзідэнтам Ч. У 1983—87 яго войскі разграмілі ўзбр. сілы ФНВЧ і ўсталявалі кантроль над б.ч. тэр. краіны. У вер. 1989 падпісана мірнае пагадненне паміж Ч. і Лівіяй. 1.12.1990 рэжым Хабрэ скінуты сіламі апазіцыі, якія ўварваліся з тэр. Судана; іх лідэр ген. І.​Дэбі абвешчаны прэзідэнтам Ч. У кастр. 1991 дазволена шматпартыйнасць.

У сак. 1996 прынята новая канстытуцыя Ч. На альтэрнатыўных выбарах 1996 і 2001 прэзідэнтам краіны зноў выбраны Дэбі.

З паліт. партый і рухаў Ч. рэальным уплывам карыстаецца толькі Патрыят. фронт выратавання. Ч. — чл. ААН (з 1960) і Афр. Саюза (з 2002).

Літ.:

Губер А.А., Ким Г.Ф., Хейфец А.Н. Новая история стран Азии и Африки. 3 изд. М., 1982.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Рэспублікі Чад.
Да арт. Чад. Саванна ў сухі сезон.

т. 17, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЧНЯ́, Чэчэнская Рэспубліка (саманазва Ічкерыя). Размешчана на Пд еўрап. ч. Рас. Федэрацыі, на Паўн. Каўказе. Пл. 15,7 тыс. км².

Нас. 609,5 тыс. чал. (2001), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць 38,8 чал. на 1 км². Жывуць чэчэнцы, рускія, інгушы і інш. Сталіца — г. Грозны.

Прырода. Займае цэнтр. ч. паўн. схілаў Вял. Каўказа (выш. да 4493 м, г. Тэбуласмта) і прылеглыя да яе Чэчэнскую раўніну і Церска-Кумскую нізіну. Карысныя выкапні: нафта, газ, мінер. буд. матэрыялы. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C на Церска-Кумскай нізіне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна 25 і 21 °C. Ападкаў 300—1000 мм за год. Гал. рэкі — Церак і Сунжа з прытокам Аргун. Глебы на раўніне каштанавыя, светла-каштанавыя і чарназёмныя, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на Церска-Кумскай нізіне палынна-салянкавая, на Чэчэнскай раўніне стэпавая і лесастэпавая, у гарах да 1600—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна букавыя), вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ў гарах каменная і лясная куніцы, буры мядзведзь, дзік, казуля, воўк, лясны кот, з птушак — чорнагаловы грыф, каменная курапатка, каўказскі цецярук, у стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — дзікія качкі, драфа, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан.

Гісторыя. Першыя звесткі аб чэчэнцах (саманазва нахчый) у арм. крыніцах 7 ст. н.э. Асн. іх заняткамі былі горная жывёлагадоўля і земляробства. У 10 ст. на тэр. Ч. з Грузіі пашырылася хрысціянства, у 16 ст. з Дагестана пачаў пашырацца іслам, які з 18 ст. стаў у Ч. пануючай рэлігіяй. У час Персідскага паходу 1722—23 рас. войскі ўпершыню сустрэліся з плямёнамі нахчый каля аула Чэчэн, і з таго часу ў Расіі народ нахчый сталі паз. чэчэнцамі, а яго зямлю — Ч. Да 20 ст. тут захаваўся стараж. падзел на роды (тайпы) і звычай кроўнай помсты. Рас. імперыя шляхам ваен. экспедыцый і пабудовы крэпасцей імкнулася заваяваць чэчэнцаў і выцесніць іх з урадлівых раўнін (засялялі казакамі) у горы. У Каўказскую вайну 1817—64 горная Ч. была ядром дзяржавы Шаміля. Пасля яго капітуляцыі (1859) Ч. ў складзе Церскай вобл. У 1859—65 каля 22 тыс. чэчэнцаў перасяліліся ў Турцыю. У канцы 19 — пач. 20 ст. сельская гаспадарка станавілася таварнай, развівалася нафтаздабыча, пракладваліся чыгункі, крэпасць Грозная вырасла ў буйны эканам. цэнтр г. Грозны. Сав. ўлада ў Ч. ўстаноўлена ў студз.—сак. 1918, канчаткова — у сак. 1920. З 20.1.1921 Ч. ў складзе Горскай АССР, з якой 30.11.1922 вылучана Чэчэнская аўт. вобл. У студз. 1934 утворана Чэчэна-Інгушская аўт. вобл., 5.12.1936 — Чэчэна-Інгушская АССР (ЧІАССР) са сталіцай у г. Грозны. У вер. 1942 — студз. 1943 невял. ч. ЧІАССР акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 рэспубліка скасавана, чэчэнцы і інгушы (459 486 чал.) выселены ва ўсх. раёны СССР за «антысавецкія выступленні» і «супрацоўніцтва з немцамі». У 1944—57 большасць тэр. Ч. ў складзе Грозненскай вобл., паўд.-ўсх. раёны — Дагестана. 9.1.1957 ЧІАССР адноўлена, чэчэнцы і інгушы вернуты на месцы ранейшага жыхарства. З 2-й пал. 1980-х г. актывізаваўся рух за незалежнасць Ч. 27.11.1990 Вярх. Савет ЧІАССР абвясціў яе дзярж. суверэнітэт; створаны каардынацыйны орган чэчэнскага нац. руху — Выканком чэчэнскага нац. з’езда (з чэрв. 1991 — Агульнанац. кангрэс чэч. народа — АКЧН) на чале з ген.-маёрам Сав. Арміі Дж.​Дудаевым 3.9.1991 АКЧН зверг Вярх. Савет ЧІАССР. 27.10.1991 прэзідэнтам рэспублікі выбраны Дудаеў, які 2 ліст. абвясціў незалежную Чэч. Рэспубліку (Ічкерыю). Гэтыя акты не прызнала Рас. Федэрацыя. У снеж. 1991 утварылася асобная ад Ч. Інгушская Рэспубліка. Пасля безвыніковых перагавораў рас. ўрад 26.11.1994 увёў у Ч. войскі для «навядзення канстытуцыйнага парадку». Быў сфарміраваны ўрад Ч. на чале з Д.​Заўгаевым. Сепаратысты адышлі ў горы і разгарнулі дыверсійную вайну, у ходзе якой 22.4.1996 рас. вайскоўцамі забіты Дудаеў. У жн. 1996 атрады сепаратыстаў захапілі Грозны і неўзабаве, паводле пагаднення ў г. Хасав’юрт, рас. войскі пакінулі Ч. У студз. 1997 прэзідэнтам рэспублікі выбраны А.​Масхадаў. 12.5.1997 ён падпісаў з рас. урадам мірны дагавор, паводле якога вызначэнне паліт. статусу Ч. адкладалася да 2000. Да канца 1990-х г. у Ч. аформіўся звязаны з міжнар. тэрарыст. групоўкамі моцна мілітарызаваны ісламскі паліт. рэжым вахабісцкага кшталту, які імкнуўся экспартаваць мусульм. паліт. экстрэмізм у суседнія рэспублікі Рас. Федэрацыі. У жн.—вер. 1999 рас. войскі адбілі ўварванне вахабітаў з Ч. ў Дагестан і ў канцы 1999 — пач. 2000, пасля працяглых баёў, зноў занялі Ч. Сепаратысты на чале з Масхадавым перайшлі да тэрарыст. метадаў барацьбы. З дапамогай федэральнага цэнтра часовая адміністрацыя на чале з А.​Кадыравым пачала аднаўляць разбураную за часы баёў эканоміку рэспублікі. Намаганні ўрада Расіі па ўсталяванні міру ў Ч. падтрымлівае міжнар. супольнасць, якая разглядае дзейнасць чэчэнскіх сепаратыстаў як адну з праяў міжнар. тэрарызму. У сак. 2003 на рэферэндуме больш за 90% яго ўдзельнікаў прагаласавала за прыняцце канстытуцыі Ч., якая замацавала яе аўт. статус у складзе Рас. Федэрацыі. У кастр. 2003 паводле новай канстытуцыі прэзідэнтам Ч. абраны А.​Кадыраў.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — нафтаздабыўная, нафтаперапр. і нафтахімічная. Ч. панесла вял. страты ад ваен. дзеянняў, у выніку чаго значна знізіўся ўзровень эканам. развіцця. Здабыча нафты (у т. л. газавы кандэнсат) у 2000 склала 72,8 тыс. т, газу — 118 млн. м³. Вытв-сць электраэнергіі 117 млн. кВт∙гадз. (1998) пераважна на ЦЭЦ. Машынабудаванне (нафтавае абсталяванне, мед. інструменты і інш.), харч., лясная і дрэваапр., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент і інш.). Маст. промыслы (разьба па дрэве, апрацоўка металу, дыванаткацтва). Пладаводства. Вінаградарства. Пасяўныя пл. ў 1993 займалі 330,8 тыс. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (пшаніца, кукуруза, рыс) 46,2%, тэхн. (сланечнік, цукр. буракі) 5,8%, бульбай і агароднінай 4,7%, кармавымі культурамі 43,3%. Збор (тыс. т., 1993) збожжа — 213,4, бульбы — 36, агародніны — 49,2. Гадуюць танкарунных авечак, коз, буйн. раг. жывёлу (244,7 тыс. галоў, 1993), свіней (7,3 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Шаўкаводства. Даўж. чыгункі 304 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3057 км (2000). Гал. чыгунка Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарогі Грозны—Уладзікаўказ, Грозны—Махачкала. Нафтаправоды Грозны—Туапсэ, Грозны—Махачкала, газаправод Грозны—Уладзікаўказ і інш.

Літаратура чэчэнскага народа развіваецца з пач. 20 ст. ў цеснай узаемасувязі з інгушскай л-рай (гл. ў арт. Інгушэція). Заснавальнік чэчэнскай л-ры — С.​Бадуеў (аўтар першых аповесці «Голад» і рамана «Петымат», абодва 1930). Складальнік чэчэнскага алфавіта (на аснове лац. графікі) — Х.​Ашаеў (аўтар нарысаў, п’ес, гіст.-рэв. тэтралогіі «Палымяныя гады», 1957—64). Асн. тэмы твораў пісьменнікаў — гіст. мінулае народа, грамадз. і Вял. Айч. войны, жыццё вёскі, духоўнае аблічча сучасніка і інш. Сярод паэтаў Р.Ахматава, М. і А. Мамакаевы, Н.​Музаеў, М.​Сулаеў, празаікаў і драматургаў А.​Айдаміраў, С.​Арсанаў, У.​Гайсултанаў, М.​Мусаеў, А.​Хамідаў. На бел. мову перакладзены асобныя творы М.​Мамакаева, Ахматавай, М.​Шамсуддзінава. Сярод перакладчыкаў Р.​Баравікова, М.​Маляўка.

Літ.:

История Чечено-Ингушетии. Грозный, 1991;

Берже А.П. Чечня и чеченцы. Грозный, 1991;

Великая Н.Н., Хасбулатова З.И., Чахкиев Д.Ю. Очерки этнографии чеченцев и ингушей. Грозный, 1990;

Далгат У.Б. Героический эпос чеченцев и ингушей. М., 1972;

Новое и традиционное в культуре и быте народов Чечено-Интушетии. Грозный, 1985;

Общественные отношения у чеченцев и ингушей в дореволюционном прошлом (XVIII — нач. XX вв.). Грозный, 1982;

Бугай Н.Ф. Правда о депортации чеченского и ингушского народов // Вопр. истории. 1990. №7;

Очерк истории чечено-ингушской литературы. Грозный, 1963;

Туркаев Х. Чеченская советская поэзия (20—40-е гг.). Грозный, 1971.

І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Чэчня. Рака Церак.

т. 17, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМА́ЙКА (Jamaica),

дзяржава ў Вест-Індыі, на аднайм. востраве і прылеглых дробных астравах у Карыбскім моры. Пл. 10,99 тыс. км². Нас. 2680 тыс. чал. (2002). Афіц. мова — англійская, выкарыстоўваецца крэольская (ямайскі дыялект на аснове англ. мовы). Сталіца — г. Кінгстан. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1-ы панядзелак жніўня).

Дзяржаўны лад. Я. — дзяржава ў складзе брытанскай Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1962 кіраўніком дзяржавы з’яўляецца каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая ген.-губернатарам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з сената (21 член, якія назначаюцца) і палаты прадстаўнікоў (60 дэпутатаў, якіх выбіраюць усеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Большую ч. вострава (2/3) займае вапняковае нагор’е з карставымі формамі рэльефу, ва ўсх. частцы — горы Блу-Маўнтын (выш. да 2256 м). Уздоўж берагоў цягнуцца вузкія перарывістыя раўніны. Частыя землетрасенні (катастрафічныя ў 1692 і 1907). Карысныя выкапні: баксіты (запасы каля 2 млрд. т, адно з першых месцаў у свеце), медзь, свінец, кобальт, жал. руды, гіпс, мармур. Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя т-ра студз. 24,3 °C, ліп. 27,6 °C. Паўн.-ўсх. пасаты прыносяць спорныя дажджы. На большай ч. вострава за год выпадае 1800—2000 мм ападкаў, на паўн. наветраных схілах гор Блу-Маўнтын — да 5000 мм. Рачная сетка густая. Найб. рака — Рыо-Грандэ (100 км), суднаходная — Блэк-Рывер (на 40 км). Пад лесам каля 16% тэрыторыі. Вечназялёныя трапічныя лясы пашыраны ў цэнтр. ч. вострава і на паўн.-ўсх. схілах гор, саванны — на З і Пд. Жывёльны свет збеднены. Дзікіх млекакормячых на востраве амаль няма. Шмат птушак і кажаноў. Трапляюцца чарапахі, некалькі відаў неядавітых змей, кракадзілы, яшчаркі ігуаны. Фауністычны рэзерват Хелтшыр-Хілс, ландшафтныя і лясныя заказнікі; 2 марскія паркі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — ямайцы (76% негры і 15% мулаты — нашчадкі рабоў, завезеных на востраў у 17—18 ст., і еўрапейцаў, пераважна англічан). Жывуць таксама індыйцы, кітайцы, еўрапейцы і інш. Вернікі ў асн. хрысціяне (пратэстанты 56%, католікі 5%); ёсць мусульмане, індуісты, прыхільнікі афр. культаў. Сярэднегадавы натуральны прырост 1,23% (2002). Сярэдняя шчыльнасць 244 чал. на 1 км². Каля 1/3 усіх ямайцаў жыве за мяжой, пераважна ў Вялікабрытаніі, ЗША, Нікарагуа. Коста-Рыцы. Гар. насельніцтва 56%. У г. Кінгстан 672 тыс. ж. (2002), у гарадах Спаніш-Таўн, Мантэга-Бей, Порт-Марыя каля 100 тыс. ж. У прам-сці занята 23,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 24,8%, у абслуговых галінах — 52% (2000).

Гісторыя. Стараж. насельніцтва Я. — плямёны індзейцаў-аравакаў. В-аў Ямайка адкрыты Х.Калумбам у 1494. У выніку ісп. каланізацыі (з 1509) амаль усе індзейцы знішчаны (да 1611 заставалася 74 чал.). Для работы на плантацыях з 1513 пачаўся ўвоз неграў-нявольнікаў з Афрыкі. У 1655 Я. захапіла Англія (у 1670 замацавана за ёй афіцыйна). Да 1692, калі землетрасенне разбурыла на Я. пірацкую сталіцу Порт-Роял, востраў быў цэнтрам пірацтва ў Карыбскім бас. З канца 17 ст. павялічылася вытв-сць цукровага трыснягу (Я. стала адным з асн. яго вытворцаў), што стымулявала ўзмоцнены ўвоз нявольнікаў (да 1830-х г. на Я. прададзена каля 1 млн. нявольнікаў з Афрыкі). У 1833 рабства скасавана, б.ч. былых нявольнікаў занялася дробнай сял. гаспадаркай. Абураныя ўціскам з боку калан. улад яны ў 1865 узнялі паўстанне, задушанае брыт. войскамі. У 1866 на Я. створаны Заканад. савет, з 1884 ч. яго членаў выбіралася насельніцтвам. У 1938 створана Нар. нац. партыя (ННП), у 1943 — Лейбарысцкая партыя Я. (ЛПЯ). У 1943 уведзена ўсеагульнае выбарчае права, у 1944 створаны 1-ы ўрад Я. У 1958—61 Я. — чл. Вест-Індскай Федэрацыі, у 1959 атрымала ўнутр. самакіраванне. 6.8.1962 абвешчана незалежнасць Я. Паліт. жыццё краіны характарызуецца саперніцтвам ННП і ЛПЯ (у 1962—72 і 1980—89 улада належала ЛПЯ, у 1972—80 і з 1989 — ННП). У 1970-я г. ўрад ННП на чале з М.​Мэнлі здзейсніў шэраг сац. рэформ. У 1992 урад Я. ўзначаліў П.​Патэрсан. Я. — чл. ААН (з 1962), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1969), Лац.-амер. эканам. сістэмы (з 1975), інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.6.1994.

Гаспадарка. Я. — аграрна-індустр. краіна з гаспадаркай, для якой характэрна многаўкладнасць, вузкая спецыялізацыя і залежнасць ад замежнага капіталу. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 9,7 млрд. дол. (3,7 тыс. дол. на душу насельніцтва). Аснова эканомікі — баксітна-гліназёмная прам-сць, турызм і сельская гаспадарка, якія даюць 95% валютных паступленняў. Штогадовая здабыча баксітаў каля 12 млн. т (3-е месца ў свеце пасля Аўстраліі і Гвінеі), вытв-сць гліназёму каля 3,5 млн. т (3-е месца ў свеце пасля Аўстраліі і ЗША). Асн. цэнтры: Маготы, Порт-Кайзер, Юартан. Пануе замежны (амерыканскі і канадскі) капітал. Здабыча гіпсу (каля пас. Баф-Бей) пераважна на экспарт у ЗША, часткова на вытв-сць цэменту на з-дзе каля Кінгстана. Вытв-сць электраэнергіі 6,74 млрд. кВт∙гадз (1999) у асноўным на ЦЭС, што працуюць на прывазным мазуце, і невял. ГЭС на рэках Рыо-Кобрэ, Блэк-Рывер і Раарынг. Адна са старэйшых галін апрацоўчай прам-сці — цукровая, найб. прадпрыемствы якой належаць англ. капіталу. З цукр. трыснягу вырабляюць таксама патаку-мелес і ром. Большая ч. прадукцыі экспартуецца ў Вялікабрытанію, ЗША, Канаду. Прадпрыемствы харч., тытунёвай, дрэваапр., хім., фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць баваўняных тканін, нафтаперапрацоўка імпартуемай нафты, зборка апаратуры, у т. л. электронікі. Асн. ч. прадпрыемстваў размешчана ў Кінгстане і яго прыгарадах. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Ворныя землі займаюць 19% тэр., пад лугамі і пашай 18%. Разам з буйнымі плантацыйнымі гаспадаркамі існуюць і дробныя сялянскія ўладанні (65% усіх гаспадарак). Асн. экспартная культура — цукр. трыснёг — вырошчваюць на буйных плантацыях з цукр. з-дамі (сентралямі). На экспарт вырошчваюць таксама бананы, цытрусавыя, каву, какава, ямайскі перац, імбір, ананасы, тытунь; для мясц. спажывання — ямс, батат, маніёк, кукурузу, рыс, памідоры, боб. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (тыс. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 400, свіней — 180, коз — 440, авечак — 1,4, птушак — 1100. Рыбалоўства (11,5 тыс. т, 1999). Вял. роля ў эканоміцы краіны належыць замежнаму турызму. У 2000 Я. наведалі 1,2 млн. турыстаў, штогадовы даход склаў 1,5 млрд. Даўж. чыгунак 330 км, аўтадарог 18,2 тыс. км. Аўтапарк (1999) 225 тыс. машын. Гал. марскія парты: Кінгстан і Мантэга-Бей. 2 міжнар. аэрапорты. Экспарт (1,7 млрд. дол., 2000) баксітаў і гліназёму (40% кошту экспарту), с.-г. прадукцыі. Імпарт (3 млрд. дол., 2000) паліва і сыравіны (50%), прамысл. абсталявання, трансп. сродкаў, харч. і спажывецкіх тавараў. Асн. гандл. партнёры: ЗША (32% экспарту і 48% імпарту), Канада, Вялікабрытанія, Трынідад і Табага, Японія. Грашовая адзінка — ямайскі долар.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Ямайкі.
Да арт. Ямайка. Курорт Оча-Рыяс.

т. 18, кн. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЛІСТЫ́ЧНЫ ЖАНР (ад лац. animal жывёла),

жанр выяўленчага мастацтва і літаратуры, творы якога адлюстроўваюць жывёльны свет; спалучае прыродазнаўчую і маст. аснову. У выяўленчым мастацтве пашыраны ва ўсіх відах: жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкар. мастацтве.

Прыкметы анімалістычнага жанру мае першабытнае мастацтва: малюнкі жывёл на сценах пячор, дробная пластыка. У 1-м тыс. да н.э. ў мастацтве скіфаў склаўся т.зв. «звярыны стыль». У Стараж. Егіпце сімвалічныя манум. вобразы жывёл. Анімалістычны кампанент сустракаецца ў ант. скульптуры, мазаіках і вазапісе; пашыраны ў рэльефах, мініяцюрах і станковых кампазіцыях Кітая (7—13 ст.), рэльефах Індыі (7 ст.), мазаіках, фрэсках і ўжытковым мастацтве Ірака, Сірыі і Палесціны (8—9 ст.). У еўрап. мастацтве Адраджэння практыкаваліся натурныя замалёўкі жывёл, іх выявы сустракаюцца ў фрэсках і станковых карцінах Пізанела, Леанарда да Вінчы, А.​Дзюрэра; найб. яскрава праявіўся ў жывапісе Галандыі. Сярод анімалістаў 17—18 ст. А.​Кёйп, П.​Потэр (Галандыя), Ф.​Снайдэрс, Я.​Фейт (Фландрыя), Ж.​Б.​Удры (Францыя), І.​Ф.​Грост (Расія), Маруяма Окія (Японія). У 19—20 ст. у анімалістычным жанры заявілі пра сябе К.​Труаён, А.​Л.​Бары (Францыя), Ф.​Марк, А.​Гаўль (Германія), Б.​Лільефорс (Швецыя), К.​Томсен (Данія), А.​Сцяпанаў, П.​Клот, Я.​А.​Лансерэ, В.​Ватагін (Расія), Моры Сосэн (Японія), Сюй Бэй-Хун (Кітай).

На Беларусі стылізаваныя выявы жывёл сустракаюцца ў мегалітычных знаходках. Да перыяду неаліту адносяцца надзвычай рэаліст. творы дробнай пластыкі (крамянёвыя і гліняныя скульптуры звяроў, птушак). У 16—17 ст. выявы жывёл адлюстраваны ў мініяцюрах і гравюрах (гравюры ў Бібліі Ф.​Скарыны «Самсон і Леў», «Данііл з ільвамі»), кніжнай ілюстрацыі (іл. Т.​Макоўскага да кн. К.​Дарагастайскага «Гіпіка», 1620). У мастацтве 20 ст. анімалістычны жанр прадстаўлены станковымі творамі В.​Ціхановіча, Г.​Лойкі, Т.​Стагановіч. Анімалістыку выкарыстоўваюць у сваёй творчасці ілюстратары дзіцячых кніг (Ю.​Зайцаў, Я.​Кулік, А.​Лось, Н.​Паплаўская і інш.), мастакі дэкар.-прыкладнога і нар. мастацтва (В.​Альшэўскі, Л.​Багданаў, Р.​Багінскі, В.​Гаўрылаў, Л.​Главацкая, У.​Жохаў, М.​Звярко, Г.​Лінкевіч, В.​Луцэнка, І.​Пухоўскі, Дж.​Сакажынскі).

У літаратуры жывёльны эпас вядомы са стараж. часоў і існуе ва ўсіх народаў свету — стараж.-грэч. паэма 6—5 ст. да н.э. «Вайна мышэй і жаб», паданні ў інд. зб. «Панчатантра», сярэдневяковыя франц., ням., нідэрл. і інш. казкі. На Беларусі самыя стараж. творы анімалістычнага жанру — казкі пра жывёл. Праз алегарычныя вобразы жывёл у іх раскрываюцца разнастайныя праявы ўзаемаадносін і характараў, уласцівыя людзям: смеласць і баязлівасць, адданасць і здрада, бескарыслівасць і прагнасць. Элементы анімалістычнага жанру ёсць у творах стараж. л-ры («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага), л-ры 19—20 ст. (алегарычныя вобразы лісіцы і гадзюкі-мядзянкі ў паэме «Кепска будзе» Ф.​Багушэвіча, жорава ў апавяд. «Міхаська» Цёткі). Выдатныя ўзоры анімалістычнага жанру стварылі Я.​Колас (раздзел «Воўк» у паэме «Новая зямля»), Э.​Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»), К.​Крапіва (байкі) і інш. Асабліва пашыраны гэты жанр у л-ры для дзяцей («Вавёрчына гора» В.​Віткі, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

Літ.:

Ватагин В.А. Изображение животного. М., 1957.

М.​Л.​Цыбульскі, М.​Р.​Міхайлаў (літаратура).

Да арт. Анімалістычны жанр. М.​Звярко. Леў. 1970-я г.
Да арт. Анімалістычны жанр. Г.​Лойк а. Совы. Сангіна, вугаль. 1974.
Да арт. Анімалістычны жанр. Л.​Главацкая. Певень. 1976.
Да арт. Анімалістычны жанр. Т.​Стагановіч. Чыкары (сям’я рыжай вавёркі). 1963.
Да арт. Анімалістычны жанр. П.​Потэр. Каровы на пашы. 1655.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКТЫКА,

паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн. км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн. км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн. км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн. км², найб. глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн. км² зімой і каля 8 млн. км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.

У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.​Дз.​Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.

Літ.:

Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;

Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.

В.​Ю.​Панасюк.

Да арт. Арктыка. Арктычны ландшафт.
Да арт. Арктыка. Белая сава.
Да арт. Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.

т. 1, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,

жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.

П. ўзнікла каля 4—3 тыс. г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.

У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-г. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.

т. 13, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)