«ИЗВЕ́СТИЯ»,
штодзённая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1917 на рус. мове, з 1918 у Маскве. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі.
Першы нумар выдадзены 28.2(13.3). 1917 у Петраградзе пад назваю «Известия Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 1(14).8.1917 наз. «Известия Центрального Исполнительного комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 12.3.1918 выдаецца ў Маскве пад назваю «Известия Всероссийского Центрального Исполнительного комитета Советов крестьянских, рабочих, солдатских и казачьих депутатов», з 26.1.1938 — «Известия Советов депутатов трудящихся СССР», з 8.10.1977 — «Известия Советов народных депутатов СССР». З 1985 — сучасная назва. Штотыднёвы дадатак «Неделя» (1960—1-я пал. 1995 і з 1997).
т. 7, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІНА́ (Наталля Іосіфаўна) (19.5.1914, г. С.-Пецярбург — 19 1.1994),
руская пісьменніца. У 1920 з бацькамі эмігрыравала, з 1936 у Шанхаі. У 1947 рэпатрыіравалася ў СССР. Скончыла Літ. ін-т імя М.Горкага (1953). Аўтар кн. фельетонаў «Іншымі вачыма. Нарысы шанхайскага жыцця» (1946), зб-каў літ. фельетонаў і пародый «Увага: небяспека!» (1960), «Не трэба авацый!» (1964), «Нешта тут не клеіцца» (1968), «Табло, што свеціцца» (1974), аўтабіягр. рамана «Вяртанне» (кн. 1—2, 1957—65; пра лёс рус. эмігрантаў у Кітаі), кніг успамінаў «Лёсы. З даўніх сустрэч» (1980), «Дарогі: Аўтабіяграфічная проза» (1983), «Сустрэчы» (1987) і інш.
Тв.:
Белогорская крепость: Сатирическая проза, 1955—1985. М. 1989.
С.Ф.Кузьміна.
т. 7, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«І́СКРА»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 10—27.6.1925 (аднадзёнка — 31.5.1925) у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы на актуальныя тэмы паліт. жыцця Польшчы, Зах. Беларусі, аналізавала знешнюю і ўнутр. палітыку польскага ўрада. Асаблівую ўвагу аддавала зямельнай рэформе і яе вырашэнню ў сейме. Апублікавала выступленні ў сейме дэпутатаў Бел. пасольскага клуба Б.Тарашкевіча, Ф.Ярэміча, сенатара А.Назарэўскага, інтэрпеляцыі бел. паслоў з выпадку злоўжыванняў польскай адміністрацыі на зах.-бел. землях, пастановы III з’езда Кампартыі Польшчы, прапановы асобных сенатараў у абарону інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі. Змясціла ўрыўкі з паэмы Я.Купалы «Безназоўнае», асобныя вершы А.Гурло. Выйшла 7 нумароў, з іх 2 канфіскаваны.
А.С.Ліс.
т. 7, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́СРАЭЛС (Israëls),
нідэрландскія жывапісцы, бацька і сын. Іосеф (27.1.1824, г. Гронінген, Нідэрланды — 12.8.1911). Вучыўся ў АМ у Амстэрдаме і Парыжы (1845) у А.Вернэ і П.Дэлароша. Зазнаў уплыў барбізонскай школы і Ж.Ф.Міле. З 1871 жыў у г. Гаага; кіраўнік рэаліст. гаагскай школы. Драматычныя паводле вобразнага ладу яго карціны прысвечаны пераважна жыццю рыбакоў і сялян («Адна ў свеце», 1876). Змрочны танальны каларыт і святлоценявыя кантрасты ў творах 1890—1900-х г. саступілі месца больш светлай і яркай гаме («Самотныя думкі», 1896; «Едакі бульбы», 1903, і інш.). Ісак (3.2.1865, Амстэрдам — 7.10.1934), сын Іосефа І. Зазнаў уплыў франц. імпрэсіянізму. Аўтар лёгкіх і дынамічных па манеры пісьма партрэтаў, сцэн. гар. жыцця.
т. 7, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Мікалай) (Міклай) Іванавіч (н. 15.1.1918, с. Куцюк-Кінер Маркінскага р-на, Рэспубліка Марый Эл),
марыйскі паэт. Нар. паэт Рэспублікі Марый Эл (1960). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1955). Друкуецца з 1934. Дэбютаваў кн. «Вершы» (1938). За зборнік вершаў «Паэзія — любімая сяброўка» (1950, на рус. мове) Дзярж. прэмія СССР 1951. Творы паэт. кніг «У краіне маёй Марыйскай» (1968), «Дарогай жыцця» (1975), «Лясныя напевы» (1976), «Дрэва, якое спявае» (1978) і інш. спалучаюць паглыблены лірызм і вострую публіцыстычнасць. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў І.Калеснік.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Йошкар-Ола, 1960.
Літ.:
Кадыков Н.С. Поэзия Миклая Казакова. Йошкар-Ола, 1960.
т. 7, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПО́ТЭ ((Capote) Трумэн) (30.9.1924, г. Новы Арлеан, ЗША — 25.8.1984),
амерыканскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Іншыя галасы, іншыя пакоі» (1948). Адзінота і чалавек, мара і рэальнасць амер. жыцця, злачыннасць і грамадства — асн. тэмы яго твораў (зб. апавяд. «Дрэва ночы», 1949; аповесці «Лугавая арфа», 1953; «Снеданне ў Тыфані», 1958; «Самаробныя дамавінкі», 1980; дакумент. рамак «Звычайнае забойства», 1965). Аўтар аўтабіягр. апавяданняў (зб. «Музыка для хамелеонаў», 1980), эсэ, нарысаў, дарожных нататак. У творах выкарыстоўваў гатычныя матывы, гратэск і фантасмагорыю, яны адметныя лірызмам, высокім стылістычным майстэрствам і камерным псіхалагізмам.
Тв.:
Рус. пер. — Один из путей в рай. М., 1967;
Голоса травы. М., 1971.
Літ.:
Писатели США М., 1990.
Т.Я.Камароўская.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГО́Д, танок,
масавая нар. гульня, найб. пашыраная са стараж. часоў да пач. 20 ст. ў слав. народаў, у т. л. на Беларусі. Уключае танец, хар. спевы і элементы драм. дзеяння; драм. і танц. сцэны часцей за ўсё ілюструюць змест песні. К. бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. У бел. летапісах згадваюцца з 11 ст. Асн. сюжэты К. — выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця і інш. У наш час на Беларусі карагодныя песні і танец звычайна выконваюцца прафес. і самадз. маст. калектывамі.
т. 8, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НЬКА (Міхаіл Паўлавіч) (н. 8.2.1947, в. Верацеі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1983). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. З 1976 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі, з 1983 нам. гал. рэдактара выд-ва «Юнацтва», з 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную бел. прозу і паэзію, тэорыю і практыку маст. перакладу (кн. «Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка», 1983), творчасць бел. пісьменнікаў. Пераклаў з польскай кн. «Крыжакі» Г.Сянкевіча, апавяданні С.Градзенскай, з чэшскай — кн. «Клапзубава каманда» Э.Баса, апавяданні І.Кліма і інш.
Тв.:
Міхась Лынькоў Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
т. 8, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТЛІ́НСКАЯ (Вера Казіміраўна) (11.5.1906, г. Севастопаль, Украіна — 23.4.1976),
расійская пісьменніца. Друкавалася з 1928. Раманы «Рост» (1934), «Мужнасць» (1938), «Дні нашага жыцця» (1952), «Інакш жыць не варта» (1960), аповесці «Натка Мічурына» (1928), «Плато вышэй за хмары» (1964), зб. апавяд. «Дзень, пражыты двойчы» (1964) пра маладых горадабудаўнікоў, вучоных-наватараў, студэнтаў з іх светам думак, пачуццяў, праблем. Раман «У аблозе» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) прысвечаны гераічнай абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну. Аўтар камедыі «Так, вось яно, каханне» (1954), аўтабіягр. аповесці «Вечар. Вокны. Людзі» (1972), рамана «Дзень добры, маладосць!» (1975), артыкулаў па л-ры і мастацтве.
Літ.:
Рапопорт Э.Е. Вера Кетлинская. Л., 1958.
т. 8, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́НСКАЯ ШКО́ЛА, кірэнаікі,
філасофская школа ў Стараж. Грэцыі, заснаваная ў 4 ст. да н.э. вучнем Сакрата Арыстыпам з г. Кірэна. Асн. прадстаўнікі Арэта і Арыстып Малодшы (дачка і ўнук Арыстыпа), Феодар, Эўгемер, Анікерыд і Гегесій. Прыхільнікі К.ш. развівалі этычны бок вучэння Сакрата, прапаведавалі геданізм, аб’яўлялі мэтай жыцця асалоду, падкрэслівалі пры гэтым неабходнасць практычнай дзейнасці як перадумовы асалоды і праяўлення актыўнай волі чалавека для таго, каб не трапіць у палон саміх уцех. Адсюль агульны прынцып універсальнасці чалавека, які павінен умець кіраваць і падпарадкоўвацца, быць патрыётам свайго поліса і адначасова не з’яўляцца аднабаковай асобай. Этычныя погляды К.ш. паўплывалі на філасофію эпікурэізму.
А.М.Елсукоў.
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)