КАШМІ́Р,

гістарычная вобласць у гарах паўн.-зах. Гімалаі і Каракарум (Паўд. Азія). У 3 ст. да н.э. тэр. К. ўваходзіла ў дзяржаву Маур’яў, у 2—1 ст. да н.э. — у Кушанскую дзяржаву. У 14 ст. н.э. сюды пранік іслам. З 1586 у складзе Магольскай імперыі (заваяваны Акбарам), з 1756 — Афганістана, з 1819 пад уладай сікхаў. Пасля 1-й англа-сікхскай вайны 1845—46 анексіраваны англічанамі і перададзены імі ў кіраванне раджы (правіцеля) княства Джаму; да 1947 княства. Пасля ўтварэння суверэнных дзяржаў Індыя і Пакістан (1947) б.ч. тэрыторыі К. (144 122 км²) увайшла ў склад інд. штата Джаму і Кашмір, меншая ч. (78 114 км²) кантралюецца Пакістанам (т.зв. Свабодны Кашмір).

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭНА́ІКА,

гістарычная вобласць на У сучаснай Лівіі. Пл. каля 700 тыс. км². На ўзбярэжжы Міжземнага м. плато Барка (выш. да 876 м). На Пд ад яго — Лівійская пустыня. Клімат трапічны, сухі, на крайняй Пн субтрапічны міжземнаморскі. Расліннасць пустынная і паўпустынная. У 7 ст. да н.э. ў прыбярэжнай паласе былі засн. грэч. гарады: гал. з іх — Кірэна. У 6—4 ст. да н.э. пад уладай Ахеменідаў, потым Аляксандра Македонскага, Пталамеяў, Стараж. Рыма, Візантыі. У 642 н.э. заваявана арабамі, у 1517 — туркамі. Пасля італа-турэцкай вайны 1911—12 часткова акупіравана італьян. войскамі, да 1928 — цалкам. З 1942 занята брыт. войскамі. У 1951—63 адна з трох правінцый Лівіі. У 1963 падзелена на 3 мухафазы.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШКА (Ян Станіслававіч) (каля 1540—26.7.1592),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Базелі (1563), з 1564 у Цюрыху, Рыме, Неапалі, Балонні. З 1569 крайчы ВКЛ, з 1579 падчашы ВКЛ і староста жмудскі, з 1588 кашталян віленскі, з 1589 ваявода брэсцкі, дзяржаўца быстрыцкі і цівун эйрагольскі. У 1580 у час Лівонскай вайны 1558—83 удзельнічаў у паходзе Стафана Баторыя на Вялікія Лукі. У сваіх маёнтках пашыраў арыянства. Заснаваў арыянскую акадэмію ў Іўі, друкарню ў Венграве (1570), Лоскую друкарню. На арыянскіх сінодах у Лоску (1578, 1581), Любчы (1582) выступіў супраць леварадыкальнай плыні ў арыянскім руху. На сейме 1589 выступіў у абарону верацярпімасці. Аўтар некалькіх рэліг. трактатаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЯЧЭ́ЛІ (Лео) (сапр. Шэнгелая Леан Міхайлавіч; 19.2.1884, в. Абуджы Цаленджыхскага р-на, Грузія — 19.12.1963),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім (1904—05) і Жэнеўскім (1910-я г.) ун-тах. Друкаваўся з 1909. Дэбютаваў навеламі, створанымі пад уплывам імпрэсіянізму. Маст. асэнсаванне рэв. падзей пач. 20 ст. ў аснове гіст.-рэв. раманаў «Тарыэл Галуа» (1917), «Кроў» (1927), навел «Княжна Мая» (1927), «Алмасгір Кібулан» (1928), «Хакі Адзба» (1933). Аўтар раманаў пр станаўленне, жыццё груз. калгаснай вёскі («Гвадзі Бігва», 1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), пра змаганне народа ў гады Вял. Айч. вайны («Чалавек з гор», 1948), твораў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў В.​Гігевіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное М., 1957.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЕЎ (Сяргей Сяргеевіч) (16.4.1881, Кіеў — 25.8.1936),

савецкі ваен. дзеяч, камандарм 1-га рангу (1935). У арміі з 1898. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1900) і Акадэмію Генштаба (1907). Удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. паўн.-зах. Беларусі. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну ў 1918—19 нач. стралк. дывізіі (у Віцебску), пам. ваен. кіраўніка Зах. ўчастка атрадаў заслоны (усх. Беларусь), камандуючы Усх. фронтам, у 1919—24 галоўнакамандуючы Узбр. сіламі рэспублікі. У 1924—27 чл. РВС СССР, адначасова на розных пасадах у вышэйшым апараце РСЧА. У 1927—34 нам. наркома па ваен. і марскіх справах, нам. старшыні РВС СССР. З 1934 нач. Упраўлення ППА Чырв. Арміі. Чл. ВЦВК (1921—36).

Э.​А.​Ліпецкі.

С.С.Каменеў.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАЎНІ́ЦЫН (Пётр Пятровіч) (9.10.1764—9.9.1822),

рускі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф (1819). Удзельнік руска-шведскіх войнаў 1788—90 і 1808—09. У час ваен. дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай 1792—94 камандаваў мушкецёрскім палком. На пач. вайны 1812 камандаваў 3-й пях. дывізіяй у 3-м корпусе ген. М.​А.​Тучкова, у баях каля в. Астроўна (Бешанковіцкі р-н) 26 ліп. стрымліваў націск франц. карпусоў маршала Мюрата і ген. Багарнэ. Вызначыўся ў бітвах пад Смаленскам і Барадзіно. З вер. 1812 у ген. штабе аб’яднаных зах. армій. Удзельнік ваен. дзеянняў 1813—14. У 1815—19 ваен. міністр. З 1819 чл. Дзярж. савета, нач. ваен. навуч. устаноў, дырэктар Царскасельскага ліцэя.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦЕ́ЧНІЦА,

агнястрэльная зброя 2-й пал. 19 ст. Інтэнсіўнасць стральбы (да 600 стрэлаў за мінуту) дасягалася за кошт павелічэння колькасці ствалоў (да 25) і паскарэння працэсу зараджання праз ужыванне унітарнага патрона. Прататып К. — арган выкарыстоўвалі ў 16—18 ст. у Еўропе, у т. л. на Беларусі. Розныя сістэмы К. ствараліся і меліся на ўзбраенні ў ЗША (у час грамадз. вайны 1861—65), у Францыі, Швецыі, Расіі і інш. Іх калібр ад 11—12 да 25,4 мм, маса 25-ствольнай К. дасягала 800 кг. Былі папярэдніцамі аўтаматычнай зброі, але іх механізмы зараджання і стральбы прыводзіліся ў дзеянне мускульнай сілай чалавека. Зняты з узбраення ў сувязі з вынаходніцтвам і распаўсюджаннем кулямёта.

Карцечніца канструкцыі Р.​Гатлінга. 1861.

т. 8, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў (Сямён Мікалаевіч) (крас. 1892, г. Белы Цвярской вобл., Расія — 13.5.1938),

удзельнік Кастр. рэвалюцый і грамадз. вайны ў Беларусі. З 1909 вёў рэв. агітацыю сярод рабочых г. Белы, маскоўскага з-да «Гужон». З 1913 у арміі, у 1917 старшыня палкавога, дывізіённага, нам. старшыні карпуснога к-таў. З 27.10.1917 ваен. камендант і нач. гарнізона Віцебска, старшыня ваен. аддзела (губваенком) губ. выканкома. Арганізаваў разгром часцей Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага на тэр. губерні, абарону Віцебска ад кайзераўскіх войск.

У пач. 1919 старшыня Віцебскага губ. к-та РКП(б). З сак. 1919 на Паўд. фронце, у 1920—21 старшыня Севастопальскага ВРК, гарсавета. У 1921—23 нам. старшыні, старшыня выканкома Віцебскага губсавета. Пазней на ваен., парт. і сав. рабоце.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (4.11.1871, каля Варшавы — 13.9.1917),

расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1917). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча і Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—11 у Гал. штабе і Гал. упраўленні Генштаба. У 1-ю сусв. вайну пры штабе 2-й арміі, з сак. 1915 камандаваў Усурыйскай коннай брыгадай, з крас. 1917—3-м конным корпусам. Кантактаваў з партыяй акцябрыстаў. У час Карнілава мяцяжу 1917 на чале 3-га коннага корпуса накіраваны Стаўкай Вярх. камандавання рас. арміі (знаходзілася ў Магілёве) на Петраград. Пасля адмовы вайскоўцаў корпуса наступаць супраць рэв. сіл прыбыў для тлумачэнняў А.Ф.Керанскаму ў Петраград, дзе пасля аддачы загаду аб яго арышце застрэліўся.

т. 8, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МЕР ((Cremer) Уільям Рэндал) (18.3.1838, Фэахэм каля г. Портсмут, Вялікабрытанія — 22.7.1908),

дзеяч англ., міжнар. рабочага руху, прыхільнік пацыфізму. Сталяр. У 1860 адзін са стваральнікаў Аб’яднанага т-ва цесляроў і сталяроў. У час грамадз. вайны ў ЗША 1861—65 падтрымліваў правы жыхароў Поўначы, выступаў супраць рабства неграў. У 1864 садзейнічаў стварэнню Міжнар. асацыяцыі рабочых, быў сакратаром яе брыт. секцыі. У 1870 заснаваў Рабочую асацыяцыю міру (з 1875 Ліга міжнар. арбітражу), быў яе сакратаром. У 1885—95 і 1900—08 дэп. палаты абшчын. Адзін з аўтараў праекта англа-амер. дагавору аб арбітражы (падпісаны ў 1914). З чэрв. 1889 сакратар Міжпарламенцкага саюза ад Вялікабрытаніі. Нобелеўская прэмія міру 1903.

Л.​М.​Драбовіч.

У.Р.Крымер.

т. 8, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)