ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,

уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.

Часціца з ненулявой масай спакою і спінам s можа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАДВАРЭ́Ц,

палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Петрадварэц (да 1944 Пецяргоф) у Ленінградскай вобл. Пл. каля 1000 га. Ідэя кампазіцыі належала Пятру I, які вырашыў стварыць летнюю рэзідэнцыю з палацам, паркам і фантанамі накшталт Версаля. Пры ім разбіты Верхні сад (пл. 15 га) з рэгулярнай сістэмай алей і 5 фантанамі, Ніжні парк (пл. 102,5 га), пабудаваны палацы Вялікі (1714—25, перабудаваны ў 1745—55 арх. В.​Растрэлі), Монплезір (1714—25, арх. І.​Браўнштэйн, Ж.Б.​А.​Леблон, М.​Зямцоў і інш.), Марлі (1720—23), павільёны Эрмітаж (1721—24, абодва арх. Браўнштэйн; усе барока), створана буйнейшая ў свеце сістэма фантанаў і водных каскадаў, аздобленая скульптурай (першапачаткова свінцовай, пазней бронзавай; скульпт. І.​Мартас, І.​Пракоф’еў, Ж.​Д.​Рашэт, Ф.​Шчадрын). З 1770-х г. вакол ядра П. пачаў складвацца комплекс пейзажных паркаў: Англійскі (1779—94, арх. Дж.​Кварэнгі), Александрыя (1826—29, арх. А.​Менелас), Аляксандраўскі (1830-я г.) і інш. з палацамі і павільёнамі ў стылях класіцызму і псеўдаготыкі. У Вял. Айч. вайну ансамбль моцна пашкоджаны, адноўлены (праект 1945, арх. А.​Гесен, А.​Оль і інш.). З 1983 музей-запаведнік.

Фантан «Адам» у Петрадварцы.
Петрадварэц. Вялікі палац. 1714—25.
Панарама рэгулярнага парку ў Петрадварцы.

т. 12, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш. можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.

Літ.:

Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;

Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эне́ргія ж.

1. фіз., тэх. Energíe f -, -í¦en; Kraft f -;

патэнцы́йная эне́ргія potenti¦élle Energíe;

цеплава́я эне́ргія Wärme¦energie f;

эне́ргія а́тамнага ядра́ (Atóm)kérnenergie f;

зако́н захава́ння і пераўтварэ́ння эне́ргіі das Gesétz der Erháltung und der Úmwandlung der Energíe;

2. (настойлівасць) Energíe f -, Tátkraft f -

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ядро́ н.

1. Kern m -(e)s, -e;

ядро́ арэ́ха Nússkern m;

ядро́ а́тама Atómkern m;

2. перан. Kern m -(e)s, Háuptkern m; das Wésentliche (sub);

3. гіст. (гарматнае) Kúgel f -, -n, Kanónenkugel f;

4. спарт. Kúgel f -;

шту́рханне ядра́ Kúgelstoßen n -s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

дэзоксірыбануклеі́навы

(ад дэзоксірыбоза + нуклеінавы);

д-ая кіслата — рэчыва з групы нуклеінавых кіслот, якое змяшчае дэзоксірыбозу і з’яўляецца састаўной часткай рэчыва клетачнага ядра, захоўваючы і перадаючы спадчынна генетычную інфармацыю аб будове, развіцці і індывідуальных прыкметах кожнага арганізма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пракарыёты

(ад лац. pro = перад, замест + гр. karyon = ядро)

мікраскапічныя арганізмы, якія ў адрозненне ад эўкарыётаў не маюць у сваіх клетках марфалагічна аформленага, адасобленага ядра і тыповага храмасомнага апарату; аб’яднаны ў два аддзелы — сіне-зялёныя водарасці і бактэрыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЭ́ТА-РАСПА́Д, β-распад,

самаадвольнае ператварэнне ўнутры атамнага ядра аднаго з нейтронаў у пратон (ці наадварот), а таксама свабоднага нейтрона ў пратон, абумоўленае слабым узаемадзеяннем. Адзін з асн. тыпаў радыеактыўнасці. Ператварэнне нейтрона ў пратон суправаджаецца выпусканнем электрона e​− і электроннага антынейтрына ν̃e, а пратона ў нейтрон — выпусканнем пазітрона e​+ і электроннага нейтрына νe (гл. Бэта-выпрамяненне).

Пры электронным бэта-распадзе (β​−) утвараецца ядро з колькасцю пратонаў, большай на 1 за іх колькасць у зыходным ядры, напр.: 14 6 c → 14 7 N + e + ν̃e . Пры пазітронным бэта-распадзе (β​+) колькасць пратонаў у ядры памяншаецца на 1: 11 6 c → 11 5 β + e+ + νe . Да бэта-распаду адносяць таксама электронны захоп. Энергія, якая вылучаецца пры бэта-распадзе, размяркоўваецца пераважна паміж e​− і ν̃e (ці e​+ і νe). Перыяды паўраспадаў β-актыўных ядраў ад 10​−2 с да 10​18 гадоў. Пры бэта-распадзе не захоўваецца прасторавая цотнасць, што выяўляецца ў асіметрыі прасторавых напрамкаў у руху электронаў, якія выпраменьваюцца ядрамі: у напрамку спіна ядраў вылятае менш электронаў, чым у адваротным. Асновы тэорыі бэта-распаду закладзены Э.Фермі (1934). Далейшае развіццё тэорыі бэта-распаду прывяло да стварэння адзінай тэорыі слабых і эл.-магн. узаемадзеянняў (гл. Электраслабае ўзаемадзеянне).

М.​А.​Паклонскі.

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ (γ-выпрамяненне),

караткахвалевае эл.-магн. выпрамяненне з даўжынёй хвалі, меншай за 2∙10​−10 м. Узнікае пры распадзе радыеактыўных ядраў (гл. Радыеактыўнасць), тармажэнні хуткіх зараджаных часціц у рэчыве (гл. Тармазное выпрамяненне), сінхратронным выпрамяненні, а таксама пры анігіляцыі электронна-пазітронных пар і ў інш. ядз. рэакцыях. З прычыны кароткай даўжыні хвалі ў гама-выпрамяненні выразныя карпускулярныя ўласцівасці (гл. Комптана эфект, Фотаэфект), хвалевыя (дыфракцыя, інтэрферэнцыя) выражаны слаба.

Асн. характарыстыка гама-выпрамянення — энергія асобнага γ-кванта Eγ = hν, дзе h — Планка пастаянная, ν — частата выпрамянення. Пры пераходзе ядра атама з узбуджанага стану з энергіяй Ei у больш нізкі энергет. стан Ek выпрамяняецца γ-квант з энергіяй Eγ = Ei = Ek Eγ = Ei — Ek. У выніку гэтага гама-выпрамянення ядраў мае лінейчасты спектр. Натуральныя радыеактыўныя крыніцы даюць гама-выпрамяненню з энергіяй да некалькіх мегаэлектронвольтаў (МэВ), у ядз. рэакцыях атрымліваюцца γ-кванты з энергіяй да дзесяткаў МэВ, а пры тармазным выпрамяненні — да соцень МэВ і больш. Гама-выпрамяненне — адно з найбольш пранікальных выпрамяненняў (пранікальнасць залежыць ад энергіі γ-квантаў і шчыльнасці рэчыва).

Гама-выпрамяненне выкарыстоўваецца для выяўлення дэфектаў у вырабах і дэталях (гл. Дэфектаскапія), экспрэснага колькаснага вызначэння волава ў рудах, стэрылізацыі харч. прадуктаў, гаматэрапіі злаякасных пухлін і інш.

А.​І.​Болсун.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРОНАГРА́ФІЯ (ад нейтрон + ...графія),

сукупнасць метадаў даследавання рэчыва з дапамогай рассеяння нейтронаў нізкіх энергій (E < 1 эВ). Падзяляецца на структурную і магнітную. Выкарыстоўваецца ў фізіцы вадкасцей і цвёрдага цела, біял. макрамалекул.

Структурная Н. заснавана на тым, што даўжыня хвалі дэ Бройля павольных электронаў (~0,1 нм) сувымерная з міжатамнымі адлегласцямі ў кандэнсаваных асяроддзях і гэта дазваляе вывучаць ўзаемнае размяшчэнне атамаў. Метад яе грунтуецца на з’яве дыфракцыі нейтронаў (гл. Дыфракцыя часціц) і аналізе залежнасці інтэнсіўнасці рассеянага пучка нейтронаў ад даўжыні хвалі або вугла рассеяння (падобна метаду рэнтгенаструктурнага аналізу, адрозненне гэтых метадаў у тым, што нейтроны рассейваюцца ядрамі атамаў, а рэнтгенаўскія прамяні — атамнымі электронамі). Сячэнне рассеяння нейтронаў на ядрах атамаў, што ўваходзяць у крышталічную структуру, нерэгулярна залежыць ад ат. н. ядра-рассейвальніка, што дазваляе даследаваць структуру, у склад якой адначасова ўваходзяць лёгкія і цяжкія атамы (вадародзмяшчальныя злучэнні, вокіслы цяжкіх элементаў), а таксама вызначаць каардынаты атамаў у злучэннях, утвораных элементамі з блізкімі атамнымі нумарамі (напр., FeCo, Al-Mg — сплавы). Магнітная Н. даследуе лікавае значэнне, узаемную арыентацыю і размяшчэнне магн. момантаў атамаў, што выкарыстоўваецца для вызначэння магн. структуры магнітаўпарадкаваных рэчываў.

Літ.:

Изюмов Ю.А., Озеров Р.П. Магнитная нейтронография. М., 1966;

Александров Ю.А., Шарапов Э.И., Чер Л. Дифракционные методы в нейтронной физике. М., 1981.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)