напру́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
1. Зрабіць пругкім. Напружыць мускулы. □ Ціма напружыў цела, узмахнуў некалькі разоў рукамі, заграбаючы пад сябе ваду, і зноў пачаў апускацца, слабець. Пальчэўскі.
2. перан. Узмацніць, павысіць ступень праяўлення чаго‑н. (пра памяць, зрок, слых і г. д.). Мазанік напружыла ўсю сваю волю, усю вытрымку і ветліва ўсміхнулася салдату. Пятніцкі. Канстанцін Сяргеевіч напружыў зрок і пазнаў высокую постаць Жэні Коржаня і крыху ніжэйшую Цімы Дакутовіча. Трэцяга ён не ведаў. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невясёлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумуе; сумны. [Сярго:] Вы што ж такі пануры, невясёлы? [Бэсман:] У нас вясёлага не вельмі шмат. Глебка. Убачыўшы свайго сябра невясёлым, Ціма запытаў: — Чаго такі кіслы? Шчарбатаў. // Які выражае смутак, журбу. Невясёлая ўсмешка. Невясёлыя вочы.
2. Які выклікае смутак, журбу; непрыемны. Невясёлы мой лёс, невясёлы... Пакідаю я родныя сёлы. Куляшоў. Покут голы, невясёлы, Як у той павеці. Крапіва. Ноччу Мікола не спаў. Сядзеў каля папялішча пад уцалелай яблыняй і думаў невясёлую думу. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няда́ўні, ‑яя, ‑яе.
1. Які адбыўся ў недалёкім мінулым, незадоўга да сучаснага моманту. Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі След вайны нядаўняй, што прайшла лясамі. Куляшоў. // Які існуе мала часу, узнік, з’явіўся нядаўна. Нядаўняе знаёмства. □ Старэюць многія нядаўнія песні. Караткевіч.
2. Які быў кім‑н. незадоўга да сучаснага моманту. [Ніна] ішла.. па вуліцы Мінска і раптам сустрэла свайго нядаўняга педагога. Шчарбатаў. [Каця] чакала Аўдоццю, але тая доўга не выходзіла з хаты. — Каго пільнуеце? — Да яе падышоў хлопец, нядаўні сусед. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
брыда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Разм.
1. Што‑н. непрыемнае, брыдкае, паскуднае; дрэнь, гадасць. [Янка:] — Ведаеш, брат, такая прыснілася брыда, што і цяпер яшчэ праціўна ў роце. Колас. А кпіны слухаць там і розную брыду — Ды ну іх, кажа [заяц], к ліху! Крапіва.
2. Разм. Аб кім‑н. брыдкім, паскудным, агідным. Усе адчувалі, што недалёка той дзень, калі рушыць наперад слаўная Савецкая Армія і дачыста змяце з зямлі фашысцкую брыду. Шчарбатаў. — Вон з хаты, брыда! — закрычала.. [Параска] і ўсхапілася. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зру́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Добра прыстасаваны для выкарыстання, такі, якім лёгка ці прыемна карыстацца. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.
2. Добры, падыходзячы; такі, які патрэбен. Зручны выпадак. □ [Тварыцкі] знайшоў зручны момант. Выйшаў з хаты, ляпнуў дзвярамі. Чорны. Хлопцы выбралі зручнае месца пад кустом ажыны, адкуль быў відаць увесь сад. Хомчанка. // Практычны, выгадны. — Мне чалавек зручны патрэбен. І я яго знайду, вядома, знайду. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ільняны́ і льняны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лёну. Ільняны палетак. Ільняное сцябло. Ільняное валакно. Ільняная сеялка. Ільняная сыравіна. // Атрыманы з ільнянога семя. Ільняны алей. Ільняная макуха. // Выраблены з валакна лёну. Ільняное палатно. Ільняная сарочка.
2. Які мае адносіны да апрацоўкі лёну. Ільняная прамысловасць. Ільняная фабрыка. Ільняны камбінат.
3. Які колерам і мяккасцю нагадвае валакно лёну. У Валькі ж валасы, як у мамы, ільняныя, і вочы такія ж сіне-зялёныя, толькі бровы бацькавы — густыя, чорныя. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́сткі, ‑так; адз. звестка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Даныя, паведамленні аб кім‑, чым‑н. Хлопцы ўсё больш смялелі і ўжо проста, як старому сябру, пачалі расказваць Лясніцкаму ўсе вясковыя навіны, зусім не падазраючы, што для камісара гэта былі амаль што самыя каштоўныя звесткі аб ворагах і сябрах. Шамякін. Партызаны заўсёды заходзілі да .. [настаўніцы], як да сваёй сувязной, дзяліліся навінамі, адпачывалі, атрымлівалі ў яе неабходныя звесткі. Шчарбатаў. // Даныя, якія характарызуюць каго‑, што‑н. Статыстычныя звесткі. Звесткі аб надвор’і.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сухарля́вы, ‑ая, ‑ае.
З худым целам (пра чалавека, жывёліну). За сталом — сухарлявы, з чыста паголеным тварам мужчына. Шынклер. Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. // Пазбаўлены тлушчу (пра твар, рукі і пад.). На сухарлявы твар начальніка штаба лягла задума. Шчарбатаў. — Праходзь, чалавеча! — адказвае дзядок, махнуўшы сухарлявай рукой. Вірня. // Разм. Сухі, тонкі. Маці ўбачыла, як па траве прабег і на руды сухарлявы ствол сасонкі ўскочыў звярок з пушыстым рыжым хвастом. Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удо́сталь, прысл.
1. Дастаткова, у дастатковай ступені. Магутная цеплаэлектрацэнтраль дае ўдосталь святла гораду і яго ваколіцам і энергіі прамысловым прадпрыемствам. Хадкевіч. За паўтара года вайны пакут хапіла ўдосталь. Навуменка. // у знач. вык. Многа, даволі. [Дармідон] яшчэ зранку пайшоў у сталярню — там рабілі парніковыя рамы, і работы яму цяпер было ўдосталь. Сабаленка.
2. Разм. Уволю, колькі хочацца. Дзед прыняў іх [узброеных людзей] за партызан, накарміў удосталь і нават чарку паставіў. Шчарбатаў. «Хай сабе ўдосталь паспіць», — разважала сама сабе Марта. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.
1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.
2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)