НІ́КЛАТ (?—1160),

князь бодрычаў [каля 1131—60]. Узначальваў супраціўленне палабска-прыбалт. славян ням. (саксонцы) і дацкай (Кнуд Шлезвігскі) экспансіі. Імкнуўся захаваць добрыя адносіны з саксонцамі: у 1131 прызнаў вяршэнства Лотара III з Суплінбурга, потым саксонскага герцага Генрыха Льва, што не выратавала яго ад пазнейшых нападаў. У час крыжовага паходу супраць славян 1147 арганізаваў паспяховую абарону зямель бодрычаў ад уварвання войска Генрыха Льва, здзейсніў напад на апорныя пункты крыжакоў у Вагрыі, спаліў г. Любек, разбіў крыжацкае войска каля пабудаванай ім крэпасці Добін, што вымусіла крыжакоў заключыць мір. Загінуў у час новага паходу Генрыха Льва. Ад Н. паходзіў анямечаны ў наступных пакаленнях род мекленбургскіх князёў.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЭТЭ́КТАР у ядзернай фізіцы,

прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, асн. элемент якой — крышталь паўправадніка.

Адчувальны слой П.д. — вобласць паўправадніка паблізу p-n-пераходу, якая абеднена носьбітамі току і мае высокае эл. супраціўленне. Іанізавальная часціца, што пранікла ў крышталь, генерыруе дадатковыя (нераўнаважныя) носьбіты току (электроны і дзіркі), у выніку чаго ў знешнім ланцугу ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца. Зарад, сабраны на электродах П.д., прапарцыянальны энергіі, выдзеленай часціцай пры праходжанні праз адчувальны слой. Можа працаваць як спектрометр, калі часціца поўнасцю тармозіцца ў ім. Выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, а таксама ў хіміі, геалогіі, медыцыне і прам-сці.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛАЎ Фёдар Аляксеевіч (11.9.1900, Казань, Рэспубліка Татарстан, Расія — жн. 1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). У грамадз. вайну змагаўся з чэхаславацкім мяцежным корпусам пад Самарай і Сімбірскам, войскамі ген. А.​І.​Дзянікіна пад Царыцынам, з басмачамі ў Сярэдняй Азіі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Вызначыўся ў пач. Вял. Айч. вайны каля Жлобіна і Рагачова Гомельскай вобл. Батальён, якім камандаваў Б., 15.7.1941 зламаў упартае супраціўленне ворага, контратакаваў яго і захапіў Паўн. і Паўд. дэпо ст. Жлобін; 17.7.1941 выбіў гітлераўцаў з в. Заграддзе, 18.7.1941 — з в. Прыдарожжа і Заводная. Загінуў пры выхадзе з акружэння.

т. 18, кн. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цвёрдасць, ‑і, ж.

1. Спец. Супраціўленне цвёрдага цела змяненню формы або парушэнню цэласнасці яго паверхневага слон.

2. Уласцівасць і якасць цвёрдага (у 2–8 знач.). Цвёрдасць алоўка. Цвёрдасць характару. □ — Якія вострыя пачуцці можна перажыць, калі ведаеш, што ад цвёрдасці тваёй рукі і вернасці вока залежыць жыццё чалавека. Маўр. Але ж трэба і характар паказаць, і выявіць станоўчасць і цвёрдасць сваю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

entgégen=

аддз. дзеясл. прыстаўка, указвае на:

1) супрацьдзеянне, супраціўленне: entgégenwirken процідзе́йнічаць

2) сустрэчны рух: entgégengehen* ісці́ насу́страч

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

транзі́стар

[англ. transistor, ад tran(sfer) = пераносіць + (re)sistor = супраціўленне]

1) паўправадніковы прыбор, які служыць для ўзмацнення і пераўтварэння электрычных сігналаў;

2) невялікі радыёпрыёмнік на паўправадніках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКБА́Р Джэлаль-ад-дзін (1542—1605),

правіцель Магольскай імперыі ў Індыі [1556—1605]. Пры ім дзяржава Вялікіх Маголаў дасягнула найб. магутнасці. Значна пашырыў яе межы, заваяваўшы тэр. ад Балха на Пн да р. Гадавары на Пд (у т. л. Кашмір і тэр. сучаснага Афганістана) і ад мора на З да мора на У. Вёў барацьбу з сепаратызмам феадалаў, у 1574 імкнуўся ліквідаваць сістэму джагіраў, што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. Упершыню стаў прызначаць індусаў на важныя дзярж. пасты, дынастычнымі шлюбамі ўмацаваў сувязі з раджпуцкімі княствамі, конніца раджпутаў стала асновай арміі. Увёў новую рэлігію «дзін-і ілахі» («божая вера») з элементамі ісламу, індуізму, парсізму і джайнізму.

Акбар са сваім сынам Джахангірам і ўнукам Шахам-Джаханам. Мініяцюра. Каля 1630.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БУ́РСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1902,

захопніцкая вайна Англіі супраць бурскіх рэспублік Паўд. Афрыкі Трансвааль і Аранжавая. Англія імкнулася захапіць землі, багатыя золатам і алмазамі, забяспечыць брыт. панаванне на вялізнай тэр. ад Каіра да Кейптаўна. Падставай да вайны з’явілася адмова прэзідэнта Трансвааля даць выбарчыя правы англ. каланістам. 11.10.1899 пачаліся ваен. дзеянні, на пачатку якіх буры атрымалі некалькі перамог. Аднак вял. перавага ў жывой сіле і тэхніцы дазволіла англічанам у 1900 акупіраваць рэспублікі. Буры разгарнулі партыз. барацьбу, але, не атрымаўшы чаканай дыпламат. дапамогі з боку Германіі, Францыі і Расіі, спынілі супраціўленне. Паводле мірнага дагавора 31.5.1902 Аранжавая і Трансвааль далучаны да Брыт. імперыі і сталі англ. калоніямі. У 1910 іх тэр. ўвайшлі ў англ. дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНАСЦІ ШПУ́ЛЯ,

скручаны ў спіраль ізаляваны праваднік, прызначаны для назапашвання магн. энергіі, раздзялення ці абмежавання эл. сігналаў рознай частаты і інш. Асн. параметры: індуктыўнасць, супраціўленне страт, дыхтоўнасць, тэмпературны каэфіцыент індуктыўнасці, уласная эл. ёмістасць.

І.ш. бываюць каркасныя і бескаркасныя, з адна- ці мнагажыльнага проваду, адна- і мнагаслойныя, з асяродкамі (магнітапровадамі) з ферамагнітных матэрыялаў і без іх, з фіксаванай і пераменнай індуктыўнасцю. Выкарыстоўваюцца ў якасці элементаў фільтраў, вагальных контураў, трансфарматараў, рэле, дроселяў, магн. узмацняльнікаў і інш. Разнавіднасць — плоскія пячатныя І.ш., а таксама абмоткі эл. машын, рамачныя і ферытавыя антэны.

Індуктыўнасці шпулі: а — цыліндрычная аднаслойная; б — мнагаслойная; в — з П-падобным асяродкам; г — узорная тараідальная; д — з цыліндрычным асяродкам; 1 — абмотка; 2 — каркас; 3 — асяродак.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СПШАК (Kasprzak) Марцін (2.11.1860, г. Чолаў Срэмскага пав., Польшча — 8.9.1905),

дзеяч польскага рабочага руху. Друкар. Адзін з заснавальнікаў сацыяліст. арг-цыі ў г. Познань (1885—86), польскай рэв. партыі «Пралетарыят» 2-і (1888, кіраваў яе дзейнасцю ў 1888—91). Тройчы быў зняволены. У 1891—93 у эміграцыі ў Лондане. У 1896—97 чл. Польскай сацыяліст. партыі (ПСП) на землях, якія знаходзіліся пад уладай Прусіі; выключаны за адмову асудзіць палітыку Р.Люксембург у адносінах да ПСП па пытанні незалежнасці Польшчы. У 1902—03 рэдактар с.-д. выдання «Gazeta Ludowa» («Народная газета»), У 1904 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. Аказаў узбр. супраціўленне пры нападзе жандараў на падпольную с.-д. друкарню ў Варшаве. Зняволены і пакараны смерцю.

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)