Ко́ўзацца ’катацца па слізкай паверхні’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 3, Бяльк., Федар. Рук., КЭС, лаг., Янк. Мат.). Укр.ковзатися, рус.колзать ’тс’, польск.kielzać sie, чэш.klouzati se, славац.kľzať ’тс’. Адсутнасць адпаведнікаў у паўднёвых славян вымушае сумнявацца ў праславянскім характары *kъlzati (параўн. ЕСУМ, 2, 483).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зніч ’святы агонь у язычнікаў’. Польск.znicz ’надгробнае полымя’, чэш.znič ’святы агонь у старажытных літвінаў і славян’. Верагодна, таго ж кораня, што і зноіць (гл.): zněti, zniti, znoi‑ (> znojь) ’гарэць’ з суф. ‑čь, які ўтвараў назвы прадметаў паводле дзеяння (Сцяцко, Афікс. наз., 45; Слаўскі, SP, 1, 102), як biti — bičь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст.ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.А.Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц.слав. знаццю.
Літ.:
Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;
Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст.Кн. 1. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,
помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх.славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн.Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх.славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.
Літ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;
Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;
М., 1994.
В.А.Чамярыцкі.
Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гляк ’гаршчок з вузкім горлам’ (БРС, Шат., Касп.), глёк ’тс’ (Бяльк., Нас., Байк. і Некр.). Укр.глек, рус.гляк, глек, глёк, гилёк, ст.-рус.гълъкъ, голкъ, голькъ. Вельмі няяснае слова. Раней рэканструявалі прасл. формы тыпу *glьtъ і звязвалі гэта слова з прасл.glьjь ’глей’ (гл.). Так Бернекер, 1, 310; Трубачоў, Ремесл. терм., 217–218. Але Фасмер (1, 412) указвае на тое, што формы гэтага слова перашкаджаюць параўнанню з глей. Таму некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта слова, магчыма, не спаконвечнае ў славян, і шукаюць крыніцу запазычання. Так, Гаўлава (гл. Этимология, 1966, 96 і наст.) думае, што ў даным выпадку да славян прыйшло культурнае слова з Міжземнамор’я. Параўн. грэч. лексемы, якія, як мяркуюць, маглі быць запазычаны ў слав. мовы: грэч.γαυλός ’збан’, γυλλάς ’від чашы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Іллі́ барада́ ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (Інстр. II). У рускіх вядома абазначэнне апошняй жмені каласоў «Волосу на бородку», у сербаў божја брада (Б. А. Рыбакоў, Язычество древних славян, 1981, 425). Рэлікт старога язычніцкага абраду, дзе імя Ілья сведчыць аб больш познім хрысціянскім напластаванні. З Ілья і барада (гл.); параўн. лібарада.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАДЗЯ́НСКІ (Восіп Максімавіч) (12.11.1808, г.п. Варва Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.9.1877),
рускі і ўкр. філолаг-славіст, гісторык і пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Праф. гэтага ун-та (1842—68), сакратар Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх (1845—48, 1858—68). З 1858 рэдактар час. «Чтения Московского общества истории и древностей российских». Аўтар прац па гісторыі, фальклоры і мове славян: «Разгляд розных думак аб старажытнай мове паўночных і паўднёвых русаў» (1835), «Аб народнай паэзіі славянскіх плямёнаў» (1837), «Аб часе паходжання славянскіх пісьмёнаў» (1855), «Кірыла і Мяфодзій...» (1863—66) і інш. Збіраў бел.нар. песні, даследаваў мову «Бібліі» Ф.Скарыны, бел. ананімную паэму «Энеіда навыварат». Адкрыў бел. паходжання Пазнанскі рукапіс. Пісаў вершы (зб. «Нашы ўкраінскія песні», 1835).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВЫ,
удзельнікі рэв. руху дзекабрыстаў у Рас. імперыі, браты. Нарадзіліся ў Сумскай вобл., Украіна.
Андрэй Іванавіч (1798—12.10.1854) — адстаўны падпаручнік (1823), Пётр Іванавіч (1800—12.10.1854) — падпаручнік (1825). Атрымалі хатнюю адукацыю. З 1816 служылі ў 26-й, з 1820 у 8-й артыл. брыгадах. У 1818 заснавалі асв.Т-ва першай згоды, якое неўзабаве пераўтварылі ў тайнае Т-ва сяброў прыроды. Заснавальнікі (разам з Ю.К.Люблінскім) і кіраўнікі Таварыства з’яднаных славян 1823—25. У час Чарнігаўскага палка паўстання прымалі захады па яго пашырэнні. У 1826 арыштаваны і асуджаны. Адбывалі катаргу ў Нерчынскіх рудніках, з 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Андрэй Іванавіч скончыў самагубствам пасля раптоўнай смерці брата.
Літ.:
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988. С. 28—29, 229.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎСКІ (Васіль Рыгоравіч) (2.2.1838, Яраслаўская вобл., Расія — 25.5.1899),
расійскі гісторык, візанцініст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), праф. (1870). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). Паклаў пачатак вывучэнню сац.-эканам. гісторыі Візантыі. Абгрунтаваў тэзіс пра падабенства эвалюцыі сац. і паліт. ладу Візантыі і краін сярэдневяковага Захаду. Даказаў існаванне ў візант. вёсцы 8—9 ст. вольнай сял. абшчыны, вызначыў уплыў славян на грамадскі лад Візантыі. Звязваў гісторыю Візантыі з гісторыяй зах. і ўсх. свету. Зрабіў выснову, што паходы русаў на Візантыю пачаліся задоўга да з’яўлення на Русі нарманаў, што хрышчэнню Русі папярэднічаў яе ваен. саюз з Візантыяй. Даследаваў і выдаваў візант. крыніцы (жыціі святых). Заснавальнік і адзін з рэдактараў час. «Византийский временник» (1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Ілья Мікалаевіч) (25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),
рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.М.Горкага АНСССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.