РЫ́ЧАРДС (Richards) Дзікінсан (30.10.1895, г. Орындж, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.2.1973),

амерыканскі кардыёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Іельскі (1917) і Калумбійскі (1922) ун-ты. У 1945—61 кіраўнік мед. аддзела ў шпіталі Белв’ю ў Нью-Йорку. Навук. працы пра дзейнасць сэрца ва ўмовах траўматычнага шоку, па распрацоўцы і ўдасканаленні метадаў даследавання функцый сэрца і лёгкіх у норме і паталогіі; адзін з аўтараў метаду катэтарызацыі сэрца. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з А.Ф.Курнанам, В.Форсманам).

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЙН, Стэйн (Stein) Уільям Хоўард (25.6.1911, Нью-Йорк — 2.2.1980), амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Гарвардскі ун-т (1933). З 1939 у Ракфелераўскім ун-це (Нью-Йорк), з 1955 праф. біяхіміі. Навук. працы па аналіт. хіміі бялкоў і ферментаў. Распрацаваў колькасны метад вызначэння амінакіслот, заснаваны на іонаабменнай храматаграфіі, высветліў (разам з іншымі) першасную структуру ферменту рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1972 (разам з К.​Анфінсенам і С.​Мурам).

У.Стайн.

т. 15, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫСЕ́ЛІУС, Тызеліус (Tiselius) Арне Вільгельм Каўрын (10.8.1902, Стакгольм —29.10.1971), шведскі біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай АН (з 1956 яе прэзідэнт), Нац. АН ЗША (1949). Скончыў Упсальскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1938 праф., з 1951 дырэктар Ін-та біяхіміі). У 1960—64 прэзідэнт Нобелеўскага к-та па хіміі. Навук. працы па даследаванні адсорбцыі і электрафарэзу. Распрацаваў метады электрафарэтычнага і адсарбцыйна-храматаграфічнага аналізу біяпалімераў, у т. л. бялкоў сывараткі крыві. Даказаў комплексную прыроду сываратачных бялкоў. Нобелеўская прэмія 1948.

А.Тыселіус.

т. 16, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УРАЧЫ́ БЕЗ МЕ́ЖАЎ»

(Médecins sans frontiéres),

незалежная гуманітарная група. Створана ў 1971 у Парыжы групай медыкаў. Да канца 1990-х г. аб’яднала медыкаў з 45 краін, якія аказвалі мед. дапамогу параненым у ваен. канфліктах і ў час стыхійных бедстваў. «У.б.м.» дзейнічалі без дазволу афіц. улад (мед. дапамога муджахідам, якія ваявалі з сав. войскамі ў Афганістане ў 1980-я г., чэчэнскім сепаратыстам у 1990-я г. і г.д.), што прыводзіла да канфліктаў з урадамі шэрагу краін. Нобелеўская прэмія міру 1999.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСА́Й, Хусей (Houssay) Бернарда Альберта (10.4.1887, Буэнас-Айрэс — 21.9.1971), аргенцінскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Чл. Аргенцінскай нац. акадэміі медыцыны, Нац. АН Буэнас-Айрэса. Д-р н. (1910), праф. (1912). Скончыў ун-т Буэнас-Айрэса (1907). З 1915 у Ін-це бактэрыялогіі, з 1919 ва ун-це Буэнас-Айрэса. Навук. працы па вывучэнні дзейнасці эндакрынных залоз. Адкрыў ролю гармонаў гіпофіза ў рэгуляцыі вугляводнага абмену, развіцці цукр. дыябету. Нобелеўская прэмія 1947 (з К.Ф.Коры і Г.​Т.​Коры).

В.​Ф.​Ермакоў.

Б.А.Усай.

т. 16, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ШЭР (Fischer) Эдманд (н. 6.4.1920, г. Шанхай, Кітай),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1972), чл. Нац. АН ЗША (1973). Скончыў хім. школу ў г. Жэнева, Швейцарыя (1943). З 1943 у Жэнеўскім, з 1952 у Вашынгтонскім ун-тах (г. Сіэтл). Навук. працы па праблемах зваротнага фосфарыліравання бялкоў і яго значэнні ў механізмах рэгуляцыі біяхім. рэакцый у клетках. Разам з Э.​Дж.​Крэбсам адкрыў шэраг ферментаў. Нобелеўская прэмія 1992 (з Крэбсам).

В.​Ф.​Ермакоў.

т. 16, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКУ́І Кэн’іці (14.10.1918, г. Нара, Японія — 9.1.1998),

японскі фізікахімік. Чл. Японскай АН (1983). Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1989) і інш. АН. Скончыў ун-т у г. Кіёта (1941), дзе і працаваў (з 1951 праф.). Навук. працы ў галіне арган. сінтэзу, кінетыкі і каталізу полімерызацыі, квантавай хіміі. Даследаваў уплыў электроннай структуры малекул на механізм працякання хім. рэакцый (1950—60). Заклаў асновы квантава-хім. тэорыі межавых арбіталей (1952). Нобелеўская прэмія 1981 (з Р.Хофманам).

М.​М.​Касцюковіч.

К.Фукуі.

т. 16, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЎАРС, Гэварт (Haworth) Уолтэр Нормен (19.3.1883, Чорлі, Вялікабрытанія — 19.3.1950), англійскі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1928). Скончыў Гётынгенскі (1910) і Манчэстэрскі (1911) ун-ты. З 1912 праф. ун-та Сент-Андрус, з 1920 — Армстранг-каледжа ў Ньюкасле, у 1925—48 — Бірмінгемскага ун-та. Навук. працы па хіміі вугляводаў. Удасканаліў наменклатуру цукроў. Ажыццявіў сінтэз вітаміну C (1933). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у распрацоўках, звязаных з выкарыстаннем ат. энергіі. Нобелеўская прэмія 1937 (з П.Карэрам).

У.Н.Хоўарс.

т. 17, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́МБЕРЛЕН (Chamberlain) Оўэн (н. 10.7.1920, г. Сан-Францыска, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1960). Скончыў каледж у Дортмундзе (1941). У 1942—46 працаваў у Лос-Аламаскай лабараторыі над стварэннем атамнай бомбы. З 1948 у Каліфарнійскім ун-це ў Берклі (з 1958 праф.). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы высокіх энергій і стварэнні палярызаваных пратонных мішэней для высокаэнергетычных ядз. рэакцый. У 1955 адкрыў антыпратон (з Э.​Дж.Сегрэ і інш.). Нобелеўская прэмія 1959 (разам з Сегрэ).

т. 17, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРП (Sharp) Філіп (н. 6.6.1944, г. Фалмут, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Ілінойскі ун-т (1969). З 1969 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1974 праф. Масачусецкага тэхнал. ін-та. У 1982—91 дырэктар Цэнтра анкалагічных даследаванняў. Навук. працы па праблемах рэгуляцыі экспрэсіі гена ў пазваночных. Адначасова і незалежна ад Р.Робертса выявіў перарывістую (экзон-інтронную) структуру гена. Нобелеўская прэмія 1993 (з Робертсам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Ф.Шарп.

т. 17, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)