суб’ект (фіз. або юрыд. асоба), які дае грошы, тавары і інш. каштоўнасці ў пазыку (у крэдыт, доўг і інш.); у бухгалтарскім уліку — фіз. або юрыд. асоба, якой прадпрыемства (фірма) запазычыла грашовыя сродкі. К. могуць быць, напр., пастаўшчыкі і падрадчыкі за прадастаўленыя імі, але не аплачаныя матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі, заказчыкі па атрыманых ад іх авансах, вэксалетрымальнікі па атрыманых вэксалях, арг-цыі, якія выдалі крэдыт, дэпаненты па нявыплачанай у тэрмін зарплаце і інш. Каб стаць К., неабходна мець пэўныя сродкі. Іх крыніцай могуць быць уласныя зберажэнні або запазычаныя ў інш. уладальнікаў сродкі. К., як правіла, становяцца добраахвотна, маючы матэрыяльную зацікаўленасць у выглядзе атрымання пазыковага працэнта — цаны за атрыманне крэдыту. Пазычальнік абавязаны вярнуць доўг з працэнтамі. Разлікі з К. улічваюцца на адпаведных рахунках бухгалтарскага ўліку, якія адлюстроўваюць, напр., разлікі з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі, пакупнікамі і заказчыкамі, рабочымі і служачымі, з бюджэтам і інш. Даўгі К. ўтвараюць крэдыторскую запазычанасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫЯ ГЛЕ́БЫ,
фізіка-хімічныя ўласцівасці глебы, звязаныя з колькасцю іонаў H+ і OH− у яе цвёрдай і вадкай частцы. Вызначаецца вадародным паказчыкам (pH), характарызуе кіслотнасць глебы. Адрозніваюць Р.г. кіслую (пераважаюць іоны H+), шчолачную (пераважаюць іоны OH−) і нейтральную (аднолькавая канцэнтрацыя іонаў H+ і OH−). Для колькаснай ацэнкі Р.г. выкарыстоўваюцца розныя паказчыкі, найчасцей pH суспензіі глебы ў вадзе ці ў растворы хлорыстага калію (KCl). Р.г. істотна ўплывае на міграцыю прадуктаў выветрывання; міграцыйная здольнасць злучэнняў жалеза, марганцу, стронцыю, медзі (Fe, Mn, Sr, Cu) павялічваецца ў кіслым асяроддзі, а злучэнняў крэмнію (Si), алюмінію (Al) — у шчолачным. Пры кіслай Р.г. многія расліны прыгнечваюцца ад павышанай канцэнтрацыі іонаў H+ і Al3+, таму кіслыя глебы неабходна вапнаваць (гл.Вапнаванне глебы). Моцнашчолачныя глебы таксама неспрыяльныя для с.-г. культур; іх паляпшаюць гіпсаваннем глеб і ўнясеннем арган. угнаенняў. На Беларусі Р.г. с.-г. угоддзяў у межах pH у хлорыстым каліі (KCl) ад 3,9 на пераходных тарфяніках да 7,5 на дзярнова-карбанатных глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЫНАЎЛЕ́ННЕ (УДАЧАРЭ́ННЕ) ДЗЯЦЕ́Й,
юрыдычны акт, паводле якога паміж усыноўленым дзіцем і яго ўсынавіцелем устанаўліваюцца прававыя (асабістыя і маёмасныя) адносіны, аналагічныя адносінам паміж бацькамі і роднымі дзецьмі; адзін з інстытутаў сямейнага права. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і такі акт дапускаецца ў адносінах непаўналетніх дзяцей і толькі ў іх інтарэсах. Усынаўленню падлягаюць дзеці, адзіны (адзін) або абодва бацькі якіх: памерлі; пазбаўлены бацькоўскіх правоў; далі згоду на ўсынаўленне дзіцяці; прызнаны ў суд. парадку недзеяздольнымі, адсутнымі без вестак або памерлымі; невядомыя. Разгляд спраў аб усынаўленні праводзіцца судом па правілах грамадз. працэсуальнага заканадаўства з абавязковым удзелам усынавіцеляў, органаў апекі і папячыцельства, пракурора, а па справах аб міжнар. усынаўленні — і з удзелам Нац. цэнтра ўсынаўлення. Усынаўленне падлягае дзярж. рэгістрацыі ў органах ЗАГСа. Для усынаўлення дзіцяці, якое дасягнула 10 гадоў, неабходна і яго згода. Тайна ўсынаўлення ахоўваецца законам. Адмена ўсынаўлення адбываецца ў суд. парадку. Пытанні, што ўзнікаюць пры ўсынаўленні, рэгламентуюцца сямейным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
meal[mi:l]n. яда́ (снеданне, абед або вячэра);
We have three meals a day. Мы ядзім тры разы ў/на дзень;
go out for a meal пайсці́ ў рэстара́н або́ кафэ́
♦
make a meal ofinfml патра́ціць бо́лей ча́су і намага́нняў (на што-н.), чым неабхо́дна
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),
форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл.Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ХВА́ЛЬ,
з’ява ўзмацнення ў адных і аслаблення ў другіх пунктах прасторы амплітуды выніковай хвалі, атрыманай пры складанні дзвюх (ці больш) хваль. Назіраецца для хваль любой прыроды. Прыводзіць да пераразмеркавання энергіі ваганняў паміж суседнімі ўчасткамі асяроддзя, аднак у сярэднім выніковая энергія роўная суме энергій зыходных хваль.
І.х. адбываецца, калі рознасць іх фаз не мяняецца з цягам часу (гл.Кагерэнтнасць) або змяняецца настолькі павольна, што атрыманая інтэрферэнцыйная карціна за час назірання не паспявае зрушыцца на адметную велічыню; для назірання інтэрферэнцыі папярочных хваль неабходна таксама супадзенне плоскасцей іх ваганняў. Амплітуда выніковага вагання мае найб. значэнне, калі φ = 2πn, дзе n — цэлы лік, і найменшае, калі φ = 2πn+1. Размеркаванне максімумаў і мінімумаў у прасторы залежыць ад даўжыні хвалі, памераў, формы і ўзаемнага размяшчэння крыніц зыходных хваль. Асобны выпадак І.х. — інтэрферэнцыя сустрэчных хваль (напр., прамой і адбітай), што вядзе да ўтварэння стаячай хвалі. І.х. выкарыстоўваецца ў оптыцы (гл.Інтэрферэнцыя святла), астрафізіцы, акустыцы, радыётэхніцы, галаграфіі і інш.Гл. таксама Інтэрферометр.
А.І.Болсун.
Да арт.Інтэрферэнцыя хваль: 1 — інтэрферэнцыя дзвюх хваль на паверхні вады; 2 — утварэнне мінімумаў (а) і максімумаў (б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
спосаб самарэгуляцыі сац. сістэмы, які забяспечвае ўпарадкаванае ўзаемадзеянне яе кампанентаў (індывідаў, груп, супольнасцей) з дапамогай нарматыўнага рэгулявання адпаведнымі нормамі, правіламі, традыцыямі, звычаямі. Важнейшая яго функцыя — стабілізуючая. Для ажыццяўлення К.с. неабходна аўтарытэтная інтэрпрэтацыя нарматыўных абавязацельстваў спец. створанымі сац. ін-тамі культуры, права, кіравання і інш., якія ў неабходных выпадках павінны прыняць не толькі меры выхавання і заахвочвання, але і прымусу. Гэтыя ін-ты ўжываюць санкцыі: фармальныя, афіц. прадпісаныя грамадствам або арг-цыяй (павышэнне або зніжэнне службовага статусу, узнагарода, пакаранне); нефармальныя (ухваленне, абурэнне і інш.); пазітыўныя (грамадскае прызнанне заслуг, прэміраванне, прысваенне ганаровага звання), негатыўныя (вымова, штраф, асуджэнне, ізаляцыя і інш.). Асн. спосабы К.с.: заахвочванне за ўчынкі, якія адпавядаюць каштоўнасцям і нормам, што існуюць у грамадстве; прадухіленне непажаданых учынкаў; устрымліванне ад дзеянняў, якія парушаюць нормы і правілы паводзін; пакаранне за парушэнне прававых, маральных і інш. нормаў; выпраўленне асоб, якія парушылі сац. нормы, учынілі злачынства і г. д. У сістэме К.с. асаблівая роля належыць сац. ін-там [крымінальнае права, міліцыя (паліцыя), суды, пракуратура і інш.], а таксама грамадскай думцы, культ. традыцыям народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПЕ́ННЕ,
пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін з фазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).
Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́Н (лац. Selenium),
Se, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы; ат. н. 34; ат. м. 78,96. Прыродны С. складаецца з 6 стабільных ізатопаў, асн. 80Se (49,82%). З 16 радыеактыўных ізатопаў найб. значэнне мае 75Se з перыядам паўраспаду 121 сут. Вельмі рэдкі і рассеяны элемент, у зямной кары 1,410′6% па масе. Здольны да канцэнтрацыі, утварае больш за 50 мінералаў (селенідаў, селенітаў, селенатаў і інш.), характэрны прымесі С. ў сульфідах і самароднай серы. Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў. Штодзённа чалавеку і жывёлам неабходна 50—100 мкг С. на 1 кг рацыёну. Адкрыты Ё.Я.Берцэліусам у 1817 (назва ад грэч. selēnē Месяц).
С. — неметал. Мае некалькі алатропных мадыфікацый. Устойлівая крышт. мадыфікацыя — шэры, т.зв. «металічны», С. гексаганальнай структуры; шчыльн. 4800 кг/м³, tпл 221 °C, tкіп 685 °C. Паўправаднік. На паветры ўстойлівы; кісларод, вада, саляная і разбаўленая серная к-ты на С. не дзейнічаюць, раствараецца ў канцэнтраванай азотнай к-це і царскай гарэлцы. З кіслародам утварае аксіды. Усе селену злучэнні ядавітыя. Выкарыстоўваецца ў электратэхн., металургічнай, хім., фармацэўтычнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАМЕТАДАЛО́ГІЯ (ад этнас + метадалогія),
кірунак у сучаснай зах. сацыялогіі, прадстаўнікі якога імкнуцца зрабіць метады даследавання першабытных народаў і іх культур метадалогіяй вывучэння ўсіх сац. і культ. з’яў. Фарміраванне Э. пачалося з кнігі амер. сацыёлага Г.Гарфінкеля «Даследаванне па этнаметадалогіі» (1967). Ідэйныя вытокі Э. — філасофія экзістэнцыялізму, фенаменалагічная сацыялогія, культ. і сац. антрапалогія. Прадстаўнікі Э. (А.Сікурэл, Г.Сакс, Дж.Джэферсан і інш.) сцвярджаюць, што члены прымітыўных грамадстваў не ў стане былі апісаць і тым больш растлумачыць функцыянаванне існуючых у гэтых грамадствах сац. парадкаў, а ў сучасных індустр. грамадствах і постіндустр. грамадствах большасць грамадзян бярэ ўдзел у стварэнні, рэарганізацыі і функцыянаванні сац. ін-таў. Паводле Э., сацыёлаг у даследаванні сац. рэальнасці не павінен абмяжоўваць шырокаўжывальную лексіку, якая з’яўляецца механізмам сац. камунікацыі паміж людзьмі. Прыхільнікі Э. лічаць, што навук. тэрміны, канцэпцыі, тэорыі з’яўляюцца другаснымі, вытворнымі ад штодзённых зносін і вопыту людзей, у працэсе якога ствараецца аб’ектыўная рэальнасць. Таму, каб пранікнуць у сутнасць сац. працэсаў, неабходна звесці тэарэт. канструкты да цвярозага сэнсу, які заключаецца ў глыбінях этн. свядомасці.