ТАЙФУ́Н (англ. typhoon ад кіт. тай фын — вялікі вецер),
назва трапічных цыклонаў штармавой і ўраганнай сілы (скорасць ветру 30—50 км/гадз, асобныя парывы да 100 км/гадз) у зоне распаўсюджання мусонаў Усх. Азіі. Узнікаюць пераважна летам і восенню над Ціхім ак., на У ад Філіпінскіх а-воў, дасягаюць берагоў Кітая, Японіі, Карэі, уплываюць на надвор’е Д. Усходу Расіі. Дыяметр Т. некалькі соцень кіламетраў. Выклікае моцнае хваляванне мора, часта суправаджаецца ліўнямі, навадненнямі, прыводзіць да разбурэнняў і прычыняе вял. матэрыяльныя страты. За год бывае 20—30 Т., працягласць асобных ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́НТРЫ ДЗЕ́ЙНАСЦІ АТМАСФЕ́РЫ,
вялікія вобласці атмасферы з перавагай антыцыклонаў або цыклонаў; адлюстроўваюць найб. устойлівыя асаблівасці агульнай цыркуляцыі атмасферы. Адрозніваюць пастаянныя (перманентныя) Ц.дз.а., што праяўляюцца на працягу ўсяго года — экватарыяльная дэпрэсія, субтрапічныя і часткова трапічныя вобласці высокага атм. ціску Паўн. і Паўд. паўшар’яў (Азорскі антыцыклон, Гавайскі антыцыклон, Паўд.-Атлантычны, Паўд.-Інд. і Паўд.-Ціхаакіянскі антыцыклоны), дэпрэсіі субпалярных шырот (Алеуцкая дэпрэсія, Ісландская дэпрэсія, Субантарктычная. дэпрэсія), палярныя вобласці высокага атм. ціску (Арктычны антыцыклон, Антарктычны антыцыклон), а таксама сезонныя Ц.дз.а. (Азіяцкі антыцыклон, Канадскі антыцыклон). Ц.дз.а. значна ўплываюць на размеркаванне паветраных цячэнняў, на надвор’е і клімат вял. рэгіёнаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́ТЭ (ням. Schütte),
хвароба ігліцы хвойных парод дрэў, якая выклікаецца фітапатагеннымі грыбамі. Пашырана паўсюдна. На Беларусі найб. шкаданосныя Ш. звычайнае (узбуджальнік — сумчаты грыб лафадэрміум хваёвы) і Ш. снежнае хвоі (узбуджальнік — фацыдый інфэстанс). Найб. шкодзяць усходам і сеянцам. Пры звычайным Ш. ігліца жаўцее, бурэе, ападае; пры снежным Ш. вясной з’яўляецца павуціністы налёт, потым ігліца бурэе і гіне. Крыніца інфекцыі — хворыя расліны і апад заражанай хвоі. Развіццю хваробы спрыяюць цёплае дажджлівае надвор’е, парушэнні правіл сяўбы і пасадкі дрэў у гадавальніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дзянні́к, дзенніка, м.
Накрытая загарадка, дзе трымаюць жывёлу ўдзень і ў добрае надвор’е. Шкадавалі карову, якая зусім нядаўна ляжала на дзённіку і ціхенька рыкала.Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіро́ка, нескл., м.
Сухі гарачы паўднёвы або паўднёва-ўсходні вецер у Міжземнаморскім басейне. Хутка надвор’е пачало псавацца, моцны сухі сірока загнаў нас на карму.Рамановіч.
[Іт. sirocco.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Наплагу́ніць ’паналіваць’ (карэл., Сцяшк. Сл.). Няясна, магчыма, звязана з пляга ’дрэннае надвор’е’.