КАМЕ́ЛІЯ (Camellia),

род кветкавых раслін сям. чайных. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Кітаі, Японіі. Культывуецца ў адкрытым грунце (Крым, Каўказ), аранжарэях, пакоях. Найб. пашырана К. японская (C. japonica), якая мае шмат гібрыдных форм.

Вечназялёныя дрэвы і кусты выш. 8—15 м. Лісце чаргаванае, простае, на кароткіх чаранках. Кветкі адзіночныя, пазушныя, чырвоныя, ружовыя, белыя, стракатыя, простыя ці махрыстыя. Плод — касцянка, каробачка або ягада. З лісця К. сасанква (C. sasanqua) атрымліваюць алей, які выкарыстоўваецца ў зубалячэбнай практыцы, касметыцы, харч. прам-сці.

В.​М.​Чартовіч.

Камелія японская: 1 — культурная махровая форма; 2 — дзікарослая расліна.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СТА (партуг. casta род, пакаленне ад лац. castus чысты),

1) эндагамная група людзей, аб’яднаных адзінствам спадчынных прафесій, строга абмежаваная ў зносінах з інш. сац. групамі. У старажытнасці прыкметы падзелу грамадства на К. сустракаліся ў Кітаі, Іране, Японіі, Егіпце і інш. У Індыі яны сталі пануючай сілай (у 1940-я г. было каля 3,5 тыс. К. і падкастаў); эканам. і грамадскую дзейнасць членаў К. кантралявалі каставыя саветы (панчаяты); выгнанне з К. ставіла чалавека па-за грамадствам. Паводле Канстытуцыі Індыі (1950) фармальна прызнана раўнапраўе К. Гл. таксама брахманы, варна, «недатыкальныя».

2) У пераносным значэнні К. — замкнёная грамадская групоўка.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СЮЧЭ́Н (1823—7.8.1864),

адзін з кіраўнікоў Тайпінскага паўстання 1850—64 у Кітаі. Далучыўся да тайпінаў у 1851, з 1859 адзін з іх кіраўнікоў. У 1858 нанёс паражэнне (сумесна з Чэнь Юйчэнам) урадавым войскам у раёне Саньхэ, у 1860 адбіў іх наступ на сталіцу тайпінаў г. Нанкін. Двойчы (1860, 1862) беспаспяхова спрабаваў авалодаць г. Шанхай. У 1863—64 кіраваў абаронай Нанкіна, пасля падзення якога (ліп. 1864) узяты ў палон і пакараны смерцю. У турме напісаў «Сведчанні», якія з’яўляюцца важнейшай крыніцай па гісторыі тайпінскага паўстання.

Тв.:

Показания Ли Сю-чэна // Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДАС,

пустыннае плато на ПнЗ вял. лукавіны р. Хуанхэ ў Кітаі. На Пд пераходзіць у Лёсавае плато. Выш 1100—2500 м (на З да 3015 м). Пл. каля 95 тыс. км². Складзена пераважна з пясчанікаў. Паверхня ўяўляе сабой чаргаванне слаба расчлянёных узгоркападобных узвышшаў і паніжэнняў, у якіх салёныя азёры, саланчакі, месцамі забалочаныя. Каля ​1/2 тэр. ўкрыта бугрыстымі пяскамі. Клімат рэзка кантынентальны, умераны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 23 °C, ападкаў за год 100—150 мм на ПнЗ, 300—400 мм на ПдУ. Пустынная і паўпустынная расліннасць, сухія стэпы. Качавая жывёлагадоўля. Радовішчы каменнага вугалю, нафты, соды.

т. 11, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАТЭ́ХНІКА (ад піра... + тэхніка),

галіна тэхнікі па вытв-сці і выкарыстанні піратэхнічных саставаў, аснашчаных імі вырабаў і наладжванні феерверкаў. Вядома з глыбокай старажытнасці (напр., у Кітаі элементы П. выкарыстоўвалі за некалькі стагоддзяў да н.э.). Да 19 ст. П. ўключала выраб порахаў і выбуховых рэчываў.

Вытв-сць піратэхн. вырабаў уключае здрабненне кампанентаў саставаў, іх сушку, прасейванне і змешванне ў спец. змяшальніках з дыстанцыйным кіраваннем. Запаўненне вырабаў (кардонных і метал. гільзаў) піратэхн. саставам ажыццяўляюць пад ціскам на прэсах, часам шнэкаваннем ці заліўкай. Вытв. аперацыі ў П. пажара- і выбухованебяспечныя.

Літ.:

Шидловский А.А. Основы пиротехники. 4 изд. М., 1973.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

макімо́на

(яп. makimono)

малюнак на паперы або шоўку з адлюстраваннем гістарычнага або рэлігійнага сюжэта і тлумачэннем; вядомы ў Японіі і Кітаі з 11 ст. як старэйшая форма ілюстраванай кнігі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Ня́нька1 ’нянька, што даглядае дзяцей’ (Нас., Яруш., Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. ня́ньо ’бацька’, ня́ня, ня́нька ’нянька’, рус. ня́ня, ня́нька ’тс’, а таксама ’старэйшая сястра’, польск. niania, niańka ’нянька’, nana, nanka ’тс’ і ’маці’, чэш. ňano, naňka ’бацька’, дыял. (мар.) nána ’нянька’, славац. nano, ňaňa ’цётка’, в.-луж. nan ’бацька’, серб.-харв. на́на, не́на ’маці’, балг. не́ня ’сястра маці’, не́ни ’зварот малодшага да старэйшага’. Тыповае «дзіцячае» слова, узнікшае шляхам падваення складоў (мама, тата і пад.); «дыфузная» семантыка можа сведчыць пра самастойнае развіццё падобных слоў у асобных славянскіх мовах. Параўн. Фасмер, 3, 94; Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 987.

Ня́нька2 ’калыска’ (кобр., ДАБМ, камент. 813). Гл. ненька.

Ня́нька3 ’нанка, кітайка (від матэрыі)’ (Нас.). Відаць, запазычана з рус. на́нка ’тс’, што ў сваю чаргу з франц. nankin або ням. Nanking ад назвы горада ў Кітаі (Праабражэнскі, 592; Фасмер, 3, 41). Змякчэнне зычных цяжка вытлумачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

макле́я

(н.-лац. macleya)

травяністая расліна сям. макавых з сэрцападобным лісцем і дробнымі белавата-ружовымі кветкамі ў мяцёлцы, пашыраная ў Кітаі, Японіі, трапічнай Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная; баконія.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хунвейбі́ны

(кіт. hunwejbin)

удзельнікі створаных у 1966 г. у час т.зв. «культурнай рэвалюцыі» ў Кітаі атрадаў з вучняў сярэдніх школ і студэнтаў, якія выкарыстоўваліся для барацьбы з праціўнікамі Мао Цзэдуна.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНТРАЦЫ́Т (ад грэч. anthrakitis від вугалю),

выкапнёвы вугаль найвышэйшай ступені вуглефікацыі. Колер шаравата-чорны і чорна-шэры. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1500—1700 кг/м³. Не спякаецца. Мае вугляроду 94—97%, вадароду 1—3%. Удзельная цеплыня згарання 33,8—35,2 МДж/кг. У гаручай масе да 9% лятучых рэчываў. Найб. колькасць антрацыту ўтварылася ў выніку рэгіянальнага метамарфізму пры апусканні вугляносных тоўшчаў у вобласць павышаных тэмператур (350—550 °C) і ціскаў. Высакаякаснае бяздымнае энергет. паліва, тэхнал. сыравіна ў горнай і каляровай металургіі, хім., электратэхн. прам-сці (вытв-сць карбідаў, электродаў і інш.). Гал. радовішчы антрацыту ў Расіі, на Украіне, у ЗША, Кітаі.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)