(«Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»),
комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гродзенскай эканоміі сярэдзіны 16 — сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археаграфічнай камісіяй у 2 ч. Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У ч. 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гродзенскай воласці...» (1558), дзе зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ч. 2 змешчана інвентарнае апісанне гродзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніцы (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гродзенскага замка» (1550—60-я г.), «Генеральная ўстава Гродзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гродна, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст. і інш. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе апісаны гродзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
электро́д
(ад электра- + гр. hodos = дарога)
1) праваднік, якім канчаецца які-н. участак электрычнага ланцуга;
2) састаўная частка гальванічнага элемента, матэрыял якога непасрэдна ўдзельнічае ў электрахімічнай рэакцыі;
3) праваднік у выглядзе сеткі або пласціны, змешчаны ўнутры электрычнай лямпы з мэтай стварэння электрычнага поля і ўздзеяння на ток, напр. анод, катод.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БРЭ́СЦКАЯ БІ́БЛІЯ, Радзівілаўская біблія,
помнік польскамоўнага кнігадрукавання на Беларусі. Выдадзена ў 1563 у адной з Брэсцкіх друкарняў на сродкі М.Радзівіла Чорнага, старосты берасцейскага. Адно з лепшых выданняў на той час у ВКЛ і Польшчы. Мае назву «Біблія святая, гэта значыць Кніга Старога і Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай нанава на польскую мову са стараннасцю і дакладна перакладзеная». Амаль на кожнай старонцы на палях каментарыі да тэксту. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання на Беларусі змешчаны прадметны паказальнік У пратэстанцкай па накіраванасці прадмове тлумачацца прынцыпы і асаблівасці перакладу, адзначаецца, што за ўзор узята Біблія на франц. мове.
Брэсцкая біблія — вялікі фаліянт, апраўлена ў скураную вокладку з малюнкамі і графічным афармленнем. Выдадзена фарматам «у ліст», мае 738 старонак. Асобныя гравюры паводле кампазіцыі і малюнка, асобных дэталяў узыходзяць да гравюр Ф.Скарыны. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у 2 калонкі па 58 радкоў у кожнай. Экзэмпляры Брэсцкай бібліі зберагаюцца ў Дзярж. публічнай б-цы ў Маскве, Цэнтр. б-цы АН Літвы і ў Ягелонскай б-цы ў Кракаве, няпоўны экз. — у Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАГЛА́ССЕ,
сістэма знаменнага распеву ў стараж.-правасл. пеўчым мастацтве. Складалася з 8 самаст. частак — гласаў, якія ўяўлялі сабой арганізацыю песнапенняў, засн. на пэўным меладычным папевачным складзе і суаднясенні папевак, падпарадкаваных ладавай апорнасці.
Песнапенні аднаго гласа спяваліся на працягу тыдня, пасля іх змянялі песнапенні наступнага па парадкавым нумары гласа. 8-тыднёвы цыкл з 1-га да 8-га гласа ўтвараў т.зв. стоўп (песнапенні святаў маглі не супадаць з тыднёвымі). Парадак чаргавання гласаў канчаткова ўсталяваўся ў 15 ст. Сістэме асмагласся падпарадкаваны знаменны распеў, пуцявы, грэчаскі, балгарскі, кіеўска-літоўскі і інш., у т. л.мясц. распевы на Беларусі — супрасльскі, слуцкі, жыровіцкі і інш. Унутраная муз. арганізацыя гласаў і сістэмы асмагласся магла будавацца на аснове 2 прынцыпаў — ладава-гукараднага (суаднясенне пануючага і канечнага тонаў) і ладава-меладычнага (сума меладычных формул — папевак; фіксаваліся строга замацаванымі за імі графічнымі знакамі). З развіццём мелодыкі песнапенняў сістэма асмагласся часткова парушылася, гласы часткова страцілі ладава-меладычную характэрнасць. Асн. рысы асмагласся — дыятанізм, у меладычнай аснове — лады-інтанацыі, лады-папеўкі, унутрыладавая шматустойнасць. Звод асмагласся змешчаны ў «Асмагласніку», або «Актоіху». Найб. вядомыя асмаглассі: «Сімвал веры», «Свеце ціхі», трапар «Уваскрэсенне Хрыстова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ»,
сістэматызаваны набор лінгвістычных карт, на якіх пры дапамозе ўмоўных знакаў адлюстравана пашырэнне ў межах беларускай мовы разнастайных асаблівасцей яе гаворак. Выдадзены ў 1963. Адзін з найб. поўных лінгвістычных атласаў, адлюстроўвае стан развіцця бел. гаворак у іх прасторавых узаемаадносінах у сярэдзіне 20 ст. Ствараўся на аснове метадалагічных прынцыпаў і метадычных прыёмаў, прынятых сав. школай лінгвістычнай геаграфіі. Яго складанню папярэднічаў працяглы перыяд абследавання жывых гаворак у межах нац.тэр. Беларусі па спец. праграме, арыентаванай на выяўленне сістэмна звязаных дыялектных адрозненняў. У аснове Атласа — тэорыя акад. Р.І.Аванесава. Складаецца з 2 раздзелаў. У 1-м змешчаны 7 гіст.-адм. і 338 лінгвістычных карт, якія даюць максімальную інфармацыю пра фанет. сістэму, грамат. структуру і лексічныя асаблівасці бел. гаворак. 2-і раздзел уключае ўступныя артыкулы, каментарыі да карт, даведачны і фактычны матэрыял. Калектыву аўтараў (Г.У.Арашонкава, М.В.Бірыла, Н.Т.Вайтовіч, І.М.Гайдукевіч, А.П.Груца, З.Ф.Краўчанка, А.А.Крывіцкі, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Р.Мурашка, Я.М.Рамановіч, А.І.Чабярук, В.М.Шэлег) і рэдактараў (Аванесаў, К.Крапіва, Мацкевіч) за комплекс работ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́СТВЕННЫ СПЕЎ, дзямества,
аднагалосы спеў у правасл. царкве. Найб. ранняе ўпамінанне датуецца 1441 (Васкрасенскі летапіс), у пеўчых кнігах — канцом 15 — пач. 16 ст. З 16 ст. пашыраны ў Ноўгарадзе, на Беларусі і Украіне. Напачатку спеў запісвалі стаўповай натацыяй, у сярэдзіне 16 ст. выпрацаваны арыгінальны тып безлінейнай дзямественнай натацыі (камбінацыя знакаў стаўповага і пуцявога знамені; гл.Крукі). У наш час выпрацаваны ўстойлівыя пісьмовыя і пеўчая традыцыі Дз.с. Яго характэрныя прыкметы: адсутнасць тайназамкнёнасці ў графічных і рытмічных варыянтах; непадпарадкаванасць сістэме асмагласся; больш свабодны падыход да патрабаванняў тэксту, падпарадкаванне яго мелодыі; мелізматычны тып спеву; адсутнасць уніфікацыі яго спісаў; адыход ад строгіх канонаў знаменнага спеву, шматварыянтнасць графікі і рытмікі. У богаслужэнні Дз.с. выкарыстоўваюць толькі ва ўрачыстых выпадках (найб. важныя песнапенні ўсяночнай і літургіі, велічанне, асвячэнне храмаў, вянчанне і інш.). Раней абмежаваны рэпертуар Дз.с. ў 18 ст. ўзбагаціўся, пашырылася аднагалосая дзямественная натацыя (па расшыфроўцы дзямественнай натацыі позняга перыяду існуюць азбукі 2-й пал. 18—19 ст., даследаванні Г.Пажыдаевай, С.Фралова і інш.). Стараж.бел. дзямественныя манодыі змешчаны ў Супрасльскім ірмалоі 1598—1601 (каля 30 песнапенняў з усяночнага няспання, літургій Раней асвячоных дароў і Васіля Вялікага, велікодных свят; некат. ўзоры выкладзены ў некалькіх напевах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст.бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны«Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.Бычковым у 1893.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІЧА́НІН»,
бел. палітычна-літ. часопіс. Выдадзены ў кастр. 1918 у Вільні на бел. мове (лацініцай). Выйшаў 1 нумар. Рэдактар-выдавец В.Ластоўскі. Меў на мэце тэарэт. распрацоўку бел.нац. пытання і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканам. аспекце пазнання Беларусі і духоўнай сферы, у т. л. прыгожага пісьменства і мастацтва. Апублікаваў арт. «Нацыянальнае пытанне», гіст. нарыс «Тураўскае княства», стат. агляд тэр. і насельніцтва Беларусі ў яе этнагр. межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, маст. творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энеіда навыварат», апавяданне «Русалкі» З.Бядулі, «Санет» М.Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыя «Помнік»), Змясціў аналіт. разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаванне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданне ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасінні Полацкай. Апублікаваў інфарм. матэрыял пра заснаванне ў Вільні арг-цыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народу», пра з’езд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканата. На вокладцы час.змешчаны графічны і тэкставы план эвакуацыі з У ад Бярэзіны герм.акупац. войск паводле Брэсцкага міру 1918. «К.» — правобраз час.«Крывіч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТАРАТУ́РНАЯ СТАРО́НКА»,
літаратурна-мастацкі часопіс; орган Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студз. 1934 на бел. мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В.Таўлай і Я.Патаповіч (Я.Чабор). Змясціў дэкларацыю групы паэтаў [падпісалі Я.Патаповіч, М.Васілёк, А.Рэдзька, П.Граніт, П.Пестрак (Звястун), А.Іверс] да ўсіх пісьменнікаў Зах. Беларусі. З маст. твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М.Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М.Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А.Салагуба, «У вастрозе» А.Леўскага, «Каваль» П.Граніта, «Мы» Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М.Ліста (В.Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н.Жальбы (А.Бяленкі); арг. «На новым этапе» М.Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам школа?») Л.Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр.Гр.) «Мастацкая літаратура «Грамады» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў час. «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1). Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, найб. актыўныя супрацоўнікі арыштаваны. Адзіны экзэмпляр «Л.с.» зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́ЖСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел. мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;