Наме́снік ’службовая асоба, што замяшчае кіраўніка’ (ТСБМ), ’удзельнік абраду з боку маладой, які сядзеў побач з ёй да прыезду дружыны жаніха’ (віл., З нар. сл.), ’аканом’ (Мал.), namiéśnik ’намеснік аканома ці карбовы’ (Пятк.), ’аканом у маёнтку’ (Арх. Федар.), параўн. глосу ў Скарыны: анфипатомъ//намесникомъ, укр.намі́сник ’намеснік’, рус.наме́стник ’тс’, польск.namiestnik, namiastek, ст.-чэш.naměstník, чэш., славац.náměstek ’тс’, н.-луж.namjašnik, славен.naniestnik, серб.-харв.на́месник, балг.наме́стник, макед.намесник, ст.-слав.намѣстьникъ ’намеснік’, ’пераемнік’. На падставе таго, што дзеяслоў *naměstiti, ад якога магло быць утворана слова, у славянскіх мовах не зафіксаваны, Львоў (Этимология–1979, 62) услед за Скокам (2, 438) мяркуе, што яно з’яўляецца семантычнай калькай з ням.Statthalter, што ўзнікла ў Маравіі ў час распаўсюджання хрысціянства ў IX ст., адкуль пісьмовым і вусным шляхам стала вядомым на іншых славянскіх землях у значэнні ’намеснік’, ’пераемнік’, ’прадаўжальнік’. Аднак наяўнасць слова ў народнай мове, у прыватнасці ў вясельным абрадзе, дзе яно несумненна паходзіць з прыназоўнікавага спалучэння *na město (намеснік да прыезду жаніха сядзеў на яго месцы побач з маладой), дапускае і іншы шлях утварэння слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАЛО́ЧНАЯ ПАМЕ́РА,
аграрная рэформа ў ВКЛ у 16—17 ст.; комплекс эканам., сац. і тэхн. мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Валочная памера ў 1530-я г. пачала ажыццяўляць у сваіх уладаннях Бона Сфорца (жонка вял. князя Жыгімонта I), потым Жыгімонт II Аўгуст і некат. феадалы ў зах.земляхВКЛ. Мэты і задачы валочнай памеры ў велікакняжацкіх уладаннях найб. поўна сфармуляваны ва «Уставе на валокі» 1557. У дзярж. валасцях усх. Беларусі валочная памера праведзена ў канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. У якасці асн. адзінкі абкладання тут была ўведзена служба — надзел ворнай зямлі плошчай у 1 валоку. У ходзе валочныя памеры зведзеныя ў адзіны масіў сял. землі падзелены на валокі (21,36 га), вызначана якасць глебы, ліквідавана цераспалосіца, замацавана трохпольная сістэма; устаноўлена таксама сістэма відаў і нормаў павіннасцей з валокі, частка натуральных павіннасцей заменена на грашовы чынш. Сял. сядзібу найчасцей размяшчалі на сярэднім полі валокі; хаты ў вёсках размяшчалі на адным баку вуліцы, гасп. будынкі — на другім. Адну валоку часта бралі 2 сял. сям’і. Ажыццяўленне валочнай памеры ў значнай ступені уніфікавала эксплуатацыю сялян, што прывяло да ўзмацнення прыгоннага права ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛЫЯ»,
1) кансерватыўна-ліберальная плынь у нац.-вызв. руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 на Беларусі, у Польшчы і Літве. У адрозненне ад «чырвоных» выступалі супраць узбр. паўстання, спадзеючыся мірным шляхам дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772. На Беларусі і ў Літве «Белыя» складаліся з ліберальных памешчыкаў. Іх арганізацыя пачала афармляцца ў 1860, пастаянны к-т створаны ў вер. 1862 у Вільні. Баючыся, каб паўстанне 1863—64 не перарасло ў нар. рэвалюцыю, «Белыя» далучыліся да яго. 11.3.1863 яны абвясцілі ў Польшчы дыктатуру свайго стаўленіка М.Лянгевіча, адначасова захапілі паўстанцкую ўладу ў Літве і на Беларусі. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «Белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэв. пераўтварэнняў і тым самым сталі прычынай звужэння сац. базы і размаху паўстання. У выніку рэпрэсій царскіх улад летам 1863 яны сталі адыходзіць ад паўстання. Гал. дзеячы «Белых» на літ.-бел. землях Я.С.Гейштар, А.У.Аскерка, А.П.Яленскі, В.Стажэнскі (Старжынскі).
2) Неафіц. назва ваенна-паліт. антысавецкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20. Гл.Белая гвардыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ КАСТЭ́Р ((De Coster) Шарль) (20.8.1827, г. Мюнхен, Германія — 7.5.1879),
бельгійскі пісьменнік. Пісаў на франц. мове. Скончыў Брусельскі ун-т (1855). Першыя паэт. творы з’явіліся ў канцы 1840-х г. Аўтар зборнікаў «Фламандскія легенды» (1858), «Брабанцкія апавяданні» (1861), гіст. драмы «Стэфанія» (нап. 1853—55), псіхал. рамана «Вясельнае падарожжа» (1872), паэм, літ.-крытычных артыкулаў. Самы вядомы яго твор — «Легенда пра Уленшпігеля і Ламэ Гудзака, пра іх доблесныя, забаўныя і найславуцейшыя справы ў Фландрыі і іншых землях» (1867). Прысвечаны падзеям Нідэрландскай бурж. рэвалюцыі 16 ст., нар. руху гезаў у барацьбе Фландрыі з Іспаніяй за сваю незалежнасць, гэты твор стаў своеасаблівай «нацыянальнай бібліяй Бельгіі». Выразныя рэаліст. тэндэнцыі спалучаюцца ў творы з элементамі рамантызму, глыбокі гістарызм, тыпізацыя — з фалькл. матывамі, мяккім лірызмам. У перакладзе на бел. мову раман выд. ў 1940. Бел. кампазітар Я.Глебаў паводле рамана напісаў музыку да балета «Тыль Уленшпігель» (паст.Бел.дзярж. т-рам оперы і балета ў 1974, 2-я рэд. 1978), а таксама сімф. паэму «Успаміны пра Тыля» (1977).
Тв.:
Рус.пер. — Легенда об Уленшпигеле и Ламме Гудзаке... Мн., 1984;
Фламандские легенды. М., 1975.
Літ.:
Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ЦКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,
украінскія гісторыка-літаратурныя творы, у якіх адлюстравана гісторыя Украіны 17—1-й пал. 18 ст. Складзены служылымі казакамі. Найб. вядомы летапісы Самавідца, Р.Грабянкі і С.Вялічкі.
Летапіс Самавідца ўкладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст., як мяркуюць, старадубскім папом Р.Ракушка-Раманоўскім, ген. падскарбіем гетмана I Брухавецкага. Ахоплівае падзеі 1648—1702. Напісаны ў пагадовай форме дзелавым стылем бел.-ўкр. літаратурнай мовы. У Летапісе Грабянкі (? — каля 1738; гадзяцкі палкавы есаул, потым абозны, суддзя, палкоўнік) падаецца літаратурна апрацаваная гісторыя казацтва ад стараж. часоў да 1709 стылізаванай кніжна-слав. мовай. Гіст. панарама ваен.-паліт. жыцця Украіны перыяду казацкіх войн раскрыта ў летапісе Вялічкі (? — пасля 1728; канцылярыст казацкага войска), гіст.-літ. кампіляцыі, крыніцай для якой паслужылі папярэднія ўкр. летапісы і польскія хронікі, дакумент. матэрыялы і маст. творы (скончаны ў 1720). Гал. герой К.л. — Б.Хмяльніцкі. Ён пададзены ва ўзнёсла-паэт., панегірычным плане. У летапісах ухваляецца далучэнне Украіны да Расіі, асуджаецца экспансіянісцкая палітыка Польшчы, Турцыі і Крымскай Арды на ўкр.землях.
Важная крыніца па гісторыі Украіны і суседніх краін 17 — пач. 18 ст., асабліва Польшчы і Расіі. У летапісах ёсць звесткі з гіст. мінулага Беларусі, найбольш Прыдняпроўя і Палесся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІЯ,
княжацкія татарскія роды ў ВКЛ. Прозвішча ад назвы маёнтка Карыца ў Навагрудскім ваяв. На пач. 16 ст. маёнтак належаў сям’і князёў Уланаў-Асанчуковічаў. У 17 ст. адна галіна Уланаў насіла прозвішча К. З гэтай сям’і паходзіў кн. Ахмет Шчэнснавіч Улан-К., уладальнік часткі Карыцы, ротмістр казацкай харугвы войск ВКЛ. Магчыма, галіной гэтага роду з’яўляецца сям’я князёў К., якая на пач. 17 ст. перасялілася ва ўладанні Радзівілаў і на працягу некалькіх пакаленняў узначальвала татар, якія жылі на землях Клецкай ардынацыі. Яе родапачынальнік кн. Януш К. быў ротмістрам татарскай харугвы Клецкай ардынацыі, гэтую ж пасаду займалі яго нашчадкі. Да 20 ст. прадстаўнікі роду былі дробнымі землеўладальнікамі ў Ардзе, Асмолаве, Іванаве. Яшчэ адзін род меў тытул мурза (у 19 ст. ператварыўся ў радавую мянушку) і паходзіў ад палкоўніка татарскай харугвы Самуэля К. Паводле каралеўскіх прывілеяў за К. і яго нашчадкамі захоўвалася спадчыннае камандаванне харугвай татар, якія атрымалі зямлю ў тых жа сёлах і былі абавязаны служыць асабіста каралю. Існаваў аднайменны каталіцкі шляхецкі род у Падляшскім ваяв., які паходзіў з Кароны Польскай і быў вядомы з 16 ст., а таксама К., што паходзілі з Мазавецкага ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БА ((Kuba) Людвік) (16.4.1863, г. Подзебрадзі, Чэхія — 30.11.1956),
чэшскі этнограф, муз. фалькларыст, мастак. Нар.арт. і нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Празе ў арганнай школе ў Ф.Скугерскага (1877—79), у АМ (1891—93), у Парыжы ў акадэміі Жуліяна (1893—95), у Мюнхене ў школе А.Ажбе (1896—1904). З 1945 выкладаў у Пражскай АМ. Удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па слав.землях, у т. л. ў 1886 і 1887 у Расіі, на Беларусі і Украіне. У асн. працы «Славянства ў сваіх песнях» (т. 1—15, 1884—1929) акрамя нотных узораў (каля 4000) змясціў апісанні мясц. манер спеваў, побыту, нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва, замалёўкі сельскіх пабудоў, касцюмаў, муз. інструментаў, партрэты прадстаўнікоў розных народнасцей. Першы апублікаваў запісы бел.нар. 2-галосых песень, даследаваў ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору («Беларуская народная песня», 1887). Сярод жывапісных работ жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Кветкі» (1899), «Піёны» (1902), «Чытач», «Сярод руж» (абедзве 1906), «Аўтапартрэт» (1914), «На балконе ў Сміхаве» (1913), «Аўтапартрэт з палітрай» (1940), «Аўтапартрэт з люлькай» (1952).
Літ.:
Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;
Stanislav J. Ludvik Kuba. Zakladatel slovanské hudebni folkloristiky. Praha, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,
помнікі старажытнарускага летапісання 12—17 ст., складзеныя ў Ноўгарадзе Вялікім. Вядома 5 асобных летапісных помнікаў, якія захаваліся ў шматлікіх спісах. З іх найб.стараж. і каштоўныя — Наўгародскі 1-ы (звесткі даведзены да 1-й пал. 14 ст.) і Наўгародскі 4-ы (звесткі да 2-й пал. 15 ст.) летапісы. Вылучаюцца змястоўнасцю, дакумент. дакладнасцю і лаканічнасцю, дэмакратычнасцю мовы і стылю. Адлюстроўваюць грамадска-паліт. і культ. жыццё Ноўгарада, яго сувязі з Псковам, Полацкам, Кіевам, Масквою, ВКЛ, Лівоніяй і інш. гарадамі і землямі. Падзеі апісаны ў пагадовай форме і асветлены з пазіцый агульнанар. патрыятызму. Н.л. адкрываюцца «Аповесцю мінулых гадоў» і змяшчаюць апрача арыгінальных мясц. звестак каштоўны гіст.-дакумент. і літ. матэрыял пра мінулае Русі, запазычаны з інш.стараж.-рус. крыніц. Летапісы багатыя звесткамі па гісторыі Беларусі і ВКЛ, асабліва Наўгародскі 4-ы летапіс, які паслужыў адной з асн. крыніц 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. На падставе Н.л. складзена агульнарус. частка летапіснага зборніка 1-й пал. 16 ст., што захоўваўся і дапаўняўся гіст. запісамі ў Супраслі (гл.Супрасльскі рукапіс). У 15—17 ст. на бел.землях бытавалі і інш. летапісныя кампіляцыі наўгародскага паходжання (напр.Аўрамкі летапіс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВА́ДА (Nevada),
штат на З ЗША. Пл. 286,4 тыс.км². Нас. 1746,9 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — Карсан-Сіці, найб. гарады Лас-Вегас і Рына. Большая ч. штата ў горнай бяссцёкавай вобласці Вялікага Басейна; на З — адгор’і хр. Сьера-Невада. Клімат умераны, кантынентальны, вельмі сухі. Сярэдняя т-растудз. ў катлавінах 0—2 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў каля 200 мм за год (каля падножжа Сьера-Невады 100 мм). Рэк мала, яны малаводныя, на ПдУ — р. Каларада. Расліннасць паўпустынь і пустынь. Гал. галіны гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў і горная прам-сць. Развіты індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, турызм, курортная справа (кліматычныя курорты); 42,6% працоўных занята ў сферы абслугоўвання. Вытв-сць электраэнергіі 26,6 млрд.кВт∙гадз (1998). Працуюць электрастанцыі на каменным вугалі і прыродным газе. Буйная ГЭС Гувер на р. Каларада. Здабыча руд золата, медзі, серабра, вальфраму, жалеза, марганцу, малібдэну і поліметалаў, барыту, дыятаміту. Прадпрыемствы выпускаюць каляровыя металы, харч. прадукты, адзенне, пластмасы, асобныя віды абсталявання (аэракасмічнае, ірыгацыйнае, сейсмічнага кантролю і інш.). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — экстэнсіўная мясная жывёлагадоўля. Гадуюць (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 510, авечак — 85, свіней, птушку. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, цыбулю, часнок, ячмень, пшаніцу. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУЧА́ННЕ,
празаічны твор павучальнага характару. Узнік у стараж. л-ры пад уплывам візант. і балг.царк. прамоўніцкай прозы. Існаваў у форме дыдактычнага «слова», пропаведзі, прамовы. Ствараліся царк. і свецкімі аўтарамі. У Кіеўскай Русі вядома з сярэдзіны 11 ст.Найб. папулярнымі на бел.землях былі «словы» Іаана Златавуста (зб-кі «Златавуст», «Златаструй»), у якія пазней былі ўключаны «Словы» Кірылы Тураўскага, што далі матэрыял для стараж.-рус. зб-каў «Ізмарагд» і «Златыя чэпі», якія распаўсюджваліся (перапісваліся і друкаваліся) на Беларусі ў 12—18 ст.
Вылучаюць урачыста-ўзнёслыя і дыдактычныя П. Урачыста-ўзнёслыя П. апавядалі пра магутнасць рус. дзяржавы, яе князёў і г.д. («Слово о законе и благодати» мітрапаліта Іларыёна, «Словы» Кірылы Тураўскага). Дыдактычныя П. — «настаўленні ў веры», у якіх у даступнай форме, без рытарычных акрас апавядалася пра хрысціянскія ісціны або абрады (творы Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячэрскага). Лепшыя ўзоры П. выходзілі за межы рэліг.-царк. дыдактыкі, у іх ставіліся пытанні грамадскага значэння, асветніцтва, гуманізму (творы Грыгорыя Цамблака, Сімяона Полацкага, Георгія Каніскага). Асобна вылучаліся П.-звароты да сваіх дзяцей з мэтай перадачы ім жыццёвай і дзярж. мудрасці («Павучанне Уладзіміра Манамаха»). П. аб павазе да кніг змешчаны ў Ізборніках Святаслава 1073 і 1076.