КІ́РХГОФА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

адзін з асноўных законаў цеплавога выпрамянення, які ўстанаўлівае залежнасць паміж вылучэннем і паглынаннем эл.-магн. выпрамянення целам пэўнай т-ры. Устаноўлены Г.Р.Кірхгофам у 1859. Паводле К.з.в. адносіны выпрамяняльнай здольнасці ε(λ,Τ) цела да яго паглынальнай здольнасці α(λ,Τ) не залежаць ад прыроды выпрамяняльнага цела і з’яўляюцца універсальнай функцыяй даўжыні хвалі λ (або частаты ν) і абс. т-ры Τ: ε(λ,Τ)/α(λ,Τ) = ε​0(λ,Τ). Функцыя ε​0 з’яўляецца выпрамяняльнай здольнасцю абсалютна чорнага цела, для якога α(λ,Τ) = 1 і ў яўным выглядзе вызначаецца Планка законам выпрамянення.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КМЕТ, кмець,

тэрмін, якім у сярэдневякоўі ў слав. народаў абазначаліся розныя катэгорыі насельніцтва. Першапачаткова К. называлі свабодных членаў абшчыны, племя. У Кіеўскай Русі К. — воін, віцязь, дружыннік; у ВКЛ — свабодны селянін, які меў зямельны надзел і плаціў дзяржаве падаткі. У 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. К. трапілі ў асабістую залежнасць ад феадалаў і ператварыліся ў чэлядзь; у Польшчы — залежны селянін, які меў поўны надзел зямлі; у Балгарыі і Сербіі — сельскі стараста; у Босніі і Чэхіі — асоба, якая займала пэўную пасаду, а таксама некаторыя катэгорыі сялян; у Харватыі — залежны селянін, васал.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗО́РНАЕ ПАГЛЫНА́ННЕ,

аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як ​1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДСАН (Richardson) Оўэн Уіланс (26.4.1879, г. Дзьюсберы, Вялікабрытанія — 15.2.1959),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1913). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900). З 1900 у Кавендышскай лабараторыі, з 1906 у Прынстанскім, з 1914 у Лонданскім ун-тах. Навук. працы па тэрмаэлектроннай эмісіі, электроннай і квантавай тэорыях, магнетызме, спектраскапіі, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў і інш. Адкрыў тэрмаэлектронную эмісію (эфект Р.), устанавіў залежнасць шчыльнасці яе току ад т-ры паверхні металу (1901, формула Р.—Дэшмана). Эксперыментальна праверыў закон максвелаўскага размеркавання малекул па скарасцях (1908) і ўраўненне Эйнштэйна для фотаэфекту (1912). Нобелеўская прэмія 1928.

О.Рычардсан.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЛЕЯ ЗАКО́Н НАМАГНІ́ЧВАННЯ,

залежнасць намагнічанасці ферамагнетыка ад напружанасці знешняга магн. поля ў слабых палях, калі напружанасць поля, што дзейнічае на цела, многа меншая за каэрцытыўную сілу. Устаноўлены Дж.У.Рэлеем (1887). Для крывой пачатковага намагнічвання выражаецца формулай J = χаб ∙ H±RH​2, дзе J — намагнічанасць; H — напружанасць знешняга магн. поля; χаб — абарачальная магнітная ўспрыімлівасць, якая характарызуе абарачальную лінейную частку працэсу; R — пастаянная Рэлея, якая характарызуе неабарачальныя нелінейныя працэсы намагнічвання (неабарачальныя зрушэнні даменных межаў); знак «+» адпавядае H>0, знак «−» H<0. Неабходная ўмова для выканання закону — павольная, квазістатычная змена магн. поля для звядзення да мінімуму эфектаў, абумоўленых магн. паслядзеяннем (гл. Магнітная вязкасць).

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНАТВО́РНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія нармалізуюць сон (засынанне, працягласць і глыбіню). Да іх адносяцца вытворныя барбітуравай кіслаты (барбітураты) — фенабарбітал, барбаміл, барбітал, этамінал-натрый; вытворныя бензадыязэпіну — нітразепам, феназепам, сібазон, трыязалам; вытворныя піперыдзіну (напр., глютэтымід); злучэнні аліфатычнага рада (хлоралгідрат, бромізавал); вытворныя хіназалінону (напр., метаквалон); амінакіслата трыптафан і інш. У якасці С.с. выкарыстоўваюць лек. сродкі, якія знімаюць сімптомы, што парушаюць сон (напр., абязбольвальныя, спазмалітычныя, антыдэпрэсанты). С.с. актывізуюць тармазныя працэсы ў мозгу. Барбітураты парушаюць суадносіны фаз хутка- і павольнахвалевага сну, пры працяглым ужыванні выклікаюць псіхічную і фіз. залежнасць. Бензадыязэпіны менш парушаюць структуру сну.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ФАН (Stefan) Іозеф (24.3.1835, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 7.1.1893),

аўстрыйскі фізік, заснавальнік навук. школы фізікаў. Чл. Венскай АН (1865). Вучыўся ў Венскім ун-це (1853—58), дзе і працаваў (з 1863 праф., з 1869 дырэктар Ін-та эксперым. фізікі). Навук. працы па оптыцы, акустыцы, электрамагнетызме, кінетычнай тэорыі газаў, тэорыі цеплавога выпрамянення. Распрацаваў тэорыю дыфузіі газаў, вызначыў каэфіцыенты цеплаправоднасці для многіх газаў. Устанавіў залежнасць энергіі выпрамянення нагрэтага цела (гл. Стэфана—Больцмана закон выпрамянення), увёў адну з фундаментальных фіз. пастаянных (гл. Стэфана—Больцмана пастаянная).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 334—336.

т. 15, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЮСТЭ́ЛЬ ДЭ КУЛА́НЖ (Fustel de Coulanges) Нюма Дэні (18.3.1830, Парыж — 12.9.1889),

французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1875). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (Парыж, 1853). Праф. Страсбурскага ун-та (1861—70), Вышэйшай нармальнай школы (1870—75, у 1880—83 рэктар), Сарбоны (1875—80, 1883—88). Працы па гісторыі антычнасці і генезісе феадалізму ў Еўропе. Асн. твор: «Гісторыя грамадскага ладу старажытнай Францыі» (т. 1—6, 1875—92). Выступіў з т.зв. раманістычнай канцэпцыяй, паводле якой у аснове еўрап. цывілізацыі ляжаць толькі рым. грамадскія інстытуты: буйное землеўладанне, залежнасць ад яго непасрэдных вытворцаў, манархічная ўлада.

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЗІНЬ,

дзяржава і дынастыя чжурчжэняў [1115—1234]. Узнікла ў працэсе барацьбы чжурчжэняў супраць кіданяў, якім яны плацілі даніну. У 1125 Ц. захапіла кіданьскую дзяржаву Ляо, у 1125—27 — значную ч. імперыі Паўн. Сун, у т. л. яе сталіцу Кайфын. У выніку мірнага дагавора 1139 дзяржава Паўд. Сун прызнала васальную залежнасць ад Ц. З сярэдзіны 12 ст. Ц. — магутная дзяржава Усх. Азіі, у склад якой уваходзілі тэр. сучасных Паўн.-Усх. і Паўн. Кітая, частка Унутр. Манголіі; у васальнай залежнасці ад Ц. былі тангуцкая дзяржава Сі-Ся і Карэя. У 1234 Ц. знішчана ў выніку мангольскіх заваяванняў.

т. 17, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТВЕШ (Eötvös) Лоранд (Роланд) фон (27.7.1848, Будапешт — 8.4.1919),

венгерскі фізік. Чл. Венгерскай АН (1883) і яе прэзідэнт (1899—1905). Вучыўся ў Будапешцкім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1871 у Будапешцкім ун-це (з 1872 праф.). Навук. працы па тэорыі капілярнасці, гравітацыі і геафізіцы. Устанавіў залежнасць малекулярнай паверхневай энергіі ад т-ры (1886; закон Э.). Вынайшаў гравітацыйны варыёметр, эксперыментальна ўстанавіў роўнасць гравітацыйнай і інертнай мас (1890—1906). Вывучаў размеркаванне мас у горных хрыбтах. Заснавальнік і першы прэзідэнт (з 1891) Венгерскага матэм. і фіз. т-ва. Яго імем названы Будапешцкі ун-т і пазасістэмная адзінка градыента сілы цяжару — этвеш.

т. 18, кн. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)