ГЕАМЕХА́НІКА (ад геа... + механіка),
навука аб механічным стане зямной кары і працэсах, якія адбываюцца ў ёй пад уплывам натуральных і тэхнагенных фактараў. Да натуральных уздзеянняў адносяцца тэрмічныя (павышэнне і паніжэнне т-ры) і мех. (сілы, абумоўленыя гравітацыйным узаемадзеяннем, вярчэннем Зямлі і інш. касм. фактарамі); да тэхнагенных — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, прамысл. і грамадз. буд-ва, ядз. выбухі і інш.
Геамеханіка ўзнікла ў пач. 20 ст. як раздзел геафізікі. Яе тэарэт. і эксперым. даследаванні непасрэдна звязаны з інжынернай геалогіяй, газа-, гідра- і тэрмадынамікай, механікай суцэльнага асяроддзя. Геамеханіка вывучае заканамернасці напружана-дэфармаванага стану зямной кары, працэсы фарміравання мех. поля Зямлі, тлумачыць прыродныя з’явы, што ім спадарожнічаюць, прагназуе напрамкі і формы іх працякання. Устанаўлівае заканамернасці фарміравання мех. уласцівасцей горных парод і працякання працэсаў дэфармавання, перамяшчэння і разбурэння асобных дзялянак зямной паверхні.
Літ.:
Цытович Н.А., Тер-Мартиросян З.Г. Основы прикладной геомеханики в строительстве. М., 1981;
Войтенко В.С. Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990.
У.С.Вайценка.
т. 5, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.
Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл. Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз. лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.
Літ.:
Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;
Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.
М.У.Паўлюкевіч.
т. 11, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гідрабіяло́ггя
(ад гідра- + біялогія)
навука, якая вывучае жыццё водных арганізмаў у іх узаемадзеянні паміж сабой і навакольным асяроддзем.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрабу́фер
(ад гідра- + буфер)
гідраўлічнае прыстасаванне, якое прымае падпоры і іншыя канструкцыі, што адкідваюцца ад стартуючай ракеты-носьбіта.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрагеахі́мія
(ад гідра- + геахімія)
раздзел гідрагеалогіі, які вывучае хімічны састаў гідрасферы і геахімічныя працэсы, што працякаюць у ёй.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідракраты́чны
(ад гідра- + гр. kratos = сіла)
які садзейнічае значнаму расшырэнню плошчы мора, напр. г-ыя рухі зямной кары.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідраметэаста́нцыя
(ад гідра- + метэастанцыя)
метэастанцыя, прызначаная для абслугоўвання суднаходства шляхам складання карт надвор’я і прагнозаў надвор’я (параўн. авіяметэастанцыя).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрапо́ніка
(ад гідра- + -поніка)
вырошчванне раслін на штучных заменніках глебы з выкарыстаннем водных раствораў пажыўных рэчываў (параўн. аэрапоніка).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрасфе́ра
(ад гідра- + сфера)
водная абалонка зямнога шара, сукупнасць вод Зямлі (акіяны, моры, азёры, рэкі, падземныя воды, леднікі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідратэ́ка
(ад гідра- + -тэка)
шкілетны бакальчык вакол гідранта марскіх гідроідаў, у які пры раздражненні можа ўцягвацца венчык шчупальцаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)