КНО́БЕЛЬСДОРФ ((Knobelsdorf) Георг Венцэслаўс фон) (17.2.1699, маёнтак Кукедэль, каля г. Кросен, Германія — 16.9.1753),

нямецкі архітэктар; папярэднік ранняга класіцызму. З 1740 гал. хавальнік прускіх каралеўскіх палацаў і паркаў. У творчасці К. рацыянальная структура планаў, строгае ўбранне фасадаў у духу паладыянства спалучаюцца з вытанчаным дэкорам інтэр’ераў у формах ракако: Оперны т-р у Берліне (цяпер Дзярж. опера; 1741—43), палац Сан-Сусі (1745—47) і Гар. палац (1745—51) у Патсдаме і інш.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІСТРА́ЛЬ (ад лац. magistralis галоўны),

1) асноўная, галоўная лінія, напрамак у сістэме якой-небудзь сеткі (трансп., энергет., воднай, тэлефоннай, каналізацыйнай і інш.). Да М. адносяць найважнейшыя чыгункі (напр., Байкала-Амурская магістраль), аўтамагістралі, нафта- і газаправоды, ЛЭП і інш. Высокія тэхн. параметры, асаблівасці інж. ўладкавання і інфраструктуры М. забяспечваюць значныя аб’ёмы трансп. работ, высокія скорасці руху, мінім. затрымкі.

2) Шырокая і прамая гар. вуліца, звычайна з інтэнсіўным рухам транспарту.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЕХ,

пасёлак гар. тыпу ў Іванаўскай вобл. ў Расіі, за 64 км на ПдУ ад Іванава, 32 км ад чыг. ст. Шуя. 6,3 тыс. ж. (1996). Цэнтр рус. нар. мастацтва мініяцюрнага жывапісу (гл. Палехская мініяцюра). Маст.-вытв. майстэрні па размалёўцы лакавых вырабаў з пап’е-машэ. Лёгкая, харч. прам-сць. Маст. вучылішча. Крыжаўзвіжанская царква (18 ст.) з размалёўкамі і абразамі палехскіх майстроў. Музеі палехскага мастацтва, мемарыяльныя мастакоў І.І.Голікава, П.​Дз.Корына.

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЯЎРЭ́ЙСКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ і АБШЧЫ́Н,

нацыянальнае культурнае аб’яднанне яўрэяў Беларусі. Створана ў крас. 1991. Мэты і задачы: адраджэнне яўрэйства Беларусі як нац., рэліг. і культ. супольнасці; абарона правоў і інтарэсаў яўр. народа ў органах дзярж. улады; стварэнне ў месцах кампактнага пражывання яўрэяў нац. абшчын; разгортванне сістэмы яўр. асветы; стымуляванне вывучэння іўрыту; распаўсюджванне маралі і традыцый іудаізму сярод яўр. насельніцтва і інш. Аб’ядноўвае 135 яўр. арг-цый і 17 гар. абшчын (1995).

Э.​Р.​Іофе.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ВО́СЕНЬ»,

міжнародны фестываль мастацтваў (да 1992 усесаюзны). Праводзіцца з 1974 на Беларусі штогод у 2-й пал. лістапада. Фестывальныя канцэрты (звычайна больш за 300) праходзяць у Мінску і інш. гарадах, гар. пасёлках і вёсках. Госці фестывалю ўдзельнічаюць таксама ў спектаклях Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі. У рамках фестывалю выступаюць акрамя беларускіх многія вядомыя муз. калектывы і асобныя замежныя выканаўцы. Фестываль дэманструе дасягненні выканальніцкага мастацтва, спрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню розных нац. муз. культур.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФЕДЭРАЛІ́СТЫ (англ. Antifederalists),

палітычная партыя ў ЗША ў 1787—91. Створана пад кіраўніцтвам Т.​Джэферсана ў перыяд распрацоўкі і прыняцця канстытуцыі 1787 у процівагу федэралістам. Сац. база — фермеры, сельскія прадпрымальнікі, гар. дробная буржуазія, плантатары. Антыфедэралісты кіравалі барацьбой за прыняцце «Біля аб правах», выступалі супраць моцнай улады федэральнага ўрада — за прыярытэт правоў асобных штатаў і грамадзян, дэмакратызацыю канстытуцыі; у знешняй палітыцы падтрымлівалі рэв. Францыю. Пасля 1791 на базе антыфедэралістаў створана Дэмакр.-рэсп. партыя.

т. 1, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ТЭЛЕФО́ННАЯ СТА́НЦЫЯ (АТС),

комплекс тэхнічных сродкаў для аўтам. камутацыі каналаў сувязі тэлефоннай сеткі. У залежнасці ад ролі і месца АТС адрозніваюць мясцовыя (устаноўча-вытворчыя, гар. і сельскія), міжгароднія і міжнар. АТС, а таксама тэлефонныя вузлы. Паводле тыпу камутацыйных прылад бываюць: дэкадна-крокавыя (пабудаваныя ў канцы 19 ст.), каардынатныя (1920-я г.), квазіэлектронныя (1960-я г.), электронныя (1970-я г.), з 1980-х г. — лічбавыя АТС (электронныя АТС з перадачай лічбавых сігналаў).

М.​А.​Баркун.

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БОБРУ́ЙСКИЕ О́ТКЛИКИ»,

штодзённая грамадска-паліт. і літаратурная газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 11(24).8.1911 да 16(29).5.1912 у Бабруйску на рус. мове. Адлюстроўвала эканам., паліт., сац.-культ. пазіцыю сярэдняй і дробнай гар. буржуазіі і інтэлігенцыі пераважна з асяроддзя абруселых яўрэяў. Змяшчала звесткі пра міжнар. і ўнутранае становішча, дзейнасць урада, Дзярж. думы і разнастайныя бакі мясц. жыцця, навук.-асв. артыкулы, фельетоны, вершы і белетрыстыку. Мела літ.-крытычны і тэатр. аддзелы.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІКА́РУС»

(Ikarus),

марка аўтобусаў рознага прызначэння аднайменнага аўтобуснага прадпрыемства ў Будапешце. Выпускаюцца з 1930 (з 1948 — масавы выпуск). Пасажыразмяшчальнасць 29—184 чал. На Беларусі з 1994 у Мінску і г. Пінск на базе «І.» распачата вытв-сць гар. аўтобусаў «Амкадор» аднайменным акц. т-вам асабліва вял. (пасажыразмяшчальнасць да 125 чал.) і вял. класаў (102 чал.); магутнасць рухавіка да 170 кВт, найб. скорасць руху да 70 км/гадз. Іл. гл. да арт. Аўтобус.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧЭ́ЎСКІ (Мікалай Фёдаравіч) (1824—1900),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1844). Працаваў губ. архітэктарам гарадоў Камянец-Падольскі (Украіна; 1848), Віцебск (1870—85), Разань (Расія; 1885—90). У Віцебску перабудаваў будынак б. паліцэйскага аддзялення пад гар. т-р (1870-я г.) і жылы дом — пад публічную б-ку (1883); паводле яго праектаў і пад яго кіраўніцтвам узведзены будынкі мужчынскай гімназіі (1880), бальніцы (1884), Віцебскага акруговага суда будынак, праведзена добраўпарадкаванне Замкавай гары (1881).

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)