АРБАЛІ́Т (ад лац. arbor дрэва + ...літ),

лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЛЯ́НЫ АЛЕ́Й,

алей, які атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з канаплянага семя. Вадкасць жоўта-зялёнага колеру, шчыльн. 939 кг/м² (15 °C), т-ра застывання -27 °C. Высыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці пакосту, лакаў і фарбаў, у некат. краінах як харч. прадукт.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНІЗА́ЦЫЯ,

1) павышэнне колькасці вугляроду ў арган. рэчыве за кошт яго раскладвання пад уздзеяннем цяпла, святла, іанізавальнага выпрамянення, ферментаў, мікраарганізмаў. Найб. даследавана тэрмічная К. (абпальванне), нелятучыя прадукты якой часта называюць коксам.

2) Насычэнне раствору дыаксідам вугляроду CO2. Выкарыстоўваюць у содавай вытв-сці, піваварэнні, буд-ве.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАНТЭ́НК, метантанк (ад метан + англ. tank бак, цыстэрна),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод з дапамогай анаэробных бактэрый (без прысутнасці кіслароду, з утварэннем метану). Звычайна гэта рэзервуар значнай (да некалькіх тысяч кубічных метраў) умяшчальнасці для мінералізацыі арган. рэчываў, што збіраюцца ў адстойніках ачышчальных збудаванняў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТРЫМА́ННЕ МАЧЫ́,

міжвольнае выдзяленне мачы ад парушэння функцыі сфінктэраў мачавога пузыра. Часты вынік родавай траўмы (Н.м. пры напружанні ў жанчын), арган. пашкоджанняў ц. н. с., спіннога мозга, заган развіцця мачавых шляхоў, функцыян. парушэнняў у дзяцей (энурэз). Лячэнне тэрапеўт., масаж, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках — хірургічнае.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ МА́СЛЫ,

вадкія арган. ці элементаарган. прадукты (крэмнійарганічныя вадкасці, эфіры фосфарнай, адыпінавай і інш. к-т, паліалкіленгліколі). Хімічна інертныя да металаў, гумы, фарбы і інш., малавыпаральныя; працаздольныя пры т-рах ад -100 да 400 °C. Выкарыстоўваюць змазачныя матэрыялы (гл. Змазачнае масла), цепланосьбіты, кампаненты пластычных змазак.

т. 14, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСМЯЯ́НАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (9.9.1899, Масква — 17.1.1980),

расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы па хіміі элементаарган. злучэнняў.

Акад. АН СССР (1943, чл.-кар. з 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922), дзе і працаваў (з 1935 праф., у 1948—51 рэктар), адначасова ў АН СССР: з 1934 у Ін-це арган. хіміі (з 1939 дырэктар), з 1954 дырэктар Ін-та элементаарган. злучэнняў (з 1980 імя Н.). З 1946 акад.-сакратар Аддз. хім. навук, з 1951 прэзідэнт, у 1961—75 акад.-сакратар Аддз. агульнай і тэхн. хіміі АН СССР. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных металаарган. злучэнняў раскладаннем двайных дыазоніевых солей з галагенідамі металаў (рэакцыя Н., 1929), з’яву металатрапіі (1960). Развіў новыя ўяўленні пра дваістасць рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў нетаўтамернага характару (1955, разам з М.І.Кабачнікам). Даследаваў механізм арган. рэакцый, «сэндвічавыя» злучэнні, у т. л. вытворныя ферацэну. Распрацаваў асновы новага кірунку даследаванняў — па стварэнні сінт. прадуктаў харчавання (1962). Адзін з аўтараў і рэдактар (разам з К.​А.​Качашковым) серыйнага выд. «Метады элементаарганічнай хіміі» (1963—78). Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1943. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1962.

Тв.:

Элементоорганическая химия: Избр. тр., 1959—1969. М., 1970;

Исследования в области органической химии: Избр. тр., 1959—1969. М., 1971.

Літ.:

А.​Н.​Несмеянов. [2 изд.] М., 1974.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

А.М.Несмяянаў.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕАФІ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з нуклеафільнымі рэагентамі (нуклеафіламі). Нуклеафілы (ад лац. nucleus — ядро і грэч. phileo — люблю) — аніёны (Cl​−, OH​−, CN​−; NO2​−, OR​− і інш.), а таксама неарган. і арган. малекулы, што маюць свабодную пару электронаў (напр., вада, аміяк, аміны, спірты, фасфіты). У арган. сінтэзе пашыраны нуклеафільнага далучэння рэакцыі па карбанільнай групе, ці кратнай сувязі вуглярод — вуглярод і замяшчэння рэакцыі, характэрныя пераважна для аліфатычных злучэнняў.

Пры рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння ў насычанага атама вугляроду нуклеафіл (X:) аддае субстрату сваю пару электронаў на ўтварэнне сувязі C—X і пры гэтым выцясняе групу Z:, ці нуклеафуг (ад лац. nucleus + fugio збягаю), з парай электронаў, што звязвалі яе з атамам вугляроду. Скорасць і механізм рэакцыі вызначаюцца рэакцыйнай здольнасцю нуклеафілу (нуклеафільнасцю) і нуклеафугу (нуклеафугнасцю), будовай малекулы субстрату і ўмовамі рэакцыі (растваральнік, т-ра, ціск і інш.). Адрозніваюць мона- і бімалекулярны механізмы. Пры монамалекулярным (SN​1) механізме спачатку (пад уздзеяннем растваральніку) утвараецца трохкаардынацыйны карбкатыён і нуклеафуг (стадыя, якая звычайна вызначае скорасць усяго працэсу), а затым нуклеафіл хутка далучаецца да карбкатыёна; атака нуклеафілу роўнамагчымая з абодвух бакоў рэакцыйнага цэнтра і ў выпадку яго асіметрыі прыводзіць да рацэмізацыі. Пры бімалекулярным (сінхронным) замяшчэнні (SN​2) атака нуклеафілу ідзе з боку процілеглага адносна групы, што адыходзіць, і прыводзіць да змены абс. канфігурацыі асіметрычнага цэнтра малекулы (т.зв. вальдэнава абарачэнне). Гл. таксама Рэакцыі хімічныя.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМА́ТЫ,

солі брамнаватай кіслаты HBrO3. Крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (акрамя браматаў барыю). Устойлівыя ў звычайных умовах, пры награванні раскладаюцца з вылучэннем кіслароду або кіслароду і брому. Атрымліваюць узаемадзеяннем брому з шчолачамі, хім. ці электрахім. акісленнем брамідаў. Выкарыстоўваюцца як акісляльнікі ў арган. сінтэзе і хім. аналізе.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМАГЕ́ЛЬ,

аморфны высокасітаваты аксід алюмінію Al2O3. Хутка паглынае вільгаць, не раствараецца і не набракае ў вадзе і арган. растваральніках. Атрымліваецца абязводжваннем гідраксіду алюмінію. Адсарбент для сушкі газаў, ачысткі вады, асвятлення раствораў у цукр. вытв-сці; улоўнік растваральнікаў, каталізатар. Алюмагелем наз. таксама любы (у т. л. крышталічны) Al2O3.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)