ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,

метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.

Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення 𝑓(x) = 0 будуюць графік функцыі у = 𝑓(x) і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў 𝑓1(x) = 𝑓2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = 𝑓1(x) і y2 = 𝑓2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = 𝑓(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній 𝑓(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.

С.У.Абламейка.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАПЕДЫ́Я

[ад арта... + грэч. pais (paidos) дзіця],

галіна медыцыны, якая вывучае прадухіленне, распазнаванне і лячэнне захворванняў, дэфармацый і вынікаў пашкоджанняў апорна-рухальнай сістэмы. Разам з траўматалогіяй складае адзіную ўрачэбную спецыяльнасць.

Заснавальнік навук. артапедыі — франц. ўрач Н.Андры (N.André), які ў 1741 увёў гэты тэрмін. Класічныя апісанні пашкоджанняў і захворванняў органаў апоры і руху і рэкамендацыі па іх лячэнні трапляліся яшчэ ў працах Гіпакрата і Ібн-Сіны. У пач. 16 ст. франц. ўрач А.Парэ распрацаваў метады ампутацыі канечнасцяў і прапанаваў апараты для выкарыстання іх пры артапедычных захворваннях. Прагрэсу артапедыі ў Расіі садзейнічалі працы Я.В.Мухіна (1806) пра асновы лячэння пераломаў і вывіхаў, М.І.Пірагова (1840), які распрацаваў вучэнне аб працэсах рэгенерацыі пасля аперацыі ахілавага сухажылля, увёў нерухомую гіпсавую павязку і інш. Працы М.П.Нікольскага (1870), М.Ф.Руднева (1880) садзейнічалі прагрэсу касцёва-пластычнай хірургіі, працы В.І.Разумоўскага, М.І.Студэнцкага, В.М.Шаўкуненкі (канец 19 — пач. 20 ст.) — развіццю артапедычных аперацый пры артрадэзіі, астэаміі, касалапасці. Пад кіраўніцтвам заснавальніка сістэмы артапедычнай дапамогі ў краінах б. СССР М.М.Прыёрава створаны Лячэбна-пратэзны ін-т (1921), метадычны цэнтр па артапедыі і траўматалогіі.

На Беларусі асобныя пытанні артапедыі пачалі вывучаць у 19 — пач. 20 ст. У ліку першых у Еўропе К.І.Гібенталь выкарыстаў гіпс для фіксацыі зламанай канечнасці (1812). Сістэматычныя даследаванні па артапедыі вядуцца з 1930-х г. у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, на адпаведных кафедрах мед. ін-таў. Развіццю артапедыі садзейнічалі працы М.Н.Шапіры, Б.Н.Цыпкіна, В.А.Маркса, Р.Х.Мінінай, І.Р.Варановіча, А.С.Крука, А.У.Руцкага, С.С.Навумовіча, А.А.Губко, А.М.Сакалоўскага і інш. Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка і лячэнне артапедычных захворванняў і траўмаў, распрацоўка метадаў і сродкаў мед. рэабілітацыі хворых і інвалідаў з прычыны ўскладненых пашкоджанняў касцей і суставаў, хірургічнага лячэння пухлін, ліквідацыі вынікаў дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў у касцях і суставах, эндапратэзаванне, удакладненне пытанняў дыягностыкі.

Літ.:

Маркс В.О. Ортопедическая диагностика. 2 изд. Мн., 1978;

Травматология и ортопедия. 3 изд. М., 1990;

Волков М.В. Болезни костей у детей. 2 изд. М., 1985.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА КАЎКА́З 1942—43,

сукупнасць абарончых (25.7—31.12.1942) і наступальных (1.1—9.10.1943) аперацый сав. войскаў з мэтай абароны Каўказа і разгрому ням.-фаш. войскаў у Вялікую Айчынную вайну.

Удзельнічалі франты: Паўд. (каманд. да 28.7.1942 і 2.2—2.3.1943 ген.-лейт. Р.Я.Маліноўскі; 1.1—2.2.1943 ген.-палк. А.І.Яроменка), Паўн.-Каўказскі (да 3.9.1942 Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы; 24.1—13.5.1943 ген.-лейт І.І.Масленікаў; з 13.5.1943 ген.-палк. І.Я.Пятроў) і Закаўказскі (з 15.5.1942 ген. арміі І.У.Цюленеў) франтоў, Чарнаморскі флот (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі), Азоўская (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) і Каспійская (контр-адм. Ф.С.Сядзельнікаў) ваен. флатыліі.

Ням.-фаш. камандаванне планавала авалодаць Каўказам у ходзе летняй кампаніі 1942. Для выканання гэтай задачы прызначалася група армій «А» (ген.-фельдмаршал В.Ліст), якая перасягала сав. войскі Паўд. фронту ў 1,5 раза па асабовым складзе, па танках у 9,4 раза, па артылерыі ў 2 разы і па самалётах у 7,7 раза. Падтрымлівалі яе ВМС Германіі і Румыніі. У адпаведнасці з планам «Эдэльвейс» праціўнік наступаў паміж Донам і перадгор’ямі В.Каўказа. Сав. войскі вялі абарончыя баі і адыходзілі. У канцы снежня гітлераўцы, страціўшы больш як 100 тыс. чал., перайшлі да абароны. Сав. войскі Паўд. фронту, якія працягвалі контрнаступленне пад Сталінградам, нанеслі ўдар па гал. сілах праціўніка на Растоўскім і Ціхарэцкім напрамках. Пад пагрозай акружэння ням. камандаванне вымушана было свае войскі на Паўн. Каўказе адвесці за Растоў і на Таманскі п-аў. У выніку Новарасійска-Таманскай аперацыі 1943 лінія абароны праціўніка была прарвана і 9.10.1943 Таманскі п-аў вызвалены. Чырв. Армія прайшла з баямі каля 800 км, вызваліла каля 200 тыс. км² тэрыторыі. Страты праціўніка толькі за час наступлення сав. войскаў склалі 281 тыс. чал., 1358 танкаў, 2 тыс. самалётаў, больш як 7 тыс. гарматаў і мінамётаў, 22 тыс. аўтамашын і інш. ваен. тэхнікі і маёмасці. Сав. войскі страцілі ў бітве забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 950 тыс. чал. (з іх забітымі 344 390 чал.).

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЦЫ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1914,

буйнамаштабныя баявыя дзеянні паміж рас. і аўстра-венг. войскамі на тэр. Галіцыі і Польшчы 18.8—21.9.1914 у 1-ю сусв. вайну. Складалася з Люблін-Холмскай (баі каля Красніка і Тамашава), Галіч-Львоўскай (на р. Залатая Ліпа і Гнілая Ліпа), Гарадоцкай і інш. аперацый. На фронце каля 400 км паміж рэкамі Вісла і Днестр з абодвух бакоў удзельнічалі каля 2 млн. чал. і да 5 тыс. гармат. Рас. камандаванне Паўд.-Зах. фронтам (галоўнакамандуючы ген. М.І.Іваноў) планавала акружыць і знішчыць аўстра-венг. сілы (каля 850 тыс. чал., 1800 гармат); аўстра-венг. (эрцгерцаг Фрыдрых) мела намер разграміць правае крыло рас. Паўд.-Зах. фронту (4-ю і 5-ю арміі). 18 жн. на левым крыле распачала наступленне рас. 8-я армія (ген. А.А.Брусілаў). 23 жн. перайшлі ў наступленне ўсе арміі Паўд.-Зах. фронту. У ходзе сустрэчнай бітвы ў раёне Краснік—Тамашаў (23 жн.—3 вер.) аўстра-венг. 1-я і 4-я арміі прымусілі 4-ю (ген. А.Е.Эверт) і 5-ю (ген. П.А.Плеве) рас. арміі адступіць да Любліна, Холма і Уладзіміра-Валынскага. 3-я рас. армія (ген. М.У.Рузскі) разбіла аўстра-венграў (3-я армія ген. Р.Брудэрмана) на р. Залатая Ліпа (26—28 жн.) і прарвала фронт на р. Гнілая Ліпа на ПдУ ад Львова (29—31 жн.). 2 вер. рас. войскі занялі Галіч, 3 вер. — Львоў. У ходзе сустрэчнай Гарадоцкай бітвы (5—12 вер.) 4-я рас. армія прарвала фронт у раёне Тарнаўкі. 12 вер. пачалося агульнае адступленне аўстра-венг. войск. Рас. часці прасунуліся на 280—300 км, занялі Галіцыю і частку аўстр. Польшчы. У Галіцыйскай бітве аўстра-венг. армія страціла 325 тыс. чал. (у т. л. каля 100 тыс. палоннымі) і 400 гармат, рас. войскі — каля 230 тыс. чал. (з іх 40 тыс. палонных) і 94 гарматы.

С.Б.Каўн.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,

наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.

Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс. чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл. Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам з сав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс. чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».

т. 3, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА

(ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),

форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.

Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).

На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРА ЛО́ГІКІ,

раздзел матэматычнай логікі, які вывучае логікавыя аперацыі над выказваннямі. Заснавальнік — англ. матэматык Дж.Буль (1815—64). Алгебра логікі разглядае выказванні толькі з пункту гледжання іх праўдзівасці (пазначаюць лічбамі 1 — праўдзівасць і 0 — ілжывасць). Логікавыя аперацыі над выказваннямі даюць магчымасць будаваць новыя выказванні. Праўдзіваснае значэнне такога выказвання A (a1,..., an), атрыманага пры дапамозе логікавых аперацый з прасцейшых выказванняў a1, ..., an, адназначна выяўляецца праўдзіваснымі значэннямі зыходных выказванняў a1,..., an. Таму кожнаму такому выказванню A (a1, ..., an) адпавядае n-ме́сцавая функцыя, якая прымае значэнні 0,1, аргументы яе таксама прымаюць гэтыя значэнні. Такія функцыі наз. функцыямі алгебры логікі, ці булевымі, функцыямі. Яны могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц, якія маюць 2​n радкоў.

Логікавыя аперацыі: кан’юнкцыя &, дыз’юнкцыя ⋁, адмаўленне ¬, імплікацыя ⇒, эквіваленцыя ⇔ — могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц. Замест ¬x часам пішуць x̅. Ужываецца заданне функцый алгебры логікі і з дапамогай формул у мове, у якой ёсць пераменныя x, y, z... і сімвалы некаторых канкрэтных функцый. Найбольш ужывальная мова, якая мае логікавыя сімвалы &, ⋁, ¬, ⇒, ⇔. Кожнай формуле гэтай мовы адпавядае нейкая функцыя алгебры логікі, значэнне (0,1) якой пры дадзеных значэннях пераменных (0,1) знаходзіцца ў адпаведнасці з аперацыямі, з якіх пабудавана дадзеная формула. Такая функцыя рэалізуе дадзеную формулу. Формулы A і B наз. роўнымі (раўназначнымі), калі адпаведныя ім функцыі роўныя, г.зн. калі супадаюць іх праўдзівасныя табліцы. Азначэнне A=B ці A≡B, A~B, калі кажуць пра іх раўназначнасць. Важную ролю ў алгебры логікі маюць роўнасці, якія задаюць булеву алгебру.

Кожная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная нейкай формулай мовы з логікавымі сімваламі &, ⋁, ¬. Асаблівую ролю ў алгебры логікі адыгрываюць дыз’юнктыўныя і кан’юнктыўныя нармальныя формы, якія маюць вял. прыкладное значэнне. Сістэма функцый Ф. наз. функцыянальна поўнай, калі адвольная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная формулай, якая мае толькі сімвалы функцый з Ф. Напр., сістэмы функцый {&, ⋁, ¬}, {&, ¬}, {⋁, ¬}, {⇒, ¬}, {x | у}, {x ↓ у} функцыянальна поўныя (тут x | y = x & y_ , x y = x y , якія наз. штрыхам Шэфера і стрэлкай Пірса адпаведна).

Алгебра логікі мае шмат дадаткаў, асабліва ў тэорыі эл. схем.

Р.Т.Вальвачоў.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАЦЫ́Д

(ад ген + ...цыд),

знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нац., этнічных, паліт. або рэліг. матывах, а таксама наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае знішчэнне гэтых груп, меры па папярэджанні дзетанараджэння ў іх асяроддзі; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі, якія прапагандуюць расавую і нац. выключнасць, нянавісць і нецярпімасць, панаванне т.зв. «вышэйшых» рас над «ніжэйшымі» і г.д. Паняцце генацыду — пагалоўнае вынішчэнне цэлых народаў — як катэгорыя міжнар. права ўвайшло ва ўжытак пасля 2-й сусв. вайны. У масавых маштабах гітлераўцы ўчынялі генацыд у час 2-й сусв. вайны ў акупіраваных краінах Еўропы, асабліва супраць слав. (рускіх, украінцаў, беларусаў, чэхаў, палякаў) і яўр. Насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей знішчаны гітлераўцамі ў канцэнтрацыйных лагерах, лагерах смерці, турмах, у час карных аперацый і інш. Паводле генеральнага плана «Ост» фашысты прадугледжвалі знішчэнне на тэр. СССР і Польшчы 120—140 млн. чал. За гады акупацыі на тэр. СССР фашысты загубілі ў лагерах смерці 11 млн. чал. На акупіраванай тэр. Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці, за 3 гады акупацыі загублена больш за 2 млн. 200 тыс. сав. грамадзян. Выкрыццё на Нюрнбергскім працэсе 1945—46 жудасных злачынстваў гітлераўцаў паслужыла штуршком да прыняцця міжнар.-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Ген. Асамблея ААН 11.12.1946 прыняла рэзалюцыю супраць генацыду, 9.12.1948 ухваліла канвенцыю «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго», якая ўстанаўлівае міжнар. крымінальную адказнасць асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду. На XX сесіі Ген. Асамблеі ААН 21.12.1965 прынята міжнар. канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая абавязвае дзяржавы папярэджваць, забараняць, выкараняць усе формы і віды расавай дыскрымінацыі, у т. л. генацыд. Генацыд супраць кампучыйскага народа быў учынены ў перыяд праўлення Пол Пота і Йенг Сары (1976—79; знішчана 3 млн. чал.). Гл. таксама Апартэід.

Літ.:

Нацистская политика геноцида и «выжженой земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;

Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. Мн., 1993.

т. 5, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ЦЫЯ ХІРУРГІ́ЧНАЯ,

асноўны метад лячэння хірургічных хвароб, пры якім паталагічныя ачагі ліквідуюцца, лакалізуюцца або даследуюцца з дапамогай спец. хірургічных інструментаў. Можа суправаджацца нанясеннем ран, значнымі аб’ёмамі рассячэння тканак з крывацёкам, які спыняюць штучна (пры рэзекцыі страўніка ці кішэчніка, аперацыях на лёгкіх, сэрцы і інш. унутраных органах), або ашчадным унутраным умяшаннем і нязначнымі кровастратамі (пры біяпсіі, мікрахірургіі, лазерным лячэнні, упраўленні вывіхаў суставаў, састаўленні касцявых абломкаў і інш.). Аперацыя хірургічная з нанясеннем раны і рассячэннем тканак бываюць: радыкальныя, калі паталаг. ачаг (язва, пухліна, орган) выдаляецца поўнасцю або часткова; паліятыўныя, якія аблягчаюць стан хворага; дыягнастычныя — для высвятлення прычыны захворвання, калі яе нельга ўстанавіць дакладна інш. метадамі. Памяншэнне страт крыві пры аперацыі хірургічнай дасягаецца перавязкай (лігіраваннем) рассечаных сасудаў або каагуляваннем з дапамогай электранажоў, лазерных, плазмавых скальпеляў і інш. Характар паталогіі вызначае мэту аперацыі хірургічнай: ускрыццё паталаг. ачага (гнайнікоў, абсцэсаў), частковае (рэзекцыя) або поўнае (экстырпацыя) выдаленне пухлін і пашкоджаных тканак, частковую або поўную ампутацыю органаў (напр., канечнасцяў), трансплантацыю органаў і тканак, аднаўленне іх функцый (пластычныя аперацыі, касметычныя аперацыі). Раны пры аперацыі хірургічнай, як правіла, зашываюць, склейваюць, радзей пакідаюць адкрытымі. Сучасная хірургія скіравана на распрацоўку найб. ашчаджальных для арганізма аперацый хірургічных на аснове выкарыстання найноўшых тэхн. дасягненняў. Да іх належаць аперацыі хірургічныя эндаскапічныя, тэлеэндаскапічныя, мікрахірургічныя.

Эндаскапічныя аперацыі робяць з выкарыстаннем спец. валаконнай тэхнікі (эндаскопаў), што дазваляе бачыць «на вока» структуры стрававальнага тракту, поласцевыя ўтварэнні. Некаторыя маюць прыстасаванні для выдалення паліпаў страўніка, кішэчніка, камянёў з мачавога пузыра і жоўцевывадных пратокаў, каб узяць кавалачак тканкі на мікраскапічнае даследаванне. Аперацыі тэлеэндаскапічныя базіруюцца на эндаскапічнай тэхніцы, дзе адлюстраванне выводзіцца на тэлеэкран, што дазваляе бачыць орган у 10—20 разоў павялічаны. Тэлевізійная камера праз праколы ў тканках уводзіцца ў орган. Пад яе кантролем уводзяць хірург. інструменты. Мікрахірургічныя аперацыі праводзяцца пад кантролем спец. двух-, трохакулярных аперацыйных мікраскопаў на дробных сасудах, пры рэплантацыі канечнасцяў, іх сегментаў, самых складаных аперацыях у хірургіі вока, перасадцы складаных скурна-падскурна-мышачных ласкутоў у пластычнай хірургіі пры лячэнні дэфектаў тканкі, астэаміэліту, пры стварэнні органаў (лячэнне транссексуалізму) і інш. Аперацыі пад кантролем тэлевізійных камп’ютэраў робяць на дробных структурах (жоўцевывадных шляхах, матачных трубах і інш. органах), якія ў павялічаным выглядзе перадаюцца на тэлевізійную ўстаноўку. На Беларусі такі метад выкарысталі І.М.Грышын і В.М.Стасевіч (1994).

І.М.Грышын.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМЫ́НЬ

(партуг. Макао),

тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц.г. Аамынь. Нас. 497 тыс. чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш. Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.

Тэр. Аамыня са стараж. часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.

Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сць тэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар. гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн. гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.

Ю.В.Ляшковіч, У.С.Кошалеў.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)