ПІРАКЛАСТЫ́ЧНЫЯ ПАРО́ДЫ, піракласты (ад грэч. pyr агонь + klaō ламлю, разбіваю),

абломкавыя горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку намнажэння выкінутага з жарала або асаджанага з вогненных хмар і лавін абломкавага матэрыялу (вулканічныя брэкчыі, туфы і інш.) у час вывяржэння вулканаў. Да П.п. адносяцца таксама адклады, якія ўтвараюцца пры зацвярдзенні гразевых патокаў, што суправаджаюць вулканічныя вывяржэнні. Пасля адкладання П.п. спякаюцца ці падвяргаюцца дыягенезу. На Беларусі П.п. ёсць у складзе вендскай (ратайчыцкая світа, базальтавыя туфы і інш.) і верхнедэвонскай (шчолачна-трахітавыя і трахітабазальтавыя туфы і інш.) вулканічных фармацыях платформавага чахла.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТФО́РМАВЫ ЧАХО́Л, асадкавы чахол,

верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУМАРО́ЛЫ (італьян. fumarola ад лац. fumus дым),

невялікія адтуліны і трэшчынкі на вулканічных конусах, па якіх уздымаюцца гарачая пара і газы. Адрозніваюць Ф. першасныя (выдзяляюцца з магмы) і другасныя (з незастылых лававых патокаў). Бываюць у кратэры, на схілах, каля падножжа вулкана. Састаў вывяржэнняў з Ф.: пара, хлорысты і фторысты вадарод, сярністы, серавадародны і вуглякіслы газы і інш., т-ра да 900 °C. Пры паніжэнні т-ры пары ў ёй раствараюцца спадарожныя газы, рэчывы бакавых парод трэшчын і ўтвараюцца фумарольныя тэрмы. З Ф. звязаны адклады галагенідаў, сульфатаў, самароднай серы і інш.

т. 16, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУКО́ЦКАЕ НАГО́Р’Е.

На Чукоцкім п-ве ў Чукоцкай аўт. акрузе Расіі, паміж Чаўнскай губой і Берынгавым пралівам. Даўж. каля 450 км, пераважаюць выш. да 500—700 м, макс. 1843 м (г. Ісходная). Сістэма моцна расчлянёных нізкагорных і сярэднягорных хрыбтоў і масіваў. Паўн. хрыбты складзены пераважна з пясчанікаў і сланцаў, прарваных гранітамі; на Пд пераважаюць вулканагенныя адклады. Радовішчы волава, ртуці, каменнага вугалю. Клімат суровы. Водападзел рэк бас. Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. На ніжняй ч. схілаў пераважна горныя тундры, на вяршынях арктычная горная пустыня. Ледавікі, снежнікі.

т. 17, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́РУС ГЕАЛАГІ́ЧНЫ,

падраздзяленне агульнай (міжнар.) стратыграфічнай шкалы, падпарадкаванае аддзелу геалагічнаму. Аб’ядноўвае адклады, якія ўтвараліся на Зямлі на працягу веку геалагічнага. Стратыграфічны аб’ём і межы Я.г. вызначаюцца тыповымі для яго комплексамі выкапнёвых рэшткаў жывёльных і расл. арганізмаў на ўзроўні родаў, падродаў і відаў. Я.г. падзяляецца на пад’ярусы і зоны (храназоны) стратыграфічныя. Назва ярусаў паходзіць ад назвы геагр. аб’екта, на тэрыторыі ці паблізу якога знаходзіцца яго стрататып. У фанеразоі ў інтэрвале кембрый — неаген вылучана 88 ярусаў, геал. ўтварэнні большасці з іх пашыраны на тэр. Беларусі.

С.​А.​Кручак.

т. 18, кн. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калькі́ты

(ад лац. calx, -lcis = вапна)

намнажэнне вуглякіслага кальцыю ў месцах выхаду насычаных кальцыем грунтавых вод (у азёрах, балотах, каля крыніц); прэснаводныя вапнавыя адклады.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,

чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.​І.​Мурчысанам і А.​Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.

Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).

Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.

На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б. ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ШЧАРДАЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я, на Пн Віцебскай вобл. (усх. частка Расонскага р-на) і ў Расіі (большая частка). На Беларусі мяжуе з Полацкай нізінай, працягнулася з Пн на Пд на 22 км, з 3 на У на 29 км. Пл. 650 км². Выш. 180—220 м, найб. 224 м (на ПнУ).

Прымеркавана да Латвійскай седлавіны. Магутнасць асадкавага чахла да 300 м. Вылучаны адклады валдайскай серыі верхняга дакембрыю (пясчаныя і пясчана-гліністыя), ардовіку (вапнякі, мергелі, даламіты), дэвону (стракатаколерная пясчана-гліністая тоўшча). Антрапагенавыя адклады (магутнасць 30—60 м) складзены з валунных супескаў і суглінкаў, участкаў маламагутнага покрыва водна-ледавіковых асадкаў. Фарміраванне ўзвышша звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення.

Сучасны рэльеф сярэднеўзгорысты і ўзгорыста-западзінны, ускладнены камамі і азёрнымі катлавінамі. Ваганні адносных вышынь 10—25 м. Марэнныя ўзгоркі складзены з валунных суглінкаў, супескаў, камавыя — з пяску з уключэннем жвіру і галькі. Трапляюцца озавыя грады з пяскоў, жвіру і валунна-галечнага матэрыялу з марэнным чахлом. Сярэднія т-ры студз. 8,4 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 629 мм за год. Н.ў. дрэніруюць р. Дрыса і яе правыя прытокі. Азёры Нешчарда, Усвечча, Валоба, Межава і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 40% тэрыторыі. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі на вяршынях і стромкіх схілах узгоркаў. Пераважаюць бары, субары, ельнікі, па далінах рэк і азёр з дамешкамі дубу. Па паніжэннях бярозавыя і альховыя лясы. Пад ворывам 15% тэрыторыі.

Нешчардаўскае ўзвышша ў Расонскім раёне Віцебскай вобл.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПнУ Беларусі ў Віцебскай вобл., частка на тэр. Смаленскай вобл. (Расія). Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Мяжуе з Гарадоцкім узв. на З і Віцебскім узв. — на Пд. Выш. 150—160 м. Пл. каля 900 км².

Прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У асадкавай тоўшчы вылучаны магутныя (да 1500 м і болей) адклады верхняга дакембрыю (пяскі, пясчанікі, алеўрыты, гліны), дэвонска-каменнавугальнага (да 200 м; вапнякі, даламіты, мергелі, гліны) і юрска-антрапагенавага (да 190 м; мел, мергелі, пяскі, супескі, гліны) комплексаў. Фарміраванне паверхні С.н. звязана з акумуляцыйнай і абразійнай дзейнасцю Суражскага прыледавіковага вадаёма, які існаваў у браслаўскі стадыял паазерскага зледзянення. Пазней вадаём быў спушчаны ракой Зах. Дзвіна каля г. Віцебск. Нізіна запоўнена азёрна-ледавіковымі глінамі і алеўрытамі, на ўскраінах пашыраны флювіягляцыяльныя адклады (жвір, пяскі, супескі), у асобных месцах марэнныя суглінкі. Карысныя выкапні: лёгкаплаўкія гліны, даламіт, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

Паверхня пласкахвалістая з эолавымі ўзгоркамі і парабалічнымі дзюнамі, лагчынамі, азёрнымі катлавінамі. Адносныя перавышэнні рэльефу 2—3 м, да 10 м (дзюнны рэльеф). Нізіну дрэніруюць р. Зах. Дзвіна з прытокамі Каспля, Усвяча з Аўсянкай. Даліны маюць па 2—3 эразійна-акумулятыўныя тэрасы. Найб. азёры Вымна, Цёста, Сясіта. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-глеістыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам каля 30%, лясы хваёвыя, асінавыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дамешкі ясеню, клёну, ліпы і інш. Балоты вярховага тыпу. Пад ворывам да 20%. У межах С.н. біял. заказнік Запольскі.

т. 15, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЯ́САВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), трыяс (ад грэч. trias тройца, траістасць),

першая (ніжняя) сістэма мезазойскай эратэмы (эры). Адпавядае ранняму перыяду мезазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду), папярэднічае юрскай сістэме (перыяду). Пачалася каля 250 млн. г. назад, доўжылася каля 50 млн. г. Адклады Т.с.(п.) упершыню вылучаны ням. геолагам А. фон Альберці ў 1834 у Альпах. Падзяляецца на 3 аддзелы і 7 ярусаў (індскі і алянёцкі — ніжні аддзел; анізійскі і ладзінскі — сярэдні аддзел; карнійскі, нарыйскі і рэцкі — верхні аддзел). У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме трыясавых адкладаў Беларусі вылучаны таксама світы і падсвіты.

У трыясавы перыяд пашырылася пл. сушы мацерыкоў Лаўразіі ў Паўн. і Гандваны ў Паўд. паўшар’ях, на якіх пераважалі кантынентальныя ўмовы асадканамнажэння з утварэннем адкладаў: стракатакаляровых пясчана-гліністых (Усх.-Еўрапейская платформа), гіпсаносных (Сярэдняя Еўропа), саляносных (Паўн. Афрыка), вугляносных (Аўстралія, Паўд. Амерыка). Вулканічныя ўтварэнні былі пашыраны на Урале, у Казахстане, Сярэдняй Азіі, на Сібірскай платформе (трапавая фармацыя). Марскія вадаёмы з карбанатным асадканамнажэннем існавалі пераважна ў геасінклінальных абласцях; акіян Тэціс (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс), басейны Паўн. Амерыкі (Кардыльеры), Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыкі. З адкладамі трыясу звязаны радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, гіпсу, каменнай солі, баксітаў, кааліну, медзістых пясчанікаў, уранавых руд і інш. Клімат у раннім і сярэднім трыясе быў пераважна гарачы, сухі, у познім трыясе — вільготны. Арганічны свет характарызуецца росквітам жывёльнага свету сушы, асабліва паўзуноў (дыназаўры), земнаводных (стэгацэфалы), насякомых (жукі. стараж. прамакрылыя); у канцы перыяду — касцістых рыб і прымітыўных млекакормячых (яйцародныя і сумчатыя). У прэснаводных вадаёмах былі членістаногія (астракоды, філаподы), у марскіх басейнах — разнастайныя малюскі, асабліва галаваногія (цэратыты). У расл. свеце на ўсіх кантынентах былі пашыраны дзеразападобныя. у канцы перыяду — голанасенныя (бенетытавыя, цыкадавыя, гінкгавыя і інш.), у морах — рыфаўтваральныя водарасці, у прэснаводных вадаёмах — харавыя.

На тэр. Беларусі адклады Т.с.(п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне. У Прыпяцкім прагіне яны (магутнасцю 300—500 м, месцамі больш за 1000 м) прадстаўлены ніжняй пясчанай і верхняй гліністай тоўшчамі. У ніжняй тоўшчы вылучаны выступовіцкая (пяскі, гліны, кангламераты) і каранёўская (пяскі, пясчанікі з аалітамі) світы ніжняга аддзела. Верхняя тоўшча падзяляецца (знізу ўверх) на мазырскую (алеўраліты, гліны, мергелі) світу ніжняга аддзела, калінкавіцкую (гліны, пяскі) і нараўлянскую (стракатакаляровыя гліны з праслоямі пясчаніку і алеўраліту, месцамі вапняку) світы сярэдняга аддзела; валаўскую (каалінізаваныя гліны і пяскі) світу верхняга аддзела. У Брэсцкай упадзіне трыясавыя адклады (магутнасцю 40—50 м) прадстаўлены воўчынскай (цагельна-чырвоныя гліны) і новагалянскай (гліны, пяскі, пясчанікі) світамі ніжняга аддзела.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология Беларуси. Мн., 2001.

С.​А.​Кручак.

т. 16, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)