тэрыторыі, што вылучаюць вакол крыніц водазабеспячэння, водазабораў, лекавых вод і інш. для аховы іх ад забруджвання. У іх устанаўліваецца спец. ахоўны сан. рэжым з мэтай папярэджання забруджвання хім. рэчывамі (у т. л. радыеактыўнымі), засмечвання, заражэння хваробатворнымі арганізмамі, ад сцёкавых вод і інш. З.с.а. строгага рэжыму агароджваюць, акружаюць палосамі водаахоўных лясных насаджэнняў, забяспечваюць ахову, у іх забаронены буд-ва, горныя, зямельныя работы і інш.У зоне паласы абмежаванняў З.с.а. праводзяцца пасадкі зялёных насаджэнняў, пратрымліваюцца строгага сан. рэжыму, але дазваляюцца некат. віды прыродакарыстання, у т. л. абмежаванае буд-ва. У абедзвюх палосах З.с.а. забаронена буд-ва паглынальных калодзежаў і свідравін для скідвання сцёкавых вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫХ ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,
сістэма паняццяў, якая ўвасабляе пэўны аспект сац. рэальнасці ў лагічна несупярэчлівай, рацыянальнай, індывідуалізаванай форме. Распрацавана ням. сацыёлагам М.Веберам, які лічыў, што І.т.т. не з’яўляецца адэкватным узнаўленнем рэчаіснасці, але выражае яе істотныя ўзаемасувязі і тэндэнцыі развіцця. Лагічная пабудова тэорыі ажыццяўляецца шляхам мысленнага давядзення пэўных элементаў сац. рэальнасці да іх «поўнага выражэння» пры дапамозе інтэгравання дыскрэтна існуючых з’яў у «адзіным вобразе». Такімі, напр., з’яўляюцца сканструяваныя Веберам ідэальна-тыповыя мадэлі сац. дзеяння: мэтарацыянальнае, каштоўнасна-рацыянальнае, афектыўнае, традыцыйнае, а таксама тры мадэлі ўлады: традыцыйная, легальная (дэмакратычная), харызматычная. І.т.т. стварае логіка-тэарэт. і метадалагічныя перадумовы для навук., перш за ўсё сацыялагічнага пранікнення ў сутнасць сац. працэсаў і з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац inter паміж + сексуальнасць),
наяўнасць у раздзельнаполых арганізмаў прыкмет абодвух полаў. Гэтыя прыкметы развіты няпоўна, маюць прамежкавы характар і ў адрозненне ад гінандрамарфізму праяўляюцца сумесна на адных і тых жа ч. цела асобін. Эмбрыянальнае развіццё такога інтэрсексу пачынаецца нармальна, але з пэўнага моманту працягваецца па тыпе інш. полу. Можа ўзнікнуць як вынік генет. заган развіцця (зіготная І.) або пры парушэнні работы залоз унутр. сакрэцыі (гарманальная І.). Розныя формы І., ці т.зв. псеўдагермафрадытызму, якія зрэдку выяўляюцца ў чалавека, могуць выклікацца парушэннем нармальнай колькасці палавых храмасом. Гарманальная І. узнікае ў зыходна разнаполых жывёл пры зменах у эндакрыннай сістэме. Яе можна выклікаць кастрацыяй жывёлы і перасадкай ёй палавой залозы інш. полу. Гл. таксама Гермафрадытызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Ягор Пятровіч [18.2.1809) (па інш. крыніцах, 1811),
с. Ярошаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 2.10.1868], расійскі падарожнік і пісьменнік. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1857, чл.-кар. 1856). Скончыў Харкаўскі ун-т (1828). Даследаваў Паўн.Усх. Афрыку (1847—48), адзін з першых вызначыў дакладнае геагр. становішча вытокаў Белага Ніла. Друкавацца пачаў як паэт (1832), пісаў таксама раманы і аповесці, аленайб. вядомасць меў як аўтар нарысаў аб паездках у Сярэднюю Азію, Афрыку, па Пд Еўропы і інш. Склаў апісанне Манголіі і Кітая («Падарожжа ў Кітай», ч. 1—2, 1853) на аснове матэрыялаў, якія сабраў у час падарожжаў у Пекін (1849—50 і 1851).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́Ну музыцы,
неперарыўная імітацыя, пры якой у імітуючых галасах (рыспостах) паўтараюцца не толькі пачатковая меладыйная пабудова, але і наступныя раздзелы голасу, які ўступіў першым (прапосты). К. — адначасовае правядзенне адной і той жа мелодыі ў розных галасах пры спозненым уступленні кожнага з іх. Найб. пашыраны 2 і 3-галосыя К. (сустракаюцца і з большай колькасцю галасоў). Асобная разнавіднасць — бясконцы К., які вяртаецца да свайго пачатку. Вядомы з 12 ст., шырока развіты кампазітарамі нідэрландскай поліфанічнай школы ў эпоху Адраджэння, вышэйшага росквіту дасягнуў у творчасці І.С.Баха. Выкарыстоўваецца многімі бел. кампазітарамі, найб. паслядоўна А.Багатыровым і Я.Глебавым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРДА́НС (франц. contredanse ад англ. country dance літар. вясковы танец),
старадаўні англійскі парна-масавы танец. Упершыню ўпамінаецца ў л-ры пад 1579. Выконваецца любой колькасцю пар, якія ўтвараюць круг або 2 процілеглыя лініі. Муз. памеры 2/4 і 6/8. У 18—19 ст. пашыраны ў Еўропе, у т. л. ў Расіі. Яго шматлікія разнавіднасці: кадрыля, гросфатэр, экасез, англез, тампет, лансье, катыльён, матрэдур і інш.Асн. рухі: слізготны крок, балансе, па дэ баск і інш. Мелодыі К. выкарыстоўвалі кампазітары як тэмы варыяцый, у балетах — як заключны нумар (Л.Бетховен, Ж.Ф.Рамо і інш.). У 19 ст. страціў папулярнасць, але захаваўся ў нар. побыце (Англія, Шатландыя); у 20 ст. адраджаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН ЮВЭ́Й (19.3.1858, пав. Наньхай, прав. Гуандун, Кітай — 31.3.1927),
кітайскі паліт. дзеяч і сац. філосаф. Апіраўся на ідэі канфуцыянства, але імкнуўся да мадэрнізацыі краіны і ўвядзення канстытуцыйнай манархіі. У 1898 заснаваў партыю рэформ Баахагой (Саюз абароны дзяржавы). Падтрыманы маладой кіт. інтэлігенцыяй і імператарам Гуансюем, у час «ста дзён рэформ» 1898 адм. шляхам праз выданне ўказаў ад імя імператара зрабіў спробу рэалізаваць праграму рэформ (удасканаленне дзярж. апарата, сістэмы асветы, рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы і інш.). Пасля задушэння рэфарматарскага руху імператрыцай Цысі эмігрыраваў. Як прыхільнік манархіі выступаў супраць рэвалюцыі 1911—13. Аўтар трактата «Кніга аб Вялікім Яднанні» (1887), у якім даў утапічную канцэпцыю будучага свету, дзе, на яго думку, не будзе месца прыватнай уласнасці і сац. няроўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦЕ́ЧНІЦА,
агнястрэльная зброя 2-й пал. 19 ст. Інтэнсіўнасць стральбы (да 600 стрэлаў за мінуту) дасягалася за кошт павелічэння колькасці ствалоў (да 25) і паскарэння працэсу зараджання праз ужыванне унітарнага патрона. Прататып К. — арган выкарыстоўвалі ў 16—18 ст. у Еўропе, у т. л. на Беларусі. Розныя сістэмы К. ствараліся і меліся на ўзбраенні ў ЗША (у час грамадз. вайны 1861—65), у Францыі, Швецыі, Расіі і інш. Іх калібр ад 11—12 да 25,4 мм, маса 25-ствольнай К. дасягала 800 кг. Былі папярэдніцамі аўтаматычнай зброі, але іх механізмы зараджання і стральбы прыводзіліся ў дзеянне мускульнай сілай чалавека. Зняты з узбраення ў сувязі з вынаходніцтвам і распаўсюджаннем кулямёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],
рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш.Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр.неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ШЫЦ (Язэп) (1795, каля Пінска — 1868),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У 1811 паступіў у Віленскі ун-т, але пакінуў навучанне і ўступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Удзельнічаў у вайне 1812 на баку Напалеона. У 1830 абраны маршалкам шляхты. У 1831 узначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім пав. У сваім маёнтку стварыў паўстанцкі атрад. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля в. Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мяст. Беліца; у Навагрудку раззброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 24.7.1831 атрад злучыўся з корпусам Г.Дэмбінскага і перайшоў на тэр. Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю.