ВАШКЕ́ВІЧ Аляксандр Аляксандравіч (28.8.1901, в. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.4.1945),
Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1945). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну з лют. 1943 на Варонежскім, Сцяпным 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. палка падпалк. Вашкевіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра. У ноч на 27.9.1943 каля в. Перавалочная Кішэнькаўскага р-на Палтаўскай вобл. полк пераправіўся, замацаваўся на плацдарме і паспяхова працягваў наступленне. У складзе 2-й арміі Войска Польскага ў жн. 1944 камандаваў пях. дывізіяй. Загінуў у час Берлінскай аперацыі 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РБУНКАШ (венг. verbunkos ад ням. Werbung вярбоўка),
1) венгерскі танец; папярэднік чардаша. Узнік у 2-йпал. 18 ст. У яго аснове — мужчынскі танец вербунк (выконваўся пры вярбоўцы рэкрутаў).
2) Стыль венг.нар. і прафес. музыкі ў канцы 18—19 ст.Муз. асаблівасці звязаны з традыцыяй віртуознага, пераважна цыганскага скрыпічнага выканальніцтва. Вылучаецца эмацыянальнай мелодыкай і рытмічнай разнастайнасцю (узор «Ракацы-марш» невяд. аўтара). Сярод майстроў вербункаша — кампазітары і скрыпачы-віртуозы Я.Біхары, Я.Лавата, А.Чэрмак. Стыль вербункаша ўвасоблены ў творах І.Брамса, Ф.Ліста, Ф.Эркеля, Б.Бартака, З.Кодая і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДАМІ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-йпал. 19 ст. ў в. Вердамічы (Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Пл. каля 12 га. Парк пейзажнага тыпу. Цэнтрам яго кампазіцыі быў палац (не захаваўся). Тэрыторыя парку абнесена мураванай сцяной. Ад уязной брамы разыходзяцца цэнтр. і кальцавая алеі. У кампазіцыі парку выкарыстаны прыёмы паступовага раскрыцця пейзажу, кантрасту, улічаны асаблівасці афарбоўкі дрэў у розныя поры года, формы кроны, хуткасць росту і інш. Растуць дуб шарлахаўскі, клёны (чырвоны, серабрысты, ясенялісты), явар і яго пурпуровая форма, хвоя веймутава, лістоўніца (еўрапейская, польская), туя заходняя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛІЯ (Westfalen),
гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-йсусв. вайны ў складзе створанай у брыт.акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНЫ АГО́НЬ,
агонь, які запальваюць і падтрымліваюць на памятных месцах, як сімвал увекавечання памяці тых, хто загінуў, на месцах бітваў, каля помнікаў, манументаў, курганоў Славы, Памяці, Бессмяротнасці, на брацкіх могілках і мемарыяльных могілках воінаў, партызан, ахвяр фашызму. Упершыню запалены ў 1920 у Парыжы на магіле Невядомага салдата 1-йсусв. вайны. На Беларусі вечны агонь гарыць каля манументаў Перамогі ў Мінску і Віцебску, у Брэсцкай крэпасці-героі, каля помнікаў Памяці ахвяр фашызму лагераў смерці Трасцянец, Масюкоўшчына (Мінскі р-н), у мемарыяльных комплексах Хатынь (Лагойскі р-н) і інш. населеных пунктах, а таксама на месцах памятных падзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЖ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял. князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-йпал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬКІ́ЦКІ Барыс Андрэевіч (3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),
рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І.Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-йсав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміж Паўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
грамадска-паліт. газета. Выдавалася штодзённа з 1(14).7.1912 да 16(29) 4.1917 у Віцебску на рус. мове. Была рупарам мясц. арг-цыі Саюза рускага народа і правых акцябрыстаў. Выдавалася на ўрадавыя сродкі. Друкавала афіц. ўрадавыя матэрыялы, агляды рус. газет і часопісаў, хроніку, аб’явы. Лічыла Беларусь спрадвечным рускім краем з мясц. асаблівасцямі. У гады 1-йсусв. вайны прапагандавала патрыят. погляды. Пасля Лют. рэв. 1917 перайшла на памяркоўна-ліберальную пазіцыю. Публікавала этнагр. даследаванні Е.Раманава, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, гіст.-краязнаўчы нарыс А.Сапунова «Французы ў Віцебску» і інш. творы мясц. аўтараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-йпал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШКО́Ў Сяргей Георгіевіч (26.2.1910, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 1988),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1967), двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1982). Скончыў Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1931), курсы пры Ваенна-марской акадэміі (1941). З 1932 на Ціхаакіянскім, з 1939 на Чарнаморскім флоце. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, з ліст. 1942 каманд. 47-й арміяй, у 1943—48 — Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, эскадрай Чарнаморскага флоту. У 1948—55 нач. штаба і каманд. Чарнаморскім флотам. У 1956—85 галоўнакаманд. ВМФ, нам. міністра абароны СССР. Дзярж. прэмія СССР 1980, Ленінская прэмія 1985.