КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭ́ННЯХ,
адзіны сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адм. правапарушэннямі і прыцягненнем за іх да адказнасці. Прыняты Вярх. Саветам БССР 6.12.1984 і ўведзены ў дзеянне з 1.6.1985. Дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Складаецца з 5 раздзелаў (32 главы, больш за 300 артыкулаў). У Кодэксе выкладзены задачы заканадаўства аб адм. правапарушэннях і мерах па іх прадухіленні; сфармуляваны паняцці адм. правапарушэння і адм. спагнання, вызначаны ўмовы і акалічнасці, пры якіх настае адм. адказнасць; пералічаны канкрэтныя віды адм. правапарушэнняў і адм. спагнанняў за кожнае з іх у розных сферах дзярж., грамадскай і гасп.дзейнасці; вызначаны органы і службовыя асобы, правамоцныя разглядаць справы аб адм. правапарушэннях, іх падведамаснасць і кампетэнцыя; рэгулююцца пытанні вытворчасці па справах аб адм. правапарушэннях і выканаўчага вядзення іх; вызначаны парадак і формы фіксацыі фактаў адм. правапарушэнняў, службовых асоб, правамоцных гэтым займацца, і меры, з дапамогай якіх забяспечваецца вытворчасць па справах аб адм. правапарушэннях; рэгламентуюцца правы і абавязкі правапарушальнікаў і інш. асоб, якіх прыцягваюць да разгляду спраў, і парадак іх разгляду адпаведнымі органамі, замацоўваюць права на абскарджанне і апратэставанне іх рашэнняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг.дзейнасцікамуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),
украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл.Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс.чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам.дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ ДО́ШКА,
пліта (звычайна з каменю, металу) з надпісам і выявай (рэльеф, гравіроўка), якая ўвекавечвае памяць пра выдатную асобу ці знамянальную падзею. Устанаўліваецца звычайна на фасадах, радзей у інтэр’ерах будынкаў. М.д. вядомы ў Стараж. Рыме. З 19 ст. пашыраны ў многіх краінах Зах. Еўропы, у т. л. на Беларусі (А.Міцкевічу ў Навагрудку, У.Сыракомлі ў касцёле езуітаў у Нясвіжы). Шмат М.д. устаноўлена ў 1960—90-я г. (В.І.Казлову і інш.). Для ўзбагачэння маст. вобраза ў кампазіцыю М.д. часта ўключаюць выявы-сімвалы віду дзейнасці асобы, якой яны прысвечаны: капітэль іанічнага ордэра на М.д. архітэктару У.А.Каралю, фрагмент габелена на дошцы А.Кішчанку, кніга на дошцы Міколу Гусоўскаму, форму разгорнутай кнігі маюць М.д. пісьменнікам П.Глебку, А.Куляшову, М.Лынькову, А.Пашкевіч (Цётцы); у выглядзе дрэва — І.Мележу, партрэтнай выявы мастака з палітрай В.Цвірку, тэатр. заслоны на М.д. П.Малчанаву, Л.Александроўскай, Л.Ржэцкай, Г.Глебаву, Б.Платонаву; выява цымбалаў на М.д. Р.Шырме; і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛО́ГІКА (ад мета... + логіка),
галіна логікі, у якой сродкамі метатэорыі вывучаюцца будова і ўласцівасці розных фармальна-лагічных сістэм і логікі ў цэлым. Узнікла ў сувязі з даследаваннямі асноў дэдуктыўных навук (асабліва матэматыкі). У вузкім сэнсе М. ўключае 3 часткі: лагічны сінтаксіс (гл.Сінтаксіс у логіцы), у якім даследуюцца структурныя ўласцівасці фармальных тэорый, правілы пабудовы і пераўтварэння выразаў, што прыняты ў розных сістэмах злічэння; семантыка лагічная, у якой вывучаюцца сэнс і значэнне выразаў мовы і правілы інтэрпрэтацыі лагічных злічэнняў; лагічная прагматыка, што раскрывае спосабы і шляхі практычнага выкарыстання суб’ектамі фармальных тэорый. У шырокім сэнсе да М. адносяць усе патрабаванні да пабудовы фармальных сістэм (гл.Фармалізацыя) і ўжывання аксіяматычнага метаду, агульныя правілы дэдукцыі, вываду і доказу, тэорый вызначальнасці паняццяў, мадэлей, сапраўднасці ў фармалізаваных мовах і інш. У рамках М. вывучаюцца таксама праблемы ўзаемаадносін паміж т.зв. экстэнсіянальнымі і інтэнсіянальнымі мовамі (гл.Семіётыка), сэнсавыя адносіны і псіхал. аспекты звычайных змястоўных разважанняў, пытанні мадэліравання інтэлектуальнай дзейнасці чалавека. Ідэі і метады М. выкарыстоўваюць таксама ў даследаваннях законаў разважання, у прыродазнаўчых тэорыях. Праблемы М. распрацоўваюцца ў творах Г.Фрэге, Д.Гільберта, К.Гёдэля, А.Тарскага, А.Чорча, Р.Карнапа, П.С.Новікава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,
адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ ПА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́КАХ АДДЗЕ́Л НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
рэспубліканскі цэнтр навук. інфармацыі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.Засн. ў 1971 на базе сектара зарубежнай гістарыяграфіі Беларусі (з 1968) Ін-та гісторыі АНБССР, да 1992 Аддзел навук. інфармацыі па грамадскіх навуках. Сектары (1999): інфармацыі па айч. гуманітарных навуках; інфармацыі па замежных гуманітарных навуках; аўтаматызацыі інфарм.дзейнасці. Асн. кірункі працы: выданне аператыўных тэматычных, інфарм.-аналітычных і рэфератыўных зб-каў па айч. і замежных гуманіт. і сац. навуках; бягучая навуковая, ідэйна-паліт., сац.-эканам. і прагнастычная інфармацыя, якая датычыцца грамадазнаўчых і гуманіт. навук Рэспублікі Беларусь. З 1972 выдаваў «Навукова-рэфератыўны бюлетэнь (айчынная літаратура)» (105 вып.), з 1990 выдае навук.рэфератыўныя і тэматычныя зб-кі: «Культура і асоба: сацыякультурныя даследаванні ў Беларусі 1979—1990 гг.» (1990), «Права быць чалавекам», «Незалежнасць Беларусі: Актуальныя праблемы — шляхі іх вырашэння» (абодва 1993), «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «Свет. Развіццё. Справядлівасць (Матэрыялы агульнапалітычнай дыскусіі на 49-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН)», «Беларусь: гістарычны лёс народа і культуры» (абодва 1995), «Палітычныя партыі Беларусі», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі», «Еўропа сёння і заўтра» (усе 1996), «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі. Вып. 2» (абодва 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ АРТЫ́СТ СССР,
ганаровае званне, якое прысвойвалася да 1991 Прэзідыумам Вярх. Савета СССРнайб. выдатным дзеячам мастацтва народаў СССР за асаблівыя заслугі ў галіне развіцця культуры, мастацтва, за выдатныя дасягненні і высокае майстэрства ў прафес.дзейнасці. Устаноўлена Пастановай ЦВКСССР ад 6.9.1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ІНТАРЭ́СЫ,
інтарэсы дзяржавы, супольнасці або групы, аб’яднанай спецыфічнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі генет. і культ. аднароднасці. Разнастайныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя патрэбнасці, матывы і стымулы дзейнасцінац. супольнасцей ва ўзаемаадносінах паміж народамі трансфармуюцца ў Н.і. Яны, у сваю чаргу, аб’ектывуюцца ў праграмах нац. руху, дзярж. палітыцы і ў інш. формах. Н.і. функцыянуюць на асобасным, надасобасным і групавым узроўнях і характарызуюцца складанай структурай, якая вызначаецца спецыфічным палажэннем нац. супольнасцей у сістэме грамадскага жыцця ў якасці суб’ектаў калект. свядомасці і псіхалогіі, культуры, традыцый, мовы, самавызначэння. У структуру асаблівых патрэб нац. суб’екта ўключаюцца прадметныя і духоўныя каштоўнасці, што ўвайшлі ў нац. свядомасць, спосаб і стыль жыцця (экалагічна чыстае прыроднае асяроддзе, месца ў падзеле працы, генет. і гіст., культ. і лінгвістычныя сувязі, ідэйная блізкасць і інш.). Вылучаюць эканам., паліт., дзярж., тэрытарыяльныя, культ. і інш. разнавіднасці Н.і. Часам яны аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, у агульныя Н.і., якія падпарадкоўваюцца важнай нац. мэце. Для Беларусі нац. прыярытэтам з’яўляюцца: умацаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, братнія адносіны з Расіяй і інш. народамі, захаванне міру і стабільнасці ў міжнар. адносінах, абарона правоў грамадзян краіны, сац. справядлівасці, развіццё бел.нац. самасвядомасці, мовы і культуры. Гл. таксама Нацыянальная бяспека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ МАРА́ЛЬНЫЯ,
формы маральнай свядомасці, а таксама прынцыпы, правілы маральных адносін і паводзін індывіда ў сферах грамадскай дзейнасці. Гэта спецыфічныя формы ўзгаднення свабоды (волевыяўлення) асобы з грамадскімі патрэбамі, інтарэсамі і воляй пэўных сац. супольнасцей (груп, слаёў, калектываў і інш.). Як форма маральнай свядомасці Н.м. праяўляюцца ў выглядзе маральных патрабаванняў, якія аднолькава датычаць усіх людзей і прадугледжваюць безумоўнае іх выкананне. Бываюць вусныя (не маюць устойлівага моўнага афармлення) і пісьмовыя, напр., «Дзесяць запаведзей» Бібліі («Шануй бацькоў сваіх», «Не забі», «Не ўкрадзі» і інш.), шматлікія «кодэксы гонару» (напр., афіцэрскія) і інш. Як прынцыпы маральных адносін Н.м. ўяўляюць правілы паводзін, якія пастаянна ўзнаўляюцца ў аднатыпных учынках людзей як маральны закон, звычай. Падпарадкаванне Н.м. асобнага чалавека заснавана на ўздзеянні грамадскай думкі, шматлікіх прыкладаў і інш. форм грамадскай волі, якія выяўляюцца ў норавах пэўнага грамадства, дысцыпліне. Н.м. класіфікуюць па аналогіі з нормамі сацыяльнымі.
Літ.:
Предмет и система этики. М.;
София, 1973;
Сорокин П.А. Нормативная ли наука этика и может ли она ею быть? // Этическая мысль, 1990. М., 1990;
Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян: Пер. с лат.М., 1994;