раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці дыскрэтных структур (гл.Дыскрэтнасць). Частка Д.м., якая вывучае канечныя структуры (напр., канечныя групы, графы, машыны Цюрынга), наз.канечнай матэматыкай. У пашыраным сэнсе Д.м. падзяляецца на тэорыю лікаў, выліч. матэматыку, матэм. логіку, камбінаторны аналіз, а таксама новыя кірункі даследаванняў — тэорыю графаў, тэорыю кадзіравання, цэлалікавае праграмаванне, тэорыю аўтаматаў, раскладаў, ЭВМ, праграмавання і інш., у якіх аб’екты даследаванняў маюць дыскрэтны характар.
Элементы Д.м. ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і развіваліся паралельна з інш. раздзеламі матэматыкі. Напр., тагачасныя тыповыя задачы, звязаныя з уласцівасцямі цэлых лікаў (вытокі лікаў тэорыі): адшуканне алгарытмаў складання і множання натуральных лікаў (Егіпет, 2-е тыс. да н.э.), задачы падсумавання і падзельнасці натуральных лікаў у піфагарэйскай школе (6 ст. да н.э.). На практыцы найчасцей адначасова прысутнічаюць уласцівасці неперарыўнасці і дыскрэтнасці, канечнасці і бясконцасці; пры рашэнні канкрэтных задач шырока выкарыстоўваецца прыём замены неперарыўнай мадэлі яе дыскрэтным аналагам. У Д.м. разам з пабудовай алгарытмаў рашэння асобных задач выяўляюцца пытанні алгарытмічнай вырашальнасці, ацэнкі вылічальнай складанасці алгарытмаў, выяўлення цяжкавырашальных задач і інш.
На Беларусі даследаванні па пытаннях Д.м. распачаты ў канцы 1950-х г. па ініцыятыве акад. Дз.А.Супруненкі і вядуцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН і БДУ.
Літ.:
Яблонский С.В. Введение в дискретную математику. М., 1979;
Рейнгольд Э., Нивергельт Ю.;
Део Н. Комбинаторные алгоритмы: Теория и практика: Пер. с англ.М., 1980;
Пападимитриу Х.Х., Стайглиц К. Комбинаторная оптимизация: Алгоритмы и сложность: Пер. с англ.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,
гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.
Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).
Літ.:
Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁД (лац. Iodum),
I, хімічны элемент VII групыперыяд. сістэмы, ат. н. 53, ат. м. 126,9045, адносіцца да галагенаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 127І. У зямной кары 4∙10−5% па масе, уласныя мінералы (напр., ёдаргірыт AgI) сустракаюцца рэдка. Прамысл. колькасць Ё. маюць падземныя воды нафтавых і газавых радовішчаў (0,01—0,1 кг/м³), салетравых адкладаў (да 1%). Мікраэлемент неабходны для жыццядзейнасці жывёл і чалавека. Адкрыты ў 1811 франц. хімікам-тэхнолагам Б.Куртуа.
Ё. — чорна-фіялетавыя крышталі з метал бляскам, tпл 113,5 °C, шчыльн. 4940 кг/м³ (20 °C). Лёгка ўтварае фіялетавую пару (адсюль назва — грэч. iōdēs фіялетавы), пры награванні сублімуе. Раствараецца ў бензоле, этаноле, эфіры, серавугляродзе, водных растворах ёдыдаў металаў; дрэнна — у вадзе. З кіслародам, серай, азотам непасрэдна не рэагуе. З фторам, хлорам, бромам утварае міжгалагенныя злучэнні (напр., Ё. пентафтарыд IF5, цяжкая вадкасць, шчыльн. 3210 кг/м³, Ё. трыхларыд ICl3, жоўтыя крышталі, раскладаюцца пры 64 °C), з водным растворам аміяку — выбуховы ёдзісты азот NI3. Вядомы шэраг кіслародзмяшчальных злучэнняў Ё. (напр., пентааксід дыёду I2O5, бясколерныя крышталі, раскладаюцца пры 300 °C; ёднаватая кіслата і інш.). Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам (гл.Ёдзісты вадарод) і многімі металамі. Атрымліваюць з буравых вод акісленнем ёдыдаў хлорам. Выкарыстоўваюць для ёдыднага рафінавання металаў (тытану, цырконію і інш.), як каталізатар у арган. сінтэзе, у медыцыне як антысептык і антытырэоідны сродак, радыеактыўныя ізатопы (125I, 131I, 132I) для дыягностыкі і лячэння захворванняў шчытападобнай залозы. Атрутны, пара раздражняе слізістыя абалонкі, ГДК у паветры 1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕРСО́ЎНАСЦЬ ВАЛЮ́ТЫ магчымасць абмену грашовай адзінкі дадзенай краіны на валюты інш. краін. Усе валюты ўмоўна падзяляюцца на 3 групы: свабодна і часткова канверсоўныя, неканверсоўныя (замкнёныя). Свабодна канверсоўнай (СКВ) яна з’яўляецца тады, калі адсутнічаюць заканад. абмежаванні на правядзенне валютных здзелак па розных відах аперацый (гандлёвых, негандлёвых, руху капіталу). Часткова канверсоўнай лічацца валюты тых краін, дзе існуюць колькасныя абмежаванні або спец. дазволеныя працэдуры на абмен валюты па асобных відах аперацый або для розных суб’ектаў валютных здзелак. Неканверсоўнай з’яўляецца валюта, калі краіна забараняе яе свабодны абмен, нягледзячы на тое, што банкі праводзяць розныя абменныя аперацыі. Ступень К.в. знаходзіцца ў залежнасці ад эканам. патэнцыялу краіны, аб’ёму яе знешнеэканам. дзейнасці, устойлівасці ўнутр. грашовага абарачэння, ступені развіцця нац. рынкаў і інш. фактараў. Яна патрабуе ад цэнтр.нац. банка краіны прыняцця пастаянных мер для ўтрымання на вызначаным узроўні курса сваёй валюты. Калі рынак адчуе незабяспечанасць дадзенай валюты, ён стане яе «скідваць», ствараючы небяспеку значнага яе прытоку да банка-эмітэнта, які пры гэтым мае магчымасць патраціць запасы цвёрдых валют і інш. валютных каштоўнасцей, у прыватнасці золата, на скупку уласнай валюты. Са 150 краін-членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) толькі каля 10 валодаюць поўнасцю К.в. (ЗША, Канада, Японія і шэраг краін Зах. Еўропы), каля 50 маюць валюту абмежаванай канверсоўнасці. Наяўнасць К.в. стварае магчымасць расплачвацца з замежнымі краінамі грашовымі адзінкамі дадзенай краіны, не залежаць ад заробкаў замежнай валюты, пашырае магчымасці прасоўвання тавараў на рынках, спрашчае разлік, уніфікуе паказчыкі ўнутр. і знешніх расходаў (даходаў), паляпшае іх супараўнальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЁЎ (Сяргей Паўлавіч) (12.1.1907, г. Жытомір, Украіна — 14.1.1966),
савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1930) і адначасова Маскоўскую школу лётчыкаў. З 1927 працаваў у авіяц. прам-сці. Адзін з арганізатараў, з 1932 нач.Групы вывучэння рэактыўнага руху, дзе ствараліся першыя сав. вадкасныя ракеты і праводзіліся іх выпрабаванні. З 1933 нам. дырэктара Рэактыўнага НДІ, з 1934 кіраўнік аддзела ракетных лятальных апаратаў. У 1942—46 нам.гал. канструктара па рэактыўных устаноўках для баявых самалётаў. Канструктар першых сав. шматступеньчатых балістычных ракет і ракетна-касм. сістэм, з дапамогай якіх запушчаны першы ў свеце ШСЗ, аўтам. міжпланетныя станцыі «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны і запушчаны арбітальныя касм. караблі «Усход» і «Узыход», ажыццёўлены першы ў свеце касм. палёт чалавека (12.4.1961, Ю.А.Гагарын) і выхад чалавека ў космас (18.3.1965, А.А.Лявонаў), вывад на арбіту спадарожнікаў рознага прызначэння ( «Электрон», «Маланка-1», «Космас», «Зонд» і інш.). Рэпрэсіраваны ў 1938—44; знаходзіўся ў зняволенні на Калыме (1938-40); потым працаваў у КБ у Маскве (1940—42) і Казані (1942—44). Ленінская прэмія 1957. Імем К. названа буйное ўтварэнне (таласоід) на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Творческое наследие академика С.П. Королева: Избр. тр. и док. М., 1980.
Літ.:
Голованов Я К. Королев: Хроника. Кн. 1. М., 1973. Яго ж. Королев: Факты и мифы. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),
сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.
Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.Рамазанавым і Р.Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш.Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш.Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.
Да арт.Клот. П.Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.Да арт.Клот. М.К.Клот. На раллі. 1872.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЧЫК (Павел) (сапр.Лагіновіч Іосіф Каятанавіч; 26.2.1891, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1940),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі і Польшчы. Скончыў Слуцкае гар. вучылішча (1907). У 1910 увайшоў у склад Капыльскай групы прыхільнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1912—17 у арміі, у 1-ю сусв. вайну на фронце. Быў чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні 1920. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У выніку аб’яднання БРА з КПЗБ (30.12.1923) кааптаваны ў склад ЦККПЗБ. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б у Мінску. Арганізатар Сопацкай нарады 1925. Выступаў супраць фракцыйнай групоўкі ў КПЗБ (гл.Сэцэсія). З восені 1925 да лют. 1936 паліт. сакратар ЦККПЗБ; са снеж. 1925 да 1929 чл. Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦККПЗБ у ЦК КПП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны. У сак.—жн. 1933 кіраваў работай Бюро ЦККПЗБ у Мінску. Са снеж. 1933 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Аўтар многіх паліт. дакументаў КПЗБ і КПП. У 1936 арыштаваны органамі НКУСБССР «як агент польскай палітычнай паліцыі» і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1939 Ваен. трыбуналам прыгавораны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1955.
Літ.:
Ладысеў У. І.К.Лагіновіч: Нарыс жыцця і паліт. дзейнасці // Бел.гіст.часоп. 1996. № 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МНІЙ (лац. Silicium),
Si, хімічны элемент IV групыперыяд. сістэмы, ат. н. 14, ат. м. 28,0855. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў, асн.28Si (92,27%). Другі (пасля кіслароду) элемент паводле распаўсюджанасці ў зямной кары (27,6% па масе). У прыродзе знаходзіцца ў асн. у выглядзе крэмнію дыаксіду і сілікатаў прыродных, у свабодным стане не сустракаецца. Атрыманы ў 1823 Ё.Я.Берцэліусам; названы ад лац. silex — крэмень (назва К. ад грэч. kremnos уцёс, скала).
Крышт. К. — цёмна-шэрае рэчыва з метал. бляскам, шчыльн. 2330 кг/м³, tпл 1415 °C. Паўправаднік, электрафіз. ўласцівасці якога залежаць ад прыроды і канцэнтрацыі прымесей (легіруючых дабавак), структурных дэфектаў. Не раствараецца ў вадзе і к-тах. Раствараецца ў сумесі азотнай і плавікавай кіслот, растворах шчолачаў з вылучэннем вадароду. Устойлівы ў паветры, акісляецца кіслародам да SiO2 пры т-ры вышэй за 400 °C. З фторам (пры пакаёвай т-ры) і астатнімі галагенамі (пры 300—500 °C) утварае тэтрагалагеніды К. (напр., SiCl4 тэтрахларыд К. — бясколерная вадкасць, дыміць у паветры). Пры награванні ўзаемадзейнічае з азотам, фосфарам, вугляродам (гл.Крэмнію карбід), многімі металамі (гл.Сіліцыды). З вадародам непасрэдна не ўзаемадзейнічае, сіланы атрымліваюць ускосным шляхам. Арган. вытворныя К. — крэмнійарганічныя злучэнні, крэмнійарганічныя палімеры. Тэхн. К. атрымліваюць аднаўленнем расплаву SiO2, коксам, паўправадніковы — аднаўленнем SiCl4 вадародам, раскладаннем сілану SiH4 пры 1000 °C. З расплаву паўправадніковага К. вырошчваюць монакрышталі. Выкарыстоўваюць у электроніцы для вырабу інтэгральных схем, дыёдаў, транзістараў, сонечных батарэй і інш.; як кампанент электратэхн. і інш. сталей, чыгуну, бронзы, сілумінаў.
фера- і ферымагнетыкі, якія маюць высокае значэнне каэрцытыўнай сілы (Hc = 103—106А/м). Характарызуюцца высокім значэннем астаткавай магнітнай індукцыі і макс. значэннем магн. энергіі на ўчастку размагнічвання пятлі гістэрэзісу. Высокія значэнні Hc у М.м. абумоўлены затрымкай працэсу перамагнічвання. М.м. выкарыстоўваюць як пастаянныя магніты, а таксама ў гістэрэзісных рухавіках і ў якасці носьбітаў магн. памяці.
Паводле тэхналогіі фарміравання высокакаэрцытыўнага стану М.м. падзяляюць на: сталі, якія загартоўваюць на мартэнсіт; недэфармуемыя літыя сплавы жалеза, нікелю і алюмінію (алні) з дабаўкамі кобальту, тытану, медзі і інш.; дэфармуемыя сплавы жалеза, нікелю, медзі (куніфэ), кобальту, нікелю, медзі (куніко) і інш., а таксама сплавы з выкарыстаннем высакародных металаў (напр., сплавы кобальту з плацінай для вырабу звышмініяцюрных магнітаў); М.м., якія атрымліваюць прасаваннем парашкоў з іх далейшай тэрмічнай апрацоўкай. З метал. парашкоў прасаваннем без сувязнога ці спяканнем пры высокай т-ры вырабляюць металакерамічныя М.м., да якіх адносяцца матэрыялы на аснове інтэрметалідаў металаў групы жалеза з рэдказямельнымі элементамі (напр., SmCo5 пяцькобальт-самарый) для вырабу найб. энергаёмістых сучасных магнітаў. Прасаваннем парашкоў разам з сувязным, які полімерызуецца пры невысокай т-ры, атрымліваюць металапластычныя М.м. Да М.м. адносяцца таксама барыевы, стронцыевы і кобальтавы ферыты.
Літ.:
Сергеев В.В., Булыгина Т.И. Магнитотвердые материалы. М., 1980.
Г.І.Макавецкі.
Блок-схема студыйнага шпулечнага магнітафона: 1 — генератар высокай частаты; 2 — узмацняльнік запісу; 3 — узмацняльнік узнаўлення; 4 — шпулі з магнітнай стужкай; 5, 6, 7 — магнітныя галоўкі ўзнаўлення, запісу і сцірання (адпаведна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЕЦ (лац. Manganum),
манган, Mn, хімічны элемент VII групыперыяд. сістэмы, ат. н. 25, ат. м. 54,938. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 55Mn. У зямной кары 0,1% па масе. У свабодным выглядзе не сустракаецца (гл.Марганцавыя руды). М. неабходны для жыццядзейнасці раслінных (гл.Марганцавыя ўгнаенні) і жывёльных арганізмаў (сутачная доза для чалавека каля 4 мг). Адкрыты швед. хімікам К.Шэеле, у чыстым выглядзе вылучаны яго суайчыннікам Ю.Ганам у 1774 з піралюзіту, назва ад ням. Manganerz — марганцавая руда.
Серабрыста-белы метал, tпл 1244 °C. Вядомы 4 крышт. мадыфікацыі М. Пры t < 710 °C устойлівы цвёрды, але крохкі α-Μn з кубічнай аб’ёмнацэнтраванай рашоткай і шчыльн. 7440 кг/м³. Пры пакаёвай т-ры на паветры не змяняецца, узаемадзейнічае з вадой (вельмі марудна). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі двухвалентнага М., большасць з якіх добра раствараецца ў вадзе (растворы ружовага колеру, што абумоўлена прысутнасцю ў іх гідратаваных іонаў Mn2+). Не ўзаемадзейнічае з растворамі шчолачаў. Пры награванні ўзаемадзейнічае з кіслародам (гл.Марганцу аксіды), галагенамі (утварае дыгалагеніды), азотам, серай, фосфарам і інш. неметаламі. Атрымліваюць карба-, сіліка- ці алюмінатэрмічным аднаўленнем рудных канцэнтратаў; найб. чысты (сумарная канцэнтрацыя прымесей < 0,1%) — электролізам водных раствораў сульфату MnSO4. Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі ў выглядзе ферамарганцу (гл.Ферасплавы) для раскіслення, дэсульфурацыі і легіравання сталей, а таксама як кампанент сплаваў алюмінію і магнію, для стварэння ахоўных антыкаразійных пакрыццяў на металах. Злучэнні М. таксічныя, пашкоджваюць ц. н. с., ГДК у паветры 0,2 мг/м³ (у пераліку на М.). Гл. таксама Манганаты.