грама́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Што‑н. вельмі вялікае, масіўнае. Над прытоеным змрокам, над цёмнай грамадай лесу ўзнялася песня. Лынькоў. А паміж воблакаў-грамад І белай ад снягоў зямлёю — Закуты сцюжай вадаспад Застыў струною ледзяною. Танк. // Мноства чаго‑н., сабранага ў адным месцы. Грамада камяніц, раскінутых на вялікіх прасторах, вельмі прыгожа спускалася да даліны Свіслачы. Колас.

грамада́, ы́, ДМ ‑дзе́, ж.

1. Група людзей, натоўп. [Настаўніца] гуляе ў лесе з вясёлай грамадой школьнікаў. Бядуля. Усёй сваёй невялічкай грамадой хлопцы пайшлі па вуліцы. Кулакоўскі. / Пра дрэвы, прадметы і пад. Я моўчкі вітаю дзень многагалосы, Дубоў грамаду, красу лугавую. Колас. // у знач. прысл. грамадо́й. Усе разам, гуртам. Падводамі прывозілі з горада тавар; грамадою хадзілі дзівіцца, аглядаць. Каваль.

2. Пазямельная абшчына ў Беларусі і на Украіне да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама сход членаў гэтай абшчыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верх, -у, М на вёрсе, мн. вярхі́, вярхо́ў, м.

1. Найбольш высокая, размешчаная над іншымі частка чаго-н.

В. дома.

В. гары.

Жыць на самым версе.

2. Пад’ёмны навес экіпажа, аўтамашыны.

Грузавік з брызентавым верхам.

3. Добры бок адзення, пакрыты, абшыты матэрыяй, а таксама сама матэрыя; верхняя частка шапкі з другой матэрыі; верхняя частка абутку.

Драпавы в. паліто.

Скураны в. (абутку).

4. перан., адз. Перавага (разм.).

Паглядзім, чый тут в. будзе.

Браць в. (перамагаць).

5. перан., чаго, адз. Вышэйшая, крайняя ступень чаго-н.

В. дасканаласці.

В. майго жадання.

6. мн. Вышэйшыя кіруючыя колы грамадства.

Кіруючыя вярхі.

Сустрэча ў вярхах.

7. перан., мн. Неглыбокія, павярхоўныя веды; знешні бок з’явы (разм.).

Нахапацца вярхоў.

Слізгаць па вярхах.

8. мн. Высокія ноты (спец.).

Браць вярхі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

вялі́кі, -ая, -ае; бо́льшы; найвялі́кшы, найбо́льшы.

1. Значны па велічыні, памерах, сіле; проціл. малы.

В. горад.

В. будынак.

Вялікая радасць.

Вялікія беды пачынаюцца з малых (прыказка). Вялікая зямля (мацярык). Вялікая літара (якая выступае над радком).

2. Выдатны па сваім значэнні; які валодае ў высокай ступені той якасцю, якая знаходзіцца ў значэнні вызначаемага назоўніка.

Вялікая перамога.

В. вучоны.

3. Большы, чым патрэбна, прасторны.

Гэтыя боты мне вялікія.

4. Дарослы (з пункту гледжання дзіцяці), а таксама (пра дзіця) такі, які выйшаў з дзіцячага ўзросту, падрослы.

Сын ужо в., пойдзе ў школу.

5. Значны па колькасці.

Вялікая сям’я.

Вялікія грошы.

Ад (з) вялікага розуму (разм., іран.) — па дурасці.

Вялікае мноства — вельмі многа.

Вялікія дзяржавы — найбольш магутныя дзяржавы, якія адыгрываюць вядучую ролю ў сусветнай палітыцы і ў міжнародных адносінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

а...¹ (а таксама аб..., аб’..., аба...), прыстаўка.

Абазначае:

1) пашырэнне дзеяння на ўсю паверхню прадмета, накіраванасць яго вакол або па краях прадмета: агарадзіць, агледзець, атынкаваць, ахапіць, акаваць, абпаліць, абабіць;

2) накіраванасць руху міма прадмета, абмінанне яго: абысці (лужыну), абагнуць;

3) ахоп дзеяннем многіх асоб, прадметаў, пашырэнне дзеяння на ўсе прадметы, на ўсіх асоб: абабегаць (усе хаты), адарыць, абдзяліць (падарункамі);

4) празмернасць якога-н. дзеяння: аб’есціся, абпаіць;

5) перавагу над кім-, чым-н. пры выкананні дзеяння: абагнаць, апярэдзіць;

6) наяўнасць недахопу, памылкі ў дзеянні: агаварыцца, абмовіцца;

7) забеспячэнне чым-н. у працэсе дзеяння: абвадніць, аснасціць, абдзернаваць;

8) ператварэнне ў каго-, што-н., станаўленне кім-н., наданне якіх-н. уласцівасцей, якасцей (у выніку дзеяння): ашчаслівіць, ажаніць, ажывіць;

9) дасягненне выніку дзеяння, стану: адзічэць, абрыдзець, апасці, асесці, ажывіцца, аблезці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ляце́ць, лячу́, ляці́ш, ляці́ць; ляці́м, ляціце́, ляця́ць, ляці́; незак.

1. Перамяшчацца, рухацца ў паветры.

Бусел ляціць над лугам.

Ляцяць самалёты.

2. Тое, што і імчацца.

Ляціць тройка ўдалая.

3. Падаць уніз (разм.).

Л. пад адхон.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Пра час, які хутка праходзіць.

Час ляціць.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка ламацца, ірвацца, расходавацца (разм.).

Ляціць адзежа на ім.

6. перан. Імкнуцца куды-н., да каго-н. (думкамі, душой і пад.).

Л. думкамі ў сваё мінулае.

|| зак. паляце́ць, -лячу́, -ляці́ш, -ляці́ць; -ляці́м, -ляціце́, -ляця́ць; -ляці́ (да 3 і 5 знач.).

|| наз. лёт, -у, М лёце, на ляту́, м. (да 1 знач.; спец.).

На ляту

1) у час лёту, руху ў паветры;

2) мімаходам, на скорую руку, наспех (разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

засмакта́ць 1, ‑смокча; зак., каго-што.

Уцягнуць, увабраць у сябе (пра багну, пясок і пад.). Адразу збоку грэбелькі млела дрыгва, зманліва зялёная, з буйнай травою; ступі — і не выберашся, зацягне, засмокча навек. Мележ. // перан. Уцягнуць у сваё асяроддзе, узяць пад сваю ўладу. Засмактала, закружыла жыццёвая віхура хлапчыну з глухога кутка па-над Віліяй. Мехаў.

засмакта́ць 2, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак.

Разм. Пачаць смактаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Голы, апусцелы (пра дрэвы, нівы і пад.). Дзе-нідзе трапляліся цэлыя дзялянкі зусім згалелых дрэў, і лес сумна хваляваў пустэчай. Мележ. Згадай гэты дзень залаты, што над пушчай, згалелымі пожнямі рассыпаў залатыя лісты. Дубоўка.

2. перан. Вельмі бедны, збяднелы. Нялёгка было згалеламу шляхцюку служыць сярод багатай знаці, але к трыццаці гадам і ён стаў паручнікам. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жураве́ль 1, ‑раўля, м.

Вялікая балотная пералётная птушка з доўгімі нагамі і шыяй, з доўгай прамой дзюбай. Жураўлі праляталі над полем, Забіраючы лета з сабой. Колас. І вядуцца на балотах Жураўлі ў густых чаротах. Гурло.

жураве́ль 2, ‑раўля, м.

Прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады, якое складаецца са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Журавель варухнуўся, хутка падаўся вочапам уніз да вады. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Тое, што і завіток (у 1 знач.). Пані Авяліна ледзь прыкметна ўсміхнулася і пачала папраўляць валасы, каб закруціць на скронях і ля вушэй завітушкі, якія заўсёды спадаюць на плечы. Бажко.

2. Тое, што і завіток (у 2 знач.). Па вечарах татка ўсё сядзіць над нейкімі паперамі, — кружочкі, завітушкі малюе. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залы́сіна, ‑ы, ж.

1. Аблыселая частка галавы ад ілба над скронню. Рэдкія валасы на гарбузаватай галаве быццам пагусцелі і не відно стала тых залысін, што ўрэзаліся ў глыбіню валасоў. Сабаленка.

2. Месца на ствале дрэва, дзе счасана, садрана кара. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя каросты і залысіны. С. Александровіч. На шэрых ад кары і моху соснах мільгаюць хвацкія залысіны — падсочка. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)